Свет лiрычнага героя Рыгора Барадулiна
ЗМЕСТ
Уводзіны 2
I Душа паэта – мастака філасофскай думкі 3
II Разуменне паэтам жыцця 7
III Свет лірычнага героя 10
Заключэнне 13
Выкарыстаная літаратура 14
УВОДЗІНЫ
У наш прагматычны і маланкава імклівы час, калі чалавеку дарагая кожная хвіліна, чытач прывык да такіх жа імклівых і нервовых вершаў – экспромтаў, вершаў – імпульсаў, у якія недзе ў падтексце ледзь улоўнымі штрышкамі пазначана думка, якая і здольна абудзіць, узрухаваць душу, прымусіць яе радавацца альбо засмучацца, пакутаваць над вечнай загадкай чалавечага быцця.
Мэтай наступнай курсавой працы з’яўляецца даследванне тэмы філасофскай лірыкі Рыгора Барадуліна. Даследванне праведзена па творах пісьменніка і крытычных матэрыялах знакамітых беларускіх крытыкаў і публіцыстаў, якія таксама закранаюць гэтую тэматыку: У.Гніламёдаў, А.Русецкі, В.Старычонак, А.Лойка, С.Законнікаў, Л.Гарэлік, А.Астраух, В.Макарэвіч.
Свет паэзіі Рыгора Барадуліна – асобны, шырокі і высокі, маляўнічы і шматгалосы. У яго ўваходзіш сёння, як ва ўжо знаёмы і блізкі сваімі ўрочышчамі палёў і пералескаў, рэк і азёр свет. Ты тут быў, ты прыйшоў зноў. Ты ўспамінаеш, што тут было, бачыш, што ёсць цяпер, пазнаючы і не пазнаючы знаёмыя мясціны, бо, як і ў прыродзе, тут пануе вечны закон абнаўлення. Дык, як і ў прыродзе, сённяшняе, якое буяе навіной, не можа стушаваць усіх слядоў учарашняга. Тым больш калі гэта ўчарашняе – яно і спаконвечнае: зялёныя аеры, белы снег, чырвонае сонейка, сіні блакіт над хатай.
Спектр філасофскай тэматыкі і праблематыкі ў творчасці Рыгора Барадуліна мае багатую палітру. Бадай што, любы са шматлікіх яго зборнікаў можа пацвердзіць гэтыя словы. Тым больш яны тычацца творчасці эпохі пераменаў, эпохі рознага роду трансармацый, эпохі з аморфнымі, астыгматычнымі, спашукаючымі чалавека каштоўнасцямі. Адчуць подых эпохі і разам з тым не збіцца на шлях да лжэідэалаў, не згубіць у сабе чалавечнасць дапамагае пранікнёнае спасціжэнне сталай мудрасці паэта ў яго творах.
Філасофскія лірычныя вершы Рыгора Барадуліна тужаць па гарманічнай душы, сапраўднаму інтлекту, пры судакрананні з якім багацее кожная душа. Аўтар прагне высокага неба ідэала, у якім можа шырока развінуць крылы неўтаймаваная фантазія і ўзнёсласць. Шукае ўсё гэта не ў завоблачных высях і абстрактных эмпірыях, а ў рэальным жыцці, сярод рэальных людзей і асоб.
1. ДУША ПАЭТА – МАСТАКА ФІЛАСОФСКАЙ ДУМКІ
Лірычны жывапіс філасофскай думкі Рыгора Барадуліна, пачынаючы з ранніх вершаў і канчаючы творамі 90-х гг., вызначаецца незвычайным багаццем зрокавых, слыхавых і абаняльных асацыяцый: “Асацыяцый караваны Па ўсіх радках накіравана” (“Паэты”). Прыкладам асацыятыўнага мыслення ў ранняй лірыцы з’яўляецца верш “У верасня – свой, асаблівы пах...”, у якім дакладна ўзнаўляюцца колеры, гукі, водар роднага краю, што сведчыць пра надыход восені.
