Заходняя Беларусь у складзе польскай дзяржавы ў 1921-1939 гг.

Заходняя Беларусь у складзе польскай дзяржавы ў 1921–1939 гг.

1. Нацыянальна-вызвалейчы, сялянскі і рабочы рух у Заходняй Беларусі

У сакавіку 1921 г. па выніках савецка-польскай вайны было падпісана Рыжскае мірнае пагадненне. Адна з яго ўмоў – далучэнне да Польшчы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Плошча Заходняй Беларусі складала каля 113 тыс. кв. км (палова сучаснай тэрыторыі Беларусі). На гэтай тэрыторыі быў уведзены польскі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. На беларускай тэрыторыі былі ўтвораны Віленскае, Навагрудскае, Палескае і Беластоцкае ваяводствы («Малапольшча», «Белапольшча», ці «ўсходнія крэсы»). Гэта 24% тэрыторыі і 11% насельніцтва польскай дзяржавы – Другой Рэчы Паспалітай.

Колькасць насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1931 г. – 4,6 млн. чалавек (беларусаў каля 70%, палякаў – 10%, яўрэяў – 11%, украінцаў – 4%, літоўцаў – 2,5%, рускіх – 2%), у верасні 1939 г. – каля 5 млн. чалавек. Аднак польскія ўлады падчас «перапісу» насельніцтва атрымалі свае вынікі – так, доля палякаў згодна перапісу 1931 года складала 49%, беларусаў – 28%. Больш за 700 тыс. палешукоў было запісана «тутэйшымі» – дыялектнай групай польскай нацыянальнасці.

Нацыянальны прыгнёт. Адразу пасля завяршэння савецка-польскай вайны ў 1921 годзе была прынята Канстытуцыя польскай дзяржавы дзе былі абвешчаны дэмакратычныя свабоды. Аднак гэта было простай дэкларацыяй, накшталт сталінскай канстытуцыі 1937 года. Па-сутнасці, пачалося праследванне палітычных супраціўнікай польскага ўраду. Ужо да пачатку 1930-х гг. колькасць палітзняволеных на беларускіх землях перавысіла 10 тыс. чалавек. Калі пад час выбараў у сейм 1922 года было абрана 11 дэпутатаў-беларусаў і 3 беларуса-сенатара, то ў 1928 годзе – 10 і 2 суадносна, а па выніках выбараў 1935 і 1938 гадоў у заканадаўчым органе не было ніводнага этнічнага беларуса. Органы мясцовага самакіравання былі падпарадкаваны прадстаўнікам прэзідэнта на месцах.

Палітычная палітра ў Заходняй Беларусі была вельмі разнастайная. Тры групоўкі палітычных партый змагаліся за беларускага выбаршчыка і за ўплыў сярод насельніцтва Заходняй Беларусі. Польскія буржуазныя партыі – нацыянальныя дэмакраты (эндэкі) і хрысціянскія дэмакраты (хадэкі) атрымлівалі падтрымку ад польскіх уладаў на месцах і каталіцкай царквы. Дробнабуржуазны дэмакрытычны лагер складаўся з польскіх рэфармісцкіх партый, якія мелі на Беларусі мясцовыя адгалінаванні, а так сама яўрэйскіх нацыянальных дробнабуржуазных партый і беларускіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый, якія стаялі на пазіцыях парламенцкай барацьбы. Рэвалюцыйна-дэмакратычны лагер складалі радыкальныя народныя арганізацыі. Сацыяльнай базай іх былі каля 700 тыс. вярнуўшыхся з Расіі бежанцаў, якія ў свой час у Расіі прымалі ўдзел у рэвалюцыйных падзеях.

У 1921–1923 гадах значны ўплыў на беларускае насельніцтва мела партыя беларускіх эсэраў (ПБСР, частка былой БСГ), якой кіравалі Ф. Грыб, І. Мамонька, А. Цвікевіч, В. Ластоўскі. Праграма партыі прадугледжвала канфіскацыю памешчыцкіх зямель на карысць сялян, нацыянальнае раўнапраўе, стварэнне беларускай дэмакратычнай дзяржавы, злучанай з Літвой. Асноўнымі лічыліся метады парламенцкай апазіцыйнай барацьбы, але пасля няўдалых выбараў у Сейм у чэрвені 1924 года партыя была самараспушчана, а частка яе актывістаў уступіла ў рады КПЗБ.

