Этапы развіцця актавых матэрыялаў

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра гісторыі Беларусі

РЭФЕРАТ

на тэму:

«Этапы развiцця актавых матэрыялаў»

МИНСК, 2008

1. Актавыя матэрыялы Х – ХІІІ ст. («рускiя» акты)

Да iх найперш патрэбна аднесцi першыя мiжнародныя пагадненнi – дагаворы Русi з Вiзантыяй 911, 941, 971 гг., тэксты якiх змешчаны ў «Аповесцi мiнулых гадоў». У летапiсе ёсць таксама ўказаннi на артыкулы дагавора 907 г., але большасць даследчыкаў не лiчыць iх рэальнымi. Растлумачыць, як трапiлi дагаворы ў летапiс, складана. Магчыма, гэта былi перакладзеныя копii. Ва ўсякiм разе, аналiз пагадненняў дазваляе зрабiць вывад аб залежнасцi тэксту дагавора 911 г. ад грэчаскага арыгiнала. Факт сапраўднасцi i верагоднасцi тэксту дагавора 907 г. мае iстотнае значэнне для вывучэння гiсторыi Беларусi, паколькi ў ім Полацк упамiнаецца сярод гарадоў, падуладных Кiеву. На гэтым грунтуецца думка аб падпарадкаваннi Полацка «мацi гарадоў рускiх» ужо з часоў паходу Алега (882 г.). Несапраўднасць гэтага дагавора дазваляе лiчыць такое меркаванне далёкiм ад рэчаiснасцi.

Да найбольш раннiх рускiх актаў адносяцца царкоўныя ўставы. Вядомы ўстаў князя Уладзiмiра Святаславiча – найстаражытнейшы акт, якi вызначыў прававое становiшча царквы. У яго аснову быў пакладзены дагавор Уладзiмiра з жонкай Ганнай – сястрой вiзантыйскага iмператара. Устаў Яраслава, падобна Уставу Уладзiмiра, меў папярэднiкам устаўную грамату – дамову князя з першым рускiм мiтрапалiтам Iларыёнам.

Гэты дакумент вызначаў становiшча i структуру праваслаўнай царквы на ўсходнеславянскiх («рускiх») землях i таму шмат разоў перапiсваўся. Вядома некалькi рэдакцый гэтага помнiка. Адна з iх – «Свиток Ярославля», апублiкаваны ў 1846 г. I. Грыгаровiчам.

Гэтая рэдакцыя (якую называлi яшчэ «заходнерускай») вядома ў адным спiсе пачатку XVI ст., дзе яна змешчана разам з граматай (прывiлеем), якая дадзена вялiкiм князем лiтоўскiм Аляксандрам архiепiскапу полацкаму i луцкаму Луку ў Вiльнi ў 1502 г. (7011, снеж. 26) і пацвярджае за iм правы праваслаўнай царквы ў аб'ёме, устаноўленым у «Свiтку».

У ХІІ ст. узнiкаюць мясцовыя царкоўныя ўставы. Яны афармляюцца ў выглядзе ўстаўных грамат. У якасцi прыкладу можна прывесцi ўстаўную грамату Смаленскай епiскапii. У рукапiсе яна ўяўляе, як дакумент, якi складаецца з 4 частак, што адрознiваюцца як па змесце, так i па палеаграфiчных прыкметах.

Усе гэтыя часткi звязаны з устанаўленнем матэрыяльных крынiц забеспячэння епiскапii, хоць i адносяцца да рознага часу (1136 – 1150). Тут могуць быць вызначаны:

1) устаўная грамата князя Расцiслава Мiхайлавiча, дадзеная Смаленскай епiскапii;

2) пацвяр-джальная грамата епiскапа Мануiла;

3) княжацкi запiс аб перадачы епiскапскай кафедры зямельнай уласнасцi з датай 6659 г.;

4) запiс аб памерах грашовых i натуральных паступленняў кафедры з гарадоў Смаленскай зямлi.