Душа паэта – сына на хутары Верасовачка, у матчынай хаце, на Ваўченскім возеры. Тут раскута і ўпэўнена валадарыць Яе Вялікасць Паэзія- цнатлівая пані-берагіня. Неўтаймаваная ўлюбёнасць у сваю бацькаўшчыну выкрасае незабыўныя радкі: “Нават страшна дыхнуць - /Маладыя аблокі/ над Ушачынай ціха плывуць”. Менавіта ў зямной, крэўнай знітаванасці ёсць адвечнае прыцягненне і ўсведамленне сябе мікрачасцінкай няспыннай плыні жыцця. Бо Зямля Бацькоў дала паэту права называцца Сынам, бо ў ёй – сам уклад жыцця. Барадулінская прага першавытокаў, імкненне праверыць імі існасць жыцця – не аўтарская дэкларацыя, а перш за ўсё ягонае жыццёвае крэда. Вечна надзёнае “Трэба дома бываць часцей”, над сутнасцю якога не ўладарны час, ці не стала ўжо беларускай ідыёмай, такой блізкай кожнаму беларусу: “Трэба дома бываць часцей, / Трэба дома бываць не госцем, / Каб душою не ачарствець, / Каб не страціць святое штосці”. Такія простыя ды надзіва мудрыя словы назаўсёды сьалі крылатым выразам, маральнай формулаю жыцця як для сучаснікаў, так і для тых, хто яшчэ прыйдзе ў гэты белы свет. Перабольшвання ў такой ацэнцы выказвання няма. Яго шматмернасць, глыбокі сэнс закранаюць увесь абсяг чалавечага быцця. Няважна, дзе мы нарадзіліся, - у вёсцы ці ў горадзе, але ўсіх нас чакае непазбежнае вяртанне да сваіх каранёў, да сваёйс гісторыі, “вяртанне да сябе самаго”. Крыніцы, вытокі, якія жывяць плынь народнага і нашага асабістага жыцця, не павінны забывацца. Гэтым разуменнем прасякнуты жыццё і творчасць Рыгора Барадуліна.
Талент паэта – ад маці і ад Бога. І ён жа ад продкаў, ад землякоў, якія потма здабываюць хлеб, якія кожным подыхам спасцігаюць найвышэйшую філасофію быцця ўшацкага. Мудрыя і дасціпныя, яны знітаваныя з жыццёвай філасофіяй паэта. “Я сын зямлі, /нашчадак хлебаробаў”. Аўтарскія вясковыя замалёўкі з натурв выразныя багаццем беларускай душы і нейкай невытлумачальнай святасцю. Далучнасць лёсу паэта да лёсу сваёй зямлі як неспатольна радаводнага выяўляецца праз псіхалагічна насычаны “зямлі аратайны розум”. Арганічна – цэласнае растварэнне ў згаданым трыпціху ёсць наскае барадулінскае вяртанне да першародных вытокаў, да асэнсавання спадчыннага. Максіма паэта – Маці, Мова, Беларусь – глыбока прачутае, вывераная, выпакутаваная. Надзейнае апірышча адшуквае паэт у непадзельным адзінстве гэтых самых дарагіх для яго паняццяў. Гэтае спалучэнне – роднаснае, бо ён успрымае іх як жывую плоць, праз іх вымярае сутнасць жыцця на беларускай зямлі.
Душа паэта - мастака хмялее і млее ад ўшацкіх краявідаў. Душа рахманая і бунтоўная першакрынічна-глыбінна жыве ў млявым лёце знясіленай завеі, у шаленстве залеваў, у ляшчынніку, што моліцца на лог, у першым марозе, які пахне матчыным дыханнем, у маміным леце. Паэт малюе. Яшчэ старажытнагрэцкі пісменнік Сіманід афарыстычна называў жывапіс нямой паэзіяй, а паэзію – жывапісам, які прамаўляе. Рыгор Барадулін незапраграмаваны, першароднае ў яго настолькі моцнае, што прыродная настальгія перерастае ў вялікую ўнутраную сілу. Паэту нават “трава праславянствам пахне”. Хрышчаным паганцам, ад якога так і дыхае язычніцкім гартам і самавітасцю, зарэкамендаваў сябе мастак. Свята шануючы дух паганскі, ён скажа пра сябе: “Маланкай кшчоны паганец, малюся агню і вадзе”. І яго Яснавокасць блакіт, і яе Ласкавасць бярезінка варажбітна замовілі спрадвечнае, арганічнае суладдзе з Прамаці-прыродай, якая адкрываецца перад паэтам ва ўсёй сваёй непаўторнай цнатлівай цялеснасці і духоўнасці. У вялікай пашане ў Барадуліна-паганца крывіцкія багі, калі “Беларускае слова ад гневу, /Ад Ярылы, ад Перуна”. Менавіта стыхія здаровага народнага розуму, мудрага стаўлення да з’яў прыроднага быцця, усяго жывога пануе ў мастацкіх радках філасофскай лірыкі. Бо трыба умець так па-беларуску выяўна запытацца: Адкуль была ў сэрцы прапрадзедаў наіўная дабрыня?...”
