Адмена прыгоннага права i асаблівасці правядзення буржуазных рэформаў 1860-1870 гг. на Беларусі
Адмена прыгоннага права i асаблівасці правядзення буржуазных рэформаў 1860–1870 гг. на Беларусі
1. Адмена прыгоннага права. Буржуазныя рэформы 1860–1870-х гг.
У сярэдзіне XIX ст. Расійская імперыя стаяла ў кроке ад рэвалюцыйнага выбуху. Адсутнічалі станоўчыя вынікі папярэдняй палітыкі па сялянскаму пытанню. У 1858–1860 гг. толькі ў Беларусі адбылося звыш 40 буйных выступленняў сялян. Наглядаўся агульны крызіс гаспадаркі краіны. Рэзка вырасла запазычанасць памешчыкаў перад Дваранскім банкам, што гаварыла аб крызісе панскай гаспадаркі. Татальнае адставанне Расіі ад Еўропы выявілася пад час Крымскай вайны 1853–1856 гг.
Патрабавалася тэрміновае прыняцце мер па рэфармаванню краіны, і ў першую чаргу – трэба было адмяніць прыгонніцтва. На этане падрыхтоўкі рэформы ў студзені 1857 г. быў створаны «Сакрэтны камітэт па сялянскай справе». Ен збіраў пажаданні памешчыкаў аб умовах правядзення рэформы. Памешчыкі Беларусі і Літвы прапанавалі вызваліць сялян, але без зямлі.
20 лістапада 1857 г. віленскаму генерал-губернатару Ў.І. Назімаву быў накіраваны рэскрыпт ад імператара Аляксандра II – першы афіцыйны ўрадавы дакумент аб сялянскай рэформе. Ім дазвалялася стварыць у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губернях камітэты і агульную камісію ў Вільна для выпрацоўкі пректа палажэння аб адмене прыгоннага права. Згодна з рэскрыптам урад рэкамендаваў памешчыкам даць сялянам невялікія надзелы зямлі – іх сядзібы за выкуп, бо ўрад разумеў небяспечнасць беззямельнага вызвалення сялян.
8 студзеня 1858 г. «Сакрэтны камітэт» быў пераўтвораны ў Галоўны камітэт па ўпарадкаванні сельскага насельніцтва. Гэта было афіцыйным пачаткам рэфармавання. Ен збіраў прапановы ад усіх губернскіх камітэтаў імперыі. Беларускія памешчыкі адзінадушна прапанавалі вызваліць сялян без зямлі. Толькі Віцебскі і Магілёўскі камітэты былі не супраць надзялення сялян зямлей за выкуп. У гэтых губернях глеба была нізкай якасці, а большасць памешчыкаў атрымлівала даходы ў выглядзе аброку.
Асноўныя дакументы рэформы былі рапрацаваныя ў Рэдакцыйных камісіях. 19 лютага 1861 г. яны былі падпісаныя Аляксандрам II.
Маніфест аб адмене прыгоннага права аб’яўляў аб пачатку правядзення рэформы ў дзяржаве, указваў на прычыны і мэты рэформы.
У «Агульным палажэнні» змяшчаліся адзіныя для імперыі прынцыпы правядзення рэформы: памешчыкі былі ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы; частка зямлі адводзілася сялянам у пастаяннае карыстанне без права маёмасці; на 9 год уводзілася часоваабавязанае становішча сялян, і яны адпрацоўвалі паншчыну ці выплачвалі аброк ў поўным дарэформеным памеры, ім была забаронена пакідаць зямлю; уводзіліся ўстаўныя граматы, якія вызначалі пазямельнае ўпарадкаванне і павіннасці сялян на карысць памешчыка; але адмянялася асабістая залежнасць сялян ад памешчыкаў; сяляне атрымлівалі некаторыя грамадзянскія правы – яны маглі займацца промысламі, гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом.
Уласнікам зямлі селяніна рабіла выкупная здзелка. З пераходам на выкуп часоваабавязаныя адносіны спыняліся, сяляне залічваліся ў разрад уласнікаў. Правілы выкупу былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Выкупная сума была такога памеру каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6% гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму аброку з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Пры выкупе надзелаў сяляне павінны былі заплаціць 20% выкупной сумы, астатнюю частку – 80% памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. Сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй выкупныя плацяжы і працэнты за ссуду (выплаты цалкам адменены 1 студзеня 1907 г.). Па сутнасці, сяляне выкупалі не зямлю, а кампенсавалі памешчыкам свае феадальныя павіннасці.