Як бачым, найстаражытнейшыя з дайшоўшых да нас актаў узнiклi пераважна ў сферы грамадска-палiтычных i сацыяльна-палiтычных адносiн. Акты сацыяльна-эканамiчных адносiн толькi зараджаліся. Неабходнасць фiксавання ў юрыдычнай форме эканамiчных, сацыяльных, палiтычных узаемаадносiн узнiкла са стварэннем дзяржавы. Але на раннiм этапе развiцця феадалiзму пры панаваннi нормаў звычаёвага права патрэба ў пiсьмовым акце была нязначнай. Да таго ж, як вядома, умовы не спрыялi захаванню гiстарычных дакументаў на Беларусi. Як вынiк, па перыяду да XIV ст. актаў, што датычаць гiсторыi Беларусi, амаль не захавалася. Значна ўзрастала колькасць актаў з XIV ст. Актавы матэрыял з гэтага часу становiцца масавым, што дазваляе весцi яго вывучэнне комплексна.

2. Актавыя матэрыялы перыяду ВКЛ (сярэдзіна ХІV – XVIII ст.)

Як вышэй адзначалася, адным з прамежкавых вiдаў дакументальных крынiц (памiж заканадаўчымi i актавымi матэрыяламi) з'яўляюцца даравальныя граматы («прывілеi»). У раздзеле «Дакументальныя крынiцы» прыведзена агульная характарыстыка прывілеяў агульназемскiх, абласных, гарадам i асобным групам насельнiцтва. Аднак нельга не ўлiчваць прывілеi, згодна з якiмi вялiкi князь «даруе» тыя цi iншыя правы: на зямельныя ўладаннi, на вызваленне ад выплаты падаткаў, на заснаванне цэхавых арганiзацiй i г. д.

Прывілеi («даравальныя граматы») выдавалiся фiзiчным цi юрыдычным асобам (установам, гарадам, царквам, манастырам), калi за iмi замацоўвалася якая-небудзь нерухомая маёмасць. Гаспадарскi лiст з'яўляўся пацвярджэннем правоў на зямельнае ўладанне. Лiчачы, што тэрыторыя Вялiкага княства Лiтоўскага з'яўляецца iх уласнасцю, вялiкiя князi лiтоўскiя практыкавалi выдачу прывiлеяў на права валодання зямлёй.

Генезiс i рост феадальнай зямельнай уласнасцi можна прасачыць пераважна толькi на аснове велiкакняжацкiх прывiлеяў. Пры гэтым азначаныя лісты маюць (хоць і ўскосна) дамоўны характар. Вялікі князь дараваў землі, але і шляхта павінна была несці воінскую службу, іншыя павіннасці перад дзяржавай.

Вялiкiя князi лiтоўскiя таксама выдавалi i пацвярджальныя даравальныя граматы. Часам гэта выклiкалася судовай спрэчкай (у такiм выпадку яны афармлялiся ў выглядзе судовых грамат – «выракаў») або iншымi прычынамi.

У любым выпадку ў пацвярджальных граматах была спасылка на тое, што яны складалiся на падставе прадстаўленых дакументаў («лiстоў»). Права выдачы пацвярджальных даравальных грамат, магчыма, мела i княгiня, жонка вялiкага князя лiтоўскага. Так, захавалася грамата польскай каралеўны i княгiнi Алены Iванаўны баярам Iльiнiчам на вызваленне iх ад гарадскiх i валочных павiннасцей i выплат, акрамя ваеннай («панцырнай») службы. У акце ёсць указанне, што Iльiнiчы паклалi «лист небощика вялікага караля Казимера; а в листе его стоит, што ж тые бояре здавна, з Витовта, з местом и з волостью подачок и тяглей никоторых с намi не служивалi, только служивалi службою панцерною». Азначаная грамата дае магчымасць прасачыць становiшча такой сацыяльнай катэгорыi, як «панцырныя баяры» (ваенныя слугi).

