Урадавая палітыка царызму на тэрытрыі Беларусі ў 1860–1890 гг.

Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт

Гістарычны факультэт

Кафедра гiсторыi Беларусi старажытнага часу i сярэднiх вякоў

Рэферат па тэма: Урадавая палітыка царызму на тэрытрыі Беларусі ў 1860 – 1890 гг.

Мiнск, 2007

План

1. Буржуазныя рэформы 1860 – 1870 гг.

2. Асаблівасці урадавай палітыкі 1870 - 1890 гг.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Буржуазныя рэформы 1860 – 1870 гг.

Адмена прыгоннага права, буржуазнае развiццё краiны абумовiлi неабходнасць правядзення ў Расійскай імперыі шэрагу рэформ: земскай (1864 г.), судовай (1864 г.), гарадскога самакiравання (1870 г.), вайсковай (1862, 1874 гг.), школьнай (1864 г.), а таксама некаторых пераўтварэнняў у галінах фiнансаў, цэнзуры. У Беларусi гэтыя рэформы былi праведзены часцей за ўсё пазней i са значнымi адхiленнямi ў параўнаннi з агульнарасiйскiмi нормамi. Прычынамі гэтага сталі напружанае становiшча ў Беларусі ў сувязi з паўстаннем 1863 г. і неабходнасць барацьбы з польскiмi ўплывамi.

Земская рэформа 1864 г. была распаўсюджана на тэрыторыi Беларусi толькi ў 1911 г. i яна закранула Вiцебскую, Мiнскую, i Магiлёўскую губернi. Урад непакоiла магчымае ўзмацненне польскага ўплыву ў земскiх выбарных органах. Па гэтай прычыне рэформа не была пашырана на Віленскую і Гродзенскую губерні. Земствы садзейнічалі развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны ўдзельнічалі ва ўтрыманні царкоўна-прыходскіх школ, арганізоўвалі санітарны нагляд, займаліся статыстыкай, садзейнічалі развіццю кустарных промыслаў і г.д. Земствы дзейнічалі да канца 1917 г1.

З усiх буржуазных рэформаў 60-80-ых гг. найбольш паслядоўнай была судовая. У аснову яе былi пакладзены: бессаслоўнасць суда, спаборнiцтва бакоў, галоснасць судаводства i незалежнасць суддзяў. Быў створаны спецыяльны iнстытут прысяжных павераных (адвакатаў), iнстытут прысяжных заседацеляў (суддзяў-непрафiсiяналаў), якiя ўдзельнiчалi ў крымiнальных працэсах i выносiлi канчатковае рашэнне аб вiнаватасцi цi невiнаватасцi падсуднага.. Для разгляду дробных злачынстваў i нязначных iскаў быў створаны мiравы суд са спрошчаным судаводствам. Стваралася стройная сiстэма судовых ўстаноў: акруговыя суды, судовыя палаты, сенат. для ўсiх саслоўяў уводзiўся адзiны акруговы суд2.

Судовая рэформа на Беларусi пачала праводзiцца з 1872 г. з увядзеннем мiравых судоў. Васьмiгадовая затрымка правядзення рэформы была звязана з iснаваннем на тэрыторыi Беларусi да 1868 г. вайсковага становiшча i дзейнасцю следчых камiсiй па справах за ўдзел ў паўстаннi 1863 г. З-за адсутнасцi ў Беларусi земскiх устаноў мiравыя суддзi тут на выбіраліся, а прызначалiся мiнiстрам юстыцыi з лiку памешчыкаў лаяльных да ўраду, г.зн. Беларусь адразу была пазбаўлена адной з галоўных рыс рэформы — выбарнасцi суддзяў.

Вышэйшыя судовыя iнстанцыi — акруговыя суды, судовыя палаты, а таксама пракуратура, iнстытуты прысяжных павераных i заседацеляў, у беларусi былi ўведзены толькi ў 1882 г. Да гэтага часу ўрад звузiў межы судовай рэформы, асаблiва адносна незалежнасцi суддзяў. У 1889 г. замест мiравых судоў быў уведзены iнстытут земскiх начальнiкаў, якiя прызначалiся губернатарамi, мiнiстрам унутраных спраў.

