Творчая індывідуальнасць Анатоля Грачанікава

1


Змест

1. Уводзіны

2. Творчая індывідуальнасць пісьменніка

3. Палескія матывы ў лірыцы Анатоля Грачанікава

3.1 Сістэма пейзажных вобразаў і матываў у лірыцы

3.2 Малая радзіма аўтара ў кнізе “Круглая плошча”

3.3 Радзіма ў зборніку вершаў А.Грачанікава “Палессе”

3.4 Асаблівасці паэмы “Палескі трохкутнік”

Заключэнне

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Уводзіны

Бацькаўшчына, Радзіма, Айчына, родная старонка, бацькоўская зямля – такімі словамі кожны чалавек называе той адзіны і непаўторны куточак зямлі, дзе нарадзіліся, выраслі, спазналі першыя радасці і няўдачы, адкрылі прыгажосць свету. Куды б не завёў чалавека лёс ужо ў сталым узросце, немагчыма пазбыцца тугі па сваёй малой Радзіме. Кожны чалавек абавязкова вяртаецца да яе ва ўспамінах і снах як да крыніцы сваёй душы.

Трэба звярнуць увагу на тое, што, думаючы пра бацькоўскі дом, калыску маленства, чалавек думае пра Беларусь – вялікую Радзіму. Асабліва тонка і яскрава гэта адчуваюць пісьменнікі – людзі з асабоівай душэўнай арганізацыяй і светаадчуваннем. Менавіта паэты адчуваюць сябе неаддзельнымі ад роднай зямлі і яны перадаюць гэтае пачуцце праз свае творы чытачам. Вельмі часта ў такіх творах гучыць думка пра тое, што Бацькаўшчына – гэта самы вялікі скарб, які трэба зберагчы для нашчадкаў.

У беларускай літаратуры, напэўна, няма такіх пісьменнікаў, у творах якіх не знайшлося хаця б некалькіх радкоў-прызнанняў у шчырай любові да бацькоўскай зямлі, адданасці і вернасці ёй. Не з’яўляецца выключэннем і творчасць Анатоля Грачанікава, які быў адданы зямлі, якая яго ўзрасціла – роднаму Палессю.

Анатоль Грачанікаў належыць да пісьменнікаў маладога пакалення, а менавіта таму яго творчасць на сённяшні дзень разгледжана і ацэнена недастаткова. З гэтай высновы і вынікае актуальнасць выбранай намі тэмы (“Палесскія матывы ў лірыцы А.Грачанікава”).

Работа мае на мэце даследаваць наяўнасць матываў і вобразаў роднага паэту Палесся ў яго паэтычных творах. З пастаўленай намі мэты вынікаюць наступныя задачы:

Прааналізаваць станаўленне творчай індывідуальнасці пісьменніка; выявіць уплыў жыццёвых акалічнасцяў на паэтычную творчасць;

Правесці агляд і аналіз крытычнай літаратуры па пытанні творчасці Анатоля Грачанікава;

Выявіць вобразы і матывы Палесся ў творах Грачанікава.

Для больш дэталёвага азнаямлення з асаблівасцямі стварэння вершаў намі былі выкарыстаны публіцыстычныя матэрыялы Генрыха Далідовіча (“З прыязнасцю і болем”), Алены Ваньковіч (“Творчасць паэтаў Гомельшчыны ў кантэксце нацыянальнай пейзажнай традыцыі”), Рыгора Бярозкіна (“Аб вершах Анатоля Грачанікава”).

Прадметам даследавання ў нашай працы з’яўляюцца матывы і вобразы Палесся. Аб’ектам даследвання выступаюць непасрэдна паэтычныя творы Анатоля Грачанікава (зборнікі вершаў “Круглая плошча”, “Палессе” і паэма “Палескі трохкутнік”).

2. Творчая індывідуальнасць пісьменніка

Перад тым, як разглядаць творчасць Анатоля Грачанікава (а дакладней, палескія матывы ў яго творчасці) варта звярнуцца да біяграфічных звестак пісьменніка. Бо жыццёвы шлях паэта, умовы яго жыцця, выхаванне непасрэдна і моцна ўплывалі на з’яўленне ў яго творчасці палескіх матываў.

Даследчык творчасці і літаратурны крытык Г.Далідовіч так гаворыць пра Анатоля Грачанікава як чалавека: “Як чалавек ён за многае перажываў, многае ў нашым жыцці не мог прыняць, таму ягоная чулая душа кіпела, часамі не знаходзіла спакою” [1; 204].

Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў нарадзіўся 8 верасня 1938 года ў вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і служачага.

Пасля заканчэння ў 1960 годзе Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе (1960-1962), намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома камсамола (1962 – 1965), першым сакратаром Гомельскага гаркома камсамола (1965 – 1967). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). У 1969 – 1971 гадах Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў працуе загадчыкам аддзела літаратуры газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1971 – 1976 гадах – намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

З 1976 года становіцца галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”, а з 1978 года – часопіса “Бярозка”.

Упершыню выступіў у друку ў 1957 годзе. Выдаў зборнікі вершаў “Магістраль” (1964), “Круглая плошча” (1971), “Грыбная пара” (1973), “Начная змена” (1975), “Дрэва на выспе” (1977), “Калі далёка ты…” (1979, выбраная лірыка).