Захавалiся таксама прывiлеi вялiкiх князёў лiтоўскiх, якiя вызвалялi тых цi iншых асоб ад юрысдыкцыi звычайнага суда. Такi прывiлей, у прыватнасцi, быў выдадзены Францыску Скарыне ў 1532 г.

Да даравальных блiзкiя ўказныя велiкакняжацкiя граматы («лiсты»): на «дачу» бабровых гоней, пазбаўленне ад мытных пошлiн i г. д.

У сферы сацыяльна-эканамiчных адносiн з ХІІІ ст. з'яўляецца такi вiд актаў, як даная грамата, якая вызначала перадачу нерухомай маёмасцi (вёсак, зямель i г. д.) духоўнай установе (манастыру, царкве i iнш.) або прыватнай асобе. Выдадзеная царкве цi манастыру, такога рода грамата, па-сутнасцi, з'яўлялася ўкладной, як яе часта i называюць. Так, укладной названа грамата княгiнi Ульяны – жонкi вялiкага князя Альгерда Успенскай царкве (1377 г. цi пазней). Правесцi дакладную мяжу памiж данай i ўкладной граматамi не заўсёды магчыма. У Вялiкiм княстве Лiтоўскiм падараваннi царкве вызначалiся таксама ў выглядзе даравальных грамат ад iмя тых цi iншых феадалаў (князя М. I. Мсцiслаўскага Пустынскаму манастыру 1526 г., Ю. С. Гальшанскага кiеўскаму Пячэрскаму манастыру каля 1480 г. i iнш.).

Шырокае распаўсюджванне мелi граматы, якiя замацоўвалi розныя прыватныя пагадненнi (здзелкi) на нерухомую маёмасць, перш за ўсё на зямлю. Найперш трэба адзначыць купчыя (прадажныя) граматы. Фармуляр iх змяшчае звесткі пра ўдзельнiкаў i характар здзелкi. Указваюцца межы («рубежы землi»), сведкi («а при том были люди добрые...»), пiсец граматы («а писал...»), наяўнасць пячаткi. Шэраг такога вiду грамат меў сведчанне аб тым, што аб'екты нерухомасцi «продаж вечно неподвижно». Апошняя фармулёўка часам дазваляе адрознiць купчыя ад даных (якiя не змяшчалі гарантыi захавання зямлi цi iншай нерухомасцi за тым, хто яе набыў). У невялiкай колькасцi захавалiся блiзкiя па вiду да даных i купчыя (прадажныя) менавыя граматы, якiя афармлялi абмен зямлi памiж iх уладальнiкамi. У шэрагу выпадкаў блiзкія да вялiкага князя асобы атрымлівалi даравальную пацвярджальную грама-ту («потверженье») купчай, што ў значнай ступенi гарантавала недаты-кальнасць набытай нерухомай маёмасцi. У прыватнасцi, такую грамату атрымаў велiкакняжацкi пiсар Федзька Грыгор'евiч у канцы XV ст.

Цікавай крыніцай з’яўляліся і арэндныя кантракты. У другой палове XVI ст. гаспадарскі скарб стаў з большай цікавасцю адносіцца да гандлю мытам і сам здаваў іх у арэнду. З арандатарамі ад імя караля заключаліся дагаворы, на падставе якіх яны распараджаліся мытам.

Пры гэтым, як адзначаў М. В. Доўнар-Запольскі, агульны характар арэндных кантрактаў на мыта не змяняўся на працягу XVI ст. і ўключаў наступныя звесткі: вызначэнне аб’ёму арэндных артыкулаў, сум арэнды, працягласць яе і тэрміны выплаты арэнднай платы. Агаворваліся віды аплаты (таварам або грашыма).

Для вывучэння пачатковага перыяду станаўлення Вялiкага княства Лiтоўскага iстотнае значэнне маюць мiжкняжацкiя дагаворныя граматы. Звычайна вялiкi князь «дараваў» тыя цi iншыя землi ўдзельнаму князю, а апошнi прызнаваў вярхоўную ўладу вялiкага князя. Прыкладам можа служыць даравальная грамата караля польскага i лiтоўскага Уладзiслава (Ягайлы) князю лiтоўскаму Скіргайлу на Трокскае, Мiнскае, Полацкае княствы, выдадзеная 25.04.1387 г. Другой часткай пагаднення стала ленная грамата Скiргайлы 18.06.1387 г.

