Статыстычная крыніцы другой паловы ХІХ-пачатку ХХ ст.

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра гісторыі Беларусі

РЭФЕРАТ

на тэму:

«Статыстычныя крыніцы другой паловы ХІХ–пачатку ХХ ст.»

МИНСК, 2008

1. Статыстычныя ўстановы Расійскай імперыі, іх функцыі і структура

Асаблівасцю сацыяльна-эканамічнага развіцця Расіі ў парэформенны перыяд было імклівае паскарэнне грамадскага развіцця, уцягненне ў яго мільёнаў людзей. Узрастае патрэба ў інфармацыі, якая б адэкватна адлюстроўвала працэсы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Грамадству былі неабходны дакладныя звесткі аб розных элементах гаспадарчага механізма для выпрацоўкі эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, найперш у галiне аграрных адносін. У гэты час фарміруецца сістэма статыстычнага ўліку як асобны напрамак дзейнасці дзяржаўнага апарату. У 1857 г. пры Міністэрстве ўнутраных спраў ствараецца Цэнтральны статыстычны камітэт (ЦСК), а ў 1863 г. – Статыстычны савет. Акрамя таго, статыстычныя работы праводзілі таксама асобныя дэпартаменты, аддзелы міністэрстваў і ведамстваў, земствы, навуковыя таварыствы.

Цэнтральны Статыстычны камітэт быў закліканы выконваць ролю агульнадзяржаўнай статыстыкі ў Расіі, але фактычна полем яго дзейнасці з’яўлялася даволі абмежаванае кола пытанняў: статыстыка насельніцтва, населеных месцаў, сельскагаспадарчая статыстыка. Астатнія напрамкі статыстыкі распрацоўваліся эпізадычна і па даволі вузкіх праграмах. Камітэт ажыццяўляў бягучы статыстычны ўлік, а таксама адначасовыя абследаванні. У 1864 г. яго ўзначаліў вядомы вучоны П. П. Сямёнаў-Цян-Шанскі, якога лічаць арганізатарам рускай адміністрацыйнай статыстыкi.

Мясцовымі органамі ЦСК, якія праводзілі апрацоўку інфармацыі, былі губернскія статыстычныя камітэты. Асноўная іх функцыя – прадстаў-ленне рознага характару звестак па губерні ў выглядзе дадаткаў да гадавых справаздач губернатараў. Штогод прадстаўляліся звесткі аб пасеве і ўраджаі збожжа па паветах (асобна па памешчыцкіх і сялянскіх землях), аб фабрыках і заводах з указаннем колькасці прадпрыемстваў, сумы вытворчасці і колькасці рабочых, аб крымінальных учынках, коль-касцi навучальных устаноў і г. д. Раз у пяць гадоў вызначалі звесткі аб колькасці насельніцтва ў кожным горадзе, павеце з размеркаваннем яго па полу, саслоўі, веравызнаннi, аб колькасці жывёлы, аб землеўладанні і інш.

З-за недахопу статыстыкаў і сродкаў губернскія камітэты самi не збіралі звестак, а атрымлівалі iх ад адміністрацыйных і іншых мясцовых органаў. Губернскія статыстычныя камітэты, такім чынам, былі сувязным элементам паміж мясцовай адміністрацыяй і ЦСК. Яны апрацоўвалі першапачатковыя звесткі і надавалі ім форму статыстычных табліц.

У другой палове XIX ст. губернскія статыстычныя камітэты ( у тым ліку і на Беларусі) значна пашырылі зону сваіх інтарэсаў, і не толькі ў галіне статыстыкі, але і ў дачыненні да вывучэння гісторыі краю. У 1867 г. ім было прапанавана прыняць удзел у разборы архіваў скасаваных раней судовых устаноў. На I археалагічным з’ездзе ў Маскве (1869 г.) было ўзнята пытанне аб перадачы ў распараджэнне губернскіх статыстычных камітэтаў губернскіх архіваў, а ў хуткім часе яны былі прыцягнуты да штодзённага ўдзелу ў зборы і захаванні мясцовых старажытнасцей. Мінскі, Віцебскі, Гродзенскі губернскія камітэты вялі такую працу рэгулярна, аб чым сведчыць іх перапіска з цэнтральнымі навуковымі ведамствамі. На аснове такой працы праводзіліся апісанні тэрыторый, браліся на ўлік тыя археалагічныя і гістарычныя каштоўнасці, якія там сустракаліся, складаліся археалагічныя карты губерняў, а пры саміх камітэтах ствараліся музеі. Адным з найбольш значных вынікаў такога роду дзейнасці з’явілася праведзенае і апублікаванае пад кіраўніцтвам магілёўскага грамадзянскага губернатара, старшыні губернскага статыстычнага камітэта комплекснае апісанне Магілёўскай губерні («Опыт описания Могилевской губернии» в трех книгах. Под редакцией А. С. Дембовецкого. Кн. 1 – 3. Могилев-на-Днепре,
1882 – 1884). Зразумела, і гэтае сур'ёзнае выданне пры ўсёй сваёй грунтоўнасці мела найперш палітычную задачу: «представить нынешнее благополучное состояние Могилевской губернии, которая в прежние времена имела репутацию бедности и заброшенности».