У 1974 годзе за зборнік вершаў “Грыбная пара” Анатолю Грачанікаву была прысуджана прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі.

3. Палесскія матывы ў лірыцы Анатоля Грачанікава

3.1 Сістэма пейзажных вобразаў і матываў у лірыцы

Пейзаж арганічная частка вобразнай сістэмы твора, важны сродак мастацкай выразнасці. Пейзажная творчасць залежыць ад творчай манеры і стылю аўтара, яго ідэйна-эстэтычных памкненняў. А.Бельскі лічыць, што ў беларускай паэзіі сістэма пейзажных вобразаў і матываў, сістэма адлюстравання нацыянальнага свету вельмі разнастайная: “ад мікравобразаў (травінка, колас, кветка, дрэва), вялікіх прыродных аб’ектаў (лес, поле, луг, рака) да касмічных вобразаў (сонца, месяц, поўня, зоркі)” [2; 135].

Асаблівасці мастацкага вобразнага мыслення беларусаў знайшлі сваё адлюстраванне найперш у шматгалоснай беларускай паэзіі. Значны ўклад у стварэнне кнігі беларускай прыроды ўнёс менавіта Анатоль Грачанікаў.

Адметным і значным тут з’яўляецца тое, што ад замілавання роднымі палескімі краявідамі майстар слова ўзнімаецца да прызнання ў любові да ўсёй Беларусі, да выяўлення нацыянальнага патрыятызму і да агульначалавечых ісцін. Але многія архетыпы беларускага нацыянальнага мыслення ў яго мастацкай інтэрпрэтацыі набываюць новае гучанне, напаўняюцца арыгінальнай сімвалічнай змястоўнасцю.

Адвечным архетыпам беларускага нацыянальнага мыслення з’яўляецца лес. Для Грачанікава ён – святая мудрасць, сімвал вечнасці і таямнічасці, як і ўся прырода наогул:

Пад маланкавым лязом

Веру я, што не загіне

Мудрасць вечная лясоў,

Урачыстасць воднай плыні

(зб. “Палессе”, с. 41).

Паэт заклікае паслухаць “як птушак галасы вызвоньваюць на досвітку ў дуброве”, “як рэчкі і лясы спяваюць песні на крынічнай мове”, бо калі ёсць на свеце прыгажосць, то яна ў прыродзе.

Поле і ніва даўно сталі для беларусаў крыніцай дабрабыту, асновай духоўнага быцця. Хоць паэты рэдка ўжываюць сам вобраз поля, але імі дастаткова часта выкарыстоўваецца вобраз жыта, як сімвала працягу жыцця. А.Бельскі, да прыкладу, называе жытнёвае поле “цэлай тэмай у беларускай паэзіі”. Для Анатоля Грачанікава гэты вобраз з’яўляецца сімвалам усяго жывога, паэт лічыць яго збавеннем ад пакут:

Спакоем зор, гаёў і ніў,

Задзірванелым шляхам вузкім

Я часта сам сябе лячыў

Пад родным небам беларускім

(зб. “Палессе”, с. 23).

Неад’емнай часткай беларускага ландшафту з’яўляюцца паплавы і азёры. Лірычны герой Анатоля Грачанікава знаходзіць на ўлонні прыроды душэўнае суцяшэнне:

Адключаюся ад спрэчак,

Розных плётак і размоў.

Падключаюся да рэчак,

Да лугоў і да бароў.

Выхаваўча-дыдактычны пачатак характэрны для алегарычнага верша Анатоля Грачанікава “Рыбакі”, у якім сустракаюцца свежыя метафары і параўнанні:

На снежным возеры чарнеюць рыбакі,

Нібы на свежым ворыве гракі.

Плывуць над возерам маўклівасць і спакой,

Спавіты марознаю смугой.

Ты марыш стаць заядлым рыбаком?

Не стань жа сам нажыўкай ці жыўцом!

(зб. “Палессе”, с. 24-25).

А вада ў палескіх азёрах гаючая і цудадзейная. Менавіта такой аўтар апісвае яе ў вершы “Возера”, бо “пасля купання адчуваеш, што душа твая памаладзела”. Азёрныя пейзажы Анатоля Грачанікава таксама вельмі жывапісныя і шматвобразныя:

Пад гарою там крыніца б’е,

Сцерагуць бабры хады свае.

Між лапушша ходзяць шчупакі,

Грэюць азяблыя бакі.

Гэткай цудадзейнае вады,

Не страчаў нідзе ніколі ты.

Збоку – нібы цёплы сырадой,

А глыбей – як лёд халодны той.

(зб. “Выбранае”, с. 326 – 327).

Важным элементам нацыянальнага беларускага ландшафту з’яўляецца дарога. Яна нібы злучае ўсе вобразы роднага пейзажу. З тэмай дарогі ў беларускай літаратуры найчасцей былі звязаны матывы вандровак, руху, пошукаў. У сучаснай паэзіі дарога часта трактуецца як рух часу, памяць пра мінулае, шлях у вечнасць, да Бога [2; 135]. Для Анатоля Грачанікава дарога – гэта маршрут яго асабістага жыцця, тое, што яднае яго малую радзіму з усёй Беларуссю:

Шляхі-дарогі, трасы, бальшакі…

Вы на зямлі бацькоў - не павуціна.