З левага крыла эсэраў вылучылася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя лікам каля 300 чалавек, пад началам І. Лагіновіча і А. Канчэўскага. Праграма – канфіскацыя памешчыцкіх зямель, дэмакратычныя правы, 8-мі гадзінны працоўны дзень, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, аб’яднанне беларускіх зямель у адну рабоча-сялянскую дзяржаву. На прыканцы 1923 года БРА ўступіла ў КПЗБ.

На згодніцкіх пазіцыях стаяла БСДП – сацыял-дэмакратычная партыя А. Луцкевіча, Б. Тарашкевіча і С. Рак-Міхайлоўскага. Яна абапіралася на нешматлікую інтэлігенцыю і не мела ўплыву сярод сялянства і рабочых. Патрабаванні ўсеагульнага выбарнага права, увядзення падаткаў на памешчыкаў, развіцця беларускай культуры без перашкод не вырашала беларускага пытання, хоць і прадугледжвалася стварэнне беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Партыя зачынілася ў 1924 годзе, бо не знайшла падтрымкі ў большасці насельніцтва Заходняй Беларусі. Абмежаваныя буржуазна-дэмакратычныя патрабаванні выдвігалі Беларускія хрысціянскія дэмакраты (БХД). Яе кіраўнікі каталіцкія ксяндзы А. Станкевіч і В. Гадлеўскі стварылі тэорыю бескласавасці беларускага народа. Значны ўплыў на заходніх тэрыторыях Беларусі мела ППС і польская сялянская партыя «Вызваленне», якія выдвігалі ў асноўным дэмакратычныя патрабаванні. Сярод яўрэйскага насельніцтва папулярнымі былі Бунд і Паалей-Цыён (сіянісцкая партыя) якія стаялі на пазіцыях антыкамунізму.

У кастрычніку 1923 года адбылася I канферэнцыя камуністычных арганізацый Заходняй Беларусі, на якой была створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яе кіраўнікі С. Дубавік, С. Мертенс, А. Славінскі, П. Корчык развярнулі актыўныя дзеянні па барацьбе з польскімі ўладамі. У 1924 годзе быў створаны Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ) на чале з В. Харужай. Камуністы хутка перахапілі з эсэраў ініцыятыву па кіраўніцтву масавым партызанскім рухам, які распачаўся на захопленай палякамі тэрыторыі Беларусі. Да 1925 года тут вялася сапраўдная вайна супраць акупантаў. Буйнымі партызанскімі фарміраваннямі кіравалі В. Корж, К. Арлоўскі, С. Ваўпшасаў і інш. Урад Польшчы накіраваў сюды карныя войскі на чале з генералам Рыдз-Сміглам, які меў неабмежаваныя паўнамоцтвы. Было аб’яўлена асаднае становішча. У выніку рэпрэсій і аб’ектыўнай немагчымасці супрацьстаяць пераўзыходзячым рэгулярным войскам КПЗБ заклікалі партызан спыніць узброенае супраціўленне як несваечасовае і перайсці да рэвалюцыйнай барацьбы.

Аднак не толькі КПЗБ была вельмі папулярна сярод насельніцтва Заходняй Беларусі. 24 чэрвеня 1925 года група дэпутатаў (паслоў) Сейма стварылі Беларускую сялянска-рабочую грамаду (з 1926 года партыя) – самую масавую арганізацыю сялян таго часу ў Еўропе. Узначалі яе Б. Тарашкевіч, П. Мятла, П. Валошын, С. Рак-Міхайлоўскі. Ужо ў студзені 1927 года яна налічвала каля 2 тыс. мясцовых арганізацый і каля 120 тыс. актыўных прыхільнікаў. Праграма партыі прадугледжвала канфіскацыі памешчыцкіх зямель і перадачу яе сялянам, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада і ўвядзенне рэальных дэмакратычных свабод, самавызначэнне Заходняй Беларусі, увядзенне 8-мі гадзіннага працоўнага дня, ліквідацыю асадніцтва, адукацыю на роднай мове. Такая папулярнасць напалохала польскі ўрад, і ў 1927 годзе партыя была разгромлена, а каля 800 яе актывістаў і кіраўнікоў асуджана. Працоўныя арганізавалі шмат маніфестацый у падтрымку сваёй партыі, якія бязлітасна разганяліся. У Косава дэманстрацыя 3 лютага 1927 года была растраляна, шэсць чалавек было забіта, некалькі дзесяткаў паранена.