Рэформа гарадскога самакiравання на тэрыторыi Беларусi была праведзена ў 1875 г. У адрозненне ад дарэформенных гарадскiх ўстаноў, новы закон абвяшчаў самакiраванне бессаслоўным. Выбарчым правам карысталiся ўсе плацельшчыкi гарадскiх падаткаў. Аднак прынятая сiстэма выбараў гарадскiх галосных аўтаматычна забяспечвала большасць заможным гараджанам. Органы гарадскога самакiравання (гарадская дума i гарадская ўправа) займалiся арганiзацыяй камунальнай гаспадаркi i транспарту, пытаннямi сiстэмы адукацыi i аховы здароўя, добраўпарадкаваннем тэрыторыi i зборам падаткаў. У 1892 г. было зацверджана новае палажэнне, якое прадугледжвала ўзмацненне дзяржаўнага кiравання за дзейнасцю гарадскiх органаў самакiравання і павелiчэнне маёмаснага цэнза3.

Школьная рэформа праводзiлася адпаведна “Палажэнню аб пачатковых народных вучылiшчах” (1864 г.) i “Статуту гiмназiй i прагiмназiй” (1864 г). Школа станавілася бессаслоўнай і агульнадаступнай, аднак склад навучэнцаў у сярэдняй i вышэйшай школе рэгуляваўся высокай аплатай за навучанне. У вынiку рэалiзацыi школьнай рэформы значна пашыраецца сетка пачатковых школ, якiя было дазволена адкрываць грамадскiм установам i прыватным асобам з падначаленнем iх вучылiшчным саветам. Гiмназii, адпаведна статуту, дзейнiчалi двух тыпаў: класiчныя i рэальныя. У класiчных гiмназiях вялiкая ўвага надавалася вывучэнню старажытных моў i дысцыплiн гуманiтарнага профiлю, заканчэнне iх давала права паступлення ва ўнiверсiтэты без уступных экзаменаў. У рэальных гiмназiях павялiчвалася выкаладанне прыродазанўчых дысцыплiн, замежных моў. Выпускнiкi iх маглi паступаць у вышэйшыя тэхнiчныя навучальныя ўстановы. У 1871 г. быў зацвержданы новы статут гiмназiй. тэрмiн навучання ў класiчных гiмназiях павялiчваўся з 7 да 8 гадоў, пашыралася выкладанне старажытных моў i матэматыкi. Рэальныя гiмназii былi пераўтвораны ў рэальныя вучылiшчы i тэрмiн навучання ў iх скарачаўся з 7 да 6 гадоў. Важнымi элементамi дзейнасцi ўрадавых арганiзацый ў сферы адукацыi Беларусi 60-90-ых гг. XIX ст. сталi штучнае стрымлiванне развiцця вышэйшай i сярэдняй адукацыi, адначасова значнае павелiчэнне колькасцi пачатковых школ, адкрыццё шэрагу настаўнiцкiх семiнарый, дзе навучалася сельская моладзь4.

Некалькi пашырыліся магчымасцi друку ў вынiку прыняцця новага цэнзурнага статута 1865 г. Паводле яго, абмяжоўвалася самавольства ўлад у галiне выдавецкай справы. Адменялася папярэдняя цэнзура для кнiг вялiкага аб’ёму. Аднак масавыя выданнi, якiя прызначалiся для шырокага кола чытачоў, павiнны былi праходзiць папярэднюю цэнзуру. Асобныя перыядычныя органы друку маглi быць вызвалены ад яе спецыяльным дазволам мiнiстра ўнутраных спраў i пры ўмове ўнясення вялiкага грашовага закладу. Выдаўцы i рэдактары прыцягвалiся да адказнасцi за сваю дзейнасць толькi праз суд. Для правiнцыяльных масавых выданняў, у тым лiку i на Беларусi, захоўвалася папярэдняя цэнзура.

Адной з першых пачалася рэалiзацыя вайсковай рэформы. У 1862 г. Расiйская iмперыя была падзелена на вайсковыя акругi, тэрмiн вайсковай службы быў скарочаны да 7-8 гадоў. У пачатку 1874 г. была ўведзена ўсеагульная вайсковая павiннасць для мужчын, якiя дасягнулi 20-гадовага ўзросту. Тэрмiн службы ў сухапутных войсках панiжаўся да 6, а на флоце — да 7 гадоў. Асобы, якiя мелi вышэйшую адукацыю, служылi ў армii 6 месяцаў, сярэднюю — 1,5 года, пачатковую — 4 гады i г.д.

