Развіццё беларускага мовазнаўства ў 19 - пачатку 20 стагоддзя

Тэма: Беларусь і беларуская мова ў ХІХ ст

Адносіны грамадскасці да беларускай мовы

Развіццё параўнальна-гістарычнага мовазнаўства спрыяла абуджэнню цікавасці грамадскасці і лінгвістаў, у прыватнасці, да розных народаў і іх моў. Адной з такіх моў і была беларуская. Цікавасць да беларускай мовы абудзілі і палітычныя прычыны. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь была аб’яднага з Расіяй, увайшла ў склад Расійскай імперыі. Гэта гістарычная падзея мела моцны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, асветы беларускага народа. Інтылігенцыя Беларусі пачала праяўляць цікавасць да дасягненняў рускай культуры і навукі. Грамадскасць Расіі таксама зацікавілася гісторыяй, навукай, мовай народа, які быў далучаны да Расіі. Узніклі спрэчкі, хто такія беларусы і якой мовай яны карыстаюцца. Вырашэннем гэтага пытання заняўся царскі ўрад. Было заяўлена, што Расія вярнула сабе частку сваіх земляў, якія некалі страціла. Польскі ж бок сцвярджаў, што Беларусь – частка Польшчы, беларуская мова – дыялект польскай. Такім чынам, самастойнасць Беларусі і беларускай мовы адмаўлялася абодвума бакамі. Назва “Беларусь” таксама афіцыйна не выкарыстоўвалася, замест яе выкарыстоўваліся назвы “Западнорусский край” і “Северо-Западный край”. У адносінах да беларускага народа праводзілася антынародная палітыка, ажыццяўляліся меры, накіраваныя на русіфікацыю, на знішчэнне думкі пра існаванне Беларусі як асобнага нацыянальнага рэгіёна са сваім гістарычнамі, культурнымі і моўнымі асаблівасцямі.

Ва ўмовах афіцыйнага непрызнання беларусаў як самастойнай нацыі абмяжоўваліся і сферы выкарыстання беларускай мовы. Адразу ж пасля далучэння на заходнія губерніі (Беларусь) пашырыўся указ Пятра І ад 1720 г., згодна з якім, забаранялася друкаваць кнігі на якой-небудзь мове, акрамя расійскай. Кацярына ІІ адкрыта ставіла мэту знішчыць са свядомасці мясцовага насельніцтва шкодную думку пра якія-небудзь адрозненні беларускага і ўкраінскага народаў ад расійскага. Ва ўмовах татальнай русіфікацыі беларуская мова, на якой у папярэднія часы была створана багатая літаратура, засталася толькі сродкам побытавых зносін вясковага насельніцтва.

Усё гэта адмоўным чынам адбівалася на вывучэнні беларускай мовы, магчымасцях стварэння літаратуры на ёй і нават магчымасці яе існавання. Сярод мовазнаўцаў існавалі процілеглыя меркаванні і погляды на беларускую мову. Адны з іх, знаходзячыся ў межах звыклых уяўленнях і стэрэатыпаў, лічылі беларускую мову дыялектам велікарускай або польскай мовы (У.Даль, В. Багародзіцкі, А.Будзіловіч, І.Лапо, А.Сабалеўскі, І.Сразнеўскі, А.Патабня і інш.). Іншыя даследчыкі (С.Ліндэ, Я.Чачот, М.Надзеждзін, М.Максімовіч, К.Калайдовіч, П.Шпілеўскі, З. Даленга-Хадакоўскі, Дз.Языкаў) разглядалі беларускую мову як самастойную і заклікалі вывучаць яе.

Падставай лічыць беларускую мову дыялектам польскай або рускай даследчыкі лічылі супадзенне некаторых з’яў беларускай мовы з польскай або рускай. Але ж наяўнасць такіх супадзенняў абсалютна натуральная ва ўмовах геаграфічнай блізкасці і генетычнай роднаснасці, такія мовы не могуць не мець агульных рыс. Грунтоўнае ж і аб’ектыўнае вывучэнне беларускай мовы выяўляла наяўнасць у ёй вялікай колькасці спецыфічных, адметных і непаўторных рыс. Акрамя таго, вызначаючы статус мовы, нельга не ўлічваць асаблівасці гістарычнага развіцця народа, што памылкова рабілі многія тагачасныя лінгвісты.

У першай палове ХІХ ст. некаторыя вучоныя, пераважна польскія, пачынаюць праяўляць цікавасць да гісторыі, вуснай народнай творчасці, мовы беларускага народа, імкнучыся выявіць адметнасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай. Многія з іх рабілі гэта з мэтай даказаць, што беларуская мова – дыялект польскай. Аднак сярод даследчыкаў былі і такія, якія пераконваліся ў тым, што беларускі народ – самастойная этнічная адзінка са сваёй мовай, культурай, гісторыяй. Такім чынам узніклі меркаванні пра тое, што беларуская мова самастойная сярод іншых славянскіх моў.

Асноўныя сілы даследчыкаў беларускай гісторыі, культуры і мовы ў першай палове ХІХ стагоддзя канцэнтраваліся ў Вільні. Віленскі універсітэт адыгрываў важную ролю ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Так, у 1817 годзе ўзнікла арганізацыя філаматаў, актыўнымі членамі якой былі А.Міцкевіч, Т.Зан, Я.Чачот, У.Ходзька і іншыя. Яшчэ актыўна вяліся спрэчкі аб самастойнасці беларускай мовы, калі А. Міцкевіч на лекцыі па славянскай літаратуры 21 студзеня 1842 года ў Парыжы сказаў: “На беларускай мове, якую называюць русінскай або літоўска-русінскай, размаўляе каля 10 мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана”. Такое ж цвёрдае перакананне было і ў Яна Чачота.

У першай палове ХІХ стагоддзя і з боку расійскай грамадскасці рабіліся захады да вывучэння Беларусі, яе культуры і мовы, але гэтыя спробы былі выпадковымі. Заснаванае ў 1811 годзе пры Маскоўскім універсітэце “Общество любителей российской словесности”, прыняўшы 25 кастрычніка 1819 года пастанову “О пользе собирания провинциальных слов”, надрукавала ў сваіх працах побач з рускімі некалькі беларускіх матэрыялаў. Перадавая грамадскасць ХІХ ст. добразычліва ставілася да беларускага народа, да яго мовы, культуры, гісторыі. Сярод іх былі такія дзеячы рускай культуры, як А.С.Пушкін, В.Р.Бялінскі, А.І.Герцэн, М.А.Дабралюбаў, М.Г.Чарнышэўскі, М.Бакунін, а таксама Т.Нарбут, У.Сыракомля і іншыя.

У выключна неспрыяльных умовах ХІХ ст. адраджалася беларуская нацыянальная літаратура. Нацыянальныя інтарэсы беларускага народа былі сфармуляваны ў газеце “Мужыцкая праўда”, якую выдаваў К.Каліноўскі і яго паплечнікі напярэданні і падчас паўстання 1863 года.

Актыўна гаворыў пра неабходнасць захавання і адраджэння беларускай мовы Ф.Багушэвіч. У прадмове да зборніка “Дудка беларуская” (Кракаў, 1881) пад псеўданімам Мацей Бурачок ён горача абараняў правы беларускага народа і яго мовы на самастойнасць.

Але толькі ў пачатку ХХ ст. грамадскасць змагла адкрыта гаварыць пра самастойнасць беларускай мовы. Канчатковае прызнанне самастойнасці беларускага народа і яго мовы адбылося толькі ў паслякастрычніцкі час.

Працы аб беларускай мове ў першай палове ХІХ стагоддзя

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у якіх вымушана была развівацца беларуская культура, літаратура і мова ў ХІХ ст., беларуская навука і культура не прыйшлі ў заняпад. Гістарычныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы Беларусі наклалі свой адбітак на развіццё яе культуры і вызначылі своеасаблівы характар развіцця грамадства. Важнай асаблівасцю культурнага развіцця Беларусі было тое, што ва ўмовах працяглага жорсткага панска-каталіцкага прыгнёту значная частка беларускай інтэлігенцыі і дваранства прыняла польскую веру, культуру і мову. Таму пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі беларуская нацыянальная інтэлігенцыя фарміравалася вельмі марудна. У ХІХ ст. гэтаму перашкаджала і шавіністычная нацыянальная палітыка царызму ў адносінах да Беларусі.

Аднак уздым культурнага жыцця беларускага народа, рост яго нацыянальнай свядомасці праяўляліся ў развіцці мастацкай літаратуры на роднай мове, ва ўзмацненні антыпрыгонніцкіх настрояў у вусна-паэтычнай народнай творчасці, ва ўзмацненні сувязей беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі з перадавой грамадскасцю Расіі і Польшчы. Аб ажыўленні культурнага жыцця на Беларусі гэтага перыяду сведчыла і тое, што з’яўляліся мясцовыя дзеячы, якія прысвячалі сваё жыццё вывучэнню гісторыі, побыту вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа (І.І.Грыгаровіч, П.М.Шпілеўскі, І.І.Насовіч, А.К.Кіркор і інш.).

Прыкметна ўзрастае цікавасць да Беларусі і беларускай мовы з боку польскіх і расійскіх даследчыкаў. На Беларусь накіроўваецца экспедыцыя І.Ляпёхіна, матэрыялы аб выніках якой былі надрукаваны ў 1935 годзе.