Для XIV – XVI ст. характэрна наяўнасць iмунiтэтных грамат, якiя выдавалiся ад iмя князя асобным манастырам. «Аўтаномнае» становiшча шэрагу княстваў у складзе дзяржавы Вялiкага княства Лiтоўскага садзейнiчала з'яўленню такіх грамат, што выдавалiся мясцовымi князямi. Асобныя з гэтых дакументаў дазваляюць прасачыць, што ўжо ў сярэдзiне XV ст. палажэннi «Світка Ярославля» (разгледжаныя вышэй) не адпавядалi рэальным суадносiнам улады. Так, вынiкам канфлiкту мсцiслаўскага князя, епiскапа i манастыра стала iмунiтэтная грамата Юрыя Сямёнавiча Лугвенавiча мсціслаўскаму Ануфрыеўскаму манастыру 1443 г. i аналагiчная грамата яго сына Iвана 1483 г., якая вызваляла гэты манастыр ад княжацкай юрысдыкцыi, а таксама юрысдыкцыi мсцiслаўскага епiскапа (што супярэчыла нормам «Свiтка»).

Прывiлеяванае становiшча асобных зямель выяўляецца i пры аналiзе знешнепалiтычных актаў. У прыватнасцi, захавалася вялiкая колькасць дагаворных грамат Полацка XIV – XV ст. з Рыгай. Аднак пры вызначэннi iх актавага зместу патрэбна быць асцярожным: шэраг грамат мае характар афiцыйных пiсьмаў.

З XVI ст. заключэнне мiжнародных дагавораў становiцца выключнай прэрагатывай вялiкага князя пры ўзгадненнi з панамi-радай i сеймам. Акрамя зносiн з Рыгай i Лiвонскiм ордэнам важнейшым напрамкам знешне-палiтычнай дзейнасці з'яўлялася Маскоўская (Руская) дзяржава. «Лiсты» вялiкага князя маскоўскага i iншыя дакументы дыпламатычнага характару змешчаны ў складзе кнiг i публiчных спраў Лiтоўскай метрыкi, архiве Пасольскага прыказа (выдадзена «Опись архива Посольского приказа за
1626 г.»). У главе 8 выдання ёсць таксама ўказаннi на «Граматы Лiтоўскiя» i «Кнiгi лiтоўскiя». У 1843 г. выдадзена «Книга посольская метрики Великого княжества Литовского, содержащая в себе дипломатические сношения Литвы в государствование короля Стефана» (з 1573 па 1580 г. i iнш.). У зборнiку дакументаў «Собрание трактатов i конвенций, заключенных Россией с иностранными державами» (т. 2) надрукаваны звесткі аб падзелах Рэчы Паспалiтай.

Да актавых матэрыялаў можна аднесцi i унii (ад позналац. unio – яднаць). Пры гэтым трэба адрознiваць унii як мiжнародныя пагадненнi – адну з формаў аб'яднання саюза дзяржаў (асабiстыя i дзяржаўныя) i царкоўныя унii (напр., Брэсцкая царкоўная унiя 1596 г.). Першай (асабiстай) унiяй, што была заключана памiж Вялiкiм княствам Лiтоўскiм i Каронай Польскай, была Крэўская унiя 1385 г. Шэраг даследчыкаў лiчаць вядомы тэкст Крэўскай уніі несапраўдным, сфальсiфiкаваным. У прыватнасцi, гiсторык права І. А.. Юхо прыводзiць наступныя аргументы:

1) тэкст нагадвае акт безагаворачнай капiтуляцыi княства, што не адпавядала рэальным гiстарычным абставiнам;

2) акт стаў вядомы толькi пасля смерцi Ягайлы ў «Хронiцы» Яна Длугаша, пасля чаго на Вiленскiм сейме 1559 г. вялiкi князь абяцаў запатрабаваць выпраўлення «таковых непристойных хроник»;

3) несапраўднасць умоў унii адзначалi лiтоўскiя паслы на Люблiнскiм сейме;

4) акт, якi фiгурыруе як арыгiнал, не мае неабходных рэквiзiтаў (подпiсаў i пячатак).