Утвараліся органы кіравання сялянамі – сельскія і валасныя ўправы. Яны кіравалі зборам подацяў, аб’яўлялі сялянам дзяржаўныя законы, сачылі за грамадскім парадкам. Для практычнага ажыццяўлення рэформаў 1861 г. былі ўведзены спецыяльныя пасады – міравыя пасрэднікі (прызначаліся з мясцовых памешчыкаў), павятовыя міравыя з’езды і губернскія ўстановы па сялянскіх справах.
«Мясцовае палажэнне для вялікарускіх, новарасійскіх і беларускіх губерняў» дзейнічала ў Магілёўскай і васьмі паветах Віцебскай губерні дзе панавала абшчыннае землекарыстанне. У ім былі вызначаны межы сялянскага надзелу – «вышэйшы» ад 4 да 5,5 дзесяціны і «ніжэйшы» ад 1 дзесяціны 800 кв. сажняў да 1 дзесяціны 200 кв. сажняў. У сялян з большым надзелам праводзілі адрэзкі. Так у Магілёўскай і Віцебскай губернях у выніку «адрэзак» сяляне страцілі ад 25 да 40% зямлі.
За карыстанне надзелам вызначаліся павіннасці – паншчына ці аброк і інш. Захоўвалася сельская абшчына, пры выкананні павіннасцяў уводзілася кругавая парука – багацейшыя абшчыннікі выконвалі павіннасці за бедных.
«Мясцовае палажэнне для Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і чатырох паветаў Віцебскай губерні» мела свае асаблівасці. Нормы сялянскіх надзелаў не вызначаліся, за сялянамі захоўваліся прысядзібныя і палявыя надзелы, якімі яны карысталіся да 1861 г. Адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш 1/3 часткі зручных зямель. Але і сялянскі надзел нельга было паменшыць больш як на 1/6. Панскія лясы заставаліся выключна ў распараджэнні памешчыка, захоўвалася сервітутнае права. У выкананні павіннасцяў дзейнічала асабістая адказнасць селяніна.
Дадатковыя правілы – яшчэ адна група дакументаў, якая адносіліся да асобных груп прыгоннага насельніцтва.
Сяляне засталіся незадаволеныя такой свабодай. Яны не падпарадкоўваліся загадам мясцовых улад, адмаўляліся адбываць паншчыну і выконваць павіннасці, адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы.
Усяго на
Беларусі толькі ў 1862 г. адбылося звыш
150 сялянскіх выступленняў. У 1863 г.
сялянскі рух пашырыўся і супаў па часе
з нацыянальна-вызваленчым паўстаннем
пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Апошняя
акалічнасць вымусіла ўрад пайсці на
значныя ўступкі. Так, з 1 мая 1863 г.
часоваабавязанае становішча сялян
Мінскай, Віленскай, Гродзенскай і
часткова Віцебскай губерняў адмянялася,
яны станавіліся ўладальнікамі сваіх
надзелаў.
З 1 студзеня 1864 г. у астатніх
паветах Віцебскай і Магілёўскай губерняў
праводзілася такая ж працэдура. Значна
змяншаліся выкупныя плацяжы, а 9 красавіка
1863 г. Былі створаны камісіі для
праверкі памераў сялянскіх надзелаў.
Зямлю атрымалі больш за 20 тыс. абеззямеленых
двароў, іншым вярнулі адрэзкі. Хутка
было завершана складанне выкупных
актаў. Гэтыя палёгкі былі ініцыяваны
Віленскім генерал-губернатарам М.М.
Мураўёвым, які кіраваў падаўленнем
паўстання 1863 г. Але да паўстання
Мураўёў быў прыхільнікам жорскай
палітыкі ў адносінах да сялян, і толькі
неабходнасць недапусціць злучэння
нацыянальна-вызваленчага і сялянскага
руха прымусіла яго пайсці на ўступкі
сялянам.
Пасля 1863 г. перагледзелі землеўпарадкаванне і дзяржаўных сялян (20% сельскага насельніцтва Беларусі). З 16 мая 1867 г. яны адразу пераводзіліся з аброку на выкуп зямлі і станавіліся прыватнымі ўладальнікамі зямельных надзелаў.
