Слуцкае паўстаньне

МИНИСТЕРСТВО ОБРАЗОВАНИЯ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ

БГПУ ИМ. М. ТАНКА

ФАКУЛЬТЕТ СПЕЦИАЛЬНОГО ОБРАЗОВАНИЯ

КАФЕДРА ОСНОВ ДЕФЕКТОЛОГИИ

Реферат

по дисциплине «Гісторыя Беларусі»

на тему:

«Слуцкае паўстаньне».

Выполнила:

студентка I курса 101 группы

заочного отделения (бюджетная

форма обучения)

………. Ирина Анатольевна

МИНСК 2006

ЗМЕСТ.

УВЯДЗЕННЕ…………………………………………………………….....1

1. КАНЕЦ САВЕЦКА-ПОЛЬСКАЕ ВАЙНЫ 1919 – 1920 гг. ………....1

2. НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВАЛЕНЧЫ РУХ НА СЛУЧЧЫНЕ…….…....3

3. НАПЯРЭДАДНІ……………………………………………………....…3

4. ЗЬЕЗД СЛУЧЧЫНЫ І РАДА СЛУЧЧЫНЫ…………………….…....4

5. ПАЎСТАНЬНЕ…………………………………………………….….…9

6. УДЗЕЛЬНІКІ ПАЎСТАНЬНЯ……………………………………......11

ЗАКЛЮЧЭННЕ………………………………………………………...…14

ЛІТАРАТУРА ……………………………………………………….……15

УВЯДЗЕННЕ.

У 1992 г. упершыню на Беларусі шырока сьвяткаваліся ўгодкі Слуцкага паўстаньня 1920 г., пра якое савецкія гісторыкі амаль і не ўспаміналі. Нават у 3-м томе пяцітомнай «Гісторыі Беларускай ССР» няма ніводнай згадкі пра паўстань-не. Толькі ў асобных спэцыяльных навуковых працах, у тым ліку ў кароткіх артыкулах Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, гэтае паўстаньне ўпаміналася. Аднак і гэтыя працы былі аднабаковыя, бэз уліку публікацыяў мэмуараў і архіўных дакумэнтаў, што знаходзяцца за мяжой. Таму яны не былі поўнымі і аб'ектыўнымі.

Савецкая прапагандысцкая сыстэма рабіла ўсё, каб праўда аб слуцкіх падзеях не дайшла да нашчадкаў. Але народ захаваў памяць аб сваіх героях. Яна зьбераглася нават у сучасным беларускім фальклёры: народных песьнях і паданьнях. Праўда аб Слуцкім збройным чыне захавалася ў архіўных дакумэнтах, паведамленьнях тагачасных газэтаў, ва ўспамінах паўстанцаў.

Выяўленыя архіўныя дакумэнты разбураюць старыя «сьведчаньні» аб тым, што «сутычак з Чырвонай арміяй ня было; ні з аднаго, ні з другога бакоў ня было зроблена ніводнага стрэлу» і што «ніякага паўстаньня ў Слуцку ня адбывалася». Аднак і цяпер апалягеты савецкае канцэпцыі гісторыі Беларусі сьцьвярджаюць, што «слуцкая акцыя» была правакацыяй Пілсудзкага і польскага ваеннага генэральнага штабу. Трэба заўважыць, што такую думку падзялялі ў міжваенны час і некаторыя беларускія нацыянальныя дзеячы. Так, орган беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў «Беларуская Крыніца» ў лістападзе 1931 г. (№3) пісаў: «Проціў Слуцкага паўстаньня, як паўстаньня беларускага народнага і незалежніцкага, часта можна пачуць закід, што яно было арганізавана палякамі для барацьбы з бальшавікамі і агулам для польскіх палітычных мэтаў на беларускіх землях. Вось жа факт пэўнай (дагэтуль нявыясьненай) прыналежнасьці да гэтай справы польскага генэральнага штабу і польскае палітыкі агулам застаецца фактам. Факт гэтае польскае прыналежнасьці да Слуцкага паўстаньня сьцьвярджае таксама і тое, што камандаваньне паўстанскае было ў сьціслым кантакце з так званай беларускай Найвышэйшай Радай, якая трымалася…польскае...арыентацыі…»

Чым жа было Слуцкае паўстаньне? Якімі мэтамі кіравалася? Хто складаў кантынгент паўстанцаў? У якіх абставінах яно адбылося? На ўсе гэтыя пытаньні паспрабуем коратка адказаць.

1. КАНЕЦ САВЕЦКА-ПОЛЬСКАЕ ВАЙНЫ 1919—1920 гг.

Слуцкае паўстаньне адбылося ў самым канцы грамадзянскае вайны на тэрыторыі Беларусі падчас апошніх баёў, якія вялі на нашай зямлі польскія і савецкія расей-скія войскі. Пасьля разгрому савецкіх войскаў Варшавай у жніўні 1920 г. Чырвоная армія пачала адступаць на ўсход, аддаючы польскім войскам тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Спроба камандуючага Заходняга фронту савецкіх войскаў М. Тухачэўскага затрымаць свае арміі на лініі старых германа-расейскіх ако-паў (умацаваных падчас пазыцый-най вайны ў 1915—1918 гг.) не ўдалася. У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі разьвілі наступ і набліжаліся да Полацку, Менску і Слуцку.

А ў сталіцы Латвіі — Рызе — ішлі мірныя перамовы паміж урадавымі дэлегацыямі Савецкае Расеі ды Савецкае Ўкраіны, з аднаго боку, і Польшчы — з другога. Кіраўнік савецкае дэлегацыі А. Іофэ не дапусьціў прадстаўніка БССР А. Чарвякова да перамоваў, сказаўшы яму, што калі спатрэбіцца, дык савецкі бок перадасьць усю тэ-рыторыю Беларусі Польшчы. Такая прапанова і была зроблена згодна з інструкцыяй ураду РСФСР. Аднак кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі адмовіўся ад такога падарунку, бо польскі бок лічыў немэтазгодным уключаць вялікую тэрыторыю, населеную беларусамі, у склад Польскай дзяржавы, каб не стварыць сабе «беларускае праблемы».

12 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны трактат аб замірэньні і прэлімінарных (папярэдніх.—А. Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Паводле дамовы была прызнаная незалежнасьць Украіны і Беларусі, а таксама ўстаноўлена ўсходняя мяжа Польшчы з Украінай і Беларусьсю. Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна адыходзілі да Польшчы. Так, без удзелу ня толькі беларускага народу, але нават і ўраду БССР, быў вырашаны лёс народу і дзяржаўнасьці.