Адной з найбольш ранніх і значных прац гэтага часу з’яўляецца “Апісанне Крычаўскага графства”, складзенае ў 1786 г. Андрэем Меерам, якое было апублікавана толькі праз 100 гадоў Е.Р.Раманавым. Гэта праца мае больш этнаграфічны характар, звестак пра мову ў ёй вельмі мала, яны абмежаваныя толькі некаторымі асаблівасцямі вымаўлення.

Да першых прац, спецыяльна прысвечаных апісанню беларускай мовы, можна аднесці артыкул Канстанціна Калайдовіча “О белорусском наречии”, выдадзены ў 1822 годзе ў “Трудах общества любителей русской словесности”. К.Ф.Калайдовіч сцвярджаў, што беларуская мова заслугоўвае ўвагі філолагаў, бо яна вельмі адрозніваецца ад агульнапашыранай мовы ў Расіі, але ніхто беларускую мову яшчэ не вывучаў. Да артыкула аўтар далучыў Краткий словарь белорусского наречия на 67 слоў. Словы размешчаны ў алфавітным парадку, націск у рэестравых словах не пазначаецца. Для тлумачэння беларускіх слоў выкарыстаны два спосабы: пераклад на рускую мову і апісанне. Амаль да кожнага рэестравага слова падаецца прыклад з “Рускай праўды”, “Быція” Ф.Скарыны і некаторых іншых крыніц, прыводзяцца паралелі з нямецкай, грэчаскай, лацінскай, украінскай і рускай моў. Друкуючы артыкул і слоўнік, К.Ф.Калайдовіч меў намер звярнуць увагу саміх беларусаў на неабходнасць вывучэння іх роднай мовы, бо яны дакладней і лепей змогуць даследаваць сваю мову і з яе дапамогай растлумачыць старажытныя помнікі пісьменства.

Праяўляў вялікую цікавасць да беларускага народа і яго культуры вядомы чэшскі вучоны-славяназнаўца Павел Шафарык. У 1826 г. з’явілася яго праца на нямецкай мове “Гісторыя славянскіх моў і літаратур паводле ўсіх дыялектаў”. Пазней (у 1842 г.) ён выдаў вялікае даследаванне “Славянскае народаапісанне”, якое ў 1843 годзе было перакладзена на рускую мову. У гэтым даследаванні аўтару ўдалося апісаць спецыфіку беларускай мовы. У раздзеле “Беларуская гаворка” П.Шафарык пісаў пра старажытныя помнікі беларускай літаратуры, пра Ф.Скарыну, пра беларускую мову. Ён вызначыў межы беларускай тэрыторыі, паведаміў пра колькасць насельніцтва Беларусі на 1842 год, пералічыў 15 асаблівасцей беларускай мовы. Чэшскі вучоны быў знаёмы з тэкстамі беларускай паэмы “Энеіда навыварат”, са зборнікам вершаў Аляксандра Рыпінскага, з творамі некаторых польскіх пісьменнікаў, творчасць якіх была звязана з Беларуссю. Цікава адзначыць, што ўпершыню “Энеіда навыварат” была згадана ў друку (на чэшскай і рускай мовах) менавіта П.Шафарыкам. У “Славянскім народаапісанні” ён указвае, што “невядомы рабіў спробу перакласці Вергіліеву “Энеіду” па ўзору маларускай (у рукапісе)”. Адзін з першых спісаў гэтага мастацкага помніка беларускай літаратуры першай паловы ХІХ ст. захоўваецца ў архіве ў Празе, у паперах П.І.Шафарыка.

Сярод прац аб беларускай мове першай паловы ХІХ ст. варта назваць і артыкул Цытовіча “Слова два о языке и грамотности Белой Руси (письмо к издателю)”, дзе змешчана некалькі заўваг аб беларускай мове – яе гісторыі, фанетыцы і марфалагічных рысах, а таксама значэнні як крыніцы для вывучэння рускай мовы.

Гаворачы пра першую палову ХІХ ст., нельга не згадаць Яна Чачота. У прадмове да 6-га тома сабраных ім фальклорных матэрыялаў ён даў агульную характарыстыку беларускай мовы і зрабіў спробу вызначыць яе важнейшыя фанетычныя і марфалагічныя рысы. У параўнанні з апісаннямі папярэднікаў, апісанне беларускай мовы Я.Чачотам было больш поўным, больш грунтоўным і падрабязным. Я.Чачот змясціў тут невялікі слоўнік беларускіх слоў і каля 200 прыказак. Слоўнік меў практычнае значэнне: аўтар ставіў мэту растлумачыць незразумелыя словы, якія сустракаюцца ў тэкстах. Беларускія словы, напісаныя лацінкай, перакладаў на польскую мову. Часам аўтар не абмяжоўваў пераклад адным словам і падаваў некалькі польскіх адпаведнікаў. Да некаторых слоў падаюцца тлумачэнні апісальнага характару з этнаграфічнымі каментарыямі. У слоўніку занатаваны фанетычныя і марфалагічныя варыянты слоў, першым у артыкуле падаецца найбольш пашыранае слова, пасля яго – астатнія. Рэестравыя словы маюць граматычныя рэмаркі: вызначаецца часціна мовы, у назоўніках – род і канчатак у форме Р. скл., у прыметніках – канчатак жаночага і ніякага роду.

У гэтым выданні Я.Чачота ёсць і другі слоўнічак на 230 артыкулаў. Своеасаблівасць гэтай падборкі ў тым, што, па-першае, рэестр ахоплівае асобныя дыялектныя словы; па-другое, разам з тлумачэннем слова падаюцца этымалагічныя звесткі, матэрыялы для параўнання з некалькіх моў; па-трэцяе, некаторыя артыкулы пабудаваны ў выглядзе гнёздаў аднакаранёвых слоў. Беларускія словы ілюструюцца фразамі-прыкладамі з гутарковай мовы, якія перакладаюцца на польскую мову. Рэестравыя словы маюць стылёвыя каментарыі.

Захаваўся і рукапіс слоўніка Я.Чачота на 129 слоў з польскімі і рускімі адпаведнікамі або апісальнымі тлумачэннямі. Я.Карскі пры разглядзе зборніка Я.Чачота пісаў, што характарыстыка беларускай мовы зроблена больш дакладна, чым у П.Шафарыка. Вызначаны не толькі фанетычныя, але і марфалагічныя асаблівасці. Па якасці лексікаграфічнай апрацоўкі слоўнікі Я.Чачота – самыя лепшыя на той час.

Вывучэннем мовы і культуры беларускага народа займаўся і Іван Іванавіч Грыгаровіч. Пераважна ён даследаваў мову царквы. Плённым у яго навуковай дзейнасці быў т. зв. гомельскі перыяд, калі ён вывучаў зборы гістарычных матэрыялаў Магілёўскага, Мсціслаўскага і Аршанскага архіваў, зацікавіўся беларускай гісторыяй і славеснасцю. У Гомелі ён падрыхтаваў рукапіс першага археаграфічнага зборніка па гісторыі беларускіх зямель “Беларускі архіў старажытнах грамат”, выдадзены ў Маскве ў 1824 г. на сродкі і з дапамогай графа М.П.Румянцава. З запланаваных трох частак выйшла толькі першая. Шэраг актаў надрукавана паралельна на беларускай і польскай мовах, асобныя граматы на лацінскай мове і ў перакладзе на рускую. У архіўных матэрыялах І.І.Грыгаровіча ёсць рукапісы двух слоўнікаў беларускай мовы, якія ён склаў у Гомелі. Адзін – “Збор слоў літоўска-рускай гаворкі”1. Рукапіс другога, складзенага ім у 1850–1851 гг., але не выдадзенага “Слоўніка заходнерускай гаворкі” (літары А, Б, В), ахоплівае 4259 слоў, выбраных ім з помнікаў старажытнага пісьменства, а таксама запісаных з тагачаснай жывой народнай мовы. Словы падаюцца з націскам, суправаджаюцца граматычнымі і стылістычнымі паметамі, дакладнымі тлумачэннямі ўсіх сэнсавых адценняў, падмацоўваюцца вытрымкамі з помнікаў, запісамі вуснай мовы, прыказкамі, прымаўкамі, загадкамі, фрагментамі песень. Слоўнік каштоўны як першая спроба сабраць лексічнае багацце беларускай мовы, сістэматызаваць яго і ўвесці ў навуковы абыход.