Мадэрнiзацыйны напрамак рэформ 60-80-ых гадоў у Беларусi быў больш абмежаваным, чым у цэнтральных губернях Расiйскай iмперыi, з-за задач нацыянальна-канфесiйнай i саслоўнай палiтыкi ўраду у заходнiх губернях.

2. Асаблівасці урадавай палітыкі 1870-90-х гг.

Асаблівасці эканамічнай і саслоўнай палітыкі. Урадавая палiтыка ў дачыненнi да Беларусi вызначалася ў большай ступенi спецыфiчнымi чым агульнымi рысамi з еўрапейскiм цэнтрам Расii. Прычыны гэтага былi абумоўлены неабходнасцю змагання расiйскага самадзяржаўя з уплывам польскага нацыянальна-вызваленчага руху i рэжымам абмежавальных законаў, асаблiва ў дачыненнi яўрэйскага насельнiцтва.

Спецыфiчныя рысы эканамiчнай палiтыкi вызначылiся вялiкадзяржаўнымi, каланiзатарскiмi мэтамi расiйскага самадзяржаўя ў заходнiх губернях. З мэтай русiфiкацыi тут фактычна быў устаноўлены рэжым выключных законаў.

Гэта перш за усё абмежавальныя меры ўраду ў сферы землеўладання i землекарыстання, прынятыя ў час i адразу пасля падаўлення паўстання 1863 г. Яны былi накiраваны пераважна супраць католiкаў, яўрэяў i замежных грамадзян. Па закону ад 5 сакавiка 1864 г. “асобам польскага паходжання” i яўрэям у заходнiх i паўднёва-заходнiх губернях Расiйскай iмперыi было забаронена купляць казённыя i прыватныя землеўладаннi, прададзеныя за доўг. Iм не дазвалялася таксама набываць, прымаць у заклад, кiраванне, арэнду землi, купленыя на iльготных умовах. Для куплi прадаваемых на агульных умовах прыватных зямельных уладанняў абазначаныя ў прыведзеным законе асобы не мелi права карыстацца iльготамi i пазыкамi. Такое права мелi для набыцця канфiскаваных маёнткаў удзельнiкаў паўстання 1863 г. прыезжыя памешчыкi i чыноўнiкi з унутраных губерняў Расii i мясцовыя буйныя праваслаўныя землеўладальнiкi. Праводзiлася мэтанакiраваная палiтыка па скарачэнню памераў землеўладання памешчыкаў-католiкаў i пашырэнню рускага, пераважна буйнага, землеўладальнiка. Адпаведна закону ад 10 лiпеня 1864 г. распараджэнню ад 5 жнiўня 1864 г. яўрэi рысы аседласцi наогул былi пазбаўлены права набываць зямлю. Законам ад 10 снежня 1865 г. “асобам польскага паходжання” таксама было забаронена набываць ва ўласнасць маёнткi. Выключэнне складалi ўладанii якiя перадавалiся ў спадчыну. Акрамя таго, усе высланыя з заходнiх губерняў за ўдзел цi дачыненне да паўстання 1863 г. на працягу двух гадоў павiнны былi прадаць цi абмяняць свае маёнткi на ўмовах, якiя б iх задавальнялi. У маi 1882 г. урад забараняў яўрэям у межах рысы аседласцi стала жыць па-за межамi гарадоў i мястэчак, таксама арэндаваць тут, прымаць у заклад i кiраванне нерухомую маёмасць. У 1887 г. забараняла на набыццё зямлi ў польскай мясцовасцi (за выключэннем Магiлёўскай губернi) была распаўсюджана на замежных грамадзян. Прынятыя меры былi скiраваны на перадухiленне канкурэнцыi для мясцовых памешчыкаў з боку яўрэйскай буржуазii i iншаземцаў з мэтай захавання буйнога латыфундуальнага землеўладання. Абмежавальныя законы ў дачыненнi да рассялення яўрэяў прывялi таксама да штучнай канцэнтрацыi iх ў гарадах i мястэчках Беларусi, колькаснай перавагi яўрэяў сярод гарадскога пралетарыяту i гандлёва-прамысловага насельнiцтва, адбiлiся на ўзроўнi канцэнтрацыi прадпрыемстваў i дэфармавалi структуру прамысловай i гандлёвай буржуазii, пралетарыята, затрымлiвалi iх кансалiдацыю як сацыяльных груп. Яны абвастрылi аграрную перанаселенасць у Беларусi, прывялi да адноснага знiжэння кошту зямлi, перашкаджалi яе вольнай купле-продажу, спрыялi захаванню дваранскага землеўладання ў беларускiх губернях5.