Ваенныя дзеяньні спыняліся 18 кастрычніка 1920 г. у 24 гадзіны, праз 6 дзён пасьля падпісаньня дамовы. Гэта дало магчымасьць польскім войскам наступаць далей і займаць усё большую частку тэрыторыі Беларусі. Вызначалася нэўтральная зона: савецкія войскі адыходзілі на 15 км ад лініі фронту, польскія на поўнач ад Нясьвіжу спыняліся на лініі дзяржаўнае мяжы, а на поўдзень ад яго — на лініі свайго найбольшага прасоўваньня (да 18 кастрычніка ўключна). Паводле дамовы лінія дзяржаўнае мяжы вызначалася па Дзьвіне, потым праходзіла на захад ад Ветрына, Ушачаў, Бягомля, Плешчаніцаў, Заслаўя, Негарэлага, Капыля, Цімкавічаў, Се-межава, Вызны, Старобіну ды Турава, а далей ішла на Ўкраіну. Усходняя ж мяжа БССР была вызначана ўрадам РСФСР яшчэ ўлетку 1920 г. паводле межаў бы-лой Менскай губэрні, ды і то ня ўсёй (на баку БССР — Бягомель — Халопенічы — Барысаў — Клічаў — Парычы — Азарычы — Ма-зыр — Ельск). Лепель, Крупкі, Бялынічы, Рагачоў, Жлобін, Калінкавічы і Нароўля былі ў скла-дзе РСФСР. Тэрыторыя БССР складалася з 6 паветаў Менскае губэрні, дзе да 1917 г. іх было 9. У склад РСФСР і Полынчы ўвайшла ня толькі тэрыторыя іншых губэрняў, але і значная частка былое Менскае.

Галава Польскае дзяржавы і галоўнакамандуючы Ю. Пілсудзкі аддаў загад сваім войскам прасоўвацца наперад і пасьля падпісаньня замірэньня. Батальён польскага войска 15 кастрычніка заняў Менск, адкінуўшы савецкія адзінкі на Магілеўскую шашу на 5—7 км ад гораду, але паводле ўмоваў замірэньня 17 кастрычніка пакінуў горад. Разам з палякамі пайшлі тыя жыхары горада, якія ратаваліся ад рэпрэсіяў бальшавіцкіх уладаў.

На поўдні Беларусі 13 кастрычніка польскія войскі захапілі Тураў, а 16-га — Жыткавічы і Даманавічы, да 18 кастрычніка былі ў Капацэвічах. Пасьля вулічных баёў да вечара 11 кастрычніка занялі Слуцак. Аднак чырвоныя на наступны дзень уварваліся на вуліцы гораду і зноў вялі баі ў ім. У выніку контратакі польскіх вой-скаў адзінкі 17-й дывізіі чырвоных адступілі на ўсход. Да 18 кастрычніка пасьля ўпартых баёў яны былі адціснутыя далей, на лінію за 25 вёрстаў на ўсход ад Слуцку.

Да моманту спыненьня ваенных дзеяньняў савецкія войскі ў Беларусі разьмяшчаліся за 15 км ад новае мяжы з поўначы Беларусі да раёна на поўдзень ад Негарэлага.

На поўнач ад Узды лінія фронту адыходзіла яа паўднёвы ўсход у бок Вяркалаў (на поўдзень ад Шацку), далей на ўсход да Амговічаў (Слуцкі раён), Дарасіно-Закальнага (Любанскі раён), на Палесьсі — па лініі Камаровічы — Бобрык — Галубіца на Прыпяці і далей праз Махнавічы на Ельск. Такім чынам, польскія войскі на поўдні Беларусі кантралявалі раёны на ўсход ад толькі што вызначанае дзяржаўнае мяжы Польшчы і БССР. Тэрыторыя Слуцкага павету была цалкам занятая польскімі войскамі, а заходняя ягоная частка зь Нясьвіжам, Клецкам, Ляхавічамі і Дзяніскавічамі афіцыйна ўключаная ў склад Польшчы. Фармальна Слуцкі павет лічыўся ў складзе БССР, але савецкае ўлады на ягонай тэрыторыі не было. Слуцкі рэўкам знаходзіўся за лініяй фронту Чырвонае арміі — у Старых Дарогах.

2. НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВАЛЕНЧЫ РУХ НА СЛУЧЧЫНЕ.

Слуцак і Слуцкі павет былі асяродкамі дзейнасьці беларускага нацыянальнага руху. Тут і раней была моцная нацыянальна-вызваленчая традыцыя ў грамадзкім жыцьці, якая падтрымлівалася ідэямі незалежнае Беларускае Народнае Рэспублікі. Паўплывалі на гэта і грамадзянская вайна, чарговыя германская, расейская і польская акупацыі. Беларусы актыўна выступалі за незалежнасьць.

Яшчэ ў 1918 г. у Слуцку быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт на чале са старшынёй Паўлам Жаўрыдам, які адразу прыступіў да творчае дзяржаўнае працы. Тут у 1918 г. была арганізаваная і адчыненая Слуцкая беларуская гімназія, адна зь першых на Беларусі. Нацыянальны Камітэт і гімназію зьліквідавалі ў сьнежні 1918 г. расейскія бальшавікі, якія зьмянілі нямецкіх акупантаў. Аднак карані беларускага нацыянальнага руху тут засталіся. Да гэтага трэба дадаць і палітычную пазыцыю вольналюбівага бе-ларускага сялянства, падманутага палітыкай бальшавікоў у зямельным пытаньні. Як гэта ні парадаксальна, аграрная палітыка, у тым ліку і ў падаткаабкладаньні, якую праводзілі нямецкія і польскія акупанты, была не такая жорсткая, як «ваенны камунізм» з амаль поўнаю канфіскацыяй ураджаю й жывёлы (харчразьвёрстка). Усё гэта абвастрала сытуацыю і незадаволенасьць беларускага сялян-ства, якое не прызвычаілася да палітыкі савецкае ўлады. Сялянства Случчыны таксама займала патрыятычную паставу.

Асноўным чыньнікам Слуцкага паўстаньня было беларускае сялянства. А актыўным элемэнтам, які падняў сялянства на барацьбу супраць іншаземнага нацыянальнага й сацыяльнага прыгнёту дыктатуры пралетарыяту, была сьвядомая беларуская нацыянальная інтэлігенцыя.

3. НАПЯРЭДАДНІ.

У Слуцку і Слуцкім павеце ў пэрыяд другое польскае акупацыі ў кастрычніку — лістападзе 1920 г. разьмяшчаліся 11-я і 16-я польскія пяхотныя дывізіі. Тут жа ў ка-стрычніку 1920 г. фармаваліся гусарскі, уланскі і Тульскі драгунскі палкі Рускае народнае дабрахвотніцкае арміі генэрала С. Булак-Балаховіча непасрэдна перад ягоным паходам на Палесьсе.