Самай значнай самастойнай лексікаграфічнай працай, складзенай у першай палове ХІХ ст., з’яўляецца рукапісны “Словарь белорусского наречия”. Аўтар яго – Павел Міхайлавіч Шпілеўскі, адзін з першых беларускіх этнографаў – апублікаваў нямала каштоўных матэрыялаў пра Беларусь. У архівах захоўваюцца яго рукапісы “Словарь белорусского наречия”, “Краткая грамматика белорусского наречия”, “Список имен мужских и женских, не сходствующих с именами русского языка”, “Список белорусских мифологических богов, сравнение мер и монет белорусских с русскими”. Словарь белорусского наречия быў складзены ў 1845 г. і ахоплівае паўтары тысячы слоў на ўсе літары. Пасля прадмовы і граматыкі непасрэдна перад слоўнікам змяшчаецца табліца ўмоўных скарачэнняў. Складальнік кіраваўся прынцыпам – уключаць толькі ўласнабеларускія словы, якія адрозніваюцца ад рускіх і польскіх, таму ў слоўнік не ўвайшлі словы агульнаславянскія і агульнаўсходнеславянскія. У рэестр уключана некалькі запазычаных слоў, ёсць складаныя словы. Фразеалагізмы, хаця іх і мала, пададзены асобным артыкулам: складальнік імкнуўся раскрыць іх значэнне, высветліць паходжанне. Аўтар імкнуўся дакладна перадаць беларускае вымаўленне, захаваць асноўныя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы. Кожнае слова забяспечана націскам, паслядоўна перадаецца цвёрдасць [р, ж, ч, ш], дзеканне, цеканне, падаўжэнне зычных, аканне, пераход [в] у [ў]. Словы тлумачацца шляхам перакладу на рускую мову, нярэдка аўтар прыводзіць і некалькі слоў-сінонімаў. Апісальна тлумачацца тыя словы, якія не маюць рускіх адпаведнікаў. Да некаторых слоў даюцца этымалагічныя тлумачэнні, часам памылковыя. У “Словаре белорусского наречия” П.Шпілеўскага словы забяспечваюцца сістэмай граматычных памет, распрацаванай для кожнай часціны мовы. Слоўнік датаваны 1845 годам, але на пасяджэнні Аддзялення рускай мовы і славеснасці яго разглядалі толькі ў красавіку 1853 г. Рэцэнзуючы слоўнік, акадэмік Я.Бярэднікаў, а пасля яго і акадэмік І.Сразнеўскі, дапісалі ў рэестр слоўніка больш за 450 слоў. Дапісаныя, а таксама некаторыя аўтарскія словы рэцэнзенты падмацавалі прыкладамі – прыказкамі, прымаўкамі, загадкамі. Некаторыя прапушчаныя словы рэцэнзенты патлумачылі самі. Большасць слоў са слоўніка П.Шпілеўскага адносіцца да агульнавядомай лексікі, якая цяпер уваходзіць у склад літаратурнай мовы. Побач змяшчаецца нямала слоў, якія зараз сустракаюцца толькі ў дыялектах.

Краткая грамматика белорусского наречия займае 23 старонкі вялікага фармату. У першым раздзеле, дзе апісваюцца гукі, літары і фанетычныя асаблівасці беларускай мовы аўтар вылучае 37 літар (амаль усе з рускага алфавіту плюс 3 дадатковыя: ä – для абазначэння этымалагічнага [о] у ненаціскных складах; ѓ – для абазначэння выбухнога заднеязычнага [г]; у для абазначэння [ў]). У беларускай мове аўтар вылучыў 8 галосных ([а, ä, е, и, о, у, у, я]), у шэраг якіх чамусьці не ўключыў [і, ы, ь, э,ю], хаця ў беларускім алфавіце яны названыя. Галосныя і зычныя падзелены на простыя і складаныя; простыя абазначаюць адзін гук і перадаюцца адной літарай, складаныя абазначаюць адзін гук, але перадаюцца спалучэннем літар. Марфалагічная частка называецца “Пра часціны мовы”. Аўтар вылучыў 10 часцін мовы (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, деяслоў, дзеепрыметнік, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, выклічнік).

Нататкі беларусца пра беларускую мову” П.М.Шпілеўскага датаваны 1853 годам. Працу можна падзяліць на 3 часткі. У першай, абапіраючыся на звесткі старажытных летапісаў і іншыя крыніцы, аўтар дае гістарычны нарыс беларускай мовы ад старажытнасці да сярэдзіны ХІХ ст. Беларускую мову ён называў родапачынальніцай усіх сучасных славянскіх моў (!). Другая частка прысвечана гісторыі вывучэння беларускай мовы. У трэцяй частцы аўтар аналізуе брашуру Ф.Галатузава “Нататкі, што датычаць беларускай гаворкі”, дзе звяртаецца ўвага на яе недахопы.

Насуперак афіцыйным уладам, П.М.Шпілеўскі адным з першых заявіў пра самастойнасць беларускай мовы і пачаў вывучаць яе ўсебакова.

Разам з этнографамі і фалькларыстамі цікавасць да беларускай мовы ў першай палове ХІХ ст. праяўляюць і лінгвісты. Адзін з іх – Фёдар Спірыдонавіч Шымкевіч, філолаг, выхаванец Кіеўскай духоўнай акадэміі. З 1828 года ён працаваў над слоўнікам рускай мовы, у якім меркаваў рускую лексіку падаць у параўнальным плане з усімі славянскімі і многімі іншымі замежнымі мовамі. У 1842 г. Акадэмія навук выдала працу Ф.Шымкевіча пад назвай “Корнеслов русского языка, сравненного со всеми главнейшими славянскими наречиями и с 24-мя иностранными языками”, а яе аўтара адзначылі прэміяй. Для беларускага мовазнаўства гэта праца цікавая тым, што аўтар часта карыстаецца паралелямі з беларускай мовы. Адлюстраваныя ў запісах фанетычныя асаблівасці, наяўнасць некаторых дыялектных слоў даюць падставу лічыць, што гэтыя запісы зроблены Ф.Шымкевічам у паўночна-ўсходняй частцы Беларусі.

Яшчэ большую цікавасць мае рукапіс “Собрание слов литовско-русского (белорусского) наречия”, датаваны 25 снежня 1838 г. Праца складаецца з 50 лістоў: 45 займае слоўнік, 3 – дадатак, 2 – чарнавыя запісы збіральніка. Націск у словах ставіцца не заўсёды, граматычныя паметы сустракаюцца рэдка. Тлумачэнне слоў даецца перакладамі на рускую мову адным або некалькімі сінанімічнымі словамі, а таксама апісальна. Не ўсе словы аўтар растлумачыў правільна: сустракаюцца расплывістыя апісанні, недакладныя і нават памылковы пераклад. Некалькі дзесяткаў слоў засталося без тлумачэння. Асобныя беларускія словы маюць англійскія, армянскія, балгарскія, венгерскія, грэчаскія, дацкія, іспанскія, італьянскія, лацінскія, эстонскія і іншыя адпаведнікі. Недахопам слоўніка можна лічыць невялікую колькасць ілюстрацыйнага матэрыялу. Прыклады звычайна ёсць там, дзе няма тлумачэння, або яно няправільнае. Рукапісны слоўнік Ф.Шымкевіча – адзін з першых слоўнікаў, у якім зафіксавана беларуская народная лексіка, але яго нельга разглядаць як самастойную лексікаграфічную працу. Гэта толькі дапаможны матэрыял для складання параўнальнага слоўніка. Гэта рукапісная праца была з поспехам выкарыстана самім аўтарам для складання “Корнеслова русского языка...” і служыла крыніцай матэрыялу для будучага слоўніка І.І.Грыгаровіча.

Такім чынам, для развіцця беларускай пісьмовай мовы і беларускага мовазнаўства перыяд з канца ХVІІІ да сярэдзіны ХІХ ст. не быў спрыяльным. Гэта быў перыяд, калі ў поглядах на беларускую мову не было адзінства: некоторыя яе разглядалі як дыялект польскай ці расійскай мовы, іншыя лічылі самастойнай. Але менавіта ў гэты час, значна раней за іншыя галіны беларускага мовазнаўства, пачынае сваё існаванне новая беларуская лексікаграфія. На гэтым этапе прыйшло цвёрдае ўсведамленне неабходнасці стварэння беларускіх лексікаграфічных прац, спачатку як дапаможнікаў для чытання старажытных летапісаў, пазней – як арыгінальных беларускіх даведнікаў. Работа фалькларыстаў, этнографаў, моваведаў першай паловы ХІХ ст. павялічвала фактычны беларускамоўны матэрыял і стварала магчымасці з’яўлення к канцу ХІХ ст. абагульняльных прац па беларускім мовазнаўстве.

Тэма: Развіццё беларускага мовазнаўства ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст

Вывучэнне мясцовых гаворак

“Заходні Край” Расіі звярнуў на сябе асаблівую ўвагу царскага ўрада ў канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў ХІ ст. Прычынай гэтага было “браджэнне мас”, якое абвастрылася ў сувязі з падрыхтоўкай і правядзеннем рэформы 1861 г., а таксама ўзмацненне руху за аднаўленне самастойнасці Польшчы ў межах 1772 года. Польскі бок дамагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межаў, у якіх яна знаходзілася да падзелу ў канцы ХVІІІ ст., гэта значыць, уключыць у яе склад і Беларусь. Царскія ўлады, наадварот, імкнуліся даказаць, што “Заходні Край” – спрадвечная частка Расіі, а яго насельнікі – племя велікарускага народа. Для доказаў патрабаваліся адпаведныя факты і гэта прымушала даследчыкаў звяртацца да вывучэння побыту мясцовага насельніцтва, яго мовы. І расійскім, і польскім шавіністам галоўным было даказаць, што няма самостойнага беларускага народа, паколькі нельга было дапусціць разгортвання яго нацыянальных сіл.

Вострая барацьба грамадска-палітычных плыней і нацыянальная ўзбуджанасць народных мас прывяла да шырокага размаху этнаграфічных даследаванняў. На старонках газет і часопісаў пачало друкавацца шмат беларускіх народных песень, казак, прыказак, прымавак, загадак, пачалі змяшчацца этнаграфічныя замалёўкі. На Беларусі, якую да гэтага вывучалі пераважна польскія і рускія даследчыкі, вылучаюцца свае ўласныя сілы – спачатку Павел Міхайлавіч Шпілеўскі, Станіслаў Паўлавіч Мікуцкі, пасля І.І.Насовіч, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, А.Я.Багдановіч, Я.Ф.Карскі, А.К.Сержпутоўскі, Ф.Багушэвіч і іншыя, здольныя вывучыць свой народ і яго мову.