Яшчэ ў 1922 г. ў польскім сейме пачала сваю працу фракцыя «Беларускі пасольскі клуб», якую стварылі 11 лідэраў розных палітычных сіл Заходняй Беларусі. Яго галоўнай мэтай было адстойванне інтарэсаў беларускага насельніцтва праз парламенцкую дзейнасць. У 1927 г., напярэдадні выбараў у сейм была створана беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых» (І. Гаўрылік, Ф. Валынец, Я. Грэцкі, І. Дварчанін, П. Крынчык і інш.). Гэтая грамадска-палітычная арганізацыя была вельмі блізкай да КПЗБ. У 1934 годзе ўлады арыштавалі кіраўнікоў «Змагання», а арганізацыю разграмілі.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 19 турмаў і канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Рэжым санацыі Ю.Пілсудскага, які ўстанавіўся пасля дзяржаўнага перавароту ў маі 1926 года, узмацніў сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны прыгнёт, што выклікала актывізацыю нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

Увогуле, сярэдзіна 20-х – пачатак 30-х гг характарызаваліся імкненнем да спалучэння легальных і рэвалюцыйных формаў барацьбы. На выбарах 1928 г. толькі за дэпутатаў ад КПЗБ было аддадзена 26% галасоў. У першай палове 30-х гг. значна зніжаецца колькасць выступленняў з нацыянальна-вызваленчымі лозунгамі. Прычына таму – эканамічны крызіс, які пацягнуў за сабой значнае пагаршэнне стану жыцця працоўных. У рабочым руху адзначаецца паступовы рост забастовачнай барацьбы з перавагай стачак эканамічнага характару. З 1931 г. пачынаецца рост сялянскіх выступленняў; адбываецца ўзброенае паўстанне сялян Кобрынскага павета (8.1933 г.) і найбуйнейшае паўстанне нарачанскіх рыбакоў, у якім удзельнічала каля 5 тыс. чал. (1935–1939 гг.).

Другая палова 30-х гг. стала цяжкім часам для рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У Еўропе шырылася фашысцкая пагроза. У 1935 г. быў створаны адзіны антыфашысцкі фронт. Гэта садзейнічала рэвалюцыйнаму ўздыму 1936–1937 гг., які змяніўся спадам. Жорсткая рэпрэсіўная палітыка польскіх улад прыводзіла да шматлікіх арыштаў лідэраў палітычных арганізацый (арыштавана больш за 30 тысяч чалавек) і забароны іх дзейнасці. У 1938 г. Камінтэрнам была распушчана Камуністычная партыя Польшчы і яе адгалінаванне – КПЗБ.

Яшчэ адным паказчыкам прыгнечанага становішча насельніцтва Заходняй Беларусі стала нацыянальна-рэлігійная палітыка польскага ўрада, якая мела мэтай непрызнанне і далейшае знішчэнне, «апалячванне» беларускай нацыі. Зачыняліся навучальныя ўстановы з беларускай мовай навучання, мясцовыя настаўнікі замяняліся польскімі, скарачалася колькасць беларускіх бібліятэк, клубаў, хат-чытальняў, выдавецтваў, а значыцца і выданняў (з 23 беларускіх газет і часопісаў у 1927 г. праз пяць год засталося толькі 8). Беларускую мову забаранялася ўжываць у дзяржаўных установах. Няведанне польскай мовы прызнавалася непісьменнасцю і вяло да пазбаўлення выбарчых правоў. Зачыняліся ці пераўтвараліся ў каталіцкія праваслаўныя храмы.

2. Гаспадарка Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гадах

Развіцце прамысловасці. Асаблівасці развіцця прамысловасці ў Заходняй Беларусі зыходзілі з мэтаў польскіх улад – ператварыць Заходнюю Беларусь у аграрна-сыравінны прыдатак прамысловых раёнаў этнічнай Польшчы.