Яшчэ ў лістападзе 1919 г., падчас першае польскае акупацыі, паводле інструкцыі нацыянальных дзеячоў зь Менску, сход з 16 чалавек выбраў Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны зь 5 сяброў на чале з прадстаўніком партыі беларускіх эсэраў У. Пракулевічам. Гэты камітэт вёў культурную і каапэратыўную працу. Пасьля заняцьця Слуцку Чырвонай арміяй у ліпені 1920 г. Беларускі Нацыянальны Камітэт і ягоны каа-пэратыў былі зачыненыя. Але зь лета 1920 г. у горадзе працаваў камітэт Партыі беларускіх сацыялістых-рэвалюцыянэраў, бо ў часе вайны партыя беларускіх эсэраў была саюзьніцай бальшавікоў у барацьбе супраць Польшчы. Таму арганізацыі беларускіх эсэраў дзейнічалі легальна.

У кастрычніку 1920 г. Слуцак занялі польскія войскі, і Беларускі Нацыянальны Камітэт адразу ўзнавіў сваю дзейнасьць. Аднак сярод беларускіх нацыянальных дзеячоў у Слуцку не было адзінства. Тут існавалі групы розных палітычных поглядаў.

Адна з гэтых групаў 2 лістапада 1920 г. арганізавала сход («прадстаўнікоў горада» і двух чалавек зь вёскі), на якім у камітэт было ўведзена яшчэ 7 сяброў. Але стары склад камітэту, у які ўваходзілі ў асноўным беларускія эсэры, не прызнаў паўнамоцтваў некаторых абраных членаў, абвінаваціўшы іх у тым, што яны «русыфікатары». Нават старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Слуцку лекар А. Паўлюкевіч абвінавачваўся ў тым, што дрэнна гаворыць па-беларуску, а дагэтуль пагардліва ставіўся «да ўсяго беларускага». Гэтая групоўка дзеячоў у камітэце арыентавалася на супра-цоўніцтва з польскімі ўладамі.

Такое рознагалосьсе адмоўна паўплывала на далейшыя падзеі, бо быў страчаны час для лепшай арганізацыі беларускага войска.

Польскія вайсковыя ўлады даволі позна, толькі ў лістападзе 1920 г., перадалі цывільную ўладу ў Слуцку і павеце Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту. У горадзе былі паднятыя бел-чырвона-белыя сьцягі Беларускае Народнае Рэспублікі. Адміністрацыя і гаспадарка перададзеныя ў рукі беларусаў. Але тыя ж улады не дазво-лілі стварыць нацыянальнае войска, спасылаючыся на ўмовы Рыскага трактату. Толькі пачала фармавацца беларуская міліцыя на чале з афіцэрам Мацэлі зь Менскае рэзэрвы Беларускае вайсковае камісіі — зь 5 тысячаў чалавек: 500 чынных і астатнія ў рэзэрве міліцыі. Мацэлі быў прыхільнікам Булак-Балаховіча і намагаўся выкарыстаць міліцыю як рэзэрву для беларускіх адзінак арміі Булак-Балаховіча.

У воласьцях Слуцкага павету замест прызначаных польскімі ўладамі войтаў былі створаныя беларускія камітэты; потым такія ж камітэты ў вёсках замянілі солтысаў. Такім чынам, польскую адміністрацыю зь яе прызначэньнямі на пасады і савецкую адміністрацыю з вылучанымі Чырвонай арміяй рэўкамамі на Случчыне зьмяніла дэмакратычная форма мясцовага кіраваньня. Ва ўсіх гэтых камітэтах знаходзіліся прад-стаўнікі партыі беларускіх эсэраў, якая карысталася падтрымкан сялянства.

4. ЗЬЕЗД СЛУЧЧЫНЫ I РАДА СЛУЧЧЫНЫ.

Прадстаўнікі беларускіх эсэраў у Слуцку і на Случчыне займалі незалежніцкія пазыцыі ў дачыненьні як да Польшчы, так і да Расеі. Яны вырашылі склікаць зьезд Случчыны, каб устанавіць легальную ўладу. Былі праведзеныя выбары на зьезд: па 5 прадстаўнікоў ад кожнае воласьці і па 1 прадстаўніку ад беларускіх культурна-асьветніцкіх гурткоў, якія існавалі ў горадзе і вёсцы.

Польскія ўлады не запярэчылі скліканьню зьезду Случчыны, таму што канчальна мір з Савецкай Расеяй падпісаны яшчэ ня быў і ў Рызе працягваліся мірныя перамовы. А ўсякае аслабленьне пазыцыяў савецкага боку на перамовах было на карысьць Польшчы.

Паводле прэлімінарнае дамовы, замірэньне ўступіла ў сілу пасьля абмену ратыфікацыйнымі граматамі. Да канца кастрычніка 1920 г. дамова была ратыфікаваная. Войскі абодвух бакоў павінны былі адысьці і разьмясьціцца за 15 км па абодвух бакох ад лініі дзяржаўнае мяжы. Аднак польскія войскі не сьпяшаліся.

У такіх палітычных стасунках разгортваліся падзеі ў Слуцку.

«Першы беларускі зьезд Случчыны» адбыўся 14—15 лістапада 1920 г. у Слуцку ў вялікай залі дому Эдварда Вайніловіча, фундатара Чырвонага касьцёлу ў Менску. На зьезд сабралася 107 прадстаўнікоў гораду Слуцку і 15 воласьцяў Слуцкага павету з правам пастаноўчага і 10 прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу.

Зьезд адкрыўся 14 лістапада а 12 гадзіне дня ў багата прыбранай залі дому Э. Вайніловіча і працягваўся да 10 гадзін вечара 15 лістапада. Зеляніна ўперамежку з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі запаўняла залю і трыбуну. Панаваў сьвяточны, прыўзьняты і ўсхваляваны настрой.

Кіравалі зьездам беларускія эсэры. Старшынёю быў абраны Васіль Русак, а віцэ-старшынёю Ўладзімір Пракулевіч.