Надзейна вы злучыоі на вякі

Мой родны край з магутнаю Айчынай

(зб. “Палессе”, с. 17).

Для Грачанікава-паэта родныя краявіды – тое, што спадарожнічае нам з дзяцінства. Лясы, крыніцы, рэчкі, лугі – рэаліі свету, якія ўвасабляюць у сабе яго прыгажосць, цэласнасць і гарманічнасць, ад таго любоў да роднай зямлі, да Палесся, яшчэ мацнейшая:

Квітнеюць на Палессі медуніцы,

Жадаюць шчасця нам з табой зязюлі.

Тут ранкам усміхаюцца крыніцы

Чароўнаю ўсмешкаю матулі

Найбольш распаўсюджанымі апаэтызаванымі атмасфернымі вобразама нашай літаратуры з’яўляюцца вобразы ліўня, дажджу, маланкі, грому, навальніцы, аблокаў, хмар, неба, туману, вясёлкі і іншыя. Некаторыя з гэтых вобразаў знайшлі сваё месца і ў паэзіі Анатоля Грачанікава. “Журботны эскіз на фоне дажджу, хмар, грому намаляваны пяром Грачанікава, які па-майстэрску стварае гукавыя і зрокавыя асацыяцыі:

Захмарыла.

Задажджыла.

Змрок у неба

На луг і палі паслаўся.

Сірочы промень, як шыла,

Хмары прабіў

І схаваўся.

Рыпець знудзіўся асвер адсырэлы.

Буслы ў гняздзе сваім

П’юць дажджавік

Пад страхою на седале

Куры нясмела

Ловяць грому хрыпаты рык.

На тыдзень змяшаліся

Дні і ночы

Хмара за хмарай.

Дрымоту нясе

(зб. “Выбранае”, с. 326 – 327).

Калі ў прыведзеных вышэй радках вобразы дажджу, грому, хмар чыста пейзажныя, то ў многіх вершах Анатоля Грачанікава яны сімвалічна-змастоўныя, як у вершы “Як добра…”:

Як добра, што ёсць яшчэ гэта на свеце:

Дожджык сонечны ловяць дзеці,

Зводдаль порсткія кураняткі

Выбягаюць з-пад крылля маткі.

Як добра, што ёсць яшчэ гэта на свеце

Гром паблажэла рохкае недзе,

І хлопчык абпырсканы весела едзе

Па лужынах цёплых на велосіпедзе

І не прэюць у лузе пакосы,

І ўвесь малады і босы

(Зб. “Верасень”, с. 16).

Паэт супрацьпастаўляе мудрую філасафічнасць прыроды жыццёвай мітусні, сквапнаму свету людзей. Яго вабяць цішыня і першы гром, сонца і дождж. Фантазія мастака стварае прыгожыя карціны: “дажджы буйныя, як ажыны”, “зорна-блішчасты дождж” і іншыя.

З папярэднімі вобразамі беларускай стыхіі моцна звязаны вобразы ветру. Так, гэты вобраз у Анатоля Грачанікава з’яўляецца сімвалам юнацкага кахання і маладосці:

Разгадаўшы ўспаміны,

Цераз Сож прабег у госці

Свежы вецер з Украіны,

Свежы вецер маладосці

(Зб. “Верасень”, с. 316).

Злосны і варожы асенні вецер – спадарожнік чалавека, які расчараваны ў сабе і не патрэбны нікому на зямлі. Ён “рагоча, свішча, падае ва ўтрапенні”, “закляты вільготны вецер” нідзе не мае прытулку. У “Баладзе вятроў” паэт атаясамлівае вятры з рознымі перыядамі жыцця чалавека, ваеннымі і мірнымі перыядамі гістарычнага развіцця чалавецтва.

Паўночны вецер- самы халодны.

Паўднёвы вецер – самы гарачы.

Злосны і сіверны вецер заходні.

Вецер усходні – лагодны, гаючы…

(Зб. “Верасень”, с. 40).

Рака для Анатоля Грачанікава – гэта, найперш, Сож – сведка і дарадчык у каханні да жанчыны, сімвал першага пачуцця:

Што быць магло – мінула незваротна.

Наш час, нібы раку, не пераплыць,

Нам не вярнуцца ў тыя дні былыя,

-Ад успамінаў толькі сэрца ные,

-А новым дням цяпер нас не злучыць

(Зб. “Верасень”, с. 96).

У гэтым вершы адчуваецца філасофскае паяднанне паняцця часу і плыні ракі. Дні чалавека працякаюць так незваротна і катэгарычна, як цячэ вада ў рэчцы. Гэтая думка прымушае чалавека задумацца і робіць яго настрой самотным [2; 136].

У вершы “Рака” паэт пералічвае тое, што трэба яму для шчасця. І гэта зусім не матэрыяльнае забеспячэнне і дабрабыт, а тое, што мае кожны чалавек і не задумваецца над каштоўнасцю гэтых рэчаў – гармонія з прыродай, а значыць, з самім сабой:

Для радасці трэба не многа.

Гаі, пералескі, кусты,

Глухая лясная дарога,

Рака і на беразе – ты.