Кантынгент чыноўнiкаў у Беларусi другой паловы XIX ст. фармiраваўся ў асноўным за кошт прысланых з унутраных губерняў Расii дзяржаўных служачых. З 1863 г. па 1865 г. у беларускiх губернях было прызначана на службу звыш 4600 новых чыноўнiкаў. Пераважная большасць з iх з’яўлялася ураджэнцамi велiкарускiх губерняў. З мэтай “утрымання” запрошаных чыноўнiкаў на новым месцы iм на iльготных умовах прадавалiся казёныя i канфiскаваныя маёнткi, устанаўлiвалiся павышаныя аклады. Так, у 1866-1873 гг. у Вiленскай, Мiнскай i Гродзенскай губернях 300 чыноўнiкаў купiлi 320 зямельных уладанняў агульнай плошчай 146,3 тыс. дзесяцiн. Наогул, служба ў заходняй частцы Расiйскай iмперыi лiчылася найбольш заахвочваемай i прывiлеяванай. Праўда, далёка не заўсёды прынятыя iльготы апраўдвалiся. Нярэдка губернатары скардзiлiся на тое, што прыезжыя чыноўнiкi былi часта не лепшых маральных i прафесiйных якасцяў. Ахвочымi да прапанованых прывiлеяў былi чыноўнiкi авантурыстычнага складу i не стваралi аўтарытэту расiйскiм уладам сярод мясцовага грамадства.

Росту аграрнай перанаселенасцi ў беларускай вёсцы садзейнiчала iснаваўшае абмежаванне з боку ўлад перасяленне сялян на слабанаселеныя i вольныя землi Расiйскай iмперыi, якое праводзiлася з мэтай захавання рабочай сiлы i ўмацавання “рускага элемента” у беларускiх губернях за кошт праваслаўнага сялянства.

Урадавая палiтыка ў дачыненнi дваранства Беларусi змянялася ў залежнасцi ад нацыянальна-канфесiйнай прыналежнасцi яго прадстаўнiкоў, пашырэння польскага нацыянальнага руху i рэвалюцыйнага руху ў Расii, змен у адносiнах да дваранства, да урадавых мерапрыемстваў, асаблiва рэалiзацыi рэформы 1861 г. i аграрнага заканадаўства6.

Першыя гады пасля падаўлення паўстання 1863 г. вызначалiся недаверам дваранства урада да каталiцкага дваранства, рэпрэсiўнымi мерамi ў сферы землеўладання i землекарыстання (што ўжо было азначана вышэй), некаторым абмежаваннем саслоўных правоў. Мясцовае дваранства ўрада было як бы падзелена на часткi. Большасць каталiцкага веравызнання, палякi — лiчылiся недабранадзейнымi ў палiтычных адносiнах, меньшасць — праваслаўнага веравызнання, нямецкiя памешчыкi, дваране прыбалтыйскага паходжання — былi прызнаны апорай самадзяржаўя.

Пасля паўстання 1963 г. урад вярнуўся да палiтыкi прыпiскi да падатковых саслоўяў бяззямельная i неаселай шляхты, праявiўшай актыўнасць у нацыянальным руху. У новых правiлах 1864 г. былi абцяжараны шляхi падцверджання шляхтай сваёй дваранскай годнасцi, што выклiкала некаторае скарачэнне колькасцi прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя. У губернях была прычынена дзейнасць саслоўных выбарных органаў, а таксама зачынены дваранскiя вучылiшчы, заканчэнне якiх давала права паступаць на дзяржаўную службу. У дваранскiя вучылiшчы паступалi дзецi маламаёмаснай шляхты, выклiкаўшай у ўрада асаблiвую заклапочанасць сацыяльнай актыўнасцю. Уведзены былi абмежаваннi пры паступленнi католiкаў у вышэйшыя i сярэднiя навучальныя ўстановы. На тэрыторыi Беларусi захоўвалася ваеннае становiшча. Дваранства ў час яго дзеяння мела права збiрацца разам па некалькi чалавек, нават на сямейныя ўрачыстасцi, без асобага дазволу мясцовых урад. Захоўвалiся штрафы i кантрыбуцыйныя зборы, якiя спачатку накладвалiся бескантрольна i пераўтварылiся ў крынiцу дадатковых даходаў мясцовых улад, а па распараджэнню з 1866 г. накладвалiся толькi са згоды губернатара i генерал-губернатара7.