Пасьля адчыненьня зьезду і прывітаньня сабраных дэлегатаў, як піша ў сваіх успамінах А. Сокал-Кутылоўскі, з дазволу старшыні зьезду на трыбуну ўзышоў малады чалавек, дастаў паперу і сказаў, што ён, Павал Жаўрыд, прызначаны эміграцыйным урадам Беларускае Народнае Рэспублікі камісарам на Случчыну. Тут жа ён прачытаў дэкрэт аб сваім прызначэньні на камісара. Гучныя воплескі ўсёй залі былі адказам на гэтую заяву. Воплескі разам з тым былі выяўленьнем падпарадкаванасьці ўраду БНР. На зьездзе выступіла з прамовамі каля 10 дэлегатаў, у тым ліку В. Русак, капітан Анцыповіч, капітан Самусевіч, Ю. Сасноўскі, Р. Грынько. Яны выказваліся супраць чужое ўлады і толькі за тую, што выбраная беларускім народам. На зьезьдзе склалася даволі моцная групоўка прыхільнікаў Булак-Балаховіча на чале з А. Паўлюкевічам, паручнікам Ма-

В.РУСАК цэлі і раённымі начальнікамі міліцыі. Яна абапіралася на дэлегацыю, якая езьдзіла раней да Булак-Балахо-віча, на чале зь мясцовым урадзімцам капітанам Самусевічам. Ен заявіў на зьезьдзе, што «Булак-Балаховіч абароніць Случчыну ад бальшавікоў» і што для гэтага трэба «даць сваіх сыноў на змаганьне». Самусевіч паведаміў, што Булак-Балаховіч даручыў яму сфармаваць Слуцкі полк і камандаваць ім. Аднак гэтая заява не сустрэла водгуку сярод удзельнікаў зьезду, таму што прыхільнікі Балаховіча былі ў меншасьці. Іх праціўнікі, у асноўным сябры партыі беларускіх эсэраў, абвінавачвалі «балахоўствуючых», што тыя — замаскаваныя расейскія белагвардзейцы. Яны заклікалі «ня верыць ніякім расейскім абяцанкам». Адным зь лёзунгаў беларускіх эсэраў быў заклік да адзінства беларускіх інтэлігентаў і сялянаў у барацьбе з «масквафільствам». Былі на зьезьдзе і людзі, якія не прымыкалі да гэтых асноўных груповак.

14 лістапада зьезд прыняў рэзалюцыю, у якой вітаў Найвышэйшую Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заявіў катэгарычны пратэст супраць савецкае ўлады ў Беларусі «як чужацкае». У рэзалюцыі зьмяшчаўся заклік «да ўсяго сьвету і Лігі Нацыяў аб дапамозе ў стварэньні нашае вайсковае сілы». Асноўным зьместам гэтае рэзалюцыі было рашэньне падняць паўстаньне «супраць акупацыі» за «незалежную Беларусь».

Зьезд прыняў наступную рэзалюцыю:

«Першы Беларускі зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заяўляе, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны. Зьезд катэгарычна пратэстуе супраць заняцьця нашае Бацькаўшчыны чужацкімі і самазванчымі савецкімі ўладамі. Хай жыве Вольная, Незалежная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах!».

Зьезд Случчыны выбраў Раду Случчыны Беларускае Народнае Рэспублікі ў складзе 17

У. ПРАКУЛЕВІЧ

чалавек на чале з У. Пракулевічам, даверыў ёй цывільную ўладу і даручыў арганізаваць нацыянальнае войска. Гэтая Рада лічылася часовым урадавым органам аж да ўтварэньня выбарнага органу на Беларусі.

На зьезьдзе былі абвешчаныя патрыятычныя лёзунгі, якія выяўлялі інтарэсы беларускага народу: аб «вольнан, незалежнай, дэмакратычнан Беларускай Народнай Рэспубліцы ў яе этнаграфічных межах», аб беларускай арміі і беларускім устаноўчым сойме, аб братэрстве ўсіх славянскіх народаў.

Паколькі зьезд прыняў пастанову аб падрыхтоўцы збройнага змаганьня, пасьля яго закрыцьця некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Грозаўскай, Грэскай, Раманаўскай, Чапліцкай, Быстрыцкай, Старобінскай, Вызьнянскай, Капыльскай, Цімкавіцкай ды іншых воласьцяў, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змаганьня.

3 16 лістапада пачалі сваю дзейнасьць Рада Случчыны зь 17 сяброў і яе прэзыдыюм зь 5 чалавек. Старшынёй Рады быў абраны Ўла-дзімір Пракулевіч. У складзе Ра-ды было 8 беларускіх эсэраў — У. Пракулевіч, В. Русак, Асьвя-цімскі і іншыя. Да іх прымыкалі спачувальнікі, такія, як Ю. Лістапад. Другой групоўкай у Радзе Случчыны былі прыхільнікі Булак-Балаховіча і Алексюка — А. Паўлюкевіч, Мацэлі ды іншыя. Урэшце, былі і прадстаўнікі «нэўтральных групаў». Сярод іх раздаваліся галасы пра тое, каб не падымаць паўстаньня, але і яны далучыліся да большасьці і актыўна ўдзельнічалі ў Слуцкім паўстаньні. Бальшыня сяброў Слуцкае Рады была настроена насьцярожана да Булак-Балаховіча, не жадаючы падпарадкоўвацца ягонаму камандаваньню. Усё ж прадстаўнікі Балаховіча прыяжджалі ў Слуцак для сувязі з Радаю.

Першачарговаю справаю Рады Случчыны зьяўлялася фармаваньне войска, дзеля чаго была створана вайсковая тройка зь сяброў Рады Жаўрыда, Анцыповіча і Мацэлі, якія сьпешна пачалі зьбіраць узброеныя атрады. Іншыя сябры Рады займаліся арганізацыяй розных цывільных установаў.

Рада занялася і дыпляматычнай дзейнасьцю. Яна заявіла «энэргічны пратэст... савецкаму ўраду на чале з Кнорынам» супраць намераў савецкіх войскаў заняць Слуцкі павет пасьля адыходу адтуль палякаў. Рада абвесьціла, што «перадасьць сваю ўладу толькі ўраду, створанаму Ўсебеларускім Кангрэсам 1917 г.». Слуцкая Рада заявіла таксама пратэст і польскаму ўраду супраць перадачы Слуцкага павету ўладам БССР.

Слуцкая Рада 21 лістапада выдала дэклярацыю, якая заклікала сялянства на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах» і за «інтарэсы сялянства».

У дэклярацыі Рады Случчыны гаварылася:

«У мамэнт самавызначэньня ўсіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб асноўных дамаганьнях беларускага сялянства:

  1. Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

    Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцелькай волі народу, Слуцкая Рада дакляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў.

3..У выпадку патрэбы, Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічбовую перавагу ворага.

Мы верым, што наша справа ёсьць справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе».

Пры актыўнай патрыятычнай падтрымцы сялянства і гараджанаў Слуцку Рада Случчыны за тры дні сфармавала з дабрахвотнікаў «1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускае Народнае Рэспублікі» ў складзе двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Асноўным ядром збройнае сілы зьявілася беларуская міліцыя. Фармавалася войска пасьпешна, бо, паводле ўмоваў прэлімінарнае мірнае дамовы, польскія войскі па-вінны былі хутка адысьці за лінію дзяржаўнае мяжы.