Сапраўды, улiчваючы iмкненне Польшчы ў XVI ст. уключыць тэрыторыю аслабленага княства ў свой склад, можна дапусцiць, што сапраўды акт унii быў або падроблены цалкам, або былi ўнесены пэўныя змены ў яго асобныя нормы. Такое меркаванне ў значнай ступенi пацвярджае тое, што дайшоўшы да нас тэкст Крэўскай унii захаваўся ў архiве не дзяржаўнай канцылярыi, а Кракаўскай кансісторыі. Усе мiжнародныя пагадненнi, якiя заключалiся Вялiкiм княствам Лiтоўскiм, павiнны аналiзавацца як з боку iх знешняй крытыкi, так i ў адпаведнасцi iх зместу рэальным фактам рэчаiснасцi (аналiз верагоднасцi).

3. Методыка аналiзу актавага матэрыялу

Большасць актаў XIV – XVIII ст. захавалася ў актавых кнiгах земскiх i гродскiх судоў, у кнiгах Лiтоўскай метрыкi. Вялiкая частка iх выдадзена (гл. спiс публiкацый крынiц). Падрабязны аналiз гэтых выданняў зроблены ў манаграфii М. М. Улашчыка «Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода» (М.,1973). Па-за разглядам у ёй засталiся пераважна публікацыі, якія выйшлі па-за межамi Расiйскай iмперыi (а пасля СССР), а таксама выдадзеныя з 1974 г. (буйнейшыя з апошнiх – «Полоцкие грамоты XIII – XVI вв.». М.,1977 – 1980). Аднак значная частка актаў застаецца ненадрукаванай. Акрамя таго, даследчык па-магчымасцi заўсёды павiнен iмкнуцца азнаёмiцца з рукапiсным тэкстам, на аснове якога ажыццёўлена выданне. Этапы аналiзу актаў у асноўных сваiх рысах супадаюць з агульнымi для усiх крынiц.

1. Аналiз знешнiх прыкмет: матэрыялу, на якiм напiсаны акт (папера на ўсходнеславянскiх землях з'яўляецца ў XIV ст. спачатку з Iталii, у сярэдзiне XV ст. – з Францыi, з 30-х гг. XVI ст. вытворчасць яе наладжана ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм). Аналiзуючы вадзяныя знакi (фiлiгранi), трэба мець на ўвазе, што ўвозiмая папера магла запазняцца (г. зн. дакумент трэба датаваць не раней тых гадоў, аб якiх сведчаць фiлiгранi). Важныя звесткi дае аналiз почырка. Увогуле для храналагiчнай i геаграфiчнай лакалiзацыi акта важнае значэнне маюць веды па палеаграфii, тапанiмiцы, генеалогii i г. д. Аналiз знешнiх прыкмет дае падставу зрабiць пэўныя вывады аб сапраўднасцi акта. Аднак канчатковае заключэнне аб гэтым можна зрабiць толькi на наступным этапе.