Такім чынам, на Беларусі адмена прыгонніцтва мела свае асаблівасці. Так, памеры сялянскіх надзелаў былі вышэйшымі, чым па Расіі. Былі зменшаны выкупныя суммы. Але захоўвалася памешчыцкае землеўладанне – у памешчыкаў знаходзілася больш паловы лепшай зямлі, а каля 40% сялян былі малазямельнымі. Захаваліся сервітуты, цераспалосіца і абшчыннае землекарыстанне ва ўсходняй частцы Беларусі. Сяляне атрымалі асабістыя і маёмасныя правы, саслоўнае самакіраванне. Быў створаны рынак рабочай сілы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
Але калі адмена прыгонніцтва прайшло на больш спрыяльных умовах, то буржуазныя рэформы 60–70-х гг. на Беларусі мелі значныя абмежаванні.
Так, на Беларусі наогул не была праведзена земская рэформа, якая ўводзіла органы самакіравання, выбарныя ад усіх саслоўяў губернскія і павятовыя сходы (гаспадарчыя органы) і ўправы (выканаўчыя органы). Яны займаліся справамі мясцовай гаспадаркі, аховы здароў’я, адукацыі, добраўпарадкавання і дабрачыннасці. Выбарчая сістэма будавалася па прынцыпе маёмаснага цэнзу, таму ў сходах і ўправах была значная перавага дваран. На Беларусі пераважала апалячанае дваранства, апазіцыйнае царскаму ўраду. Таму ў беларускіх губернях рэформа была праведзена толькі ў 1911 г. з вялікімі абмежаваннямі для каталіцкага дваранства.
Гарадская рэформа 1870 г. (праведзена на Беларусі ў 1876 г.) мела мэтай упарадкаваць кіраванне гарадамі. Ствараліся органы кіравання – гарадскія думы і ўправы. На чале ўправы стаяў гарадскі галава, ён адначасова з’яўляўся і старшынёй гарадской думы. Выбары праходзілі на аснове маёмаснага цэнзу. Выбарчым правам карысталіся толькі плацельшчыкі гарадскіх падаткаў. У беларускіх гарадах, дзе большасць насельніцтва складалі «іншаверцы» – яўрэі, былі ўведзены абмежаванні для гэтай катэгорыі гараджан. Спачатку яны мелі права займаць 1/3 частку месцаў у органах гарадскога самакіравання, а ў выніку конррэформы – па новаму Гарадавому палажэнню 1892 г. – толькі 1/10 частку месц.
У распараджэнні гарадскіх дум і ўпраў былі пытанні развіцця прамысловасці і гандлю; арганізацыі адукацыі і медыцынскага абслугоўвання; утрымання пажарнай аховы, паліцыі і казармаў. Думы і ўправы не мелі органаў выканаўчай улады і падпарадкоўваліся губернатарам і міністру ўнутраных спраў.
У выніку судовай рэформы 1864 г. (на Беларусі пачалася ў 1872 г.) ліквідаваліся саслоўныя суды; утвараліся акруговыя суды і судовыя палаты; судовыя палаты разглядалі апеляцыі і займаліся палітычнымі справамі, абслугоўвалі некалькі губерняў; акруговыя суды ўтвараліся ў кожнай губерні; міравы суд разбіраў дробныя правапарушэнні. Суд станавіўся адкрытым, галосным і незалежным ад ураду; ствараўся інстытут адвакатуры і прысяжных засядацеляў, для засведчання розных актаў была ўведзена пасада натарыўса.
На Беларусі міравыя суддзі не выбіраліся, а прызначаліся МУС. У 1900 г. у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях быў уведзены інстытут земскіх начальнікаў. Яны прызначаліся з мясцовага дваранства і мелі права караць сялян без рашэння міравых судоў.
Судовая рэформа была значным крокам наперад у параўнанні з дарэформенным судом і адыграла вялікую ролю ў станаўленні буржуазных адносін у Расійскай імперыі.
Ваенная рэформа 1862 г. мела мэтай стварэнне арміі буржуазнага тыпу з кваліфікаваным асабістым саставам, сучаснай зброяй, добра падрыхтаванымі афіцэрскімі кадрамі. Імперыя была падзелена на 15 ваенных акруг (Віленская ўключала ўсю Беларусь). Адкрываліся ваенныя навучальныя ўстановы, на Беларусі гэта кадэцкія корпусы ў Полацку і Брэсце.
У 1874 г. быў выдадзены закон аб усеагульнай воінскай павіннасці мужчын, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Армія скарачалася ў мірны час і павялічвалася ў перыяд ваенных дзеянняў за кошт запаснікаў. Уводзіўся скарочаны тэрмін службы: для сухапутных войскаў – 6 гадоў службы і 9 гадоў запасу, для флоту 7 гадоў службы і 3 гады запасу. Для асоб, якія мелі адукацыю, тэрмін службы значна скарачаўся.