Душа паэта – віртуоза філасофскай думкі ў жыватворнай музе. Зайздроснае адчуванне прыроднай раскаванасці народнага самабытнага слова, прычулы лірызм яго паэзіі, атрыманыя ў спадчыну прыбабунькі, падяб’лычкі, хуткамоўкі, матчыны словы з Ушачыны, дзе каламбур і досціг увасоблены праз настальгічна прачутую атрыбутыку нацыянальнага характару, - у стыхіі Рыгора Барадуліна, які са свету паганска-народнага, адухоўленага самавітым язычскім жыццялюбствам. Менавіта адсюль бачыцца шырокая амплітуда стылёвай танальнасці – ад пяшчотна – лірычнай да гнеўна – сатырынай, адсюль ягоныя і ўзбуджаныя неўтаймаванасць, і гранічная скандэнсаванасць, і каларытная метафарычнасць, і характырны яршысты радок. Самабытны барадулінскі талент ведае цвёрдую цану крэўнаму беларускаму слову, з паганскай багавейнасцю вяртае яму спаконвечнае. Творца ўзнаўляе першародна – этымалагічную сутнасць народнага ўяўлення пра пэўную з’яву, і само тлумачэнне этымалагічнай асновы слова праз таўталагічны код стварае натуральнасць вершаванага радка. Быць землянам – беларусам, пакуль вакол, па-барадулінску кажучы, азёрна, борна, гойна, пакуль перад вачыма неба, ад жаўранкаў ажаўранелае.
Выкрыстоўваючы неруш народнага слова, песні, дзе Рыгор Барадулін адчувае сябе так, як удачлівы грыбнік у знаёмым змалку лесе, паэт не толькі стварае свае сакавітыя, каларытныя па жывапісе і гучнасці вершы ды і эпічныя рэчы, - паэмы “Куліна”, “Матчына хата”, “Блакада”, “Вяртанне ў першы снег”, “Аблачына – самабранка”, “Смаргонская акадэмія”, але гэтым самым надточвае нітку гістарычнай памяці нацыі, якая захоўваецца ў слове.
Душа паэта – цнатліўца ў сакральна прыгожым пачуцці: “Пахлі вечарам валасы / І падміргвалі грудзі зорам...”. Пяшчотна і апантана, ціха і гучна. Бо што прымушае трымцець сэрца і што пакідае яго абыякавым? Што кідае ў абдымкі і што выштурхоўвае з іх? Духоўны свет паэта тчэцца з вясновага палу вачэй і расцвілых слядоў, самазабыцця ночы і мілосці з вачыма лані, маладзічка пяшчоты і спёкі спелых грудзей. Толькі жыццялюб можа прашаптаць так па-ранейшаму: “Мне б вякоў не хапіла / Слухаць вочы твае”. У гэтых выдыхнутых словах сярод віру жыцця шмат хараства і непаўторнасці, імгненнасці і вечнасці, спакусы і цнатлівасці, сцюдзёнасці і гарачыні. Пад анёльскім крылом ранішняга цнатліўца яго Жанчына світальна ўзышла сарамліва - трывожным саборам, жытло яго душы заселена Ёю, не святою, а зямною, як сенажаць. У паводзінах жа з іншымі – старасвецкая гжэчнасць, вачыстая далікатнасць: “Зірнулі Вы – і зацвілі дзяды, / Дзядоўнік Вашай рупнасцю крануты./ Туман дыхнуць баіцца на сляды”. Зямны і сам Барадулін – паэт. Ягойная багавейная лагода, цнатлівасць і юрлівасць – адсюль, ад паганства, каб род не звёўся. Панавіта, прыгожа-ўзнёсла лунае неўтаймаванае, цвярозае і часам па-веснавому п’янлівае пачуццё паэта – шчасліўца, які глыбока перекананы ў тым, што “Жвірынкі лірыкі на дне / Ракі / Па імені Жанчына”.