Вывад польскага войска пачаўся толькі пасьля падпісаньня спэцыяльнага пагадненьня (14 лістапада) — з 22 лістапада. Адыходзілі вайсковыя адзінкі марудна, ня 20 кілямэтраў у суткі, як гэта прадугледжвалася ўмовамі замірэньня, а па 10 кілямэтраў ці трохі больш. У раёне Слуцку адвод войскаў адбываўся ў апошняй дэкадзе лістапада 1920 г., а 24 лістапада палякі пакінулі Слуцак. Савецкія адзінкі паволі прасоўваліся наперад, не сустракаючыся з польскімі. 26 лістапада апошнія польскія салдаты-ўланы адышлі за лінію мяжы. 29 лістапада 1920 г. войскі Чырвонае арміі выйшлі на новую дэмаркацыйную лінію: мястэчка Вызна — мястэчка Леніна, заняўшы Слуцак. Да канца лістапада савецкія войскі вышлі на лінію ад Леніна на рацэ Случ да Турава.

Паміж дзяржаўнаю мяжой і дэмаркацыйнаю лініяй савецкіх войскаў утварылася 15-кілямэтровая нэўтральная палоса. Паводле мірнае дамовы, яна не была занятая адзінкамі Чырвонае арміі.

У Слуцку заставацца было небясьпечна. Дастатковую ягоную абарону яшчэ не зарганізавалі. Таму Слуцкая Рада прыняла рашэньне, а камандаваньне Слуцкае брыгады выдала загад 24 лістапада пакінуць Слуцак, адыходзіць па дарогах, што вядуць на захад, і зьбірацца ў Семежаве. Слуцак быў пакінуты надвячоркам у той жа дзень.

Не пасьпеўшы канчальна сфармаваць абодва палкі, Слуцкая брыгада разам з Радаю Случчыны ўсьлед за польскімі войскамі адышла з гораду на захад, у мястэчка Семежава, якое знаходзілася ў нэўтральнай зоне (прыкладна за 8 км ад мяжы). Тут да канца лістапада быў сфармаваны 1-шы Слуцкі полк, а фармаваньне 2-га Грозаўскага палка амаль закончылася. Пазьней паўстанцы не аднойчы мянялі сваю дысьлякацыю, каб пазьбегнуць адкрытых баёў зь перасяжнымі сіламі праціўніка.

У гістарычнай літаратуры колькасны склад Слуцкай беларускай брыгады ацэньваецца па–рознаму. Удзельнікі збройнага чыну ва ўспамінах падаюць, што колькасьць паўстанцаў складала ад 7 да 10 тыс. чалавек. Але гэтая лічба тычыцца ўсіх тых добраахвотнікаў, хто адгукнуўся на заклік Беларускае рады Случчыны ўступаць у беларускае войска і прыйшоў у Семежава. Адсутнасьць зброі і хуткі адыход паўстанцаў з гэтага мястэчка прымусілі многіх зь іх вяртацца ў свае вёскі. Рэальна колькасны склад двух палкоў быў значна меншы. У кароткім аглядзе гісторыі беларускага нацыянальнага руху, пададзеным у 1928 г. дэфэнзівай (контравыведкай) Генэральнага штабу польскага войска, узгадваецца 4 тыс. слуцкіх паўстанцаў. Польскія гісторыкі З. Карпус і В. Рэзмэр, паводле сваіх падлікаў, узятых з рапартаў выведкі 4–й польскай арміі за сьнежань 1920 г., прыводзяць значна меншую лічбу — 1100—1200 чал. Савецкія ваенныя крыніцы вызначаюць колькасны склад паўстанцкага войска прыкладна ў 2 тыс. чал., пры гэтым у зводках 16–й арміі за сьнежань 1920 г. паведамлялася, што больш за палову беларускіх вайскоўцаў ня мела ўзбраеньня*. Такім чынам, і польскія, і савецкія зьвесткі аб рэальным баявым патэнцыяле Слуцкае беларускае брыгады блізкія, і іх можна прызнаць аб’ектыўнымі.

Напачатку паўстаньня ў Слуцкай брыгадзе было ўсяго 300 карабінаў, перададзеных польскімі ўладамі, і 500 вінтовак, якія прынесьлі самі паўстанцы. Потым, праўда, выявілася, што польскія карабіны са зьбітымі прыцэламі і для баёў непрыдатныя.

Калі пачалося паўстаньне, з Лунінца празь Беларускую вайсковую камісію брыгадзе былі перададзены яшчэ вінтоўкі ды кулямёты. Частку зброі атрымалі ад дэзэртыраў або ўзялі ў баёх як лупы. Усяго ў сьнежні, як сьведчыла беларуская газэта «Наша Думка» (1921, № 11, 18 сакавіка), брыгада мела ўжо 2000 вінтовак і 10 кулямётаў. Аднак зброі на ўсіх не хапала. Артылерыі ў паўстанцаў наагул не было. Забесьпячэньне спачатку наладзілі самі сяляне, але, па меры скарачэньня тэрыторыі пад кантролем, яно па-гаршалася.

Камандзерам брыгады Рада Случчыны прызначыла аднаго са сваіх сяброў — капітана Анцыповіча. Камандаваць 1-м Слуцкім палком прызначылі капітана генэральнага штабу расейскае арміі П. Чайку (урадзімца Случчыны), які да другое польскае акупацыі працаваў на пасадзе памочніка ваеннага кіраўніка Слуцкага павятовага ваеннага камісарыяту. Камандзерам 2-га Грозаўскага палка стаўся капітан Семянюк, які зь лютага 1920 г. камандаваў Першым Беларускім партызанскім атрадам, створаным Беларускаю Вайсковаю Камісіяй у Менску.

Брыгада была пяхотная, палкі яе падзяліліся на батальёны і роты. Батальёны былі асноўнымі баявымі адзінкамі. У яе складзе знаходзіўся конны атрад, а таксама палкавыя абозы і збраёвая майстэрня. Быў сфармаваны і асобны ад брыгады атрад зь дзьвюх ро-таў. У палкох створаныя палкавыя штабы. Арганізаваны штаб брыгады, аддзелы разьведкі і контрразьведкі пры ім. Лекар А. Паўлюкевіч арганізаваў палявы шпіталь, а Я. Біруковіч — вайсковы суд. Беларуская Вайсковая Камісія ў Лодзі прыслала 12 беларускіх афіцэраў, але ў брыгадзе засталося толькі чацьвёра зь іх.