У 60–70-я гг. ХІХ ст. была апісана значная частка беларускіх гаворак, у 80–90-я гг. гэта праца працягнулася, паглыбілася і былі зроблены спробы класіфікацыі беларускіх гаворак.

У 60–70-я гг. пачынаецца дзейнасць вядомых беларускіх этнографаў П.В.Шэйна, М.Я.Нікіфароўскага, Е.Р.Раманава, С.П.Мікуцкага, Дабравольскага, А.К.Сержпутоўскага і некаторых іншых.

Дзейнасць П.В.Шэйна пачалася на Беларусі ў сярэдзіне 60-х гг, пасля атрымання ім у 1865 г. пасады настаўніка Віцебскай гімназіі. Шматгадовыя назіранні над жывой гаворкай далі П.Шэйну магчымасць надрукаваць у 12-м томе “Записок отделения русского языка и словесности АН” (Спб., 1873) значны дадатак да слоўніка У.Даля – каля 490 слоў. Пасяліўшыся ў Віцебску, П.Шэйн усю сваю ўвагу скіраваў на вывучэнне беларускай народнай творчасці. Пры збіранні матэрыялаў П.Шэйн карыстаўся паслугамі карэспандэнтаў, для якіх у 1867 г. падрыхтаваў праграму збірання фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, распрацаваў методыку іх апрацоўкі. Да зборніка “Беларускія песні” (Спб., 1873) П.Шэйн склаў дадатак – слоўнік “Объяснение непонятных слов, встречающихся в зборнике” на 850 слоў, выбраных з песень. Словы размешчаны ў алфавітным парадку і маюць належныя тлумачэнні. Укладаючы слоўнічак, П.Шэйн скарыстаў некаторыя лексікаграфічныя і фальклорныя працы. Ён уключыў у слоўнік уласныя імёны і назвы рэлігійных свят, падаў розныя граматычныя разрады слоў: злучнікі (але, бо), займеннікі (ён, які), прыназоўнікі (ў, для, з), прыслоўі (тудою, шпарка, хутка), гукапераймальныя словы (шусь, бразь). Складальнік выкарыстаў розныя спосабы тлумачэння слоў: 1) пераклад на рускую мову адным ці некалькімі блізказначнымі словамі (волоцуга – бродяга); 2) апісальнае тлумачэнне (ліпоўка – кадка, выдолбленая из одного дерева (для мёда); 3) тлумачэнне праз этымалагічныя даведкі і параўнанні з іншымі мовамі (коваль – кузнец, древнее: ковачъ от ковати). Рэестравыя словы маюць граматычныя паметы: называецца часціна мовы, пры дзеясловах – трыванне. У сваім слоўніку П.Шэйн фіксуе варыянты слоў, якія адрознаваюцца гукавым ці марфалагічным складам, словы з іншым значэннем, чым у слоўніку І. Насовіча, на які ён абапіраўся.

Захаваўся рукапісны “Словарный материал по белорусскому наречию” П.Шэйна, сабраны ў розных мясцінах Беларусі. Гэта чарнавыя матэрыялы для слоўніка з 221 слова, тлумачэнні маюць толькі 139, націск у словах не абазначаецца. Семантыка слоў раскрываецца пераважна шляхам філалагічнага апісання і з дапамогай рускіх адпаведнікаў.

Невялікую картатэку (171 картка) складаюць словы, занатаваныя П.Шэйнам у Рэчыцкім, Мазырскім, Слуцкім, Пружанскім, Магілёўскім, Барысаўскім, Бабруйскім, Мінскім і іншых паветах. Націск тут таксама не абазначаецца. Адзіных правілаў лексікаграфічнай апрацоўкі слова П.Шэйн не прытрымліваўся:ён выяўляў і занатоўваў толькі значэнні. Часцей за ўсё тлумачэнне даецца апісальным спосабам, а таксама пры дапамозе рускіх адпаведнікаў.

У кароткім аглядзе свайго падарожжа па Беларусі з мэтай даследаваць беларускія гаворкі і збіраць помнікі вуснай народнай творчасці П.Шэйн у лютым 1878 г. пісаў, што праверыў і папоўніў вялікай колькасцю слоў слоўнік І.Насовіча. 43 карткі з жаночымі імёнамі і 73 з мужчынскімі, запісаныя ў Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, складаюць своеасаблівы слоўнічак “Собственные имена белорусские”; у ім да рускіх імёнаў падаюцца адпаведныя беларускія і іх памяншальна-ласкальныя формы (Василий – Василь, Василько, Базыль, Базылько, Базылечко).

Цікавы матэрыл занатаваны пад назвай “Слова, которыми приманивают и отгоняют разных домашних животных”, некалькі дзесяткаў слоў занатавана ў чарнавых запісах П.Шэйна – Материалах, собранных во время командировки в Белоруссию. У дзённіку П.Шэйна змешчаны заўвагі, якія адлюстроўваюць яго погляды на лексікаграфічную практыку, у прыватнасці, на “Слоўнік беларускай мовы” І.Насовіча, які лічыў абласным слоўнікам, а беларускую мову памылкова разглядаў як дыялект велікарускай.

Выртыя пільнай ўвагі лексікографаў Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-западного края П.Шэйна, у якіх змешчаны “Предметный указатель” больш чым на 700 слоў з тлумачэннямі. Пераважная частка слоў тут – народныя назвы жытла, гаспадарчых будынкаў, іх частак, адзення, ежы і пітва, раслін, хвароб, прыкмет і звычаюў. Самі тэксты “Материалов...” таксама насычаны беларускай лексікай, якая можа быць выкарыстана пры складанні слоўніка народных гаворак.

П.Шэйн – вядомы фалькларыст і этнограф, ён не пакінуў грунтоўнай мовазнаўчай працы, але сабраныя ім матэрыялы, якія рассыпаны ў розных выданнях, рукапісы, што засталіся ляжаць на піліцах архіваў, сведчаць аб тым, што ён любіў беларускае слова, беражліва збіраў і падрыхтаваў для беларускага слоўніка вялікую картатэку.

Багатая лексікаграфічнымі матэрыяламі спадчына М.Я.Нікіфароўскага. На працягу 1892–1899 гг. ён стварыў серыю замалёвак пад агульнай назвай “Очерки Витебской Белоруссии”; асобнымі выданнямі выйшлі “Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности” (Віцебск, 1895), “Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах” (Віцебск, 1897), “Простонародные загадки” (Віцебск, 1898). Да кожнага нарыса, да кожнай кнігі дадаюцца заўвагі-слоўнічкі, у якіх тлумачыцца віцебская лексіка (больш за 2000 слоў).

Апісваючы побыт народа, прылады працы, М.Я.Нікіфароўскі ўводзіць у тэкст беларускія назвы з захаваннем асаблівасцей іх вымаўлення. Знаёмства з дадаткамі-слоўнікамі пацвярджае, што гэтага правіла М.Я.Нікіфароўскі прытрымліваўся цвёрда. Дыялектных слоў у пералічаных кнігах вельмі многа, асабліва ў раздзелах “Ежа”, “Адзенне”, “Хатнія збудаванні”. Сэнс некаторых слоў зразумелы з кантэксту, многія тлумачацца тут жа ў тэксце і падрадквымі каментарыямі. Словы ў каментарыях размяшчаюцца не ў алфавітным парадку, а ў той паслядоўнасці, у якой сустракаюцца ў тэксце (пад нумарамі), у словах (у тэксце і ў тлумачэннях) пазначаецца націск. Тлумачэнне пераважна апісальнае, зрэдку – рускімі адпаведнікамі. Асобныя словы аўтар суправаджаў вельмі дакладным апісаннем адпаведнага прадмета, і такое тлумачэнне набывае характар энцыклапедычнага артыкула. Аўтар прыводзіў усе вядомыя яму значэнні слова, а не толькі тое, у якім яно ўжыта ў тэксце. У заўвагах падаюцца, акрамя адзінкавых слоў, цэлыя гнёзды аднакаранёвых слоў. Каб чытач правільна ўспрымаў незразумелае слова і мог карыстацца ім, аўтар забяспечваў словы граматычнымі паметамі: называў часціну мовы, асаблівасці ўжывання, пры назоўніках падаваў канчатак у форме Р. скл. (а часам і само слова ў форме Р. скл.). М.Я.Нікіфароўскі не абмяжоўваўся звычайнымі каментарыямі да тэкстаў, а падаваў незразумелыя словы ў выглядзе лексікаграфічна апрацаваных артыкулаў: змяшчаў словы (і іх вырыянты) з пазначэннем націску, з граматычнымі характарыстыкамі да іх, з тлумачэннямі кожнага значэння. Нягледзячы на тое, што гэтыя дадаткі-слоўнічкі да этнаграфічных прац маюць немалую каштоўнасць, яны нагадваюць толькі фрагменты, матэрыялы да дыялектнага слоўніка.