Душа паэта - спавядальніка філасофскага быцця дзякуе Госпаду за дазвол слова мовіць на зямной бяседзе. “З тлумам ды малітваю жыву, / Паважаючы зямлю сыруб, / Бо пачынаю адчуваць растанне”. Духоўнае ачышчэнне і прачышчэнне ягонай існасці ўзнаўляецца праз святыні маці і малітвы. Святло Вечнай Кнігі – жыццёвы прытулак паэта. Сапраўды, як заўважыў Паскаль, зямную навуку трэба зразумець, каб палюбіць, боскую ж навуку трэба палюбіць, ка зразумець. Вечаровя пацеры для паэта – “гэта з небам размова”. Ноткі мастакоўскага суму развітання чуюцца пры Святле Бібліі, Матчыным багаславенні ў бурлівым жыццёвым тлуме. Ягоныя вершаваныя споведзі – гэта любоў да жыцця ў шматгранным абліччы, гэта вяртанне да запаведных пачаткаў быцця. Сталая паэтычная муза жывіцца пераважна з усвядомленага, па-вялікоднаму світальнага адраджэння біблейскага. Гэта сустрэча з Нябесным Гаспадаром. Пад знакам Матчынага дабравесця мацнеюць спавядальныя матывы. Бо ці не ад матчынай душы вера ў Бога і Маці апякуецца іх адной-адзінай святасцю: “На ты лепей з Богам і з маці”.
Душа паэта – ахоўца філасофіі быцця у малітве Беларусі, узрошчанай на Евангеллі ад Мамы. Пад знака гэтых святыняў вывяраецца кожнае паэтычнае слова на жывучасць, апантаную ўлюбёнасць у беларускую Святасць і Светласць. Паэт вястуе пра гаспадарэнне ў крывіцкі беларускім доме. Закранаючы палітычныя праблемы, ён не творыць палітыку – ён творыць Сумленне. Бо ягоная вера ў адраджэнні нацыі, яе суверэнітэту бярэ ў нятхнальнікі і высокі дух продкаў, і вялікую міласэрнасць Бога. Біблію аутар лічыць пэўным чынам палітызаванай, бо яна вядзе барацьбу з сіламі сатаны за светлыя ідэі Хрыста. У яго паэзія жыве дзеля быцця і дзяля самой паэзіі. Гэта ратаванне той самай прыгажосці, якая павінна выратаваць свет. Нельга назваць паэта абуральна здзеклівым і няўстрыманым: “Свет уратуе не прыгажосць, / Свет уратуе / Вера й злосць”. Тут адчуваецца паэтава пержыванне за лёс Бацькаўчшыны, якую прадзімаюць сіверныя скразнякі часу. Барадулінская мастакоўская муза сягае ўсё вышей у нябёсы: “Што спадчыну датрачваю, / Старасць без пасагу пакідаю”.
2. РАЗУМЕННЕ ПАЭТАМ ЖЫЦЦЯ
“У чым жа існасць існавання?...” – такое пытанне паўстала ў філасофскай лірыцы Рыгора Барадуліна, абумовіўшы новыя аспекты ў яго ўзаемадачыненнях з рэчаіснасцю, жаданне паэта зазірнуць у сутнасць з’яў і рэчаў. За прадметамі і праявамі жыцця ён хоча ўлавіць другі і трэці іх план, спасцігнуць іх неадназначнасць і філасофскі сэнс. Ён адмаўляе статычнасць быцця ў імя яго руху, барацьбы супрацьлегласцей, развіцця. “Амплітуда смеласці”, “воблік вады”, “зерне цішыні”, “інтэлект зямлі” – гэта ўзор паэтычнага мыслення Р.Барадуліна.
Ён імкнецца не столькі ўсе апісаць, “занатаваць” у вершы, колькі пранікнуць у глыбіню з’явы, зразумець яе сацыяльныя, гістарычныя, прыродныя “параметры” і значэнне для чалавека: “Цаглінай стаць павінна гліна, / Паводкай – снегу мітусня, / Павінна помніць каляіна, / Што першай легла палазня...”.
Вельмі цікавы па думцы верш “Інтэлект зямлі”. Выраз – нечаканы: звычайна інтэлект мы звязваем не стлолькі з эмацыянальным успрыняццем свету, так сказаць, з рацыянальная, “галоўнай” яго інтэрпрэтацыяй: “Небу ўсе гімны, легенды, / Долу – / Багроў мазалі. / Космас інтэлегентны, / Ды ёсць / Інтэлект зямлі...”. У падтэксце верша паэт, як нейкі сучасны пантэіст, атаясамляе сябе з зямлёй, прыродай, адкрывае нязнаныя раней грані свайго светапогляду. Якраз у гэтым – у пашыренні асацыятыўнага кола душэўных адценняў – бачыцца далейшае ўзбагачэнне рэалізму паэзіі Р.Барадуліна.