Такім чынам, за некалькі дзён было створана вайсковае аб'яднаньне рэгулярных войскаў Беларускае Народнае Рэспублікі. Беларускія жанчыны з Горадні прыслалі для случакоў сцяг з прыгожа вышытаю «Пагоняю» і надпісам: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

5. ПАЎСТАНЬНЕ.

У канцы лістапада 1920 г. беларускае войска заняло пазыцыі за 35—40 км ад Слуцку. 1-шы Слуцкі полк займаў ужо франтавы ўчастак ад Семежава да Вызны, г. зн. працягласьцю прыкладна 20 км.

Баявыя дзеяньні паўстанцаў пачаліся 27 лістапада, калі падразьдзелы гэтага палка зрабілі налёты на разьмяшчэньне адзінак 8-е дывізіі Чырвонае арміі, на яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі. У наступныя дні паўтараліся безупынныя атакі з нэўтральнае зоны ня толькі на фронце 1-га Слуцкага палка, але і на ўчастку 2-га Грозаўскага — на палявыя варты. Асабліва моцна атакавалі на ўчастку Капыль — Цімкавічы — Вызна працягласьцю 60 км.

Найбольш значныя баі паасобныя батальёны 1-й Слуцкай брыгады вялі ля вёсак Садавічы, Дошнава, Быстрыца, Лютавічы, Морач, мястэчкаў Капыль, Вызна ды ля іншых населеных пунктаў. У паасобных баёх з чырвонымі паўстанцы наносілі і значныя страты, бралі палонных, адбівалі назад населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расейскіх сялянаў, сілаю мабілізаваных у Чырвоную армію, дабрахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй у руках на бок паўстанцаў.

Тады камандаваньне 16-й арміі савецкіх войскаў вырашыла ачысьціць нэўтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 сьнежня савецкіх войскаў у нэўтральную зону на тры дні, гэтым выказаўшы сваё адмоўнае стаўленьне да паўстан-цаў. Аднак карная апэрацыя дала мізэрны вынік: было затрымана каля 50 дэзэртыраў і 15 перабежчыкаў. Камандаваньне Слуцкае брыгады, карыстаючыся падтрымкаю насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войскаў. Толькі ў раёне Семежава частка атрадаў паўстанцаў была разьбітая і 7 сьнежня перайшла польскую мяжу. Польскія вайсковыя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 салдатаў.

У гэты ж час рознагалосьсі ў кіраўніцтве паўстанцаў прывялі да зьмены камандаваньня брыгады. Камандзера 1-га Слуцкага палка капітана П. Чайку арыштавалі па абвінавачаньні ў здрадзе. Ен спрабаваў перадаць пакет з сакрэтнымі дакумэнтамі на савецкі бок. Чайка здолеў уцячы з арышту ў Слуцак, але там быў арыштаваны за здраду чырвонымі і на вырак ваенна-палявога суда расстраляны.

Рада Случчыны сабралася на надзвычайнае паседжаньне і пастанавіла арыштаваць камандзера брыгады капітана Анцыповіча і начальніка контрразьведкі паручніка Мірановіча. Камандзерам брыгады 3 сьнежня быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, камандзерам 1-га палка — падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, а начальнікам контрразьведкі — паручнік Янушэнка. Ваенна-палявы суд вынес вымову арыштаваным афіцэрам і вызваліў іх з арышту. Камандзеру брыгады Рада Случчыны часова перадала дыктатарскія паўнамоцтвы.

Штаб Слуцкае брыгады пасьля адступленьня знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, за 2 кілямэтры ад ракі Лані, у нэўтральнай зоне, але ўжо на тэрыторыі, якая адышла да Польшчы паводле прэлімінарнае мірнае дамовы.

Пасьля вяртаньня савецкіх адзінак з нэўтральнае зоны на дэмаркацыйную лінію паўстанцы зноў пачалі нападаць на перадавыя аддзелы Чырвонае арміі. Звычайна гэта бьілі начныя налёты. Так, у ноч на 10 сьнежня напалі на вёскі Крывасёлкі і На-васёлкі, у ноч на 12-га — на вёску Старынь. Потым паўстанцы зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонае арміі з занятых пазыцыяў. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна.

У ноч на 13 сьнежня паўстанцы зноў занялі Семежава, але потым вымушаныя былі з боем адысьці.

Э. Вайніловіч у сваіх успамінах згадвае, што пасьля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за лінію замірэньня (г. зн. за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г.), ажно за Пузаў, пад Едчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ен сьведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за сваю дэмаркацыйную лінію. Можна дадаць, што гэта было зроблена, каб даць магчымасьць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.

Штаб Слуцкае брыгады паўстанцаў пераехаў у вёску Морач (за 20 км на захад ад Вызны). У наступных баёх у ноч на 18 сьнежня атрады паўстанцаў зноў занялі Семежава, а ў наступную ноч пасьля бою занялі Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 сьнежня адзінкі Чырвонае арміі пачалі наступ, каб зьліквідаваць узброенае паўстаньне. У гэты ж дзень чырвонымі было адбіта мястэчка Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад да вёскі Смалічы (за 10 км на захад ад Вызны). 20 сьнежня яны былі выціснутыя да ракі Морач. У той жа дзень іх выбілі зь Семежава.

Па ўзгадненьні расейскае савецкае і польскае дэлегацыяў на мірных перамовах у Рызе, войскам Чырвонае арміі дазвалялася перасьледаваць паўстанцаў і ў нэўтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкае брыгады вымушаны быў перабрацца ў вёску Заастравечча (Клецкі раён) каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды зьбіраліся аддзелы паўстанцаў, якім была нанесена параза. Рада Случчыны прыняла рашэньне перайсьці раку ў раёне разьмяшчэньня 41-га польскага палка. 28 сьнежня 1920 г. Слуцкая брыгада перайшла за раку Лань.

Перад самым адыходам 1-шы Слуцкі полк за ўдзел у баёх атрымаў ад Рады палкавы сьцяг залацістага колеру, 2 мэтры даўжынёю і мэтар шырынёю. Пасярэдзіне сьцяга Пагоня 45 сантымэтраў дыямэтрам, а навокал яе надпіс: Першы Слуцкі полк Беларускае Народнае Рэспублікі. 31 сьнежня на польскі бок перайшоў апошні аддзел слуцкіх паўстанцаў.

Пасьля пераходу на тэрыторыю, кантраляваную польскімі войскамі, салдаты і афіцэры Слуцкае брыгады былі раззброеныя ды інтэрнаваныя спачатку ў раёне Сіняўкі, потым у канцэнтрацыйным лягеры ў Беластоку, а пасьля гэтага у лягеры ў Дарагуску. Іх вызвалілі толькі ў траўні 1921 г., пасьля падпісаньня канчальнага савецка-польскага мірнага трактату (сакавік 1921 г.).