2. Дэмаграфiчная статыстыка

1. Адміністрацыйна-паліцэйскі ўлік насельніцтва. Пасля рэформы 1861 г. звесткi апошняй, Х рэвізіі амаль згубілі практычную значнасць. Былыя прыгонныя сяляне, што не атрымалі надзелу, выходзілі са сваёй сельскай грамады. Некаторыя з іх увогуле нікуды не прыпісваліся, іншыя ж прыпісваліся да валасцей ці пераходзілi ў склад мяшчан. У выніку істотна ўскладняўся падлік тых, хто падлягаў воінскаму ўліку. Улік сялян праводзіўся толькі валаснымі праўленнямі і прыходскім духавенствам. Дадзеныя, якія прадстаўляла павятовая паліцыя губернатарам, таксама запазычваліся з адпаведных запісаў і пасямейных спісаў.

Увядзенне пасямейных спісаў для сялянскага саслоўя з’яўлялася, па сутнасці, вымушаным мерапрыемствам. Пасямейныя спісы складаліся валаснымі праўленнямі на падставе рэвізскіх казак са штогадовай праверкай дадзеных. Акрамя іх, складаліся алфавітныя, прызыўныя спісы, а таксама спісы часова- і безтэрміноваадпускных салдат. Да таго ж дадзеныя аб народанасельніцтве можна было запазычыць з падатковых і пашпартных кніг валасных праўленняў. Аднак неабгрунтаванасць такога ўліку была відавочнай.

Царкоўны ўлік сялян таксама быў далёкі ад дасканаласці. Паколькі ў запісах аб нараджэнні, па сутнасці справы, рэгістраваўся не акт нараджэння, а акт хрышчэння, то ўсе дзеці, памёршыя без хрышчэння, а таксама ўсе мёртванароджаныя не рэгістраваліся ў царкоўных прыходах. У іх не траплялі і ўсе памёршыя. Таму і звесткі аб натуральным руху насельніцтва былі недакладнымі і няпоўнымі.

Не адрозніваліся дасканаласцю і дадзеныя аб механічным перамяшчэнні насельніцтва, якія абапіраліся на звесткі адміністрацыйна-паліцэйскага ўліку насельніцтва. Гэты від уліку быў уведзены з 1858 г. замест рэвізіі, гэта значыць рэгістравалася не «прыпісное» (прыпісанае да месца збірання падушнага падатку) насельніцтва, а ўсё наяўнае насельніцтва краіны на пэўную дату. Было праведзена шэсць агульна-расійскіх (за выключэннем Фінляндыі) адміністрацыйна-паліцэйскіх злічэнняў: у 1859, 1863, 1867, 1870, 1885, 1896 гг., калі мясцовая адміністрацыя рэгістравала ўсё насельніцтва імперыі.

Акрамя азначаных злічэнняў, губернскія статыстычныя камітэты
(а там, дзе іх не было, – губернскае начальства) і Цэнтральны статыстычны камітэт МУС з 1842 г. штогод вызначалі прыкладную колькасць насельніцтва, зыходзячы з дадзеных аб натуральным руху насельніцтва і яго перасяленнях з адной губерні ў другую.

2. Падрыхтоўка да ўсеагульнага перапісу насельніцтва. Уся гэтая мазаіка раздробленых звестак не садзейнічала вырашэнню надзённых дзяржаўных задач. Таму ў сувязі з увядзеннем у 1874 г. новага статута аб усеагульнай вайсковай павіннасці пры Міністэрстве фінансаў была створана камісія, якая пасля пэўнай дапрацоўкі прадставіла праект перапісу, што быў падрыхтаваны вядомым географам і статыстыкам
П. П. Сямёнавым-Цян-Шанскім. Аднак па прычыне руска-турэцкай вайны, а пасля – пэўных фінансавых цяжкасцей толькі ў 1895 г. «Палажэнне аб Першым усеагульным перапісе насельніцтва Расійскай імперыі» было ўрэшце зацверджана царом.

Асноўныя крытэрыі перапісаў як формы ўліку насельніцтва. У методыцы падрыхтоўкі і правядзення Першага ўсерасійскага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі ўжо можна прасачыць тыя прынцыпы, на якіх грунтуюцца і наступныя перапісы насельніцтва, што закранулі тэрыторыю Беларусі:

1) Цэнтралізаванасць, гэта значыць правядзенне перапісу ў афіцыйным парадку ўрадам краіны з удзелам мясцовых органаў;

2) Ахоп пэўнай тэрыторыі, межы якой дакладна вызначаюцца ўрадавымі пастановамі ці рашэннем статыстычных органаў;

3) Усеагульнасць, пад якой разумеецца ахоп усіх асоб без пропускаў і адначасова без двайнога ўліку;

4) Адначасовасць, ці аднясенне ўсіх уліковых аперацый да дакладна вызначаных месца і часу (так званы «крытычны момант»);

5) Індывідуальнасць пры рэгістрацыі, гэта значыць збор дадзеных ад кожнага індывідуума, асобна прамым улікам;

6) Апрацоўка і публікацыя дадзеных згодна геаграфічнаму або адміністрацыйнаму падзелу краіны і асноўным дэмаграфічным, сацыяльным прыкметам, што характарызуюць насельніцтва.