З мэтай пашырэння магчымасцяў друку, у тым ліку мясцовага, была праведзена цэнзурная рэформа 1865 г. Згодна з ёй была адменена папярэдняя цэнзура для твораў аб’емам больш 10 друкаваных аркушаў, але заставалася абавязковая папярэдняя цэнзура для твораў меньшага аб’ему; абавязковая папярэдняя цэнзура існавала для правінцыяльных органаў перыядычнага друку.
Пасля рэформы актыўна пачалі адкрываца прыватныя тыпаграфіі, якія мелі сучаснае абсталяванне, з’яўляліся перадавымі прадпрыемствамі і склалі новую галіну вытворчасці.
Рэформа адукацыі прадугледжвала ўвядзенне новага ўніверсітэцкага статута, а так сама новага статута гімназіі (уводзіліся з 1864 г.). Атрымліваць адукацыю зараз маглі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. Гімназіі былі двух тыпаў: класічныя і рэальныя. Класічная гімназія рыхтавала сваіх выхаванцаў да паступлення ва ўніверсітэты. Рэальныя гімназіі рыхтавалі вучняў да работы ў прамысловасці і гандлі.
У 1864 г. было зацверджана «Палажэнне аб пачатковых народных вучылішчах». Грамадскія ўстановы і прыватныя асобы з дазволу ўлад маглі адкрываць пачатковыя вучылішчы. Але на Беларусі народныя вучылішчы знаходзіліся пад дадатковым наглядам паліцыі і праваслаўнай царквы.
Рэформы 60–70-х гг. не краналі асноў самадзяржаўя і ў значнай ступені захоўвалі прывілеі дваранства, аднак садзейнічалі пераўтварэнню Расійскай дзяржавы з феадальнай манархіі ў буржуазную. І яшчэ, – на Беларусі буржуазныя рэформы былі праведзены з абмежаваннямі.
2. Эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя. Сельская гаспадарка ў 60–90-я гг. xix ст.
2.1 Развіццё капіталістычнага спосабу вытворчасці ў сельскай гаспадарцы
Памешчыцкая гаспадарка. У 60–70-я гг. у памешчыцкай гаспадарке ўсталявалася пераходная сістэма гаспадарання – адработачная сістэма, якая спалучала рысы феадальнай і капіталістычнай сістэм. Яе сутнасць – сяляне з прычыны эканамічнай неабходнасці арандавалі зямлю ў памешчыкаў, за што працавалі на зямлі памешчыка са сваім інвентаром і рабочай жывёлай. Пры капіталістычнай сістэме гаспадарання памешчыцкая зямля апрацоўвалася ўжо інвентаром і цяглай жывёлай уладальніка. Дэфіцыт сродкаў у часткі памешчыкаў не дазволіў ім адразу перайсці да капіталістычнага спосабу вытворчасці. Капіталістычная сістэма гаспадарання пераважала на захадзе Беларусі, а на ўсходзе – змешаная адработачна-капіталістычная.
Землеўладанне на Беларусі. Памешчыкам у другой палове 70-х гг. належала 8,7 млн. (50,5%) дзесяцін зямлі, казне – 1,6 млн. (9,9%), цэрквам і манастырам – 122,9 тыс. (0,7%) дзесяцін. Пераважала буйное землеўладанне (звыш 500 дзесяцін на ўладальніка).
Працэс пераходу да бессаслоўнага землеўладання адбываўся замаруджана. Прычынамі гэтага былі эканамічная ўстойлівасць буйных памешчыцкіх гаспадарак, арганізаваных на капіталістычны лад; абмежаванні, уведзеныя ўрадам пасля 1863 г., якія забаранялі каталікам набываць зямлю, сялянам-каталікам купляць больш за 60 дзесяцін на аднаго чалавека, і забараняла мець зямлю яўрэям; мэтанакіраванае насаджэнне землеўладання рускіх памешчыкаў.
Сельскагаспадарчая вытворчасць у памешчыцкай гаспадарке. Павелічэнне вытворчасці ішло экстэнсіўным шляхам, у выніку пашырэння пасяўных плошчаў. Вядучай галіной, як і раней, заставалася вытворчасць збожжа. Беларусь у 60–70-я гг. становіцца важным рэгіёнам экспарту збожжа (жыта, авёс, ячмень) за мяжу. Адначасова на Беларусь увозілася пшаніца.