З вобразам ракі звязвае Анатоль Грачанікаў і філасофскія разважанні пра чалавечае жыццё, мітуслівае і бессэнсоўнае ў параўнанні з веліччу нетараплівай Прыпяці:

Спяшацца рэкам няма куды,

Хоць часам ім не хапае вады,

На тое яны і рэкі.

А мы - мітусімся туды-сюды,

А мы рэактыўна нясёмся заўжды,

Дзеячы – чалавекі.

Вельмі часта паэты ўсхваляюць раку свайго маленства. Кожная метафара або эпітэт выступае як міні-карціна, вершаванае палатно, колеравае і водарнае. Так, у Анатоля Грачанікава мы бачым “ружова-крынічны Сож”, “разлівісты вясновы Сож”, “Сож сонны”, які піў “сонечнае зелле”, паэта вабіць “цішыня палескіх рэк у смузе світальнай нівы”. Ён захапляецца і ганарыцца роднымі пейзажамі:

Гомельшчына! Выспы і бары.

Прыпяць…Сож…Дняпро…

Між іх – азёры…

Дзе яшчэ сустрэнеш, сябры,

Гэткае шчырасці ўзоры?

Верш насычаны недасказамі, сустракаюцца рытарычнае пытанне, зварот і клічны сказ, што робіць яго падобным да задушэўнай гаворкі шчырых сяброў. Паэт адкрыта выказвае сваё перакананне і перадае чытачу ўласныя адносіны да роднай старонкі.

Зоркі – касмічны вобраз, які надае пейзажу касмічнае значэнне. Сучасныя паэты шукаюць адказы на самыя таемныя пытанні душы ў зорным небе. Па словах А.Бельскага усясветнае жыццё чалавека, сучасная паэзія, не ўяўляецца без свету нацыянальнага космасу: поля, жыта, траў, кветак, крыніц і рэк. У Анатоля Грачанікава касмічнае таксама знітавана з зямным, штодзённым – адно без другога не існуе:

Сыпаліся дажджыны,

Буйныя, як ажыны,

І шмель - мокры даўно-

У хату лез праз вакно.

-Зоркае спалучэнне

Месяца і краглін –

Як ціхае азарэнне,

Як самы светлы ўспамін

(зб. “Выбранае”, с. 58 – 59).

Такім чынам, аналіз асноўных пейзажных вобразаў вершаў Анатоля Грачанікава дае магчымасць прыйсці да высновы, што майстар слова годна працягвае традыцыі беларускай літаратуры ва ўвядзенні пейзажных вобразаў прыроды і стварэнні па-свойму непаўторнага і арыгінальнага каларыту нацыянальнага пейзажу. У яго паэзіі знайшлі сваё месца традыцыйныя для беларускай літаратуры, адвечныя архетыпы нацыянальнага мыслення. Шырокае іх выкарыстанне раскрывае духоўны воблік усёй нацыянальнай літаратуры.

3.2 Малая радзіма аўтара ў кнізе “Круглая плошча”

Калі гаварыць пра другі зборнік вершаў паэта, то хочацца адзначыць верш, што датуецца 1971 годам пад назвай “Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож…”.

Адразу відаць, што ў вершы гаворка пойдзе найперш пра “малую радзіму аўтара”. Але тут няма эксплуатацыі світальных ранкаў, салаўіных спеваў і іншых атрыбутаў падобных твораў. Анатоль Грачанікаў паспяхова пераадольвае магчымасць паўтору. Сказвалася здольнасць паэта мысліць так, што малюнкі зямныя і малюнкі касмічныя паядналіся. Збліжаюцца не столькі часавыя паняцці, колькі адлегласці. Верш крыху тужліва-засяроджаны. Але гэта і верш, у якім вельмі аптымістычны, жыццядайны пачатак. Лірычны герой сам-насам з сабою і з дарагімі сэрцу краявідамі, але ён свій і ў свеце і ў сусвеце, што называецца Космасам. Прытым касмічнасць думкі выражаецца не ў такім і кідкім малюнку. Аднак, у гэтым і каштоўнасць, што прыгажосць вынікае са звычайнага, штодзённага і здатнага ўвабраць у сябе ўсё, што толькт маглі:

Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож

Свае ў яе віхуры й перакаты.

Апоўначы на сцішаныя хаты

Мядзведзіца схіляе зорны коўш.

І ў першароднай цішыні наўкол

Я слухаю, прысеўшы на калодзе,

Як вечнасць, асядаючы на дол,

Быцця зямнога запаўняе соты

Канцоўка верша перадае веру ў здаровыя сілы сённяшняй вёскі, у вынашаны ёю спелы практычны розум:

Не трэба вёсцы дакучаць, не трэба

Яна сама разбудзіць пастуха

З цягам часу дужэла ў Грачанікава пачуццё прыхільнасці і даверу да выпрабаваных нягодамі непадманных каштоўнасцей народнай працы, побыту. І менавіта гэтае пачуццё нарадзіла няхітрыя, сціплыя з выгляду, але арганічныя і праўдзівыя вершы. Напрыклад, верш пра тое, як зацвіла бульба і затруменіў бульбяны пах аж на зарэчныя паляны з памаладзелага сяла” і “палагоднелі жанчыны” і “ у хатах стала больш цяпла”.