Забеспячэнне супастаўнасці дадзеных перапісаў шмат у чым залежыць ад праграмы: пераліку пытанняў, што ўключае перапісны ліст і сістэмы розных табліц, а таксама інструкцыі з дакладным вызначэннем зместу, што ўкладаецца ў кожнае пытанне гэтай праграмы.

Праграма перапісу 1897 г. вызначала ўлік наступных звестак:
1) «фамилии» – гэта значыць прозвішча ці «прозвища» – мянушкі, імя і імя па бацьку; 2) пол; 3) адносіны да «главы» гаспадаркі і «главы» сваёй сям’і; 4) узрост; 5) сямейнае становішча; 6) саслоўе, стан ці званне;
7) месца нараджэння; 8) месца прыпіскі; 9) месца жыхарства; 10) адзнака аб адсутнасці і аб часовым месцазнаходжанні; 11) родная мова;
12) уменне чытаць, месца навучання; 13) занятак, рамяство, пасада ці служба (з вызначэннем як галоўнага, так і дапаможнага занятку). Акрамя таго, у перапісным лісце неабходна было адзначыць, дома ці на баку было месца працы рэспандэнта, наяўнасць у яго фізічных недахопаў, стан пабудоў, а таксама адносіны да воінскай павіннасці.

Агульнае кіраўніцтва падрыхтоўчымі работамі было ўскладзена на Галоўную перапісную камісію. Яна ўстанавіла, каб для кожнай сялянскай гаспадаркі прызначаўся асобны перапісны ліст, у які занатоўваліся як асобы, што належалі да складу гаспадаркі, так і ўсе тыя, што знаходзіліся там у дзень перапісу. Прытым у склад асобнай гаспадаркі ўваходзілі не толькі члены сям’і, але і ўсе «залежачыя ад гаспадаркі і пражываючыя з ім разам». Для сялянскіх двароў, што ўваходзілі ў склад абшчыны, прызначаўся перапісны ліст формы А. Усе астатнія (на хутарах і г. д., сюды ж уладанні святароў, настаўнікаў і інш.) як уладальніцкія запісваліся на лісце формы Б.

Калі лісты формы Б павінны былі запаўняцца самімі гаспадарамі, то лісты формы А запаўняліся непасрэдна лічыльнікамі (апошнія павінны былі абысці ўсе сялянскія двары). Лічыльнікі набіраліся з прадстаўнікоў духавенства, настаўнікаў, пiсьменных сялян і г. д.

У снежні 1896 г. быў канчаткова ўстаноўлены дзень правядзення Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва і ўрэшце 28 студзеня 1897 г. на тэрыторыі ўсёй краіны па агульнай праграме і адзінай методыцы былі атрыманы звесткі аб геаграфічным, узроставым, рэлігійным размеркаванні насельніцтва, аб яго пісьменнасці, занятках, бытавых і іншых асаблівасцях.

3. Апрацоўка дадзеных. Ступень дакладнасці матэрыялаў перапісу 1897 г. Акрэсліваючы ступень дакладнасці матэрыялаў перапісу 1897 г., неабходна ўлічваць усе акалічнасці: як задаваліся пытанні лічыльнікам, у якой ступені яны былі зразумелымі і нават чуткі, што суправаджалі гэтае мерапрыемства. Па звестках сучаснікаў, «у насельніцтве гарадскім, простанародным, пануючым настроем на працягу ўсяго часу перапісу было – асцярога павелічэння падаткаў і вынаходніцтва новых». Гэта прыводзіла да імкнення ўтаіць ад злічэння дадатковыя, акрамя земляробства, заняткі.

Шлях першапачатковых матэрыялаў да апублікавання быў доўгім і складаным. Па заканчэннi перапісу перапісныя лісты не адразу траплялі ў Галоўную перапісную камісію. Іх звесткі неаднаразова пераправяраліся і гэта дае магчымасць сцвярджаць, што арыфметычныя памылкі (найбольш слабы элемент у працы лічыльнікаў у выніку манатоннасці і цяжкіх умоў іх працы пры мінімальным узнагароджанні) у дадзеным выпадку амаль выключаліся.

Пасля скасавання Галоўнай перапісной камісіі ў чэрвені 1897 г. уся далейшая распрацоўка перапіснога матэрыялу цалкам перадавалася аддзелу перапісу Цэнтральнага статыстычнага камітэта. Пасля пэўнай праверкі звесткі перапісных лістоў кадзіравалі з дапамогай пэўных умоўных знакаў і пасля пераносілі на перфакарту. Перфакарты выкарыстоўвалі пры падліку, што праводзіўся непасрэдна на электрычных лічыльных машынах.