Пачалі распаўсюджвацца мнагапольныя севазвароты, выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны (у Мінскай губерні ў 20% абследаваных маёнткаў). Капіталізм у памешчыцкай гаспадарцы рабіў першыя крокі.
2.2 Сялянская гаспадарка
Сярэдні надзел былых памешчыцкіх сялян вагаўся ад 3,9 да 5,1 дзесяцін на рэвізскую душу, а былых дзяржаўных ад 5,5 да 6 дзесяцін, а пражытачны мінімум забяспечваў надзел больш 8 дзесяцін зямлі на душу. Па дэмаграфічных прычынах надзелы хутка скарачаліся – да 1900 г. на душу прыходзілася ад 2,1 да 3,2 дзесяціны.
Галоўная галіна сялянскай гаспадаркі – земляробства. Раслі пасевы і ўраджайнасць збожжавых культур. Але хутчэй пашыраліся плошчы і раслі зборы кармавых і тэхнічных раслін. У гаспадарках заможных сялян выкарыстоўваліся палепшаныя прылады працы, штучныя ўгнаенні, сартавое насенне. За 60–90-х гг. пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў сялян павялічылася на 50%, галоўным чынам у гаспадарках заможных сялян.
У другой палове XIX ст. на Беларусі сялянства давала каля 25% таварнага збожжа, 75% таварнага льну, значную частку бульбы, прадуктаў мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Тым не меньш, сялянская гаспадарка заставалася адсталай, аб гэтым сведчыць ручная праца, трохпольная сістэма, састарэлыя прылады працы – драўляная саха і барана.
Стрымліваючымі фактарамi развіцця сялянскай гаспадаркі былi: існаванне буйнога памешчыцкага землеўладання; шматлікія павіннасці; захаванне абшчыны; захаванне сервітутаў – уласнасці памешчыкаў, якой сяляне карысталіся на пэўных умовах; захаванне церазпалосіцы (на Беларусі пашырана больш, чым у Расіі).
Маёмаснае і класавае расслаенне сялянства паскорылася пасля рэформы 60-х гг., калі зямля стала аб’ектам свабоднай куплі-продажу. Яе сяляне набывалі праз Сялянскі банк, заснаваны ў 1882 г. Мэтамі дзейнасці банка былі выдача доўгатэрміновых пазык сялянам з мэтай куплі зямлі; дапамога памешчыкам у выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах; банкаўская ацэнка прадаваемай зямлі. Да 1890 г. сялянскія таварыствы ў пяці беларускіх губернях набылі праз Сялянскі банк каля мільёна дзесяцін зямлі.
2.3 Сусветны аграрны крызіс 80–90-х гг. XIX ст.
Прычына крызісу: ўвоз у Еўропу таннага збожжа з Амерыкі, Канады, Аргенціны і Аўстраліі, гэта вызвала рэзкае падзенне цаны на збожжа. На Беларусі з 1881 да 1887 г. цэны на жыта знізіліся ў сярэднім у 2 разы.
Вынікі крызісу для Беларусі былi вызначальныя. Адбылася пераарыентацыя памешчыцкай гаспадаркі на вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Для гэтага заводзілі жывёлу палепшаных парод. Пашырылася вытворчасць масла і сыру. Беларусь заняла трэцяе месца ў імперыі ў гэтай галіне вытворчасці. Памешчыкі пачалі шырока ўкараняць машынную тэхніку. Паскорыўся пераход да шматпольных севазваротаў, больш увагі надавалася несенняводству.
Не ўсе памешчыцкія гаспадаркі здолелі выйсьці з крызіса, так у 1899 г. у банкі было закладзена 56,8% панскіх маёнткаў. У выніку памяньшалася дваранскае землеўладанне і павялічвалася сялянскае – за 1877–1905 гг. імі куплена 1,6 млн. дзесяцін. Паскорылася дыферэнцыяцыя сялян (10% – заможныя, сераднякі – 32%, бедната – 60% на пачатак XX ст.). Пашырылася здача ў арэнду дваранскай зямлі (у 1887 г. – 2,5 млн. дзесяцін).