Удзельная вага ў прамысловасці Заходняй Беларусі складала каля 3%, а колькасць занятых рабочых – 4,9%. У Заходняй Беларусі адсутнічала цяжкая прамысловасць. Металаапрацоўка не атрымала развіцця з-за канкурэнцыі з сіндыкатам польскіх металургічных заводаў, таму ў прамысловасці Заходняй Беларусі пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёхкая галіны.

У 1926 г. у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых звыш 20 чалавек, а 19 з іх мелі звыш 100 рабочых – гэта шклозавод «Нёман» у Навагрудскім павеце, запалкавая фабрыка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, фабрыка гумавых вырабаў «Ардаль» у Лідзе, тытунёвая фабрыка ў Гродне, фанерныя фабрыкі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы. На гэтых 19 прадпрыемствах было занята 7.872 рабочых, але гэта ўдвая менш, чым у 1913 г. У выніку да пачатку другой сусветнай вайны агульны аб’ём прамысловасці не дасягнуў 1913 г.

Эканамічнае жыццё адзначалася цыклічным развіццём, залежнасцю ад сусветных крызісаў. У 1923–1924 гг. наглядаўся пад’ём прамысловай вытворчасці. Ён адбыўся з прычыны павышэння попыту на прамысловыя тавары і пашырэння аб’ёмаў замежнага гандлю. Урад атрымаў магчымасць ажыццявіць палітыку фінансавай стабілізацыі (з пачатку 1924 г.) і правесці грашовую рэформу. У красавіку 1924 года быў заснованы Польскі банк і ўведзена новая грашовая адзінка замест маркі – злоты, якая мела залатое напаўненне.

З канца 1924 г. па 1927 г. польская эканоміка апынулася ў крызісе з прычыны росту ваенных расходаў, знешняй запазычанасці, неўраджаю 1924 г. і мытнай вайны Германіі супраць Польшчы 1925 г. Крызіс меў цяжкія вынікі для прамысловасці беларускага рэгіёну. У Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах у 1925 г. бяздзейнічала шостая частка прадпрыемстваў, знізілася заработная плата, узрасла інфляцыя, налічвалася 21 тыс. беспрацоўных. У 1925–1926 гг. былі закрыты ўсе прыватныя тытунёва-гільзавыя фабрыкі і 32 прыватных лікёра-гарэлачныя прадпрыемствы.

З другой паловы 1926 г. у некаторых галінах вытворчасці пачаўся прамысловы ўздым. Ён быў вызваны добрым ураджаем, павышэннем сусветных цэн на вугаль, ростам знешняга гандлю, пад’ёму некаторых галін прамысловасці, а так сама вялікімі пазыкамі ад ЗША і Англіі ў 1927 г. (62 млн. долараў і 2 млн. фунтаў стэрлінгаў). У выніку паступовага эканамічнага ўздыму колькасныя і якасныя паказчыкі па прамысловасці Заходняй Беларусі дасягнулі ўзроўню 1913–1914 гг. Аднак гэта складала толькі 2% агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасці і 1,5% колькасці рабочых у польскай дзяржаве на 1928 г.

Перапыніў развіццё і адштурхнуў далёка назад беларускую прамысловасць сусветны эканамічны крызіс 1929–1933 гг. У выніку былі закрытыя 230 прадпрыемстваў, а колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 г. скарацілася амаль на палову. Прадукцыя прамысловасці да пачатку 1930 г. паменшылася на 30–40% у параўнанні з 1928 г.

У другой палове 30-х гг. у прамысловасці наглядалася ажыўленне, вызванае дзяржаўнымі капіталаўкладаннямі ў ваенныя аб’екты і ваенную прамысловасць, а так сама з-за роста попыту на сусветных рынках на лесаматэрыялы. У выніку дрэваапрацоўчая вытворчасць становіцца вядучай галіной Заходняй Беларусі замест харчовай. У 1939 г. колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх рабочых у 2 разы перавышала ўзровень 1913 г., але адбыўся ўпадак у запалкавай вытворчасці і вінакуранні з-за ўвядзення дзяржаўнай манаполіі на вытворчасць спірту і канкурэнцыі замежных вытворцаў запалак.

3. Стан сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.)