Разуменне паэтам жыцця ніколі не хоча ўкладвацца ў нейкія рамкі, яно настолькі аб’ёмнае, што спасцігнуць яго да канца немагчыма. Гэта пацвярджаюць радкі: “Не знойдеш / У стозе сноў / Пранырлівую шаршатку. / І зноў / Усё пачынаць спачатку...”.
Але паэт адшукаў тую таямнічую спружыну, што раскручвае гадзіннік жыцця. Падказала сэрца. Барадулін вяртаецца да вобраза маці, які стаў стрыжнем ўсёй яго творчасці. Маці як сімвал і аснова жыцця ў самым шырокім сэнсе і канкрытны дарагі чалавек, які даў табе жыццё, вывеў са сцежкі маленства на вялікі зямны шлях і аберагае цябе нават адтуль – з вечнасці. Так ужо павялося, што кожны чалавек за жыццё павінен прайсці спрадвечны круг ад калыскі, дзе ён няўцямна радуецца ласкаваму голасу маці, што спявае калыханку, яе цёплым вуснам на сваёй шчацэ, да нігілістычнай прыспешнай даросласці, якая ўжо часам стыдаецца гэтага пацалунку, а потым да той непазбежнай мяжы, на якой зразумее, адчуе, што такое – свет без мамы Гэты свой круг Р.Барадулін напаўняе словамі радасці, любові, удзячнасці, смутку і болю: “Мама, / Я пастарэў без цябе, / Для сцен адзіноты вырас. / Мне зараз твой зразумелы выраз: / Адзін як вока ў ілбе...”.
Вобраз маці ўладна выводзіць паэта на шлях спасціжэння гісторыі Беларусі, свайго народа. Барадулін настойліва і таленавіта ўзнаўляе ў вершах і паэмах старонкі мінулага, постаці продкаў – аратых, ваяроў, кніжнікаў. Прыгадаем такія з іх, як “Сафійка”, “Мая бацькаўшчына”, “На Беларусі...”, “Каменная балада”, “Радзімі, цябе не зламалі навалы...”, “Аплакалі вырай совы...”, “У вянок Мацею Бурачку”, “Цётка”, “Спадчына”, “Споведзь калосся”, “Вяртанне Максіма”, “Пліты”. Ён добра разумее, што гістарычная памяць народа – гэта тэрыторыя, якую акупіраваць, пакараць нельга. Калі яна ёсць, то не страшны любыя выпрабаванні лёсу. У Барадуліна гэтая памяць не абстрактная, а надзвычай глыбокая, рухомая, жывая, бо знітавана ўласным лёсам з Ушачынай, з суседнім сівым Полацкам, дзе на крывіцкай зямлі пачыналася, пісалася плугам і мячом, “кірыліцай Скарынавай” радаслоўная Радзімы. Для яго родная зямля – і гаючая сіла на жыццёвым бальшаку, і крыніца творчасці.
Радзіма – гэта найперш тое, што атуляе нас. Рыгор Баралулін па сваёй натуры – прыродапаклоннік, язычнік у адносінах да яе: “Гараджанін часовы, / Праз бетон, праз цагліны / Чую траў перазовы, / Сум засохлай галіны”.
Ён зразумеў, шта сама зямля гаворыць з намі паэтычнаю моваю, варта толькі ўслухацца ў назвы рэк, азёраў, лясоў, урочышчаў. І яны для яго – жывыя, адухоўленыя. З імі, як з людзьмі, ён размаўляе, раіцца, спачувае, бо цяжка прыродзе у наш тэхнакратычны, хімічны і ядзерны век. І яго слова гучыць натуральна, нязмушана, так, як падае ў бары совй голас зязюля, як шапочуць пад ветрам чараты, як гудзе чмель над белапеннай дзятлінкай: “Драч крычыць у густым тумане, / Быццам хто яго, дурня, рэжа. / Я прыслухаўся – / Праз мяне / Прарасла / Белавежа. / Аплялі мяне карані – / Працавітыя вязні зямныя. / Ты галіну адну крані – / Пушча ўся / Ува мне заные”.
Аўтар разважае пра каханне, ён хоча разабрацца, чым усё-такі з’яўляецца для нас каханне. Ці можа яно перагарэць і знікнуць, як знікае веснавы квецень, каб на яе месцы з’явілася завязь і наліліся плады? І прыходзіць да несуцешнага вываду: “І тыя ж гады, тыя ж вочы, і тыя і не тыя. Асвойваць немагчыма двойчы два бугаркі крутыя”.