Акрамя іх, сярод матэрыялаў П.Шэйна, удалося выявіць два рукапісныя слоўнікі М.Нікіфароўскага. Адзін з іх ахоплівае амаль 2000 слоў. Гэты слоўнік выкананы на тагачаснай стандартнай паперы, почырк выразны, каліграфічны. Відаць, рукапіс быў дасланы П.Шэйну з іншымі паперамі. Імя аўтара, час складання не пазначаны. Змест рукапісу сведчыў, што стварыў яго чалавек не выпадковы, а добра знаёмы з гаворкамі паўночна-заходняй Беларусі; каліграфія нагадвае почырк М.Нікіфароўскага, чыіх рукапісаў нямала ў фондзе П.Шэйна. Шляхам спецыяльных даследаванняў высветлілася, што рукапісны слоўнік сапраўды належыць М.Нікіфароўскаму і створаны ён на матэрыяле гаворак Віцебскага, Полацкага, Дрысенскага, Лепельскага паветаў у канцы 90-х гг. ХІХ ст. Рэестравыя словы і прыклады ілюстрацыі запісаны з захаваннем асноўных фанетысных асаблівасцей гаворкі; націск не пазначаецца, за выключэннем асобных слоў. У слоўніку сабрана лексіка бытавая, сельскагаспадарчая, рыбацкая, розных рамёстваў. Сюды трапіла нямала агульнавядомых слоў, што сталі літаратурнымі (адзенне, гаспадар, звычай, каханне, лазня, скарб і інш.). Вывучэнне духоўнай культуры насельніцтва Віцебшчыны было жыццёвым клопатам М.Нікіфароўскага. У слоўнік (а ён укладаўся на матэрыяле гэтай мясцовасці) увайшла вялікая колькасць віцебскіх народных назваў. Апісальнае тлумачэнне М.Я.Нікіфароўскі лічыў найбольш прымальным, зручным, але зрэдку карыстаўся і рускімі адпаведнікамі, а для назваў раслін яшчэ і лацінскімі. Ілюстрацыйны матэрыял аўтар браў з жывой гутарковай мовы і вуснай народнай творчасці, але прыклады падаў не да кожнага рэестравага слова і не да кожнага значэння. Здараецца, што прыклады ў слоўнікавым артыкуле не адпавядаюць рэестраваму слову. Каб не паўтараць аднолькавых тлумачэнняў, аўтар падаваў спасылкі. Граматычныя паметы ў рукапісным слоўніку такія ж, як і ў апублікаваных слоўніках-дадатках: названа часціна мовы, канчатак у Р. скл. для назоўнікаў (ці слова ў Р. скл.), асаблівасці ўжывання ў адзіночным і множным ліку. Рукапісны слоўнік М.Нікіфароўскага дэталёва разглядаў П.Шэйн. З выпраўленнямі і заўвагамі ён вярнуў яго аўтару. Праз некаторы час М.Я.Нікіфароўскі перапісаў і перапрацаваў рукапіс і атрымаўся новы невялікі слоўнік на 639 слоў. У яго ўвайшлі выключна тыя словы, якіх не зарэгістраваў ні І.Насовіч, ні У.Даль. Будова слоўнікавага артыкула ў новы слоўнік перанесена з папярэдняга слоўніка.

Трэці слоўнічак на матэрыяле гаворак Віцебскага павета М.Я.Нікіфароўскі склаў як дадатак да адказу на праграму Я.Карскага.

Як бачым, М.Нікіфароўскі тройчы прымаўся за складанне беларускага слоўніка, але ні адзін з яго слоўнікаў не быў надрукаваны. Рукапісныя слоўнікі М.Я.Нікіфароўскага былі выкарыстаны пазней для складання слоўніка беларускіх народных гаворак.

Дзейнасць Еўдакіма Раманавіча Раманава (1855–1922) складае цэлую эпоху ў вывучэнні беларускай культуры. З 1876 г. даследчык абсталяваўся ў павятовым вучылішчы г.Сянно і пачаў інтэнсіўна збіраць матэрыялы для беларускага слоўніка і граматыкі. Шлях да ажыццяўлення гэтай ідэі быў такі. Яшчэ юнаком Е.Раманаў пачаў працаваць над летапісамі Нестара, вывучаў курсы параўнальнай і гістарычнай граматыкі, працы Ф.Буслаева. У працах па граматыцы знайшоў мноства правінцыялізмаў, часам з самых аддаленых абласцей Расіі. Але прыкладаў, ўзятых з найбагацейшай скарбонкі – беларускай мовы, якая нагадвае мову Нестара і захавала рысы старажытнай мовы, амаль не сустрэў. “Больно стало белорусскому моему сердцу такое незнакомство ученых с моим родным языком и принялся я за собирательство”, – пісаў Е.Раманаў. Гэты практычны намер ішоў ад усведамлення абавязку перад народам, ад глыбокага разумення яго гісторыі. Спачатку мэты збіральніка былі выключна лінгвістычнымі, і Е.Раманаў скіраваў сваю ўвагу на лексічныя і граматычныя асаблівасці беларускай мовы. У 1877 г. ён паведамляў Акадэміі навук, што за 5 гадоў настаўніцкай дзейнасці сабраў 2000 беларускіх слоў і склаў беларускі слоўнік, а ў якасці ўводзінаў кароткую беларускую граматыку. У 1878 г. падаў частку рукапісу ў Аддзяленне рускай мовы і славеснасці АН. Ні прадмовы, ні запіскі пра асаблівасці фанетыкі, прынцып запісу, геаграфічнае пашырэнне слова Е.Раманаў не дадаў. Рэцэнзаваў гэты матэрыял А.Бычкоў, які 1 лютага 1879 г. на пасяджэнні Аддзялення прачытаў свой водгук. А.Бычкоў разглядаў рукапіс, параўноўваючы яго са слоўнікам І.Насовіча. Рэцэнзент канстатаваў, што многіх слоў Е.Раманаў не занатаваў, але сустракаецца нямала такіх, якіх няма ў слоўніку І.Насовіча. Е.Раманаў зафіксаваў новыя значэнні слоў, унесеных у слоўнік І.Насовіча. Некаторым словам даецца зусім іншае тлумачэнне, чым у І.Насовіча. У заключэнне А.Бычкоў выказаў пажаданне, каб Е.Раманаў не складаў новага слоўніка, а папоўніў працу І.Насовіча.

З 1879 г. Е.Раманаў заняўся збіраннем вуснай народнай творчасці. З гадамі колькасць фальклорных запісаў у яго разрасталася, і паступова ідэі стварэння слоўніка і граматыкі адступілі на апошні план, але не зніклі канчаткова.

У 1883 г., паводле парады АН, Е.Раманаў падрыхтаваў чарнавы дадатак да слоўніка І.Насовіча. Пазней, у 1886 г., у прадмове да “Белорусского сборника” Е.Раманаў пісаў, што праца будзе складацца з 4-х выпускаў: у першы і другі ўвойдуць песні, прыказкі і загадкі, у трэці – казкі, у чацвёрты – слоўнік-дадатак да працы І.Насовіча і агляд асаблівасцей гаворкі беларусаў Магілёўскай губерні. Задума аўтара выдаць чацвёртым выпускам слоўнік не здзейснілася. У пятым выпуску “Белорусского сборника” Е.Раманаў паведамляў, што ў яго сабрана матэрыялаў больш чым на 60 друкаваных аркушаў, сярод якіх матэрыялы да слоўніка і граматыкі. Вядома, што навуковы архіў Е.Раманава, дзе знаходзіліся 15-ты выпуск “Белорусского сборника” , матэрыялы да слоўніка і граматыкі, загінуў у Стаўрапалі. Лексікаграфічная спадчына Е.Раманава не дайшла да нас, але ўсе выяўленыя пабочныя матэрыялы, высокая патрабавальнасць аўтара да сябе і глыбокая пашана да роднага слова пераконваюць, што яна была значнай і магла прынесці карысць даследчыкам беларускай мовы, складальнікам беларускіх слоўнікаў.

Е.Раманаў шмат займаўся вывучэннем умоўных гаворак (арго), апублікаваў артыкулы пра ўмоўную гаворку дрыбінскіх шапавалаў і ўмоўную гаворку жабракоў Магілёўскай губерні. Пазней сабраныя ім і іншымі даследчыкамі лексікаграфічныя матэрыялы па ўмоўных гаворках усходніх славян ён абагульніў у працы “Спроба слоўніка ўмоўных гаворак Беларусі: З паралелямі велікарускімі, маларускімі і польскімі”, якая склала поўнасцю 9-ты выпуск “Белорусского сборника” (1912 г.).

Ва ўступе гэтай працы даецца агляд гісторыі вывучэння ўмоўных адзінак і ўжо апублікаваных слоўнікаў і матэрыялаў да іх, уласныя меркаванні аб паходжанні гэтых гаворак увогуле і іх лексікі ў прыватнасці. У слоўнікавай частцы лексічныя адзінкі ўмоўных гаворак падаюцца як перакладныя эквіваленты да рэестравых слоў рускай літаратурнай мовы, якіх узята 1030. Яны падзелены на 14 тэматычных і граматычных груп: духоўныя прадметы, чалавек, расліны, дзеянні, лікі і меры, займеннікі, прыслоўі і інш. “Спроба слоўніка...” была на той час самай грунтоўнай лексікаграфічнай праца аб ўмоўных гаворках на тэрыторыі ўсходніх і часткова заходніх славян і атрымала высокую ацэнку спецыялістаў.