Альбо, як у вёсцы капаюць калодзеж, - натуральнасць, пластыка і ўнутраная сур’ёзнасць вельмі сугучныя той урачыста-ціхай мінуце, калі хлебаробы здабываюць ваду для жыцця:

Калодзеж капаюць, калодзеж капаюць,

Чыстае ўсё на сябе апранаюць.

Не сварацца цёткі, не кураць мужчыны.

Як быццам сабраліся тут на радзіны.

У кнізе Грачанікава “Круглая плошча” варта адзначыць верш “На Палессі”. Сімвалічным вобразам у вершы выступае вобраз курганоў (“На Палессі – спрадвеку, як быццам званы,/ Несціхана сівыя звіняць курганы”). Гэты вобраз – абагульненая жыццёвая мудрасць народа, гістарычная памяць, вопыт мінулых пакаленняў. Курганы Палесся вучаць нашчадкаў беражлівым адносінам да здабытай волі, якую “цяжка здабыць, ды цяжэй зберагчы”. Курганы ў вершы быццам жывыя, яны сочаць за нашчадкамі, жадаючы ім дабрабыту:

Добры дзень вам, нашчадкі!

Добры дзень вам, зямляне!

Хай жа будзе для вас гэты дзень умалотны,

А для вашага сэрца – апошні журботны!..

Калі гаварыць пра асаблівасці пейзажу ў вершах кнігі, то трэба адзначыць, што найбольш Грачанікаву ўдаюцца ранішнія пейзажы – гэта пераходныя сітуацыі свету, калі “у прадчуванні раніцы і дня”, начная “ “цішыня зямлю пяшчотна паміж зор люляе”, і самыя чыстыя, самыя свежыя таны і фарбы на паэтавай палітры – чаканне света. Дасягнутая ў прыродзе раўнавага здабыткаў і страт і думка паэта, што адгукаецца гэтай раўнавазе і сувязі ўсяго існага і жывога ў сусвеце. Як, напрыклад, у такіх строгіх актавах:

Гармонія загадкавых дзівос

Начнога свету. Ціхі шэпт каханай

У хмыз ляціць касуля над палянай

Чырвонапёркі жыраваць на плёс

Плывуць чародкі чуйна.

3.3 Радзіма ў зборніку вершаў А.Грачанікава “Палессе”

У 1983 годзе Анатоль Грачанікаў выдаў зборнік вершаў пад назвай “Палессе”. Ужо сама назва гэтага зборніка сведчыць пра тое, што паэта натхнілі ўспаміны пра родныя мясціны, “малая радзіма”, якая выпусціла ў свет і навучыла законам жыцця, а таму застаецца ў сэрцы назаўсёды.

Звяртае на сябе ўвагу верш са зборніка пад назвай “Зямля бацькоў”. Паэт перажывае ўсю гаму пачуццяў, неаднародных, не заўсёды самых прыемных і пяшчотных. Яны розныя, як само жыццё.

Звяртаюць на сябе ўвагу тыя эпітэты, якімі аўтар надзяляе сваю радзіму:

Зямля бацькоў!

Зямля маёй надзеі,

Зеленакрылы салаўіны кут…

Так хораша сябе

Не адчуваў нідзе я,

Нідзе так цяжка

Не было, як тут.

Сваю зямлю аўтар называе “непадманлівай”. Грачанікаў не ўтойвае, што гэтая зямля не заўсёды спрыяла чалавеку (“Была часцей ты пеклам, а не раем”). Нягледзячы на гэта, людзі не пакінулі родныя мясціны, бо Радзіму не пакідаюць і не абіраюць сабе лепшую, як не мяняюць бацькоў.

У гэтым вершы аўтар абірае наступны прыём: ён паказвае пераход ад апісання мясцін, дзе нарадзіўся да нашай агульнай радзімы – Беларусі.

О Беларусь!

Майго народа сэрца!

Твой гулкі рытм нікому не спыніць.

У вернасці Айчыне не клянецца

Той, хто не можа без цябе пражыць.

Прызнанне ў любові да Радзімы гучыць натуральна і непадроблена. Няма банальных заклікаў і клятваў, якія б паставілі пад сумненне шчырасць пачуцця. Аўтар удзячны за тое, што Радзіма яго “лячыла і вучыла”, называе яе “зеленакрылай Айчынай”, “краінай несмяротных курганоў”.

Сапраўдным гімнам Палесся гучыць верш “Палессе”, які сам аўтар назваў песняй:

…Край легенд і край былін,

Люблю цябе – твой родны сын!

(зб. “Палессе”, с. 49-50).

Анатоль Грачанікаў называе сябе сынам роднай зямлі. Сапраўды, старонка, якая ўзгадавала чалавека вартая называцца дарагім і пяшчотным словам матуля, бо яна таксама шчырая і адзіная, на яе немагчыма забыць і ёй немагчыма здрадзіць.

Аўтар захапляецца роднымі краявідамі, “як песні, што мужнасцю і славаю спавіты”. Згадвае Анатоль Грачанікаў і знешнюю прыгажосць, і незвычайныя духоўныя якасці людзей, якія жывуць на Палессі:

Тут людзі незвычайнай прыгажосці

Сярод лясоў і рэк жывуць вякамі.

Хто завітае на Палессе ў госці,

Багаты стане вернымі сябрамі.