Каханне ў вершах Барадуліна цнатлівае, чыстае, як незамутненая крыніца. Паэт ведае цану гэтаму пачуццю і беражэ яго ў душы, як самае дарагое і непазбыўнае, што меў у жыцці. Пад пяром аўтара яно набывае элегічную афарбоўку і гучанне. Аказваецца, пачуццё гэта не растрацілася і не перагарэла, яно толькі крыху зыначылася, трансфармавалася, перайшоўшы ў іншы стан, імя якому – сталасць. Яно пералілося ў пяшчоту і чалавечую дабрыню, даверлівасць і спагаду як да каханай, так і да іншых людзей. Але ў першую чаргу да вернай спадарожніцы: “Тваё каханне на маім плячы журлівае, як веснавое ранне”.
Паэтам уласціва пачуццё заўсёднае закаханасці ва ўсё прыгожае на зямлі, вянцом якому – жанчына. Закаханасць дае крылы, з ёю маладзее свет. І як не ўсміхнуцца нарджанным ў вандроўках, гарэзлівым барадулінскім радкам пра “позніх нявест”, якія “...глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятыя таксі...”, або такому – “як жа я дамоў вярнуся з фінкаю у сэрцы?!”
Сапраўднае каханне – гэта пачуццё, якое ачышчае, узвышае кожнага чалавека. Яно адвяргае фальш і разлік. Яму немагчыма аддавацца напаўдушы, напаўсэрца: “Імчыце, / Вольнасці фургоны! / Лашак тугі траву скубе. / Я твой нявольнік, / Твой првгонны. / Нашто мне воля / Без цябе?!”
У паэзіі філасофіі жыцця Барадуліна няма рытарычнай пустаты, бо прадметам яе даследавання заўжды з’яўляецца сапраўдная сутнасць і прыгажосць жыцця, душэўная чысціня чалавека, яго унутранае багацце, тыя маральныя, гуманныя каштоўнасці, попыт на якія і цана якіх ніколі не мяняюцца. Гэта надзейна засцерагае яго ад манатоннасці, дае штуршок заўсёднаму творчаму абнаўленню. Ідучы бальшаком паэзіі Барадуліна ад першых юнацкіх радкоў да сённяшніх, бачым гэтую неспатольную дапытлівасць, цікаўнасць да чалавека, з яго звычайнымі, простымі клопатамі, з яго высокімі памкненнямі, якія таксама вынікаюць з будзённага быцця, жывяцца ім.
3. СВЕТ ЛІРЫЧНАГА ГЕРОЯ
У лірыных творах філасофіі быцця Рыгора Барадуліна пераважае гарманічнае бачанне свету. Прыкладам поўнай згарманізаванасці пачуццяў лірычнага героя і настрою прыроды ў адлюстраванні Радзімы з’ўлецца верш “З-пад нахмураных броваў...”, якім пачынаецца кніга “Рум”. Душэўны стан лірычнага героя, яго здзіўленая зачараванасць убачанымі пасля доўгай адсутнасці краявідамі вельмі дакладна перададзены ў наступных радках: “Нават страшна дыхнуць – маладыя аблокі / Над Ушачынай ціха плывуць”. Улюбёнасць, што перапаўняе сэрца паэта, - гэта адначасова і ўсведамленне сябе мікрачасцінкай у сваёй далучнасці да вечнай, няспыннай плыні жыцця.
Постаць лірычнага героя твораў Рыгора Барадуліна даволі адметная: яна сінтызуе ў сабе некалькі, здавалася б зусім неспалучальных іпастасяў. Часам ён саліптычна эгаізаваны, засяроджаны на сваім “Я”, над сваёй сутнасцю. “Я” нібы пытае: хто яно? куды? навошта? чаму? і г.д. (“А можа гэта не я зусім...”; “Гук, украдзены ў маўчання...”; “У цяперашнім...” і інш.). Нездарма ў вершах кнігі вельмі шмат пытанняў, іншы раз зададзеных пра сябе непасрэдна чытачу, бо аўтар не ў сілах сам даць адказ (“У скрухі прашу суцяшэння...”). Менавіта па гэтай прычыне, а таксама таму, што лірычны герой шукае такога адказу не толькі для сябе, а для іншых – такіх, як ён, - пошукі распаўсюджваюцца на эга-сферу. Прычым распаўсюджванне настолькі маштабнае, наколшькі тонкае, асэнсаванне свайго ўнутранага свету. Аднак няма яўнай мяжы паміж суб’ектнасцю героя і акаляючым светам, пачынаючы быццам бы з драбязы – апошняга жоўтага ліста (“Жоўты ліст”), следу крэйды на асфальце (“А што было ў сярэдзіне зімы...”), страказы (“Ушацкі абразок”), сягаючы памераў нацыянальных (“Набела!”), нацыянальна-глабальных (лера-паэма “Самота паломніцтва”), касмічных (“Калі заблудзішся ў лесе...”). Ёсць знітаванасць усіх гетых узроўняў у большасці вершаў, што з’яўляецца адной з характэрных рысаў філасофскай рэфлексійнасці лірычнага героя (“За калядны стол”; “Успомненае цяпло”, “У адкрытым космасе”).