Паралельна з запісамі фальклорных матэрыялаў у розных паветах Магілёўшчыны і Віцебшчыны Е.Раманаў вывучаў асаблівасці гаворак на гэтых тэрыторыях. Уласныя назіранні ён выклаў у шэрагу публікацый. Першую спробу апісаць гаворкі Магілёўскай губерніі на аснове звестак, сабраных падчас экспедыцыі 1886 г., Е.Раманаў зрабіў у прадмове да 3-га выпуску “Белорусского сборника” (1887 г.). Некаторыя звесткі па лексіцы, марфалогіі, сінтаксісе і акцэнталогіі гэтых гаворак былі ім апублікаваны у 1897 г. як адказы на пункты “Праграмы для збірання асаблівасцей гаворак беларускай мовы”, складзенай Я.Карскім.

Новыя факты, назапашаныя падчас наступных 5-ці экспедыцый, былі часткова выкарыстаны ў публікацыі “Матэрыялы для вывучэння гаворак Магілёўскай губерніі” (1902 г.).

Падагульненнем вынікаў усяго папярэдняга вывучэння гаворак Магілёўшчыны з’явілася праца “Гаворкі Магілёўскай губерніі”, якую Е.Раманаў меркаваў выдаць у якасці 10-га выпуска “Белорусского сборника” (напісана ў 1918 г., у перакладзе на беларускую мову апублікававана Інбелкультам толькі ў 1928 г.). Свае назіранні над гаворкамі Віцебскай губерніі даследчык выклаў у “Матэрыялах па гістарычнай тапаграфіі Віцебскай губерніі. Павет Веліжскі” (1899 г.). У гэтых працах аўтар на аснове фанетычных, граматычных і лексічных асаблівасцей дае класіфікацыю гаворак Магілёўскай і Віцебскай губерняў, якая не поўнасцю адпавядае сучасным класіфікацыям, аднак на той час была вельмі каштоўнай. Важнай крыніцай першапачатковага рассялення плямён , іх пазнейшых геаграфічных перамяшчэнняў, фарміравання народнасцей і г.д. Е.Раманаў лічыў тапаніміку, якой займаўся з 1866 г. у Магілёўскай і Віцебскай губернях.

На жаль, большасць сабраных Е.Раманавым матэрыялаў загінула. Убачылі свет толькі тыя, што адносіліся да Веліжскага павета Віцебскай губерні. Яны выкладзены і прааналізаваны ў працы “Агульны нарыс Віцебскай губерні. Павет Веліжскі” (1898 г.).

Вынікам уважлівага вывучэння тагачаснай лінгвістычнай літаратуры і абагульнення свайго педагагічнага вопыту з’явілася стварэнне Е.Раманавым падручніка па рускай мове для павятовых вучылішчаў і першага класа сярэдніх навучальных устаноў. Ён выйшаў у 1881 г. у Вільні пад назвай “Падручнік рускай граматыкі. Выпуск 1. Этымалогія” і змяшчаў кароткія звесткі па фанетыцы, марфалогіі і арфаграфіі рускай мовы. Падручнік некалькі разоў перавыдаваўся – у 1885 г. у Маскве, у 1895 г. – у Гродне, у 1904 г. – у Магілёве.

Вялікая заслуга Е.Раманава ў выданні пісьмовых помнікаў.Так, ён упершыню апублікаваў са сваімі прадмовамі і навуковымі каментарыямі “Граматыку Стэфанія Баторыя 1 сакавіка 1581 г., якую далі Васілю Няміру як пацверджанне праў на яго валоданне невялікімі сёламі Галавенчыцы, Цёплае і Любаны” (1900 г.); “Зборнік беларускіх замоў пачатку ХІХ ст.” (1901 г.); “Апісанне крычаўскага графства 1786 г.” Андрэя Меера (1901 г.) і некатоыя іншыя.

Е.Раманаў усё жыццё прысвяціў збіранню і даследаванню матэрыялаў духоўнай кульуры беларускага народа, яго мовы. На гэтай ніве ён працаваў нястомна і самааддана. Творчая спадчына яго надзвычай багатая і каштоўная.

Пасля смерці І.І.Грыгаровіча Аддзяленне рускай мовы і славеснасці стала шукаць новага складальніка беларускага слоўніка і спыніла свой выбар на Станіславе Паўлавічы Мікуцкім (1815–1890). Ён быў кандыдатам Маскоўскага універсітэта, пасля доўгі час працаваў дацэнтам кафедры параўнальнага мовазнаўства ў Варшаўскім універсітэце. Каб працягваць работу па складанні беларускага слоўніка, неабходна было падарожжа па Беларусі і Літве з мэтай збору матэрыялу. Падарожжа С.Мікуцкага пачалося ў жніўні 1853 года, а ўжо 14 снежня гэтага ж года на пасяджэнні Аддзялення слухалі яго першую пісьмовую справаздачу аб пачатку падарожжа па Беларусі. У красавіку 1854 г. С.Мікуцкі выслаў з Вільні на адрас Аддзялення беларускія валачобныя песні і 200 беларускіх слоў. З гэтага часу на працягу 1854 і 1855 гг. даследчык рэгулярна высылаў у Пецярбург па некалькі соцень слоў.

С.Мікуцкі шмат працаваў у бібліятэках Вільні, наведваў мясцовых вучоных, імкнучыся сабраць як мага больш звестак паводле сваёй праграмы. Тэарэтычныя высновы, этымалагічныя пошукі С.Мікуцкага, якія ён выклаў у 9-ці сваіх справаздачах, больш адносяцца да літоўскай мовы. На тэрыторыі Беларусі ён запісваў фальклорныя творы і лексіку да беларускага слоўніка. Плённасць і выніковасць работы С.Мікуцкага была ацэнена ў АН, і тэрмін яго камандзіроўкі прадоўжыўся да жніўня 1856 г.

У архіве АН СССР у фондах І.Сразнеўскага ёсць картатэка на 2010 слоў над назвай “Белорусские слова”, аўтарам якой хутчэй за ўсё быў з’яўляецца С.Мікуцкі. З прыкладаў відаць, што слоўнік, хоць і непаслядоўна, адлюстроўвае асноўныя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы (пераход [е] у [я] у першым пераднаціскным складзе, зацвярдзелы [р], падаўжэнне зычных, пераход [л] у [ў] / не крычаў/). У слоўнік трапіла перш за ўсё ўласнабеларуская лексіка; ёсць таксама словы, запазычаныя з іншых моў, дзіцячая лексіка і гукапераймальныя словы. На картках занатаваны фанетычныя і марфалагічныя варыянты слоў (агруст і агрэст). Тлумачэнні даюцца пры адным з іх, астатнія маюць адсылкі да папярэдняга слова. Самую шматлікую групу складаюць назоўнікі, прыметнікі і дзеясловы; значна менш прыслоўяў, выклічнікаў, амаль няма лічэбнікаў, займеннікаў, службовых часцін мовы. Слоўнік-картатэка С.Мікуцкага дасканалы ў лексікаграфічных адносінах. Аўтар абазначыў націск у словах, распрацаваў сістэму граматычных памет. Да назоўнікаў дадаюцца канчаткі формы Р. скл. адз. ліку, вызначаецца род, у асобных выпадках лік. У прыметніках абазначаюцца канчаткі жаночага і мужчынскага роду адзіночнага ліку. Дзеясловы закончанага і незакончанага трывання змяшчаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле з абазначэннем канчаткаў 1 і 2 асобы адз. ліку. Асобныя словы маюць толькі звесткі аб іх прыналежнасці пэўнай часціне мовы. Беларускія словы перакладаюцца на рускую мову адным або некалькімі адпаведнікамі-сінонімамі. Вельмі часта аўтар карыстаецца і апісальнымі тлумачэннямі. Пры некаторых рэестравых словах ёсць этнаграфічныя, этымалагічныя звесткі. Да беларускіх назваў раслін, жывёл, птушак змешчаны адпаведныя лацінскія тэрміны. У слоўніку шмат ілюстрацыйнага матэрыялу – урыўкаў з народных песень, прыказак, прамавак. Слоўнік С.Мікуцкага складзены ў 1854–1855 гг., ахоплівае 2010 слоў. Гэтая праца больш дасканалая, чым “Словарь белорусского наречия” П.Шпілеўскага і рукапіснае “Собрание белорусских слов по алфавиту” (1851 г.) І.Насовіча. Слоўнік С.Мікуцкага адначасова дае пэўныя звесткі пра беларускую мову сярэдзіны ХІХ ст. і будзе прыдатны пры складанні слоўніка народных гаворак.