Нягледзячы на неаднаразовыя ўдакладненні, пры распрацоўцы звестак быў дапушчаны шэраг скажэнняў. Найбольш істотным недахопам даследчыкі лічаць тое, што знікла цэлая іерархія тыпаў сялян (гаспадар-земляроб, работнік-земляроб, батрак-земляроб і г. д.). Пры гэтым усе члены сям’і селяніна былі аднесены да асоб, што жывуць за кошт сродкаў гаспадароў, хоць іх удзел у сельскагаспадарчай вытворчасці мог быць не меншым. Трэба таксама адзначыць, што першапачатковыя матэрыялы былі знішчаны.

Дадзеныя перапісу былі апублікаваны ў выглядзе агульнаімперскай зводкі, а таксама ў 89 выпусках па асобных губернях і абласцях, чатырох гарадах і востраву Сахалін. Вельмі цікавыя распрацоўкі звестак перапісу аб размеркаванні насельніцтва і спецыяльна рабочых і прыслугі па занятках і месцы нараджэння.

Вядомым дадаткам і ўдакладненнем складу і колькасці насельніцтва з’яўляюцца матэрыялы гарадскіх перапісаў. Яны праводзіліся напачатку пад эгідай Цэнтральнага ці мясцовых статыстычных камітэтаў. У далейшым ініцыятыва і арганізацыя іх правядзення перайшлі да органаў гарадскога самакіравання.

На пачатку ХХ ст. было ўзнята пытанне аб правядзенні ў Расіі ІІ Усера-сійскага перапісу насельніцтва. Гэта абумоўлівалася наступнымі прычынамі:

а) істотнымі зрухамі ў размяшчэнні народанасельніцтва Расіі
(з 1897 г. па 1916 г. імклівыя міграцыйныя працэсы);

б) не ўлічвалася эміграцыя. Толькі з Беларусі (як зараз сцвярджаюць многія вучоныя) яна дасягала каля 100 тыс. чалавек;

в) злічэнні ЦСК МУС прымалі пад увагу толькі перасяленні з 1909 г., да таго ж адліў сялянства ў гарады ігнараваўся.

Падрыхтоўка да новага дэмаграфічнага перапісу пачалася ў снежні 1915 г. Але з-за пачатку вайны толькі ў маі – чэрвені 1916 г. у 69 губернях і абласцях Расіі (акрамя акупіраваных тэрыторый і некаторых іншых рэгіёнаў) быў праведзены перапіс наяўнага насельніцтва краіны ў сельскай мясцовасці. Прытым не ўлічвалася насельніцтва большасці гарадоў і так званае «часова адсутнае».

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі па ініцыятыве з’езда статыстыкаў Расіі
(18 – 23 красавіка 1917 г.) і Закона Часовага ўрада (ад 5 мая 1917 г.) летам 1917 г. быў праведзены апошні ў дасавецкі час сельскагаспадарчы пазямельны і гарадскі перапіс насельніцтва (напярэдадні яго быў праведзены адначасовы перапіс расійскай арміі). Даследчыкі адзначаюць шэраг сур’ёзных недахопаў перапісу лета 1917 г.: 1) не была ахоплена тэрыторыя ўсёй Расіі (каля паловы тэрыторыі Беларусі акупіравана ў 1915 г. нямецкай арміяй); 2) перапіс расцягнуўся на значны тэрмін (у сярэднім больш за тры месяцы – з сярэдзіны чэрвеня да кастрычніка); 3) не праводзілася дакладная праверка вынікаў перапісу. Гэта дае падставу лічыць, што перапіс 1917 г. не адпавядае неабходным крытэрыям. Таму адзіным навукова арганізаваным усеагульным перапісам у Расійскай імперыі з’яўляўся перапіс 28 студзеня 1897 г.

3. Статыстыка сельскай гаспадаркі

У статыстыцы сельскай гаспадаркі другой паловы ХІХ – пачатку
ХХ ст. вызначыліся тры напрамкі вывучэння: 1) пазямельная ўласнасць; 2) колькасць пагалоўя жывёлы; 3) збор ураджаю.

Асноўнае месца сярод вялікага комплексу матэрыялаў урадавай статыстыкі, што характарызуе розныя бакі сельскагападарчай вытворчасці парэформеннай Расіі, займаюць выданні Цэнтральнага статыстычнага камітэта Міністэрства ўнутраных спраў. У канцы 1870-х гг. ЦСК арганізаваў першы перапіс пазямельнай уласнасці. Ён праводзіўся шляхам рассылкі на месцы апытальных лістоў. На сялянскія гаспадаркі лісты запаўняліся землеўладальнікамі ці арандатарамі, а на землі дзяржаўныя і ўдзельнага ведамства – тымі ўстановамі, у распараджэнні якіх яны знаходзіліся. Апытальныя лісты пасля пэўнага ўдакладнення перадавалі ў губернскія статыстычныя камітэты, якія ажыццяўлялі канчатковую праверку матэрыялаў і складалі спісы населеных месцаў і землеўладанняў па паветах.