Такія мясціны і людзі не пакідаюць сэрца Грачанікава. Праз усё жыццё ён нясе жаданне і імкненне сустрэцца з імі, вярнуцца на Радзіму.

Дзе я ні буду, а сюды вярнуся,

Дзе я ні буду, а сюды прыеду.

3.4 Асаблівасці паэмы “Палескі трохкутнік”

Творчасць Анатоля Грачанікава 80-х гадоў прасякнута ветлымі, радаснымі матывамі, аптымістычнай вераю ў лепшыя якасці чалавека, ва ўсемагутнасць кахання, у здаровыя сілы народа, у яго незамутнёна-глыбокі розум і маральную чысціню, у перамогу дабра над злом. Адным з такіх канцэптуальных з’яўляецца верш “Чамусьці я не веру…”:

Чамусьці я ў гэта не веру

Што мала не свеце даверу,

Што падазронасць пануе,

Якую нічым не скрушыць.

Што зло ўвачавідкі гарцуе,

Дабро між людзей ледзь ліпіць.

Паэт верыць у “бясконцы сусвет дабрыні”, які “не мае памеру”, і гэта вера асвятляе ўсю яго паэзію. У ім, невымерным сусвеце дабрыні, жывуць эпічныя героі такіх ягоных вершаў, як “Жыццё Мацвея”, “У дзядзькі Івана трухлявая хата…”, “Латарэйны білет”, паэмы “Палескі трохкутнік” і іншыя. Цікава, што паэт часам параўноўвае сваіх герояў (хоць гэта параўнанне часам не ляжыць на паверхні) з евангельскімі святымі. Селянін Мацвей (“Жыццё Мацвея”) сваім жыццём – не аскет, не прапаведнік – нагадвае чымсьці апостала-евангеліста Мацвея, які да сустрэчы з Хрыстом быў мытнікам, грэшным чалавекам. Жыццялюб, жартаўнік, шчадра надзелены дабрынёй Мацвей, “паблажлівы як бог”, намякае аўтар, мае шанц паўтарыць жыццё святога Мацвея.

Героі вершаў А.Грачанікавва адмаўляюць лёгкае “латарэйнае” шчасце, матэрыяльны дабрабыт, яны не імкнуцца ўзвысіцца за кошт іншых, задавальняюцца малым у тым, што тычыцца цялесных патрэбаў, і кіруюцца прынцыпамі максімалізму ў духоўным плане. У казачна-фантастычнай паэме “Палескі трохкутнік” сумленнасць, дабрыня, працавітасць, бясхітраснасць чалавека з народа нават прыцягваюць увагу іншапланецян. Прышэдьцы з космасу запрашаюць звычайнага селяніна Яўхіма стаць госцем на іх невядомай планеце. Крытыкі (напрыклад Ірына Багдановіч)справядліва заўважалі, што “Палескі трохкутнік” наследуе традыцыі ананімнай паэмы “Тарас на Парнасе”. Гутаркова-апавядальны стыль, рытміка, сакавіты народны гумар, элементы фантастыкі, нават у нейкай ступені сюжэт гавораць пра роднасць, блізкасць названых твораў. Цікава і тое, што паэма А.Грачанікава, як і “Тарас на парнасе”, а таксама “Новая зямля” Я.Коласа, напісана чытырохстопным ямбам, улюбёным памерам і рускай класічнай паэзіі

Дзеянне ў паэме “Палескі трохкутнік” разгортавецца не ў сузор’і Лебедзя, куды іншапланецяне забіраюць калгаснага вартаўніка Яўхіма. Яно адбываецца на зямлі, у так званым Палескім трохкутніку, які злучае Гомель, Лоеў і Рэчыцу. Пасля знікнення Яўхіма ўвага да яго асобы ўраз абвастрылася. Людзі раптам усур’ёз задумаліся над чалавечай сутнасцю Яўхіма, успомнілі яго працавітасць і дзівацтва, яго цікаўнасць і уменне жыць у незвычайнай згодзе з зямлёй і зоркамі, яго тонкае адчуванне хараства прыроды, жаданне зліцца, растварыцца ў ёй..Згадалі і яго клопаты пра іншых людзей, гераізм і самаахвярнасць у час вайны. Такім чынам, адкрываецца незвычайнасць звычайнага чалавека і сцвярджаецца, што пры ўважлівым стаўленні да асобы заўсёды можна ўбачыць у ёй нешта прыгожае, закладзенае самім Творцам.

Пісьменнік характарызуе і некаторых працаўнікой вёскі Вайцін. Псіхалагічныя партрэты іх часамгумарыстычныя. Добры, сумленны чалавек старшыня Кароль, якога вельмі любіць народ, не заслужыў пашаны ў начальства, трапіў у друк “не за стараннасць і за плён. Чаму Кароль не кукурузны? – Так называўся фельетон” У іншых месцах паэт скажа пра старшыню калгаса:

Быў ён не з тых, хто на пасадзе

Служылі тым, хто іх “падсадзе”.

І пакпіць з прозвішчагероя, якое надта ж адпавядае і ягонаму самапачуванню сярод людзей, і характарыстыцы ягонага паходжання:

На “газіку” сам за рулём

Ён быў сапраўдным каралём.