«Рада Случчыны пераехала ў м. Баранавічы, дзе й сядзела праз цэлы месяц бяз жаданае працы. Працаваць яна не магла, бо ня было ніадкуль дапамогі з боку матарыяльнага. За гэты месяц шмат прыйшлося чаго няпрыемнага перажыць ад агентаў генерала Булак-Булаховіча, якія стараліся, каб перацягнуць да "Бацькі", але ім не ўдалося гэтага зрабіць. На абяцанкі Балаховіча ні адзін паўстанец не згадзіўся, і войска, як было беларускім, так і засталося. Вось 20 студзеня 1921 г. на пасяджэньні частка сяброў Рады Случчыны прызнала сваім важаком Балаховіча й паехала да яго. Другая частка Рады прымушана была распаўзьціся хто куды: некаторыя засталіся ў Баранавічах, трохі паехала да Вільні, каб часова знайсьці прытулак, і такім чынам Рада Случчыны фактычна ня ўснуе».( Ю. Лістапад.) Газэта "Наша Думка" 1921, №9-11 (Спадчына 1/1998 с. 162-163)

Архіў Слуцкае брыгады штабс-капітан А. Сокал-Кутылоўскі ў ліпені 1921 г. адвёз у Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нэўтральнай зоне, каб працягваць ваенныя дзеяньні партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі Булак-Балаховіча. Яны змагаліся яшчэ доўгі час.

6. УДЗЕЛЬНІКІ ПАЎСТАНЬНЯ.

Сярод слуцкіх паўстанцаў было шмат слаўных людзей. Адзін зь іх — Макар Косьцевіч (Макар Краўцоў), аўтар гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны наш прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А ґвалту мы дамо адпор!

Хай аджыве закамянелы

Наш беларускі вольны дух;

Штандар наш бел-чырвона-белы

Пакрыў сабой народны рух!

На бой за шчасыде і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі.

На бой! - усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й бачыць той,

Хто сьмее нам нясьці прымусы

І першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім:

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

Ў крывавых муках мы народзім

Жыцьцё Рэспублікі сваей!

Неверагодна хутка песьня пачала набываць велізарную папулярнасьць. Натхнёныя ідэяй дзяржаўнай незалежнасьці, случакі ішлі ў бой на расейскіх вайскоўцаў з "Ваяцкім гімнам", або, як яго тады называлі ў беларускіх вайсковых аддзелах, "Ваяцкім маршам".

Актыўным удзельнікам змагання быў таксама Іосіф Лагіновіч, які разам зь іншымі слуцкімі паўстанцамі прымаў чынны ўдзел у патрыятычнай дзейнасьці Беларускае Рэвалюцыйнае Арганізацыі ў Заходняй Беларусі, а потым стаўся нацыянальным сакратаром кампартыі Заходняе Беларусі. Абодва загінулі ў вязеньнях БССР. Сярод слуцкіх змагароў было шмат палітычных дзеячоў, афіцэраў і шарагоўцаў, інтэлігентаў і гараджанаў. Усе яны выступалі за незалежнасьць роднае Беларусі.

Многія са змагароў вярнуліся пазней на радзіму, паверыўшы ў магчымасць адбудовы Беларускага гаспадарства пад бальшавікамі, але былі знішчаныя ў часе рэпрэсій.

ДАВЕДКА

пра ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну 1920 г.

Палітычнае кіраўніцтва.

  1. Жаўрыд Павал — камісар Найвышэйшае Рады Беларускае Народнае Рэспублікі ў Слуцкім павеце, сябра Рады Случчыны БНР, расстраляны ў 1925 г. у менскім ГПУ.

    Русак Васіль — старшыня зьезду Случчыны 14—15 лістапада 1920 г., на якім прынятая пастанова аб пачатку паўстаньня, сябра Рады Случчыны.

3. Пракулевіч Уладзімір — судзьдзя, віцэ-старшыня зьезду Случчыны, старшыня Рады Случчыны Беларускае Народнае Рэспублікі, ад жніўня 1923 да кастрычніка 1925 г.— дзяржаўны пісар, сябра Ўраду БНР, потым выехаў у Менск, загінуў у ГУЛАГу.

  1. Лістапад Юры — сябра Рады Случчыны БНР, адказны за кантроль і дастаўку харчаваньня брыгадзе.

    Паўлюкевіч А.— лекар, сябра Рады Случчыны, начальнік палявога шпіталю 1-е Слуцкае брыгады.

  1. Асьвяцімскі — сябра Рады Случчыны.

7. Мацэлі — паручнік, афіцэр Менскае рэзэрвы (бел. адзінак), камандзер

беларускае міліцыі ў Слуцкім павеце, сябра Рады Случчыны.

  1. Сасноўскі Юльян — сябра Рады Случчыны, скончыў жыцьцё самагубствам з-за зьдзекаў польскае адміністрацыі.

    Радзюк — сябра Рады Случчыны.

10. Мяшочак — сябра Рады Случчыны.

  1. Бусел Сяргей — сябра Рады Случчыны.

    Анцыповіч — капітан, сябра Рады Случчыны.

    Біруковіч Іван (Янка) — сябра Рады Случчыны.

    Дубіна — сябра Рады Случчыны.

15. Кабычкін Аляксей — сябра Рады Случчыны.

  1. Грынько Рыгор — сябра Рады Случчыны.

    Бань Павел — сябра Рады Случчыны.

Вайскоўцы.

1. Анцыповіч, капітан, сябра Рады Случчыны (гл. № 13),—камандзер 1-е Слуцкае брыгады стральцоў БНР (вызвалены ад пасады 3 сьнежня 1920 г.), выдадзены польскімі ўладамі бальшавікам і расстраляны.

2. Сокал-Кутылоўскі Антон, штабс-капітан, прызначаны Радай 3 сьнежня 1920 г. камандзерам 1-е Слуцкае брыгады стральцоў БНР, вязень ГУЛАГу.

3. Семянюк, капітан,— камандзер 2-га Грозаўскага палка 1-е Слуцкае брыгады БНР.

  1. Біруковіч Янка — старшыня вайсковага суда 1-е Слуцкае брыгады БНР.

    Якубецкі Андрэй, маёр,— афіцэр брыгады.

    Борык, капітан,— начальнік штаба 1-е Слуцкае брыгады стральцоў БНР.

7. Мірановіч, паручнік,— начальнік контрразьведкі 1-е брыгады (да 3 сьнежня 1920 г.), паранены ў баі.