Што ж турбуе лірычнага героя, якія тэмы і праблемы ён паднімае і спрабуе вырашаць на кожным з названых (канешне, умоўных) узроўняў быцця? А паколькі яны сінкрэтычна знітаваны, то і методыка аналізу павінна мець шырокі характар, ахопліваючы іх па магчымасці цалкам, бачачы дамінуючы матыў у кантэксце астатніх.
Як ужо сказана вышэй, лірычны герой часта задумваецца над асабістым лёсам. Зрэшты, як і кожны чалавек, толькі боскім талентам абумоўлены большая чуллівасць і далікатнейшая тонкасць одуму паэта. Ён балюча ўспрымае сваю адметнасць ад бальшыні, ад кангламерату “купцоў” (“Лёс”), якім непатрэбна яго бясцэнная душа “на зямным базары”. Гэтыя словы, як і многія іншыя, аўтар атаясамляе толькі фармальна з сабой: яны тычаць кожнага, хто жыве перадусім душой у трохкутніку з цяперашняга, мінулага і будучага, “дзе кожны кут няўтульны і чужаваты” (“У цяперашнім...”). Паэт не стварае штучна сваю самоту. Яе і так хапае. І калі яго лірычны герой выстаўляецца як закінуты ў свет адзіночка (“Завыць ваўком зусім не проста...”), то ён не стараецца такую сітуацыю паглыбіць, пазбягае хваравітага дэкадансу, шукае выйсця. І знаходзіць, прычым не адно: “Пакуль жыву я, / Жыве таксама / На гэтым свеце / Са мною мама” ці: “Радуйся ў жыцці святлу і свету, / Верачы ў паганскую прыкмету: / Дабрыня шукае глыбіні”.
Любоў да жыцця, пяшчотная і моцная, знайшла водгук у многіх радках. Таму і просіць паэт: “Дазвольце затрымацца на зямлі / Мне... /”.
Няглядзячы на тое, што жыццё ў паэта – і “рака чалавечага болю” (“Спакойнае месца...”), і “змаганне з цемраю” (“З вышыні самалета”), нават нягледзячы на існаванне такой абсурднай і бязмежна жахлівай, асабліва для экзістэнцыялістаў, з’явы, як смерць, паэт не верыць, што ўсё скончыцца: “Не хоча паддацца бядзе, / Баіцца, / Што скрозь не паспее, / З палаты ў палату ідзе / Сястрой міласэрнай / Надзея”.
Каханне і любоў паэт праз лірычнага героя хоча данесці не толькі той, якую абагаўляе, нягледзячы на ману, але і да ўсяго вонкавага свету і душы кожнага з людзей. Бо, як прыкмецілі яшчэ ў старажытным Рыме і як адзначае аўтар, пасля кахання “застаецца сум” (“Сум”). Любоў - да продкаў, сяброў, усіх людзей разам і кожнага чалавека ў прыватнасці, радзімы, мастацтва і інш. – ці не галоўны кіт, на якім трымаецца чалавецтва, і ці не аснова творчасці як Р.Барадуліна, так і наогул.
Пашыраючы кантэкст, у якім знаходзіцца “Я” лірычнага героя, наступным маштабам будзе нацыянальны, прычым часта з гістарычным адценнем, якое дапамагае прасачыць лёс беларускай зямлі.