Пасля адмены ваеннага становiшча заходнiх губерняў меў пэўныя хiстаннi ў сваёй палiтыцы ў дачыненнi дваранства. Але ў канечным вынiку, адмовiўшыся што-небудзь змянiць у сферы абмежаванняў у адносiнах да каталiцкай часткi дваранства, урад абмежаванняў у адносiнах да каталiцкай часткi дваранства, урад пайшоў па шляху выключэнняў з правiла, вызваляў ад дзеяння закона асобных дваран, прадстаўляючы гэта як акт асаблiвай мiласцi. Такiм чынам, улады стрымлiвалi незадаволеных i задавальнялi тых, з якiмi былi зацiкаўлены ў супрацоўнiцтве цi якiя iшлi на супрацоўнiцтва. Праўда, спачатку на дробныя уступкi ўрад пайшоў. У 1867 г. было дазволена замянiць прадвадзiцеляў дваранства, якiя не мелi маёнткаў у краi, на мясцовых рускiх цi праваслаўных памешчыкаў. Акрамя таго, у 1867 г. былi спынены ўсе незавершаныя следчыя справы па ўдзелу ў паўстаннi, а высланым у адмiнiстрацыйным парадку з Царства Польскага i заходнiх губерняў было дазволена вяртаць i пасяляцца ў Царстве Польскiм8.

Пачынаючы з канца 60-х гг. XIX ст. урад палiчыў магчымым змянiць адносiны ў дачыненнi каталiцкай царквы i выдання польскай лiтаратуры. Не адмяняючы уведзенных абмежаванняў, урад вырашыў пазбягаць дзеянняў, якiя б маглi быць расцэнены як ганеннi на каталiцкую царкву. Закрыццi касцёлаў i каплiц адбывалiся з вялiкай перасцярогай. У мясцовым друку адкрытыя нападкi на католiкаў. Аднак мясцовая адмiнiстрацыя не адмовiлася ад пiльнага нагляду за каталiцкiмi святарамi i за зместам iх пропаведзяў. Па-ранейшаму не дазвалалася ксяндзам пакiдаць свае прыходы без дазволу мясцовых улад, забаранялiся духоўныя працэсы, якiя былi ўстаноўлены каталiцкай царквой. Праяўленнем некаторай лаяльнасцi ў канфесiйным пытаннi было выклiкана ўзнiкненнем зацiкаўленасцi ўрада ў саюзе з мясцовым каталiцкiм дваранствам для ўмацавання сваёй сацыяльнай апоры.

Пачынаючы ў сярэдзiне 1869 г. у беларускiх губернях аднавiлi выданне кнiг на польскай мове. У 70-х гг. XIX ст. з дазволу вiленскага цэнзара былi выдадзены 254 кнiгi на польскай мове, галоўным чынам на рэлiгiйную тэматыку. Пры неабходнасцi невялiкiя падачкi мясцоваму дваранству ўрадавымi коламi маглi быць вытлумачаны як першы крок да поўнага задавальнення iх памкненняў у замен на адмову змагацца за адраджэнне Польшчы9.

У час палiтычнай рэакцыi пачатку 90-х гг. XIX ст. ва ўмовах узмацнення палiтыкi велiкадзяржаўнага шавiнiзму урад i мясцовая адмiнiстрацыя адыходзяць ад палiтыкi папярэднiх гадоў. Каталiцкае дваранства зноў пачало ўспрымацца як ненадзейны саюзнiк. Папярэдняя палiтыка была аб’яўлена памылковай i здрадай “рускай справе” у Беларусi. Па загаду вiленскага генерал-губернатара I.С. Каханава ў 1884-1885 гг. большасць чыноўнiкаў каталiцкага веравызнання зноў была звольнена i заменена на рускiх. Да 1888 г. былi зменены ўсе прадвадзiцелi дваранства з лiку мясцовых каталiцкiх землеўладальнiкаў на рускiх дваран, многiя з якiх не мелi зямельнай уласнасцi ў Беларусi.