Яшчэ больш выразнай стала спецыялізацыя сельскай гаспадаркі. Асноўныя галіны для Беларусі – малочная жывёлагадоўля, ільнаводства, бульбаводства. Ільнаводства было пашырана ў Віленскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Лён прадаваўся на ўнутраным рынку і за мяжой у Германіі, Аўстра-Венгрыі. Канапляводства было пашырана ў Магілёўскай губерні. Рынак збыту пянькі – Англія (праз Рыгу) і Германія (праз Польшчу і Лібаву). Бульбаводства пашыралася па ўсіх беларускіх губернях. Бульба ўжывалася ў ежу, была асноўнай сыравінай для вінакурнай прамысловасці. Гандлёвае агародніцтва і садоўніцтва існавала ў асобных гаспадарках памешчыкаў і заможных сялян і адыгрывала прыкметную ролю на мясцовым узроўні.
Пасля рэформы 1861 г. поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі стрымліваліся перажыткамі прыгонніцтва. Тым не менш, гаспадарка Беларусі здолела выйсці з ціскоў крызісу, знайсці сваё месца як ў расійскай, так і сусветнай гаспадарцы.
3. Развіццё капіталізму ў прамысловасці
Пасля 1861 г. прамысловасць Беларусі пачала ўваходзіць ў трэцюю стадыю развіцця – фабрычна-заводскай вытворчасці (буйной машыннай індустрыi). Але важную ролю мелі іншыя формы вытворчасці.
Рамесная вытворчасць на Беларусi мела свае асаблівасці развіцця. Вырасла прыкладна ў тры разы колькасць прадпрыемстваў (58,1 тыс.), рабочых (110 тыс.) і сумы вытворчасці (14,1 млн. руб.); адбывалася спецыялізацыя рамяства; побач з рамеснікам дзейнічаў пасрэднік – скупшчык.
Дробнакапіталістычныя прадпрыемствы (без паравых рухавікоў і з колькасцю наёмных рабочых ад 5 да 16 чалавек) пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці; вырасла iх колькасць да 17,1 тыс.; колькасць рабочых і сума вытворчасці (44 млн. руб.) Да 90-х гг. Дробнакапiталiстычныя прадпрыемствы выраблялі палову прамысловай прадукцыі Беларусі.
Перавага дробнакапіталістычных прадпрыемстваў на Беларусі мела свае падставы. Гэта iснаванне «мяжы аседласці яўрэйскага народа». Яўрэі не мелі права валодаць зямлёй і пражываць на вёсцы, таму асноўнае іх заняцце – рамяство і дробны гандаль. Іншыя прычыны – адсутнасць на Беларусі буйных радовішчаў сыравіны для развiцця цяжкай прамысловасці; большая мабільнасць дробных прадпрыемстваў, што працавалі па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны; суседства Беларусі з буйнымі прамысловымі раёнамі царскай Расіі: Цэнтральным, Пецярбургскім, Прыбалтыйскім, Польскім, у якіх буйная прамысловасць пераважала над сярэдняй і дробнай.
Капіталістычная мануфактура – гэта прадпрыемствы з больш чым 16 рабочымі, дакладным падзелам працы, без паравых рухавікоў. На працягу разглядаемага перыяду вырасла іх колькасць – з 140 да 760. На канец стагоддзя мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, цагельнай, ганчарнай вытворчасці. Колькасць рабочых склала 28,8 тыс.
Фабрычна-завадская прамысловасць. Трэба выдзяліць два перыяды ў развіцці фабрычна-заводскай вытворчасці. 60–70-я гг. вызначаліся павольным ростам вытворчасці, панаваннем дробнатаварнай вытворчасці. 80–90-я гг. вызначаліся прамысловым пад’ёмам, ростам колькасці фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.
Прамысловы пераварот (шырокае выкарыстанне паравых рухавікоў) пачаўся на Беларусі ў дарэформенны час. На Беларусі ён пачаўся ў металаперапрацоўчай і вінакурнай прамысловасці. Крычны спосаб атрымання жалеза быў заменены пудлінгавым у домнах. Прадпрыемствы з домнамі і паравымі рухавікамі – гэта Старынкаўскі чыгуналіцейны завод, Барысаўшчынскі металургічны завод, Налібоцкі металургічны камбінат. На першых двух да 1861 г. вырабляліся паравыя машыны. Асаблівасці прамысловага перавароту на Беларусі: ён завяршыўся на 10 гадоў пазней, чым у Расіі, толькі ў канцы 90-х гг. бо асноўная колькасць буйных прадпрыемстваў была пабудавана ў 80–90-я гг., на сродкі акцыянерных кампаніі і банкаў. У 1890 г. фабрыкі і заводы Беларусі давалі 47,8% усёй прамысловай прадукцыі з рэгіёну, але захоўваўся нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытворчасці, пераважалі малыя і сярэднія прадпрыемствы (да 50 рабочых). Прадпрыемстваў з колькасцю рабочых больш за 500 было толькі 1% (па Расіі 3,5%).