У гісторыі вывучэння беларускай мовы пачэснае месца належыць буйному беларускаму вучонаму Івану Іванавічу Насовічу (1788–1877). Сваю навуковую дзейнасць ён распачаў ва ўзросце 55 гадоў, калі скончыў працаваць на педагагічнай ніве і выйшаў у адстаўку. Аднак працягвалася даследчыцкая дзейнасць І.Насовіча працяглы час – амаль 30 гадоў. З 1844 г. ён клапатліва запісваў матэрыялы для слоўніка і ў 1848 г. пачаў яго ўкладанне. У 1850 г. І.Насовіч закончыў першае даследаванне з 4-х частак: 1. Опыт краткого филологического наблюдения о белорусском наречии; 2. Собрание белорусских слов по алфавиту; 3. Сборник белорусских пословиц; 4. Несколько белорусских басен, народных анекдотов и повестей. Першыя тры часткі аўтар даслаў у АН. Разгледзеўшы гэтыя матэрыялы, акадэмік І.Сразнеўскі даў высокую ацэнку дзейнасці І.Насовіча і раіў Аддзяленню рускай мовы і славеснасці прасіць І.Насовіча працягваць запісы народнай творчасці і дасылаць іх у АН. Да падборкі беларускіх прыказак і прымавак, якая была надрукавана ў “Известиях АН”, І.Насовіч склаў слоўнічак на 227 адзінак, які быў першай лексікаграфічнай спробай аўтара. Арыентуючыся на рускага чытача і дбаючы пра даходлівасць прыказак, І.Насовіч перакладаў незразумелыя словы, пры неабходнасці даваў апісальныя тлумачэнні. Першая частка “Опыт краткого филологического наблюдения о белорусском наречии” не была надрукавана і захоўваецца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі АН СССР, тут жа зберагаецца і другая частка Собрание белорусских слов по алфавиту. Гэтую працу сам аўтар не лічыў поўнай і бездакорнай. Слоўнічак займае 56 старонак і змяшчае 2224 артыкулы, а слоў значна больш, бо некаторыя артыкулы распрацаваны гнездавым спосабам. Для перадачы асаблівасцей беларускага вымаўлення аўтар распрацаваў сістэму ўмоўных скарачэнняў. У рэестр увайшла беларуская народная лексіка, уласныя імёны, гукапераймальныя словы, выклічнікі. Народная фразеалогія толькі часткова трапіла як ілюстрацыйны матэрыял. Фразеалагізмам звычайна даецца адвольны пераклад ці апісальнае тлумачэнне на рускай мове. У аснове будовы рэестру ляжыць алфавітны парадак размяшчэння слоў, але ў асобных выпадках ён парушаецца. Для вытворных слоў з выразнымі марфалагічнымі і сэнсавымі сувязямі І.Насовіч выбраў гнездавы метад групавання, пры якім загаловачнае слова з улікам алфавіту займае сваё месца ў рэестры, а вытворныя групуюцца вакол яго. Словы з павелічальнымі і памяншальнымі спосабамі таксама групуюцца пры асноўным слове. У слоўніку шмат полісемантаў. Амонімы падаюцца асобнымі артыкуламі. Нярэдка сустракаюцца фанетычныя, марфалагічныя варыянты слоў. Беларускія словы аўтар пераклаў на рускую мову адным або некалькімі адпаведнікамі. Семантычная характарыстыка слова даецца апісальна. Даволі часта аўтар падае этымалагічныя каментарыі да слоў. Граматычныя і стылістычныя паметы выкарыстоўваюцца рэдка, бессістэмна, непаслядоўна. Ілюстрацыйнаму матэрыялу аўтар не надаваў вялікага значэння, хаця пры жаданні І.Насовіч мог узбагаціць свой слоўінк вялікім, цікавым і каштоўным матэрыялам. “Собрание белорусских слов по алфавиту” – першая і не зусім дасканалая лексікаграфічная спроба І.Насовіча.

І.Насовіча не задавальняла аматарская праца ў галіне беларускай філалогіі, яму хацелася дасканала даследаваць беларускую лексіку, падрыхтаваць грунтоўнае выданне, якое пайшло б на карысць навуцы. Таму пасля смерці І.І.Грыгаровіча, які пачаў складаць “Словарь западнорусского наречия” і не давёў працу да канца, І.Насовіча настойліва прасіў Другое Аддзяленне АН даручыць яму скончыць працу. Такой згоды атрымаць не ўдалося. Яму прапанавалі на матэрыялах “Актов, относящихся к истории Западной России” (Спб., 1846–1853) скласці слоўнік старажытных слоў. І.Насовіч аддаў гэтай працы каля трох з паловай гадоў. У пачатку 1857 г. ён перадаў слоўнік у АН. Спецыяльная камісія станоўча ацаніла працу і рэкамендавала да друку, самога аўтара ў 1865 годзе ўзнагародзілі Увараўскай прэміяй, але слоўнік так і застаўся ляжаць у рукапісе. Слоўнік старажытнай мовы займае 1110 старонак вялікага фармату і налічвае каля 12 тыс. слоў. У слоўніку строга вытрыманы алфавітны парадак размяшчэння слоў, шырока выкарыстана сістэма адсылак. Кожнае загаловачнае слова мае свой сталы граматычны каментарый для кожнай часціны мовы: адзначаецца часціна мовы, род для назоўнікаў, трыванне для дзеясловаў і г.д. Стылістычныя паметы паказваюць сферу ўжывання слова, яго памяншальныя, зневажальныя формы і нш. Для тлумачэння беларускай лексікі выкарыстаны рускія адпаведнікі, апісанні, этымалагічныя каментарыі, параўнанні з іншымі мовамі. У склад слоўнікавых артыкулаў уваходзіць дакладна пашпартызаваны ілюстрацыйны матэрыял.

Трошкі пазней І.Насовіч склаў і 30 красавіка 1858 г. даслаў у АН слоўнічак-дадатак, куды ўвайшла лексіка, якая існавала ў беларускай мове, але не зафіксавана ў пісьмовых помніках. Гэты слоўнік з рэестрам у 2 слупкі займае больш чым 14 старонак і змяшчае 1086 слоў. Слоўнік старажытнай беларускай мовы разам з дадаткам пакуль што застаецца самай вялікай працай беларускай гістарычнай лексікаграфіі.

Ад задумы скласці грунтоўны слоўнік беларускай мовы І.Насовіч не адступаўся: з 1848 г. паралельна з іншымі заняткамі па беларускай філалогіі ён працаваў і над вялікім беларускім слоўнікам і не пераставаў хадайнічаць, каб атрымаць афіцыйную згоду на яго складанне. Нарэшце пасля доўгіх і настойлівых намаганняў у 1861 г. Аддзяленне рускай мовы і славеснасці АН прапанавала І.Насовічу падаць беларускі слоўнік на конкурс, дзе працу адзначылі Дзямідаўскай прэміяй (1863 г.). Толькі ў 1870 г. “Словарь белорусского наречия” быў надрукаваны. Гэты слоўнік атрымаў высокую ацэнку спецыялістаў. Ён павінен быў сістэматызаваць лексіку жывой народнай мовы і стаць крыніцай для лінгвістычных даследаванняў беларускай мовы і дапаможнікам пры чытанні старажытных помнікаў пісьменства. Асноўнымі матэрыяламі для слоўніка былі ўласныя запісы І.Насовіча з жывой народнай мовы. Адсюль аўтар выбіраў словы для рэестравай часткі слоўніка і ілюстрацыйны матэрыял. Запісы інтэнсіўна і пастаянна вяліся ў Магілёўскай губерні ў ваколіцах Мсціслава і склалі самую значную частку слоўніка. Матэрыялы для слоўніка таксама запісваліся ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях. У слоўнік уключана больш за 30 тыс. слоў жывой беларускай мовы сярэдзіны ХІХ ст. Праца ні ў чым не саступала лепшым слоўнікам таго часу, пра што сведчыць прысуджэнне І.Насовічу Дзямідаўскай прэміі. Сярод аналагічных лексікаграфічных выданняў той пары слоўнік І.Насовіча вылучаецца асаблівым падыходам да апісання беларускага дыялектнага слова, арыгінальным і спецыфічным спалучэннем розных слоўнікавых паказчыкаў і лексікаграфічных прыёмаў, уласцівых дыялектным, перакладным, тлумачальным і іншым тыпам слоўнікаў. Удалае спалучэнне ў слоўніку амаль усіх вядомых на той час прыёмаў і спосабаў апісання лексікі зрабілі даведнік шматпланавым і разнастайным паводле змешчанай ў ім лексічнай інфармацыі, што максімальна пашырыла чытацкую аўдыторыю, дазволіла выкарыстоўваць яго для самых розных мэт (навуковага вывучэння мясцовых беларускіх слоў, перакладу розных беларускіх тэкстаў на рускую мову, тлумачэння асобных этнаграфічных з’яў і звычаяў і г.д.).