Былi спробы нават зачынiць таварыствы сельскiх гаспадароў у сувязi з тым, што там, на думку расiйскiх улад, кiравалi справамi “польскiя” землеўладальнiкi. Мясцовыя ўлады ўзмацнiлi дыскрымiнацыйныя меры ў дачыненнi каталiцкага дваранства, не дапускалi парушэнняў абмежавальных законаў у сферы землеўладання i землекарыстання католiкаў i яўрэяў.

У залежнасцi ад змен адносiн улад да дваранства Беларусi адбывалiся перемены ва ўрадавай палiтыцы ў дачыненнi да сялянства.

Адмена ва ўмовах паўстання 1863 г. часоваабавязаных адносiн сялянства i перавод яго ў разрад уласнiкаў прымусiлi ўрад тэрмiнова вырашаць пытаннi забеспячэння сялян палiвам, размежаванне памешчыцкiх i сялянскiх угоддзяў, а таксама сервiтутнае пытанне. Памешчыкi пасля адмены часоваабязанага стану нярэдка пераставалi забяспечваць сялян i лiчылi, што апошнiя трацiлi права на сервитуты. У 1863 г. урад быў зацiкаўлены ў спакоi вёскi i ў сувязi з гэтым пайшоў на ўступкi сялянству. Адпаведна распараджэнню вiленскага генерал-губернатара за сялянамi захоўвалася права атрымання палiва ад памешчыкаў па ўстаноўленай плаце цi за павiнасцi. Урад забаранiў таксама ў Беларусi i Лiтве абавязковае размежаванне ўгоддзяў па жаданню аднаго толькi памешчыка i захаваў за сялянамi права на сервiтуты. Пасля 1864 г. калi паўстанне станавiлася ўсё больш аддаленай гiстарычнай падзеяй урад спынiў уступкi сялянству.

Ужо ў канцы 60-х гг. мясцовая адмiнiстацыя прапанавала ў выпадках несупадзення памераў надзелаў сялян у сапраўдансцi i паводле выкупнога акту браць за аснову памер падзелу адпаведнага выкупнога акту, што фактычна пазбаўляла беларускiх сялян права на iх дарэформены надзел.

Сялянам прапаноўвалася заключаць пагадненнi з памешчыкамi аб перадачы iх лiшкаў зямлi супраць выкупных дакументаў за дадатковыя выкупныя плацяжы. У такiм выпадку, складаўся дадатковы акт. У выпадку, калi землеўладальнiк не пагаджаўся на вяртанне зямлi, то яе адразалi ў карысць памешчыка.

На рубяжы 70-80 гг. урад зноў правёў некаторую гнуткасць у сялянскiм пытаннi i ўлiчыў некаторыя бескрыўдныя для памешчыкаў патрабаваннi сялян.

Не парушаючы правоў памешчыкаў у канцы 70-80-х гг. XIX ст. была зменена падатковая сiстэма, устаноўлены абавязковы выкуп зямлi для ўсiх сялян. За мэтай змяншэння малазямелля спрабавалi стварыць умовы для перасялення сялян на вольныя землi i арганiзаваць крэдыт для набыцця зямлi. Акрамя таго, прадугледжывалася лiквiдацыя сервiтутаў i ўладкаванне зямельнага пытання для дробных катэгорый сельскага насельнiцтва. У 1882 г. быў створаны Сялянскi пазямельны банк з мэтай арганiзацыi крыдыту для сялян, аказання дапамогi ў набыццi зямлi. У 1886 г. у Мiнску было адчынена аддзяленне гэтага банку, што з вялiкай надзеяй было сустрэта лiберальнымi коламi мясцовага грамадства. Аднак не вельмi выгадна было карыстацца паслугамi банку нават заможным сельскiм жыхарам. З-за вялiкiх працэнтных ставак дорага абыходзiлася зямля, купленая праз банк, у параўнаннi з яе рынкавым коштам.