У эканоміцы заходнебеларускіх земляў пераважаў аграрны сектар. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, але пасля войнаў яна знаходзілася ў заняпадзе. Скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, коней. У Заходняй Беларусі было адноўлена памешчыцкае землеўладанне. На 1921 г. 3.402 памешчыкаў (1% сельскага насельніцтва) валодалі польшай часткай зямель. Серадняцкія сялянскія гаспадаркі займалі 12,5% зямлі, бядняцкія – 24,15%, кулацкія – 8,14%. Аднаўляліся буйныя латыфундыі, прыклад – Давыд-Гарадоцкі маярат Радзівілаў у 1925 г. дасягаў памеру 155.200 га.

Рознымі шляхамі развівалася сялянская гаспадарка. Заможныя сяляне (кулакі) валодалі ад 18 да 100 га зямлі, мелі 10–15 коней, 15–25 кароў і шырока выкарыстоўвалі наёмную працу. Гэтыя гаспадаркі былі таварнымі. Сераднякі валодалі надзелам ад 8 да 18 га, ўтрымлівалі 2–3 каровы, аднаго – двух коней. Зямлю апрацоўвалі самі. Бядняцкія гаспадаркі мелі 7–8 га зямлі. Вымушаны былі арандаваць зямлю, часта наймаліся да памешчыкаў ці кулакоў.

Сярод сельскагаспадарчых рабочых найменьш правоў мелі ардынарыі – найбольш шматлікая малааплачваемая група батракоў. Зарплату яны атрымлівалі ў выглядзе паліва, зерня, зямлі для пасеваў, правам трымаць карову, жыллём. Пасынкі – дзеці ардынарыеў, іх праца часта не аплочвалася. Сталоўнікі – сяляне-беднякі з маленькай гаспадаркай. За ўзнагароджанне ў выглядзе жылля, права пасвіць жывёлу, часам за арэнду кавалачка зямлі апрацоўвалі гаспадарку памешчыка.

Відавочна было адраджэнне рэшткаў феадальных адносін у форме дробнай арэнды зямлі за адпрацоўкі або за частку ўраджаю, адпрацоўкі за права карыстання пашай, натуральная плата за працу, наяўнасць сервітутаў, цераспалосіца. Усё гэта тармазіла развіццё вытворчых сіл у аграрным сектары, параджала сацыяльны пратэст часткі сялянства, што несла сур’ёзную небяспеку для дзяржаўнага ладу. Ад урада патрабавалася прыняцце неадкладных мер па рэфармаванню ў сельскай гаспадарцы.

Мэтай рэформы было даць магчымасць сельскай гаспадарцы развівацца па капіталістычнаму шляху, ліквідаваць феадальныя перажыткі. Прадугледжваліся такія мерапрыемствы як парцэляцыя, асадніцтва, камасацыя. У ліпені 1925 г. быў прыняты «Закон аб ажыццяўленні зямельнай рэформы». Згодна з ім ажыццяўляўся продаж дробнымі ўчасткамі (парцэлямі) часткі памешчыцкіх зямель, праводзілася камасацыя (хутарызацыя) сялянскіх гаспадарак, ліквідаваліся сервітуты, увадзілася асадніцтва, якое было характэрна толькі для Заходняй Беларусі.

З дзяржаўнага фонду атрымлівалі землі асаднікі – польскія ваенныя каланісты, былыя афіцэры і ўнтэрафіцэры польскай арміі. Яны атрымлівалі бясплатна або па невялікім кошце зямельныя ўчасткі з дзяржаўнага фонду па 15–45 га і доўгатэрміновыя крэдыты на ільготных умовах на ўладкаванне гаспадаркі, за кошт дзяржавы будавалі жылыя памяшканні. Землі дзяржаўнага фонду (парцэлі) прадаваліся праз сельскагаспадарчы банк. Памешчыкі, маёнткі якіх падлягалі парцэляцыі, выкарыстоўвалі права выбару пакупніка і рэалізавалі зямлю спекулянтам.

Камасацыя – мерапрыемства, якое прадугледжвала ліквідацыю цераспалосіцы шляхам масавай хутарызацыі. Дзяржава абяцала павялічыць надзелы малазямельных сялян, якія згаджаліся на камасацыю. Аднак сяляне павінны былі плаціць за землеўпарадкаванне кожнага гектара ад 14 да 20 злотых, асобная плата спаганялася за складанне праектаў меліярацыі, утрыманне землеўпарадчыкаў, перанясенне дарог і г.д. Працэс камасацыі меў два этапы – да 1927 г. па дабраахвотнаму прынцыпу, з 1927 г. – прымусовы.