Яго і продкі - Каралі,

Спрадвеку каралі – раллі.

“Палескі трохкутнік” – паэма ліра-эпічная. Ураўнаважанасць у ёй элементаў эпасу і лірыкі, іх гарманічнае спалучэнне відавочныя. Твор утрымлівае ў сабе магутны пачатак народнай фантазіі. Народная маральная аснова адчуваецца і ў агульнай канцэпцыі паэмы, і ў абмалёўцы персанажаў. Кідаецца ў вочы і наяўнасць у творы разнастайных фальклорных жанраў – прымавак, замоў, галашэнняў, блізкасць яго паэтыкі да паэтыкі фальклору. А шчыры зварот жонкі Яўхіма да вадзіцы з просьбаю прываражыць мужа да роднай хаты і падаць вестку аб тым, ці жывы ён, вельмі нагадвае плач Яраслаўны.

Паэт шмат шмат узяў не толькі ад народнага светаадчування, маральных нормах, але і ад фальклорнай паэтыкі. Таму важным элементам у творах Анатоля Грачанікава сталі разнастайныя фальклорныя жанры – прымаўкі, замовы, загадкі, галашэнні, скорагаворкі, лічылкі. Яны паглыбляюць змест, нагадваюць пра сапраўдны “народны грунт” паэзіі. Таму фальклор уступае ў дзеянне звычайна ў пагранічных, крызісных сітуацыях, калі здаецца, што ў свеце парушаны справядлівы парадак рэчаў, што зло перамагае.

Так, у згаданай паэме старая Яўхіміха гаворыць з космасам, які забраў яе мужа, моваю даўніх замоў з іх наіўнай касмалогіяй, цэласна-гарманічным бачаннем свету: “Вадзіца-цапыца, красная дзявіца! Кацілася ты з рэк, з-пад рэк, з крыніц, з-пад крыніц…”.

Паэма “Палескі трохкутнік” з’яўляецца цікавым дакументам часу. Яе травесційны лад парадзіруе празмернае захапленне і шум, узнятыя вакол загадкавых “лятаючых талерак” і “Бермудскага трохкутніка”. Што ж тычыцца многіх іншых пытанняў, напрыклад, пра тое, хто яны, магчымыя браты па розуму, што можа прынесці зямлянам кантакт з іншымі цывілізацыямі Сусвету, то яны вырашаюцца аўтарам усур’ёз. Вуснамі вучонага з Акадэміі навукён гаворыць наступнае: “Будзем жа верыць у дабрыню тых, хто наведаў грады”. Знікненне чалавека, палёт яго разам з іншапланецянамі ў далёкі Сусвет аб’ядналі чалавецтва:

Пытанніе пастаўлена ў ААН.

Убок адышлі ўсе тэмы.

Ніколі яшчэ не было ў зямлян

Такой агульнай праблемы

Важна адзначыць, і аўтарскую цікавасць да праблемы “народ і памяць”. Увага да гістарычнага мінулага беларускага народа спалучаецца ў творы з роздумам пра сучаснасць, пра будучыню. Паэт задумваецца пра ролю асобы “павадыра” ў гісторыі народа. У апавядальную плынь паэмы арганічна ўключаецца алегарычнае апавяданне пра трагічны лёс смяротна хворага ласінага важака, забытага і пакінутага няўдзячным статкам, які ён не раз ратаваў ад бяды. Горды важак нават перад тварам смерці непакоіцца пра яго будучыню.

Заключэнне

Пейзажныя вершы паэта адкрываюць багата адораную душу лірычнага героя, улюбёнага ў родныя краявіды. У іх асабліва ярка паўстае талент Грачанікава-жывапісца. Паэта захапляюць някідкія пейзажы і карціны, у сціпласці якіх ён бачыць своеасаблівае хараство і прывабнасць. Дакладнасць, выразнасць бачання, тонкасць адчуванняў, выяўленых у падабраных з густам фарбах і колерах, - якасці, уласцівыя многім пейзажным вершам паэта [3; 446].

Любімымі і найбольш частымі відамі тропаў у паэтыцы Грачанікава з’яўляюцца параўнанне і метафара. Тропам, як і ўсёй яго паэзіі, уласціва знешняя няяркасць, “ціхасць”, маляўнічасць, рэалістычнасць, трапнасць.

Прырода ва ўяўленні паэта – гэта “сусвет дабрыні”, дзя ўсё ўзаемаабумоўлена і звязана адзінай повяззю – зоркі, хмары, рачулка, дрэвы, птушка, звер, чалавек, яго душа. І калі выпадае, парушаецца хоць адно звяно ў гэтым спрадвечным ланцугу, знікае гармонія і цэласнасць свету. Таму паэт імкнецца ўлавіць і затрымаць тыя зорныя шчаслівыя імгненні, калі адчуванне гармоніі са светам асабліва моцнае і ўсеабдымнае. Калі “начная шматгалосся цішыня зямлю пяшчотна паміж зор люляе” і “вечнасць, ападаючы на дол быцця зямнога запаўняе соты”, калі чалавек “выспяляе без паспешнасці сузор’і і дум, любоў і гнеў”.