Сяляне былi абцяжараны вялiкiм выкупнымi плацяжамi i подацямi. У сувязi з гэтым неаднаразовы ўздымалася пытанне аб спiсаннi нядоiмак. 21 лютага 1884 г. быў прыняты закон, паводле якога знiжалiся выкупныя плацяжы з сялян Магiлёўскай i беларускiх паветаў Вiцебскай губерняў. Па закону 18 мая 1882 г. у Расiйскай iмперыi паступова адмянялася падушная подаць10.

У 70-90-х гадах у адносiнах да сялянства для карысцi памешчыкаў праводзiлася палiтыка стрымлiвання паўперызацыi вёскi, ускладення адрыву ад зямлi сялянства, захавання сельскай грамады. На гэта былi нацэлены закон 14 снежня 1893 г. аб неадчужэннi сялянскiх надзельных зямель i закон аб сельскагаспадарчых рабочых ад 12 чэрвеня 1896 г. якiя часткова аднавiлi пазаэканамiчную залежнасць сялян ад памешчыкаў.

Такiм чынам, у залежнасцi напружанасцi польскага нацыянальна-вызваленчага руху i палiтычнай сiтуацыi ў краiне змянiлася палiтыка i адносiны ўрада ў дачыненнi розных сацыяльных груп, перш за ўсё сялянства i дваранства — зычайна ў супрацьлеглай залежнасцi. Хаця незалежна ад веравызнання дваранства заставалася ва ўрадавай палiтыцы асноўнай сацыяльнай апорай.

Спіс крыніц і літаратуры

    Российское законодательство X – XX вв.: В 9 т. М., 1989, 1991, 1994. Т. 7-9.

    Сборник правительственных распоряжений по водворению русских землевладельцев в Северо-Западном крае. Вильно, 1970.

    Хрестоматия по истории Белоруссии. С древнейших времен до 1917 г. Мн., 1977.

    Грыбко I.Л. Рэфармаванне гарадскога кiравання Беларусi ў 70-80-я гг. XIX ст.// Гiстарычная навука ў Белдзяржунiверсiтэце на рубяжы тысячагоддзяў. Мат. рэсп. навук.-практ. канф. Мн., 2000. С.91-95.

    Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1980.

    Гісторыя Беларусі. У 2-х частках. Ч. 2. XIX-XX стст. Курс лекцый// Пад рэд. Брыгадзіна П.І., Ладысева У.Ф. і інш.-Мн., 2002.

    Гісторыя Беларусі. У 2-х частках. Ч. 2. Люты 1917 – 2000 гг.// Пад рэд. Новіка, Марцуля.-Мн., 2000.

    Гісторыя Беларусі ў кантэксце Еўрапейскай цывілізацыі.// Пад рэд. Сосны У.А.-Мн., 2005.

    Навучальны дапаможнік па гісторыі Беларусі.//Ходзін С.М., Яноўскі А.А. і інш.-Мн., 2001.

1 Российское законодательство X – XX вв.: В 9 т. М., 1989, 1991, 1994. Т. 7-9.

2 Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1980.

3 Грыбко I.Л. Рэфармаванне гарадскога кiравання Беларусi ў 70-80-я гг. XIX ст.// Гiстарычная навука ў Белдзяржунiверсiтэце на рубяжы тысячагоддзяў. Мат. рэсп. навук.-практ. канф. Мн., 2000. С.91-95.

4 Российское законодательство X – XX вв.: В 9 т. М., 1989, 1991, 1994. Т. 7-9.

5 Гісторыя Беларусі. У 2-х частках. Ч. 2. XIX-XX стст. Курс лекцый// Пад рэд. Брыгадзіна П.І., Ладысева У.Ф. і інш.-Мн., 2002.

6 Гісторыя Беларусі. У 2-х частках. Ч. 2. Люты 1917 – 2000 гг.// Пад рэд. Новіка, Марцуля.-Мн., 2000.

7 Российское законодательство X – XX вв.: В 9 т. М., 1989, 1991, 1994. Т. 7-9.

8 Хрестоматия по истории Белоруссии. С древнейших времен до 1917 г. Мн., 1977.

9 Гісторыя Беларусі ў кантэксце Еўрапейскай цывілізацыі.// Пад рэд. Сосны У.А.-Мн., 2005.

10 Навучальны дапаможнік па гісторыі Беларусі.//Ходзін С.М., Яноўскі А.А. і інш.-Мн., 2001.