Сервітут – права сялян на сумеснае з памешчыкамі карыстанне зямельнымі ўгоддзямі і лясамі. У 1927 г. сервітутамі карысталася 10% сялянскіх гаспадарак. Пад час правядзення рэформы сервітуты ліквідаваліся, замест іх сяляне атрымлівалі аднаразавую грашовую кампенсацыю.

У выніку рэформы на Беларусі налічвалася 4.640 ваенных асаднікаў. Пакупку зямлі ажыццявіла частка сярэдніх, бядняцкіх гаспадарак і дробных арандатараў. Да 1935 г. (у параўнанні з 1921 г.) павялічылі свае землеўладанні: бядняцкія гаспадаркі – на 2,1 га, серадняцкія – на 2,7 га, кулацкія – на 3,9 га. Памешчыцкае землеўладанне паменшылася прыкладна на 13%. Прадажа-пакупка зямлі працягвалася да 1939 г. Да 1939 г. на хутары было выселена 43% гаспадарак (каля 50% сялянскай зямлі). Да 1939 г. былі ліквідаваны сервітуты. Большая частка сервітутнай зямлі перайшла памешчыкам, сяляне атрымалі невялікую грашовую кампенсацыю. Ад ліквідацыі сервітутаў больш за ўсіх пацярпелі бядняцкія гаспадаркі. Многія з іх ужо не мелі магчымасці трымаць нават адну карову. Узровень вытворчасці сельскай гаспадаркі 1913 года быў дасягнуты толькі да 1929 года.

Аграрная рэформа мела буржуазны характар. Яна садзейнічала ліквідацыі паўпрыгонніцкіх адносін, канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У яе выніку ўмацоўваўся стан дробнай сельскай буржуазіі. Але рэформа не знішчыла буйное памешчыцкае землеўладанне, не спыніла збяднення вёскі.

Значнай праблемай была перанаселенасць вёскі. На 1931 г. у заходнебеларускім краі налічвалася прыкладна 700 тыс. чалавек залішняй рабочай сілы. Прамысловасць не развівалася, і немагчымасць рэалізаваць сябе на радзіме вымушала да масавай эміграцыі. З 1925 па 1938 г. эмігрыравала 78,1 тыс. чалавек. Штогод дзесяткі тысяч працоўных выязджалі ў іншыя краіны на сезонныя работы.

Аграрная вытворчасць Заходняй Беларусі знаходзілася ў складаным становішчы. Ствараліся ўмовы для развіцця па капіталістычнаму шляху, але аграрныя рэформы не саправаджаліся аднаўленнем усёй эканомікі краю. Да таго, развіццё капіталістычных адносін у вёсцы ішло па вядомым «прускім шляху», з захаваннем буйнога памешчыцкага землеўладання і шматлікіх рэшткаў феадалізму.

4. Узровень матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гадах

Роля Заходняй Беларусі як каланіяльнай акраіны Другой Рэчы Паспалітай асуджала значную частку насельніцтва на нізкі жыццёвы ўзровень і беднасць. Агульнай праграмы развіцця сацыяльнай сферы краю не існавала, дабрабыт насельніцтва залежыў ад умоў развіцця гаспадаркі, якая залежыла, ў сваю чаргу, ад перыядычных эканамічных крызісаў.

Вельмі цяжкімі былі ўмовы працы для рабочых прамысловых прадпрыемстваў. Адсутнічала тэхніка бяспекі і аховы працы, наглядаўся рост траўматызму. Працягласць працоўнага тыдня афіцыйна складала 8 гадзін, фактычна – 10–12, у сельскай мясцовасці – 16 гадзін.

З 1929 г. ва ўмовах крызісу адбываюцца масавыя звальненні, зніжаецца заработная плата, павялічваецца працягласць працоўнага дня, адмяняецца сацыяльнае страхаванне. Законы 1933 г. далі прадпрымальнікам правы павялічваць рабочы дзень, скарачаць водпуск з 8 да 4 дзён, ліквідаваць сістэму сацыяльнага страхавання. Дапамога па хваробе скарачалася з 39 да 26 тыдняў.