Гэта яскрава адлюстравана ў паэме “Самота паломніцтва”, якая прысвечана слаўнаму сыну нашага народа Францыску Скарыне, пра яго складаны лёс. Але мастацкая вартасць твора была б ніжэйшай, калі б не той факт, што паэма гэта не толькі пра яркую постаць Скарыны, а перш за ўсё – пра лёс генія ў нашым неадназначным свеце. Пры гэтым Р.Барадулін не пакінуў па-за ўвагай і нацыянальны фактар – лёс беларускай зямлі з яе атрыбутамі (культурай, мовай). Гэты фактар у розных сваіх праяўленнях раскрыты ў іншых творах. Кожны з іх передае шчымлівую любоў і шкадаванне сваёй радзімы ў розныя гістарычныя перыяды развіцця, а таксама людзей, якія перажывалі лёс радзімы, якія былі носьбітамі, часцінкамі яе лёсу. Таму храналогія твораў даволі разнастайная: ад часоў Скарыны да савецкіх рэпрэсій і Чарнобыля, - Беларусь і беларусы на сваім вяку нацярпеліся і церпяць дагэтуль. Шукаючы гэтаму прычыну, паэт метафарызуе: “Беларусь, / Цябе акрэсліў лёс, / Як развага на чало набегла, / Русь / Ён без чарнавікоў занес / На скрыжалі / Белую – / Набела!”.
Таму паэт моліцца за Бацькаўшчыну: “Хай свеціцца імя Тваё, Беларусь” (“Малітва наступнасці”), - дзе слова “свеціцца” набывае канатацыю ў сувязі з радыёактыўным выпраменьваннем пасля аварыі на ЧАЭС. “Малітва наступнасці” па сутнасці песімістычны верш. Лірычны герой нібы згаджаецца з лёсам роднай краіны, знаходзячы нават аналогіі ў гучанні слова “радыяцыя” з назвай святога для пашаны продкаў беларусаў.
Ускосным доказам гэтых пачуццяў з’яўляюцца вершы, у якіх Беларусь разглядаецца не востравам у еўрапейскай цывілізацыі, а часткай, канешне, адметнай і арыгінальнай, але не выпадаючай з агульнага кантэксту, асабліва, што тычыцца мастацтва. Доказам таму – дзве глабальныя постаці геніяў беларускай зямлі, абмаляваныя аўтарам у сваіх вершах, - Францыск Скарына (паэма “Самота паломніцтва”) і Марк Шагал (“Сустрэча”, “Марк Шагал”). Абодва яны зрабілі важкі ўнесак у скарбонку сусветнага мастацтва і культуры. У “Сустрэчы” нібы зашыфравана сённяшняе чаканне лірычнага героя прыходу Еўропы (Марка Шагала) у Беларусь (Віцебск). Напрыканцы гучыць усё той жа барадулінскі матыў спадзявання. Гучыць на лацінскай – класічнай еўрапейскай – мове, якая на практыцы ўжо амаль не выкарыстоўваецца. Ці не папярэджанне гэта для беларусаў? Лірычны герой спадзяецца, пакуль жыве, і гэта надзея, мяркуючы па іншых творах, сапраўды будзе паміраць апошняй. Астатні, ўмоўна вызначаны, узровеньм – касмічны – прысутнічае ў кожным з апісаных. Больш таго, прама ці ўскосна да яго звяртаецца паэт ледзь ні ў кожным творы, востра адчуваючы сябе, блізкіх, Бацькаўшчыну, Зямлю складнікамі нечага невымернага, элементамі космасу, часцінкамі боскага сусвету (цыкл трохрадкоўя “Трыпутнік”). І з гэтым адчуваннем прыходзіць разуменне немагчымасці існавання цэлага без часцінак, кожная з іх сама па сабе, цэлы свет, і часцінкі без сусвету з яго непаўторным калейдаскопам быцця.
Усё гэта – ад малога да касмічнага – прасякнута не сухасцю філасофіі, а пачуццямі любові і чалавечнасці, афарбаванымі ў паэтычным колеры Творцы, пачуццямі, з якіх пачынаецца наш бясконцы свет, пачуцямі, якія немагчыма дакладна і поўнасцю апісаць - імі трэба жыць.
ВЫКАРЫСТАНАЯ ЛІТАРАТУРА
Р.Барадулін. “Міласэрнасць плахі”, кніга паэзіі. Мінск.: 1992.
Р.Барадулін. “Вечалле”, кніга паэзіі. Мінск.: 1980.
В.Бечык. “Прад высокаю красою”, літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск.: 1984.
У.Гніламёдаў. “Класікі і сучаснікі”, старонкі ўспамінаў. Мінск.: 1987.
А.Лойка. “Паэзія і час”, літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск.: 1981.
А.Русецкі. “Ісці да чалавека”, літаратурныя партрэты. Мінск.: 1987.
“Літаратура і мастацтва”, 2001, № 33, 17 жніўня.
“Маладосць”, 1991, № 7.
“Роднае слова”, 2004, № 12.
“Роднае слова”, 2000, № 4.
11. “Роднае слова”, 2002, № 8.
12. “Полымя”, 1995, № 1.