Першы перапіс пазямельнай уласнасці ахапіў 49 губерняў Еўрапейскай Расіі. Яго вынікі былі распрацаваны і апублікаваны ЦСК у
8 выпусках пад назвай «Статистика поземельной собственности и населенных мест Европейской России» (Спб., 1880 – 1886). Публікацыя матэрыялаў другога пазямельнага перапісу, які праводзілі ў 1887 г. па істотна скарочанай праграме, пачалася толькі ў 1892 г. і працягвалася 17 гадоў. Матэрыялы трэцяга пазямельнага перапісу 1905 г., які ахапіў 50 губерняў Еўрапейскай Расіі, былі выдадзены ў 1906 – 1907 гг.

Звесткі аб сельскай гаспадарцы Беларусі прыводзяцца ў асобных вы-пусках. Так, у публікацыі Першага пазямельнага перапісу гэта выпуск V («Губернии Литовской и Белорусской групп», 1882), які ўключае дадзеныя аб пазямельнай уласнасці па губернях Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай (Беларускі эканамічны раён) і Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай (Літоўская вобласць). У пачатку змяшчаюцца агульныя звесткі аб колькасці пазямельнай уласнасці з яе размеркаваннем (зямлі ў асабістай уласнасці, у карыстанні сялянскіх абшчын, дзяржаўныя землі, царквы і розных устаноў). Далей прыводзяцца звесткі непасрэдна аб кожнай з прыведзеных катэгорый (зямлі ў асабістай уласнасці з размеркаваннем яе па памерах уладанняў, землі дваран, купцоў, мяшчан, надзельныя землі сялянскіх абшчын з размеркаваннем па колькасці надзелу на душу). Ёсць звесткі аб населеных пунктах па іх катэгорыях з вызначэннем агульнай колькасці жылых пабудоў, у тым ліку каменных.

Неабходна адзначыць, што дадзеныя другога перапісу пазямельнай уласнасці несупастаўныя з дадзенымі першага. Да недахопаў перапісу трэба таксама аднесці ненадзейнасць кантролю за зборам звестак. Чыны мясцовай паліцыі не мелi спецыяльнай падрыхтоўкі i недастаткова кваліфікавана выконвалі работу па збору статыстычных матэрыялаў. Найбольш істотным недахопам была неналаджанасць зямельнага ўліку на месцах. Часам ні самі ўладальнікі, ні валасныя праўленні, ні іншыя ўстановы не ведалі дакладнай колькасці зямлі ў пэўнай мясцовасці. Часам звесткі розных ведамстваў нельга было параўноўваць, а часам яны адрозніваліся заведамай непаўнатой. Прымешвалася і палітыка. Так, П. Сямёнаў, адзначаючы недаўлічанасць каля 14% плошчаў, падкрэсліваў: «У Беларускай вобласці, дзе плошчы, занятыя няўдобнымі землямі і асабліва балотамі, яшчэ большыя, можна было б чакаць яшчэ і большага недаўліку, ды ва ўстаўных граматах беларускіх губерняў, дзе паверачныя камісіі дзейнічалі з меншай строгасцю, чым у губернях літоўскіх, меншая прапорцыя зямель была прызнана няўдобнай (гэта значыць не падлягаючай абкладанню выкупным плацяжом ці аброчнай подаццю)».

І ўсё ж у цэлым шырыня ахопу тэрыторыі Расіі, адначасовасць апісання землеўладанняў па ўсіх раёнах яе еўрапейскай часткі, параўнальнасць шэрагу матэрыялаў абследаванняў, у першую чаргу перапісаў 1877, 1905 гг., дазваля-юць акрэсліць іх як каштоўнейшую крыніцу для вывучэння размяшчэння, дынамікі і структуры сялянскага землеўладання ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.

Найбольш поўнай з пункту гледжання тэрытарыяльнага ахопу і найбольш рознабаковай па характары звестак масавай крыніцай па гісторыі сялянства з’яўляюцца перапісы 1916 і 1917 гг. Аднак у гэты час значная частка тэрыторыі Беларусі была акупiравана нямецкімі войскамі і гэта істотна зніжае каштоўнасць звестак сельскагаспадарчых апісанняў.

Што ж датычыцца другога напрамку, то на фоне нездавальняючага статыстычнага вывучэння жывёлагадоўлі ў цэлым, у прыватнасці сістэматыч-нага недаўліку маладняку многіх відаў жывёлы, вызначаецца добрая пастаноўка справы перапісаў коней (вядомых як ваенна-конскіх перапісаў). Яны былі выкліканы ўвядзеннем усеагульнай воінскай павіннасці ў 1874 г. Усяго да 1917 г. у Расіі было праведзена дзевяць перапісаў (першы, пробны, ахапiў тры губернi Еўрапейскай Расіі: Разанскую, Ковенскую, Магілёўскую).