Універсальны характар “Словарь белорусского наречия” І.Насовіча не дазваляе адназначна вызначыць яго тып. Параўнальны аналіз слоўнікавых паказчыкаў у працы І.Насовіча паказвае, што найбольш паслядоўна ў ім рэалізуюцца дыялектны, перакладны і тлумачальны паказчыкі. Перакладны паказчык двухмоўнасці адлюстраваны ў слоўніку І.Насовіча адпаведнымі эквівалентамі ці апісальнымі тлумачэннямі па-руску ўсіх без выключэння рэестравых беларускіх слоў. Дыялектны паказчык таксама з’яўляецца вызначальным, паколькі, каб пазбегнуць агульных з рускай мовай слоў, якія ўвайшлі ў рэестр “Спробы абласнога велікарускага слўніка”, І.Насовіч свядома не ўключыў у слоўнік шэраг лексем з асноўнага слоўнікавага фонду беларускай агульнанацыянальнай мовы (агонь, вада, зямля, нага і многія іншыя). Да рыс, якія характарызуюць “Словарь белорусского наречия” як пераважны дыялектны, можна аднесці: а) відавочную рэгіянальнасць значнай часткі рэестравых слоў (молодня ‘молнія‘); б) дакладную фанетычную нерадачу жывога гучання мясцовых слоў (напр., да слова кгеркаць: [кг] произносится какъ латин. [g]); в) выкарыстанне ў якасці ілюстрацый фрагментаў жывой народна-дыялектнай мовы (нярэдка некалькі сказаў гутарковай мовы для ілюстрацыі пэўнага слова); г) адлюстраванне ўзроўню светаразумення простых людзей (напр., да слова жаль: человекъ безъ жалю въ сердце, не думаець, якъ отвечаць перед Богомъ) і некаторыя іншыя слоўнікавыя паказчыкі. У працы І.Насовіча ёсць шэраг паказчыкаў і прыёмаў апісання лексікі, якія звычайна рэалізуюцца ў тлумачальных слоўніках. Да такіх можна аднесці а) наяўнасць дэфініцый (кляшторъ – католический монастырь); б) тлумачэнне рэестравых беларускіх слоў пры дапамозе рускіх сінанімічных пар і радоў (шаповалъ – валяльщикъ, войлочникъ); в) наяўнасць стылістычных памет пры асобных рэестравых словах (ирон., ласк., негод., ругат., стар., унич., филос., церк., юрид. і інш. у “Тлумачэнні скарачэнняў у слоўніку”). Своеасаблівасць падыходу І.Насовіча да апісання розных уласцівасцей жывога беларускага слова абумоўлена не толькі ўдалым спалучэннем характэрных рыс самых розных тыпаў слоўнікаў, але і свядомым выкарыстаннем у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу народных песень, прыказак, прымавак, фразеалагізмаў. Станоўчыя рысы слоўніка адзначылі ўжо сучаснікі І.Насовіча. Так, акадэмік І.Сразнеўскі лічыў, што “толькі пры дапамозе такога слоўніка ... можна пачаць падрабязныя даследаванні складу беларускай мовы”. Вялікую цікавасць навуковай грамадскасці “Словарь белорусского наречия” прыцягваў і ў пазнейшы час. У 1920-я гады, калі на Беларусі ішоў працэс актыўнага моўнага будаўніцтва, ён карыстаўся самым шырокім попытам у розных груп насельніцтва краіны. Наступныя два дзесяцігоддзі (30–40-я гг. ХХ ст.) характарызуюцца рэзка адмоўным стаўленнем да гэтага слоўніка. Аднак ужо ў пачатку 1950-х гадоў на старонках перыядычнага друку з’яўляюцца спачатку адзінкавыя, а потым усё больш шматлікія станоўныя згадкі пра “Словарь белорусского наречия”. У 1983 годзе было ажыццёўлена яго факсімільнае перавыданне.

Вывучэнне гісторыі беларускай мовы ў другой палове ХІХ стагоддзя

Спрэчкі пра самастойнасць беларускай мовы працягваліся і ў другой палове ХІХ стагоддзя. У сувязі з гэтым польскія і расійскія даследчыкі ўважліва прыглядаліся да мовы насельнікаў Паўночна-заходняга краю з мэтай вывучэння ў тым ліку і гісторыі гэтай мовы. Акрамя таго ўжо к сярэдзіне ХІХ ст. сярод мовазнаўцаў склалася цвёрдае перакананне пра неабходнасць вывучэння мовы народа разам з гісторыяй народа, які з’яўляецца яе творцам і носьбітам. Вывучэнне гісторыі мовы павінна абапірацца на фактычны матэрыял, які павінен чэрпацца з розных крыніц, і ў першую чаргу – з пісьмовых помнікаў. Такі погляд у сярэдзіне ХІХ ст. (1849) у працы Мысли об истории русского языка быў сфармуляваны рускім вучоным Ізмаілам Іванавічам Сразнеўскім. У гэтай працы аўтар вызначыў галоўныя этапы гісторыі рускай мовы ў шырокім разуменні, г.зн. уключаючы і беларускую мову. “Белорусское наречие” І.Сразнеўскі лічыў самым важным з мясцовых відазмяненняў рускай народнай мовы. Гэта праца набыла вялікі аўтарытэт у навуковых колах і неаднаразова перавыдавалася (апошні раз у 1959 г.), яна ў пэўным сэнсе вызначала шляхі дзейнасці айчынных моваведаў у галіне гісторыі мовы. У другой палове ХІХ ст. актыўна перавыдаваліся помнікі старажытнага пісьменства, праводзілася іх палеаграфічнае і лінгвістычнае вывучэнне. Віленская камісія, створаная ў 1864 годзе для разбору і выдання старажытных актаў, апублікавала на працягу 1864–1915 гг. 49 тамоў. Шырока выдаваліся летапісы, рэлігійныя і палемічныя працы, навуковыя і мастацкія творы. Публікацыя старажытных помнікаў і фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў дазваляла аб’ектыўна і глыбока даследаваць розныя пытанні беларускай мовы. Беларускамоўны фактычны матэрыял не толькі супастаўляўся ў даследаванняў лінгвістаў, але і станавіўся асновай для напісання спецыяльных прац.

У 1884 г. было апублікавана даследаванне А.І.Нядзёшава “Гістарычны агляд найважнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак”. Гэта была па сутнасці першая спецыяльная праца па гістарычнай граматыцы. Гістарычны матэрыял аўтар браў з выдадзеных на той час помнікаў беларускага дзелавога пісьменства. Асноўная ўвага надавалася працам аўтараў ХVІ ст., паколькі, на думку І.А.Нядзёшава, у гэты час закончыўся працэс фарміравання беларускай мовы. Найбольш падрабязна аўтар спыніўся на фанетычных асаблівасцях, значна менш – на марфалагічных.

Сур’ёзна займаўся вывучэннем гісторыі беларускай мовы, даследаваннем старабеларускага пісьменства П.У.Уладзіміраў. Да нашага часу не страціла актуальнасці яго доктарская дысертацыя “Доктор Франциск Скорина; его переводы, печатные издания и язык” (Спб., 1888). Мову твораў беларускага першадрукара П.У.Уладзіміраў даследаваў у асобным раздзеле і кваліфікаваў яе як узор беларускай гаворкі пачатку ХVІ ст. У канцы працы аўтар змясціў невялікі слоўнік выбраных выразаў з прац Ф.Скарыны.

З іншых даследаванняў П.У.Уладзімірава пра асобныя помнікі старабеларускага пісьменства варта адзначыць артыкул "Житие Святого Алексия, человека Божия" в западнорусском переводе конца ХV века. Акрамя таго, П.Уладзіміравым быў зроблены агульны агляд помнікаў беларускага і ўкраінскага пісьменства – Обзор южнорусских и западнорусских памятников письменности от ХІ до ХVІІ столетия. Тут адзначана, што помнікі з беларускімі моўнымі рысамі вылучаліся ўжо з ХІІІ ст.

Грунтоўную работу ў распрацоўцы пытанняў гістарычнай граматыкі ў другой палове ХІХ ст. праводзілі такія вучоныя, як Аляксандр Апанасавіч Патабня, Піліп Фёдаравіч Фартунатаў, А.І.Сабалеўскі, Ігнат Ягіч. А.І.Сабалеўскі прааналізаваў моўныя асаблівасці каля 30 грамат ХІІІ–ХV стст., створаных у межах былых Полацкага і Смаленскага княстваў. Лінгвістычны аналіз гэтых помнікаў дазволіў аўтару апісаць смаленска-полацкі дыялект, які пазней, на яго думку, увайшоў у склад беларускай мовы. Вывучаў А.І.Сабалеўскі і пазнейшыя помнікі беларускага пісьменства – беларускія пераклады ХV ст., выданні Ф.Скарыны, мову якіх лічыў у сваёй аснове царкоўнаславянскай.

Гістарычная фанетыка і марфалогія з’явіліся аб’ектам увагі вядомага рускага лінгвіста Фёдара Іванавіча Буслаева.

У 1858 г. у Маскве выйшла яго праца “Опыт исторической грамматики русского языка”, наступныя выданні выходзілі пад назвай “Историческая грамматика русского языка”. Гэта праца ўяўляе сабой звязны нарыс, дзе разгледжаны граматычныя катэгорыі, формы і канструкцыі рускай мовы ў іх гістарычным асвятленні. У 1861 г. выйшла “Историческая хрестоматия по церковнославянскому и русскому языку”. У ёй пададзены тэксты старажытнага пісьменства з гісторыка-літаратурнымі і лінгвістычнымі каментарыямі.

Над вывучэннем беларускіх (заходнерускіх) летапісаў працавалі таксама С.Л.Пташыцкі, Аляксей Аляксандравіч Шахматаў, М.М.Карпінскі. М.М.Карпінскім быў прааналізаваны адзін з цікавых рэлігійных помнікаў – Чэцця 1489 г.

Грунтоўным вывучэннем беларускай мовы і культуры (у тым ліку этнаграфіі і гісторыі) займаўся Яўхім Фёдаравіч Карскі. У сваёй працы “К истории звуков и форм белорусского наречия” ён зрабіў глыбокі аналіз гісторыі беларускай мовы. У канцы ХІХ ст. Я.Карскі апублікаваў шэраг прац па гісторыі беларускай мовы, у тым ліку і доктарская дысертацыя “Западнорусские переводы псалтыри в ХV – ХVІІ вв.” (Варшава, 1896).

Вывучэннем помнікаў беларускага пісьменства займаліся таксама А.Брукнер, У.М.Перэтц, А.С.Архангельскі, А.С.Будзіловіч, С.К.Буліч, А.М.Весялоўскі, Ф.М.Ільінскі і інш.

1 Пытанне аўтарства ў беларускім мовазнаўстве канчаткова не вырашана. Не пагаджаючыся з Л.М.Шакуном, І.К.Германовічам, Казлоўскім, якія называюць аўтарам І.І.Грыгаровіча, М.Ф.Гуліцкі лічыць, што аўтар гэтага слоўніка – Ф.С.Шымкевіч.