Вельмі значнай у творчасці Анатоля Грачанікава з’яўляецца тэма Радзімы, яе мінулага, гісторыі. Так, у яго вершах знаходзім разнастайныя сімвалы - рэчы, успаміны, што паказваюць на значнасць паняцця родных мясцін для яго творчасці. Своеасаблівым захавальнікам народнай памяці, незвычайнымі і загадкавымі помнікамі мінулых дзён паўстаюць у яго творчасці курганы, якія часам пачынаюць гаварыць, расказваць. Вядома, паэт вельмі перажывае любыя страты народнай памяці, забыццё таго, што раней было блізкім і родным. Гэта тлумачыцца асаблівасцямі духоўнага складу асобы паэта. Пра самыя каштоўныя чалавечыя якасці: любоў і адданасць Радзіме, гісторыя роднага краю трэба расказваць ужо з самага маленства – лічыць пісьменнік. Менавіта таму, нават у кнізе “Зорны палёт” ждя дзяцей прысутнічаюць вершы, у якіх выяўляюцца матывы і вобразы, пейзажы роднага паэту Палесся (“Бацькоўскі парог”, “Жывая вада”).

Як і ў “Новай зямлі” Я.Коласа, у творах А.Грачанікава паэтызуецца сялянская праца, быт, самі вяскоўцы, хараство душы якіх не мог не адчуць паэт. Як не мог не заўважыць і праяўлення нечага вельмі сацыяльна значымага ў дробным, звычайным. Запамінаецца і ўражвае навізной бачання вершы паэта пра родную вёску - Шарпілаўку. Яна паказваеца ў акружэнні вялікага космасу, таемнага і нязведанага. “Ціхая” паэзія Грачанікава набывае тут сапраўдную глыбіню, змястоўнасць, ёмістасць асацыяцый. Так, па словах Генрыха Далідовіча “як паэт ён быў знешне, сапраўды, нібыта “ціхі”, не крыклівы і не фестывальны, але яго спакойнасць была глыбока напоўнена радасцю, болем і трывогай за лёс Беларусі і яе люду, была глыбінна лірычная і драматычная” [1; 204].

Грачанікаў пры пастаяннай наяўнасці ў яго паэзіі эпічных элементаў усё ж - пранікнёны лірык. Лірызм – німб, што асвятляе і ўпрыгожвае, надае веліч яго вершам і паэмам. Паэт імкнецца да гармоніі з прыродай, адчувае цесную знітаванасць з ёй. Яму даспадобы сакоўная спеласць свету ў верасні, прасвечаныя святлом ацяжэлыя гронкі каліны, пладаносныя сады. Пладаносны час вочені асацыіруецца ў яго з уласнай творчай спеласцю.

Творы Анатоля Грачанікава перакладаліся на дваццаць адну мову свету, у тым ліку на англійскую, французскую, польскую, балгарскую, венгерскую, вьетнамскую, і на мовы былога Саюза, што сведчыць пра вялікую папулярнасць паэта і далёка за межамі рэспублікі. На яго вершы напісана нямала выдатных песень.

Спіс выкарыстанай літаратуры

    Бярозкін Р. Аб вершах Анатоля Грачанікава// Бярозкін Р. Паэзія – маё жыццё. Літаратурна-крытычны артыкул. – Мн.; Маст. літ.- 1989, с. 315 – 323.

    Ваньковіч Алена. Творчасць паэтаў Гомельшчыны ў кантэксце нацыянальных пейзажных традыцый// Маладосць., - 2004, - №1, - с.135 – 142.

    Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 4. кн. 2/ НАН Беларусі, Аддзяленне гуманіт. Навук і мастацтваў, Ін-т літаратуры імя Я.Купалы. – 3-е выд. – Мн.: Бел. Навука, 2003. –643 с.

    Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча: Літ.-Крытычны артыкулы. – Мн.: Юнацтва; 1984, - с. 154 – 169.

    Грачанікаў А. Выбранае: Вершы і паэмы. – Мн.: “Маст. літ.”, 1988. – 283 с.

    Грачанікаў А. Дрэва на выспе. Вершы; паэма. Мн., “Маст.літ.”, 1977. – 112 с.

    Грачанікаў А.С. Зорны палёт: вершы і казкі. Мн.: Юнацтва, 1988. – 174 с.

    Грачанікаў А. Я вас люблю…: Лірыка. – Мн.: Маст. літ., 1986. – 143 с.

    Далідовіч Г. З прыязнасцю і болем // Маладосць, - 1988, - №8, - с. 202 – 204.

    Драздова Л. “Было б на свеце толькі чалавечна…” // Роднае слова, - 1998, - № 9, с. 64 – 68.

    Кенька Міхась Усё на сэрца асядае мне // Полымя, - 2006, - №1. – с.197 – 203.

    Кусянкоў М. Спасціжэнне сутнасці руху//ЛіМ, - 1982, - 24 снежня, - с.12.

    Ліпскі Ул. Ён ніколі не адводзіў стрэлкі назад// Маладосць., - 1998, - №8, - с.199 – 202.

    Лукша М. Любоў не перайначыць // Маладосць., - 1998, - №8, - с.194 – 196.

    Марціновіч А. …І вечнасць асядае на дол // Полымя, - 1998, - №9, - с. 239.

    Маслоўскі В. Пад каўшом Вялікай Мядзведзіцы //ЛіМ, - 1998, - 4 верасня. – с. 13.