Паколькі вядучай галіной сельскай гаспадаркі было земляробства, то галоўная ўвага надавалася «ўраджайнай статыстыцы», гэта значыць збору дадзеных аб пасевах і зборах збожжавых і бульбы. Да 1880-х гг. адзінай крыніцай, якая змяшчала такія звесткі па ўсіх катэгорыях землеўладаль-нікаў, у тым ліку сялян, з’яўляюцца губернскія справаздачы.

Упершыню ў Расійскай імперыі ўлік пасяўных плошчаў пад асобнымі культурамі праводзіў ЦСК у 1882 г. на падставе дадзеных апытальных бланкаў, што рассылаліся сельскай грамадзе ці ўладальнікам маёнткаў. Адказы на бланкі паступілі ў ЦСК у 1882 г., а іх распрацоўка была завершана ў 1883 г. З 1893 г. дадзеныя аб колькасці сельскага насельніцтва і памерах пасеваў сталі збіраць штогод.

Адначасова з ЦСК у 1887 г. звесткі аб ураджайнай статыстыцы праз сетку добраахвотных карэспандэнтаў пачаў збіраць Дэпартамент земляробства і сельскай прамысловасці (у 1894 г. ён пераўтвораны ў Аддзел сельскай эканомікі і сельскагаспадарчай статыстыкі) Міністэрства земляробства і дзяржаўных маёмасцей. Асноўны недахоп гэтых звестак у тым, што яны не ўлічвалi памеры пасяўных плошчаў (дадзены толькі велічыні ўраджайнасці асобных сельскагаспадарчых культур з адзінкі плошчы).

На хвалі незадаволенасці якасцю дадзеных афіцыйнай статыстыкі фарміруецца статыстыка земстваў. Асноўнае месца ў яе комплексе займаюць падворныя перапісы (з 1880 па 1914 гг.). Адна з пераваг іх уліку вызначаецца выкарыстаннем экспедыцыйнага метаду збору інфармацыі. Гэта значыць, што звесткі збіраліся не паліцэйскімі чынамі і не праз анкеты зацікаўленых ці некампетэнтных асоб і ўстаноў, а членамi земскага статыстычнага бюро, якiя самі выязджалі на месца. На жаль, на Беларусі земствы пачынаюць стварацца толькі ва ўсходняй яе частцы. Ды і тут, створаныя напярэдадні вайны (1911 – 1913 гг.), яны так і не паспелі разгарнуць сваю работу ў поўным аб'ёме.

Апошняя акалічнасць прадвызначае істотнае значэнне «Обзоров губерний...» як крыніцы па гісторыі Беларусі часу першай сусветнай вайны. Вышэй мы ўжо адзначалі, што справаздачы губернатараў складаліся з дзвюх частак: уласна справаздачы і дадатку да яе. З 1890-х гг. гэтыя дадаткі ў выглядзе табліц выдаюцца асобна (да часу першай сусветнай вайны). Азначаныя «агляды» губерняў дазваляюць прасачыць не толькі статыстыку ўраджаяў, але і арганізацыю справы перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі.

Сярод іншых відаў статыстыкі можна вызначыць статыстыку транспарту і гандлю. Але статыстыка ўнутранага гандлю была развіта недастаткова. Больш высокага ўзроўню дасягнула статыстыка знешняга гандлю.

4. Прамысловая статыстыка

Прамысловая статыстыка мае прадметам свайго вывучэння працэсы, якія адбываюцца ў прамысловасці, іх заканамернасці і ўзаемасувязі. Прамысловая статыстыка распрацоўвае з гэтай мэтай сістэму паказчыкаў, якія характарызуюць такія бакі прамысловай вытворчасці, як колькасць прадпрыемстваў, колькасць занятых у іх рабочых, тыпы рухавікоў, колькасць і кошт сыравіны, паліва, выдаткі на заработную плату, колькасць і кошт вырабленай прадукцыі і г. д. Перыяд канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. можна разглядаць як этап зараджэння і станаўлення прамысловай статыстыкі.

У статыстыцы ж прамысловай вытворчасці другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. таксама выразна вызначаюцца этапы: 1) другая палова ХІХ ст. і 2) пачатак ХХ ст. Для першага з этапаў, які цесна звязаны з папярэдняй дарэформеннай эпохай, характэрны пераважна формы бягучага статыстычнага ўліку, што ажыццяўляўся рознымі дзяржаўнымі ўстановамі па розных праграмах. Для другога характэрна перавага метаду пералікаў і абследаванняў прамысловасці.