У гады крызісаў зніжаўся рэальны заробак рабочых. У 1931 г. ён склаў каля 70%, а ў 1933 г. – каля 40% ад узроўню 1928 г. Адначасова сярэдні заробак беларускага рабочага, а гэта каля 20 злотых у тыдзень, складаў ад 30 да 50% сярэдняга заробку рабочых цэнтральнай Польшчы. Часта яна выдавалася ў выглядзе талонаў у магазін і крамы, дзе рабочыя павінны былі купляць тавары і прадукты па завышаных цэнах. Аплата працы жанчын складала 25–50% ад заробку мужчын. Сельскагаспадарчыя рабочыя атрымлівалі заработную плату пераважна сельскагаспадарчай прадукцыяй.

Афіцыйная колькасць беспрацоўных у Заходняй Беларусі на 1936 г. склала 25,5 тыс. чалавек (улічваліся толькі прамысловыя рабочыя). Рэальнае беспрацоўе было значна большым. Не ўсе афіцыйныя беспрацоўныя атрымлівалі дапамогу, малымі былі яе памеры: у 1936–1937 гг. на аднаго беспрацоўнага ў месяц выдаткавалася 4–5 злотых, для сям’і з 4–5 чалавек – 12–14 злотых, для сям’і з 6 і больш чалавек – 16–20 злотых. Той, хто атрымліваў гэтую дапамогу, павінен быў працаваць на грамадскіх работах. Беспрацоўе – адна з прычын масавай эміграцыі.

Існавалі дзесяткі розных падаткаў і збораў (пазямельны, царкоўны, капытковы, меліярацыйны, падаходны, дарожны, маставы, канцылярскі, ураўняльны і інш.). Агульная сума падаткаў у 1931 г. было больш у 4 разы за 1913 г. Падатковая стаўка пазямельнага падатку складала з гаспадаркі ад 5 да 15 га – 2,15 злотых з га; з гаспадаркі ад 60 да 100 га – 2,03 злотых з га; з гаспадаркі памерам звыш 2000 га – 1,01 злоты з гектара. За сваечасовым выкананнем сачылі фінансавыя інспектары (секвестратары) і судовыя выканаўцы. Пры невыкананні падатковага абавязку выкарыстоўвалі канфіскацыі маёмасці, экзекуцыі і ліцытацыі (распродаж усёй маёмасці ці яе часткі на публічных таргах).

Гандлёвая палітыка манаполій адмоўна адбівалася на спажыванні. У 1928 г. для пакупкі аднаго плуга трэба было прадаць 100 кг жыта ці 28 кг свініны, а ў 1935 г. – ужо 270 кг жыта ці 41,5 кг свініны. Нават у заможных сялян з 1930 па 1934 г. спажыванне скарацілася на 70%.

Грамадскія фонды спажывання (выдаткі на адукацыю, культуру, ахову здароўя і інш.) мелі мізерныя памеры. У 1929 г. у заходнебеларускім краі на 3,3 млн. насельніцтва налічвалася 75 бальніц, якія засталіся з часоў Расійскай імперыі. Лячэнне было платным, таму для асноўнай колькасці людзей недаступным.

Насельніцтва заходнебеларускіх земляў у перыяд знаходжання ў складзе Польшчы пакутавалі як ад сацыяльных бедстваў, так і ад нацыяльнага прыгнёту.

5. Культура Заходняй Беларусі ў 20–30-я гады

Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва. Так, да 1938/39 навучальнага года ў заходнебеларускіх ваяводствах не было ніводнай беларускай школы (на 1919 г. іх было каля 400). Насельніцтва, якое валодала беларускай мовай, лічылася непісменным, пазбаўлялася выбарчых правоў. Навучанне вялося ў польскамоўных установах. На 1927/1928 навучальны год было 3,455 школ, дзе вучылася 292,9 тыс. вучняў і 85 гімназій (17,8 тыс. вучняў); на 1937/1938 навучальны год колькасць школ склала лічбу ў 4.421 (гэта 546,6 тыс. вучняў), гімназій – 54 (15,9 тыс. вучняў). Высокая плата за навучанне (220 злотых за год у гімназіі) абмяжоўвала магчымасці асветы.