2. Аналiз фармуляра – устанаўленне зместу, характару здзелкi, вызначэнне вiдавых асаблiвасцей акта (прыватнаправавы, публiчны) i г. д. Шляхам параўнальнага аналiзу фармуляраў устанаўлiваюцца:

а) сапраўдныя акты: чарнавыя, белавыя, памножаныя i адноўленыя. Чарнавыя акты складалiся ў якасцi папярэдняга праекта або варыянта да яго. Яны даюць iнфармацыю аб паходжаннi актаў, характары змен, унесеных у акт. Белавыя акты, пэўным чынам засведчаныя i замацаваныя пячаткай i подпiсамi, з'яўляюцца канчатковай рэдакцыяй акта. Памножаныя акты пiсалiся ў некалькiх экземплярах па колькасцi бакоў – удзельнiкаў здзелкi цi дагавора, пазначаных у акце. I ўрэшце, адноўленыя – аднаўляюць тэкст актаў больш раннiх i па нейкiх прычынах страчаных;

б) акты несапраўдныя. Тут адрознiваюць спiсаныя акты (копii), якiя змяшчалiся найперш у асобных зборнiках i значэнне якiх вельмi iстотнае, калi яны засведчаны ў канцылярыi цi ў актавых кнiгах, а таксама падробленыя i сфальсiфiкаваныя акты. У апошнiх тэкст сапсаваны падчысткамі, часам устаўлены падробленыя фразы, прозвiшчы, геаграфiчныя назвы. Трэба мець на ўвазе, што для гiсторыка пэўную iнфармацыю змяшчаюць i сфальсiфiкаваныя акты.

Распаўсюджаная памылка пачынаючага даследчыка – уяўленне аб тым, што дастаткова ўстанавiць верагоднасць (аўтэнтычнасць) акта, каб усе звесткi апошняга можна было запазычыць для сваёй навуковай працы. Але кожны акт (як i ў цэлым усе гiстарычныя крынiцы), з аднаго боку, сам з'яўляецца фактам гiстарычнай рэчаiснасцi, з другога – змяшчае пэўную iнфармацыю аб фактах гiстарычнай рэчаiснасцi. Таму для таго, каб прызнаць факт, звесткi аб якiм запазычваюцца з паказанняў крынiцы, што рэальна мелі месца, гiсторык павiнен крытычна прааналiзаваць не толькi сам факт iснавання гэтай крынiцы, але i яе паказаннi аб тым факце, якi яго цiкавiць. Гэта значыць, даследчык павiнен устанавiць не толькi сапраўднасць (аўтэнтычнасць) крынiцы, але i яе верагоднасць – неабходную i дастатковую ступень адпаведнасцi памiж з'явай i яе апiсаннем у крынiцы. У сувязi з тым, што большая частка актаў XIII – XVIII ст. захавалася ў копiях, крытыка верагоднасці – адначасова асноўны спосаб вырашэння праблемы сапраўднасцi.

I ўрэшце, неабходна зазначыць, што крынiца адлюстроўвае толькi асобныя бакi гiстарычных фактаў. Сам факт заўсёды шырэй, чым яго адлюстраванне. Таму, каб атрымаць максiмум iнфармацыi аб факце, неабходна вызначыць канкрэтныя абставiны ўзнiкнення тых цi iншых крынiц, эканамiчныя, сацыяльныя, палiтычныя i г. д. Гэта асаблiва неабходна для навуковай крытыкi актаў – такога вiду крынiц, узнiкненне якiх непарыўна звязана з пэўнымi гiстарычнымi ўмовамi.

ЛIТАРАТУРА

    Щапов Я.Н. Княжеские уставы и церковь в Древней Руси XI – XIV вв. М., 2002.

    Аб прыватных актах у старажытнай Русі гл.: Валк С.Н. Начальная история древнерусского частного акта // Вспомогательные исторические дисциплины. М.; , 1999. С. 285 – 318; Тихомиров М.П. О частных актах в древней Руси // Исторические записки № 17. М., 1999.

    АЗР. Т.1. Спб., 1846. С.21.

    Гл.: Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901.

    Амаль усе яны змешчаны ў зборнiку дакументаў «Полоцкие грамоты XIII – начала XVI вв.»: В 4 ч. М., 1977 – 2005.

    Цікавым у сэнсе пастаноўкі пытання з’яўляецца артыкул: Зимин А.А. О методике актового источниковедения в работах по истории местного управления России первой половины XVI в. // Вопросы архивоведения. № 1. М., 2002. С. 33 – 46.