У рамках першага этапу (другая палова ХІХ ст.) асноўнай крыніцай звестак па перапрацоўчай прамысловасці Расіі былі ведамасці фабрык і заводаў, якія штогод прадстаўляліся ўладальнікамі ў Дэпартамент гандлю і мануфактур, Міністэрства фінансаў. Недахопам ведамаснага ўліку на працягу ўсяго этапу з’яўлялася тое, што збор статыстычных звестак збіралі розныя ведамствы па розных праграмах, абапіраючыся на розныя падыходы. Таму ва ўлік траплялі як дробныя ўстановы, так і буйныя фабрыкі і заводы. П. Сямёнаў у прадмове да «Статистического временника...» падкрэсліваў: «Не існуе нават для розных губерняў аднолькавага вызначэння таго, што патрэбна разумець пад фабрыкай ці заводам, бо многія губерні адносяць, напрыклад, да ліку заводаў і фабрык ветраныя млыны, памяшканні для абпальвання цэглы і дробныя прамысловыя ўстановы, а іншыя выкідваюць іх з разліку, у выніку чаго дадзеныя параўнальных паказчыкаў губляюць сваё значэнне».

Нягледзячы на пэўныя спробы ў сярэдзіне 1880-х палепшыць становішча ў галіне прамысловай статыстыкі, азначаныя недахопы ў цэлым засталіся, і таму асноўнай вартасцю «Указателя фабрик и заводов» (дзе распрацаваны матэрыялы ведамасцей) з’яўляецца публікацыя спісу прадпрыемстваў з адпаведнай інфармацыяй аб характары іх вытворчасці. Такі прынцып выдання дазваляе аддзяляць параўнальна прыдатны матэрыял (звесткі аб буйных установах) ад недакладнага, на падставе супастаўлення з іншымі выданнямі вылучаць новыя прадпрыемствы, а таксама акрэслівае магчымасці для новай апрацоўкі матэрыялаў, у прыватнасці для правядзення групіравання прадпрыемстваў па шэрагу прыкмет.

Да азначаных матэрыялаў ведамасцей фабрык і заводаў прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці блізкія па сваiм прызначэннi (нягледзячы на пэўныя адрозненні ў змесце інфармацыі) ведамасці аб прадпрыемствах горназаводскай (здабываючай) прамысловасці і вытворчасцей, што абкладаліся акцызам (запалкавай, вінакурнай, тытунёвай і інш.). Гэтыя ведамасці паступалі адпаведна ў Горны дэпартамент Міністэрства дзяржаўных маёмасцей і Дэпартамент неакладных збораў Міністэрства фінансаў.

Ведамасны ўлік як асноўная форма атрымання штогадовай статыстычнай інфармацыі аб дзейнасці перапрацоўчай прамысловасці знікае пасля 1897 г. На змену яму прыходзіць метад перапісаў. Ведамасць (анкета) абследавання 1895 г. акрэсліла дакладную характарыстыку асноўных прыкмет фабрычна-прамысловага прад-прыемства, якія захавалiся і надалей у расійскай прамысловай статыстыцы: колькасць рабочых ва ўстанове не менш за 15 чалавек ці наяўнасць паравога рухавіка нават пры меншай колькасці рабочых. Усё гэта вызначыла пераход да наступнага, другога, этапу развіцця прамысловай статыстыкі (пачатак ХХ ст.). На пачатку ХХ ст. у Расіі было праведзена тры прамысловых перапісы – 1900, 1908 і 1910 гг.

Перапіс 1900 г. ахапіў губерні Еўрапейскай Расіі і часткова Каўказ. Абследаваліся прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці, не абкладзенай акцызам (франц. accise ад лац. accidere – абразаць – від ускоснага падатку на тавары і паслугі ўнутранай вытворчасці). Акцыз уключаецца ў цану тавару, у тарыф за паслугі і фактычна перакладваецца на спажыўца), і ўстановы, падпарадкаваныя нагляду фабрычнай інспекцыі. Не анкетаваліся прадпрыемствы з гадавой вытворчасцю менш за 1000 руб.

Перапісам 1908 г. была ахоплена ўся тэрыторыя Расіі. Звесткі па больш кароткай праграме прадстаўляліся па ўсіх галінах і вытворчасцях незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці. Не абследаваліся прадпрыемствы горна- і нафтаздабываючай прамысловасці.

Пэўныя адрозненні характарызуюць і перапісы 1910 – 1912 гг.: вельмі сціслыя звесткі анкеты, дадзеныя аб рабочых выключалі ўлік дапаможных працаўнікоў і г. д. Такім чынам, матэрыялы перапісу 1910 – 1912 гг. істотна ўступалі двум папярэднім, найперш з пункту гледжання рознабаковасці інфармацыі аб аб’ектах назірання, а таксама ў дачыненні да самой колькасці аб’ектаў.

У цэлым расійскія перапісы прамысловасці далі методыку злічэння шэрагу складаных паказчыкаў дзейнасці прамысловага прадпрыемства. Сярод іх можна назваць улік кошту вытворчасці, улік рабочых, занятых на асноўнай вытворчасці (а таксама дапаможных), вызначэнне вытворчай і энергетычнай магутнасці прадпрыемства, структуры затрат і вытворчага спажывання ў прамысловасці і г. д.