Акцыянерныя кампаніі з’явіліся як вынік канцэнтрацыі вытворчасці. На Беларусі да 1900 г. дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якія адкрывалі буйныя прадпрыемствы. У стварэнні акцыянерных кампаній актыўны ўдзел прымалі банкі, якія валодалі значнымі капіталамі. Галоўныя сферы ўкладання сродкаў для камерцыйных банкаў – гандаль, пярвічная апрацоўка лесу і льну. Найбольш уплывовыя банкі: Мінскі камерцыйны банк (1873 г.) – вядучы ў рэгіёне; Азова-Данскі камерцыйны банк (з 1871 г. філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску); Пецярбургска-Азоўскі банк у 90-я гг. меў аддзяленне ў Мінску; Дзяржаўны банк меў 5 аддзяленняў у губернскіх гарадах; Віленскі прыватна-камерцыйны банк (філіялы ў Бабруйску, Гомелі, Гродне і Слоніме); Камерцыйны банк у Беластоку.
Фабрычна-заводская прамысловасць садзейнічала росту гарадоў. Але буйныя прамысловыя цэнтры на Беларусі не сфарміраваліся. Беларуская прамысловасці спецыялізавалася на перапрацоўцы сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны, прадпрыемствы размяшчаліся пераважна ў сельскай мясцовасці.
Галоўныя галіны вытворчасці на Беларусі – гэта харчовая (пераважна вінакурная) прамысловасць; дрэваапрацоўчая (запалкавая і папярова-друкарская); тэкстыльная; металаапрацоўчая прамысловасць разам з чыгуначнымі майстэрнямі; сілікатна-керамічная і будаўніча-рамонтная прамысловасць, выраб шкла; гарбарная; хімічная прамысловасць.
Прамысловасць Беларусі знаходзілася ў залежнасці ад сусветных эканамічных крызісаў. Пад час крызісаў 1873–1875 і 1881–1882 гг. на Беларусі найбольшыя страты панеслі дробная вытворчасць і мануфактуры, але фабрычна-заводская прамысловасць не была закранута. Крызісы з’явіліся штуршком да замены дробнай і мануфактурнай прамысловасці фабрычнай. Бурны прамысловы ўздым прыйшоўся на 90-я гг. Пад час яго сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыі склалі 8,2%. Асабліва хутка развівалася буйная прамысловасць (рост на 13,3%). З 1890 да 1900 г. узнікла 16 тыс. новых прадпрыемстваў; удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці Расіі склала каля 5%, колькасць рабочых 10%. У цэлым прамысловасць Беларусі ў параўнанні з іншымі раёнамі Расіі дасягнула сярэдняга ўзроўню развіцця.
4. Развіццё транспарту, сродкаў сувязі, гандлю. Фарміраванне буржуазіі і пралетарыяту
Транспартная сетка на Беларусі ў гэты перыяд складалася з водных шляхоў, сухапутных шасэ, чыгунак.
Чыгуначнае будаўніцтва пачалося ў 60-я гг. Як вынiк – паскорылася развіццё прамысловасці, пашырыўся гандаль, вырасла таварнасць сельскай гаспадаркі, пашырыўся тэхнічны прагрэс, паскорылася спецыялізацыя эканомікі раёнаў, сфарміраваліся ўсерасійскі і абласныя рынкі, акрэсліўся грамадскі падзел працы, больш актыўнай стала міграцыя насельніцтва.
Пецярбургска-Варшаўская чыгунка – першая на Беларусі (прайшла праз Гродна ў 1862 г.). У 1866 г. адкрыты Дзвінска-Полацка-Віцебскі ўчастак Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 245 вёрстаў. Чыгунка склала значную канкурэнцыю суднаходству па Заходняй Дзвіне, паскорыла эканамічнае развіццё рэгіёну. Маскоўска-Брэсцкая чыгунка (70-я гг.) – важнейшая ў эканамічных і ваенных адносінах. Лібава-Роменская чыгунка (1871–1874 гг.) прайшла праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін. Мела важнае эканамічнае значэнне. Прывіслінская чыгунка (1873 г.) прайшла праз Брэст на Кіеў. Палескія чыгункі (80-я гг.) складаліся з некалькіх ліній, звязалі Пінск, Жабінку, Лунінец, Гомель, Беласток, Баранавічы, Бранск, Асіповічы, Старыя Дарогі паміж сабой і раней пабудаванымі чыгункамі. Мелі важнае эканамічнае значэнне. Пецярбургска-Адэская чыгунка (1902 г.) прайшла праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Жлобін.