Супраць гэтай сітуацыі выступіла Таварыства беларускай школы (ТБШ). Яно дзейнічала на працягу 1921–1937 гг. У розны час яго ўзначальвалі Б. Тарашкевіч, І. Дварчанін, Р. Шырма, П. Пестрак і інш. Яго сябры выступалі за беларускую школу, рыхтавалі новыя падручнікі, стваралі чытальні, гурткі самаадукацыі. У канцы 20-х гг. пад націскам грамадскасці было адчынена 18 беларускіх школ. А 500 гурткоў арганізацыі аб’ядналі каля 30 тыс. членаў. Ідэйным кіраўніком ТБШ стаў вучоны-філолаг, літаратар, аўтар «Беларускай граматыкі для школ» (1918 г.) Браніслаў Тарашкевіч. Сапраўднымі асяродкамі беларускай мовы і культуры становяцца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926–1936 гг.), беларускія гімназіі ў Вільні (1914–1944), Наваградку, Нясвіжы, Радашковічах, Клецку, Будславе (зачынены ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг.). У віленскіх выдавецтвах выходзяць «Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХІ век – 1905 год» М. Гарэцкага (1922 г.), «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І. Дварчаніна (1927 г.), падручнікі для беларускіх школ С. Рак-Міхайлоўскага, С. Паўлоўскага, беларускамоўныя часопісы і газеты («Маланка», «Шлях моладзі», «Летапіс ТБШ» («Беларускі летапіс»), «Беларуская крыніца» і інш.). У 1921 г. на базе прыватнай калекцыі беларускага археолага і этнографа І. Луцкевіча па ініцыятыве Беларускага навуковага таварыства (1918–1939) быў заснаваны Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей. У навуковай і культурна-асветніцкай рабоце актыўна ўдзельнічалі В. Ластоўскі, А. Станкевіч, Б. Тарашкевіч, браты Луцкевічы і інш.

У час, калі ў БССР пачаўся працэс згортвання палітыкі беларусізацыі, супрацьстаянне прымусовай паланізацыі ў Заходняй Беларусі садзейнічала актывізацыі і аб’яднанню беларускай інтэлігенцыі. Нацыянальны фактар вызначаўся як галоўны ў сацыяльна-палітычнай барацьбе. У канцы 20-х – 30-я гады палітыка польскага ўрада канчаткова павярнулася да ліквідацыі беларускіх нацыянальных асяродкаў (выдавецтваў і выданняў, культурна-асветніцкіх арганізацый). У 1937 годзе ўлады забаранілі дзейнасць ТБШ.

Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, які адзначаецца эмацыянальнай рэакцыяй на падзеі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй аўтараў (М. Танк, В. Таўлай, М. Засім), а таксама рамантызмам і лірызмам (Н. Арсеннева, К. Сваяк, У. Жылка і інш.). Выяўленчае мастацтва адметна касмічнымі, гістарычнымі і сімволіка-алегарычнымі карцінамі Я. Драздовіча («Дух зла» і інш.), бытавымі палотнамі М. Сеўрука і П. Сергіевіча, партрэтам і пейзажам (Г. Семашкевіч), карыкатурамі Я. Горыда. Сур’ёзную працу па збіранні і прапагандзе беларускага фальклору праводзілі Р. Шырма, г.Цітовіч. Утвараліся хоры (адзін з самых папулярных – хор Беларускага саюзу студэнтаў у Вільні), рэпертуар якіх складаўся пераважна з беларускіх песень. Значны ўнёсак у музычную культуру зроблены кампазітарамі К. Галкоўскім, Л. Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М. Забэйда-Суміцкім.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н. Кузнецов, В.Г. Мазец. Мн.: Амалфея, 2000. 672 с.

2. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф. – Мн., 2005. – 235 с.

3. Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР / Рэд.-склад. А.М.Міхальчанка, Т.А. Вараб’ёва. Мн.: БелСЭ, 1990. 261 с.

4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1–5; Т. 6. Кн. 1–2. Мн.: БелЭн, 1993–2003.

5. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Пер. з рус. Т.М. Бутэвіч і інш.; Прадм. Дз.У. Карава, Я.І. Бараноўскага. Мн.: БелЭн, 1994. 510 с.