Прамысловыя перапісы ў цэлым захавалі вызначэнне паняцця «прамысловая ўстанова» 1895 г. У сувязі з гэтым нельга не адзначыць складанасць супастаўлення іх дадзеных, у прыватнасці, з германскімі прафесійна-прамысловымі перапісамі. У апошніх «прамысловасць» разумелася ў шырокім сэнсе (з улікам гандлю і шляхоў зносін). Гэта прыводзіла да таго, што ўлічвалася і істотная колькасць дробных устаноў. У якасці такіх устаноў лічыліся і заняткі асобных прадпрымальнікаў. Наконт апошніх У. І. Ленін адзначаў: «Хто толькі ні залічваецца статыстыкай у лік дробных прадпрымальнікў: і рамізнікі, і пасыльныя, і магільшчыкі, і разносчыкі пладоў, і швейкі, калі яны працуюць у сябе дома на капіталіста, і інш., і інш.» (П.С.С., т. 4, с. 205). Калі дадаць, што ў якасці асобных адзінак улічваліся цэхі прадпрыемства («кантынентальны» метад), то можна не здзіўляцца велізарнай колькасці зарэгістраваных прадпрыемстваў у Германіі (каля 5 млн.). Вышэйсказанае прымушае быць асабліва асцярожнымі пры супастаўленні звестак па расійскай і германскай прамысловасці.

Істотным выяўленнем эвалюцыі крыніц у Расіі азначанага часу з’явіўся рост розных даведачна-інфармацыйных выданняў, у тым ліку і аб прамысловасці. Даведачна-інфармацыйныя выданні ўзнікалі як форма абнародавання першапачатковых дадзеных, сабраных у выглядзе анкет, ведамасцей, бланкаў, апытальных лістоў аб прамысловых прадпрыемствах у межах таго ці іншага абследавання. Звычайна ў такіх выданнях паведамлялася толькі частка сабраных звестак. Даведачна-інфармацыйныя выданні або з’яўляліся адзінай формай статыстычнага абследавання (да гэтай групы адносяць тры «Указателя фабрик и заводов» другой паловы ХІХ ст. – першыя даведачныя выданні аб расійскіх прамысловых прадпрыемствах), або дапаўнялі агульныя распрацоўкі вынікаў перапісаў. Напярэдадні першай сусветнай вайны побач з даведачна-інфармацыйнымі выданнямі дзяржаўных устаноў аб прамысловых прадпрыемствах пачатку ХХ ст. з’явіліся і даведнікі прадстаўнічых арганізацый буржуазіі.

ЛIТАРАТУРА

    Гл. публікацыі: Коневодство в 60 губерниях Европейской России и Кавказа по данным военно-конских переписей 1900 – 1906 гг.» (Спб., 1907); а таксама зборнік «Состояние скотоводства в России» (звесткі з 1864 г. недакладныя, істотна зменшана колькасць жывёлы).

    Звод дадзеных аб пасяўных плошчах па 50 губернях Еўрапейскай Расіі за 9 год (1881, 1887, 1893 – 1899) апублікаваны ў «Временнике ЦСК» (1901 г., № 48). З 1910 г. сталі выдавацца кожны год «Предварительные сведения о площадях посе-вов зерновых хлебов и других важнейших полевых растений» (Спб., соотв. год).

    Публікацыі гэтых звестак у выданнях «18-й год в сельскохозяйственном отношении по материалам, полученным от хозяев» ахопліваюць перыяд з 1881 па 1915 гг.

    Гл. штогоднюю публікацыю «Обзор внешней торговли России по европейским и азиатским границам».

    Гл. наступныя публікацыі: да 1898 г. – «Отчеты департамента неокладных сборов»; 1899 – 1916 – штогадовае выданне Міністэрства фінансаў «Статистика производств, облагаемых акцизом». Фармуляр публікацыі меў свой пералік паказчыкаў па кожнай вытворчасці (цукровая, вінакурная, запалкавая і г. д.), таму дадзеныя супастаўныя толькі ў рамках адной вытворчасці.

    Матэрыялы перапісу 1900 г. апублікаваныя ў выданні «Статистические сведения о фабриках и заводах по отношению к производствам, не обложенным акцизом за 1900 год» (Спб., 1903). Матэрыялы перапісу 1908 г. прадстаўлены ў выданні «Статисти-ческие сведения по обрабатывающей фабрично-заводской промышленности Российс-кой империи за 1908 год» (Спб., 1912). Матэрыялы абследавання 1910 – 1912 гг. былі апублікаваныя ў выглядзе 12 выпускаў (па колькасці галін) і спецыяльнага выпуску «Общие итоги» пад назвай «Фабрично-заводская промышленность Европейской России в 1910 – 1911 гг.». (выд. у 1914 – 1915 гг.).

    «Список фабрик и заводов Европейской России» (Спб., 1903); «Список фабрик и заводов Российской империи 1908 г.» (Спб., 1912).

    Сярод іх вылучаецца даведнік «Фабрично-заводские предприятия Российской империи» у 2 выданнях (1 выд. Спб., 1909), (2 выд. Пг., 1914).