У пачатку XX ст. Беларусь была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі ў Расіі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Брэст, Баранавічы.
Водныя шляхі зносін атрымалі другараднае значэнне. Тым не менш, грузапаток на іх таксама павялічваўся. Па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы плавала ў 1900 г. 310 непаравых і 23 паравыя судны. Хутка развівалася паравое суднаходства на Немане і Заходняй Дзвіне.
У гандлi на гэты час памяншацца роля кірмашоў, расце роля крамнага і магазіннага гандлю, у канцы XIX ст. склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі. Цэнтрамі абласных рынкаў становяцца найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар сувязяў паміж рынкамі вызначаўся асаблівасцю эканамічнага развіцця (спецыялізацыяй) кожнага з раёнаў. Да пачатку XX ст. Беларусь мела трывалыя гандлёвыя сувязі з рознымі рэгіёнамі Расіі, стала часткай усерасійскага рынку. Для гандлю Беларусі была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў, увоз прамысловых тавараў і збожжа.
Развіццё капіталістычных адносін стымулявала сацыяльныя працэсы – фарміраванне грамадскіх класаў буржуазіі і пралетарыяту. Крыніцы фарміравання прамысловай буржуазіі – гэта: дваране (уладальнікі вінакурань, лесапільных, цукровых, крухмала-патачных, мукамольных, вінакурных, смола-шкіпідарных, суконных, металаапрацоўчых, цагельных, кафляных, шкляных і іншых прадпрыемстваў); заможныя мяшчане (гандляры-скупшчыкі), што арандавалі і выкуплялі прамысловыя прадпрыемствы; купцы; заможныя рамеснікі; сяляне (валодалі 16 мануфактурамі і фабрыкамі ў харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай і сілікатнай галінах).
Згодна з перапісам 1897 г. ў пяці заходніх губернях да дробнай буржуазіі адносіліся 103 тыс. чал., сярэдняй 47 тыс., буйной 33 тыс. чал. Па нацыянальным складзе гэта яўрэі – 60%, беларусы – 17%, рускія – 10%, палякі – 10%, іншыя нацыянальнасці да 3%.
Асноўныя крыніцы фарміравання пралетарыяту – гэта: збяднелыя сяляне; члены сем’яў рабочых; рамеснікі; дробныя гандляры; рабочыя рамесных майстэрань і мануфактур.
У трох апошніх катэгорыях пераважалі прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва, гэта адбілася на нацыянальным складзе пралетарыяту. Увогуле, асаблівасць беларускага пралетарыяту – яго шматнацыянальны склад (беларусы, рускія, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы, латышы, татары). Сярод рабочых чыгуначных майстэрань і дэпо, паравозных машыністаў, тэлеграфістаў пераважалі рускія. На лесапавале, будаўніцтве і рамонце чыгуначных і шашэйных дарог, прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці працавалі перважна беларусы. У запалкавай, тытунёвай, гарбарна-абутковай галінах вытворчасці, у друкарнях пераважалі яўрэйскія рабочыя.
На пачатак XX ст. на Беларусі было 178,8 тыс. рабочых, занятых у прамысловасці, у тым ліку 33,6 тыс. у фабрычна-заводскай і 116,3 тыс. у рамеснай і дробна-капіталістычнай вытворчасці. Акрамя таго, у памешчыцкіх і кулацкіх гаспадарках працавала шмат батракоў. Усяго на Беларусі налічвалася прыкладна 400 тыс. пастаянных наёмных работнікаў.
Пасля сялянскай рэформы да пачатку XX ст. капіталістычны спосаб вытворчасці паступова ўсталёўваўся ва ўсіх галінах гаспадаркі Беларусі.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н. Кузнецов, В.Г. Мазец. Мн.: Амалфея, 2000. 672 с.
2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1–5; Т. 6. Кн. 1–2. Мн.: БелЭн, 1993–2003.
3. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф. – Мн., 2005. – 235 с.
4. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Пер. з рус. Т.М. Бутэвіч і інш.; Прадм. Дз.У. Карава, Я.І. Бараноўскага. Мн.: БелЭн, 1994. 510 с.
5. С.Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С.Ф. Шымуковіч – Мн, 2001.