8. Гаўрыловіч, падпалкоўнік,— камандзер 4-га батальёну 1-га Слуцкага палка 1-е Слуцкае бры-гады стральцоў БНР, ад 10 сьнежня 1920 г.— камандзер 1-га Слуцкага палка, загінуў у ГУЛАГу.

  1. Янушэнка, паручнік,— начальнік контрразьведкі 1-е Слуцкае брыгады (ад 10 сьнежня 1920 г. высланы ў Сібір).

    Лагіновіч Іосіф, вайсковец, потым беларускі эсэр, у 1926—1930 гг. узначальваў КПЗБ (нацыянальны сакратар ЦК КПЗБ), расстраляны ў БССР.

  1. Арцішэўскі, паручнік,— ад'ютант камандзера брыгады.

    Гнароўскі, капітан,— намесьнік камандзера 2-га Грозаўскага палка 1-е Слуцкае брыгады стральцоў БНР.

13. Хвясеня, паручнік,— афіцэр брыгады.

  1. Капец, паручнік, — афіцэр брыгады.

    Янкоўскі, паручнік,— афіцэр брыгады.

    Кітовіч, паручнік,— афіцэр брыгады.

17. Казека, паручнік,— афіцэр брыгады.

18. Дутка, паручнік,— афіцэр брыгады.

19. Рудзік, прапаршчык, — афіцэр брыгады, расстраляны НКВД у 1940 г.

20. Сегідзевіч, падпаручнік,— афіцэр брыгады.

  1. Данілюк Фёдар, паручнік,— афіцэр брыгады, начальнік вайсковае школы брыгады, сьвятар Беларускае Аўтакефальнае Царквы ў Амэрыцы, памёр у 1960 г.

    Падгурскі, паручнік,— афіцэр брыгады.

  1. Краўцоў (Косьцевіч) Макар — шараговец 1-е Слуцкае брыгады, аўтар Беларускага гімну.

    Клюка, капітан,— афіцэр брыгады.

    Бабарэка Пётра, прапаршчык,— афіцэр брыгады.

26. Самусевіч, капітан,— камандзер 1-га батальёну 2-га Грозаўскага палка, выдадзены польскімі ўладамі бальшавікам і рас-страляны.

27. Кернажыцкі, паручнік,— камандзер кавалерыйскага аддзелу 1-е Слуцкае брыгады, у 1939 г. высланы ў Сібір.

28. Мацеля, штабс-капітан,— камандзер 2-га батальёну 2-га Грозаўскага палка 1-е Слуцкае брыгады.

  1. Багушэвіч, паручнік,— афіцэр брыгады, загінуў у ГУЛАГу.

    Бранявіцкі, паручнік,— афіцэр брыгады, забіты агентам НКВД у Заходняй Беларусі.

    Дзьмітраў, шараговец, апошні слуцкі паўстанец, жыве ў Лёндане.

ЗАКЛЮЧЭННЕ.

Слуцкі збройны чын адыграў вялікую ролю ў барацьбе беларускага народа за сваю незалежнасць. Беларускія патрыёты змагаліся супраць далучэння да Расіі, бо БССР была рэспублікай несамастойнай, на чале якой стаялі бальшавікі, Расійская камуністычная партыя (бальшавікоў) была адзінай, а кампартыя Беларусі была філіяй РКП(б). Таму Беларусь кіравалася з Масквы, і яе кіраўніцтва самастойных рашэнняў не прымала. Бальшавіцкая дыктатура вяла палітыку жорсткіх рэпрэсій, у тым ліку і супраць беларускіх незалежнікаў.

Слуцкія паўстанцы адказвалі на гэтую палітыку бальшавікоў і на іх палітыку рабавання сялянства. Яны мужна змагаліся супраць значна пераважнай узброенай сілы. Аднак у тых абставінах, якія склаліся напрыканцы грамадзянскай вайны і перыяду інтэрвенцыі, пры варожай пазіцыі Польшчы ў змаганні з савецкімі войскамі, шанцаў на перамогу ў герояў Случчыны не было Аднак слуцкі збройны чын паказаў волю беларускіх сялян, беларускай інтэлігенцыі, беларускіх патрыётаў адстаяць сваю свабоду і незалежнасць Беларусі. Таму дзень 27 лістапада ёсць Беларускае нацыянальнае свята – Дзень Герояў, якое штогод адзначаецца ў Беларусі і ў іншых краінах. У 1992 г. мы ўпершыню на Бацькаўшчыне адкрыта ўшанавалі іх сьветлую памяць і адзначылі чарговыя ўгодкі Слуцкага паўстаньня 1920 г. разам з суайчыньнікамі за мяжой. Аднак афіцыйныя асобы, прыхільнікі старое савецкае камуністычнае сыстэмы, у гэтых урачыстасьцях ня ўдзельнічалі. Устрымалася ад удзелу ў сьвяткаваньні і значная частка інтэлігенцыі, у тым ліку і менская.

Палякі тут, а тут –

бальшавікі.

І горад Слуцк –

у паласе нейтральнай.

А па-над гэтай

паласой лунае:

- Быць Беларусі вольнай

на вякі!..

І ў бой ідуць яны за

родны край,

За ўласныя дзядзінцы

ды гасцінцы,

За тое, каб народ увесь

чужынцы

Не зацягнулі

ў пралетарскі рай.

Алесь Мікалайчанка,

“Героям Слуцкага збройнага чыну”.

Слуцкія паўстанцы, не зважаючы на значную лічбовую перавагу бальшавікоў, на здрадніцкую пазыцыю польскіх уладаў, падняліся на барацьбу за незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі, за самастойнасьць сваёй дзяржавы і свайго народу. Гэта не было паўстаньне — гэта быў збройны чын беларускага сялянства і на-цыянальнае інтэлігенцыі, збройны чын беларускага народу.

ЛІТАРАТУРА.

1. Газета "Наша Думка" 1921, № 9-11 («Спадчына» № 1, 1998, с. 162-163)

2. Грыцкевіч А. П. Вакол «слуцкага паўстання». – Мн.,1987.

3. Грыцкевіч А. П. Слуцкае паўстаньне 1920 г. – збройны чын у барацьбе за незалежнасць Беларусі. («Спадчына» № 2, 1993)

4. Круталевич В. А.. История Беларуси: становление национальной державности.- Мн., 1999.

5. Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2 / М. П. Касцюк, І. М. Ігнатенка і інш. – Мн.: «Беларусь», 1995.

6. Слуцкі збройны чын 1920 г. ў дакумэнтах і ўспамінах. / Прадм. У. Ляхоўскага. — Мн., 2006

7. 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, Зм. Санько. – Мн.: рэдакцыя газеты «Звязда», 1993