Пераклад на ўроках беларускай мовы
1
Змест
Уводзіны
1. Мэтазгоднасць выкарыстання перакладу на ўроках мовы
2.Тыпалогія перакладаў
3. Прыёмы перакладу
4. Праца над перакладам
Заключэнне
Літаратура
Уводзіны
Наша сістэма моўнай адукацыі прадугледжвае шматмоўнае навучанне як рэальнасць. У школе вывучаюцца беларуская, руская, замежная, польская ці літоўская, украінская ці іншыя мовы народаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. У гэтай сістэме нельга вывучаць мовы ізалявана. Фенаменальнасць, каштоўнасць сваёй мовы пазнаюцца ў параўнанні. Нелагічна не параўноўваць, не звяртаць увагі на агульныя лексемы, фраземы, граматычныя канструкцыі, як нелагічна не выяўляць, не засяроджваць увагу на тым своеасаблівым, што адрознівае адну мову ад другой. Адсюль вынікае неабходнасць міжмоўных сувязей як аднаго з галоўных метадычных прынцыпаў.
Уменне перакладаць неабходна любому адукаванаму чалавеку, які жыве ў рэальна існуючым двухмоўным ці шматмоўным асяроддзі, бо ўменне перакладаць складаецца з умення правільна ўспрыняць (зразумець) змест пачутага ці прачытанага на адной мове і ўмення адэкватна перадаць гэты змест на іншай мове.
У сістэме навучання беларускай мове пераклад з’яўляецца адным з відаў работ па развіцці звязнага маўлення побач з пераказам і сачыненнем. Несумненна, заняткі перакладам з адной мовы на другую пашыраюць лексічны запас вучняў, удасканальваюць веды па граматыцы, садзейнічаюць больш глыбокаму разуменню структуры роднай мовы, забяспечваюць сістэматызацыю атрыманых ведаў на функцыянальнай аснове. Акрамя гэтага, яны садзейнічаюць развіццю навыкаў у розных відах маўденчай дзейнасці (аўдзіраванне, гаварэнне, чытанне, пісьмо) і іх удасканаленню.
1. Мэтазгоднасць выкарыстання перакладу на ўроках мовы
Псіхалагічнай асновай выкарыстання перакладу з’яўляецца тое, што другая мова абавязкова засвойваецца праз прызму першай мовы, г. зн. працэс авалодвання маўленчай дзейнасцю на новай мове не можа не накладвацца на маўленчую дзейнасць на першай мове. У працэсе навучання другой мове вучні ўсё роўна робяць “стыхійны” пераклад, самастойна ўстанаўліваючы адпаведнікі паміж фактамі адной і другой мовы. У выніку адсутнасці неабходнай падрыхтоўкі такія адпаведнікі, як правіла, не зусім дакладныя або проста няправільныя. Умела выкарыстаны пераклад дазволіць ператварыць стыхійны, несвядомы перанос у свядомы, метадычна накіраваны. Менавіта пераклад можа быць дзейсным сродкам карэкцыі “змешанага” або “сумешчанага” двухмоўя, якое характэрна для жыхароў Беларусі. Метадычна правільна арганізаваная праца па перакладзе праз супастаўленне моў, праз акцэнтаванне ўвагі на тым своеасаблівым, што адрознівае адну мову ад другой, будзе садзейнічаць размежаванню дзвюх моўных сістэм у свядомасці іх носьбітаў, а таксама спрыяць фарміраванню аўтаномнага двухмоўя (паралельнае ўжыванне дзвюх моў).
Лінгвістычная аснова перакладу – параўнанне фактаў абедзвюх моў. Заняткі перакладу адкрываюць перад вучнямі новыя перспектывы, бо пры звычайным параўнанні моў пад увагу прымаецца прыналежнасць моўных адзінак да аднаго і таго ж аспекту ці ўзроўню моўнай сістэмы – фанетычнага, лексічнага, граматычнага і г. д. – пры ўмове іх пэўнага семантычнага адзінства. Пераклад дае магчымасць, па-першае, удакладніць, замацаваць і актывізаваць атрыманыя веды на функцыянальнай аснове, па-другое, параўноўваць рознаўзроўневыя факты і з’явы абедзвюх моў, што дазволіць глыбей асэнсаваць найбольш складаныя моўныя з’явы.
Каб умець перакладаць і карыстацца перакладам у працэсе суразмоўніцтва, веданне дзвюх (трох і больш) моў недастаткова. Неабходна ведаць яшчэ і заканамернасці перакладу, якія абумоўлены яго складанай і супярэчлівай прыродай, усведамляць патрабаванні, якія да яго ставяцца, ведаць прыёмы, якія дапамагаюць хутка і якасна перакласці, і многае іншае, чаму трэба вучыць. Уменне перакладаць само сабой не прыходзіць, як само не прыходзіць уменне чытаць, пісаць , правільна гаварыць. А гэта азначае, што ў працэсе навучання мовам трэба фарміраваць у школьнікаў і ўменне перакладаць.
Значыць, пераклад у сістэме моўнай адукацыі можа выступаць у дзвюх функцыях:
як сродак навучання мове, што дазваляе глыбей засвоіць мову на ўсіх яе ўзроўнях;
як сродак атрымання інфармацыі з тэкстаў, напісанных на іншай мове.
як мэта навучання – навучыць перакладаць і карыстацца перакладам у працэсе моўных зносін для забеспячэння сацыяльна-культурных патрэб, бо нават у межах адной дзяржавы пераклад – гэта неад’емны кампанент у сістэме камунікацыі.
2. Тыпалогія перакладаў
У навуковай літаратуры існуе мноства самых розных класіфікацый перакладу, зробленых на разнастайнай падставе. Аднак у залежнасці ад мэт і задач навучання беларускай мове ў школе можна выдзеліць наступныя віды перакладу.
Паводле формы падачы матэрыялу выдзяляюцца:
пісьмовы пераклад (пісьмовы пераклад пісьмовага тэксту, пісьмовы пераклад вуснага тэксту, г. зн. так званы пераклад-дыктант)
вусны пераклад (вусны пераклад пісьмовага тэксту, вусны пераклад вуснага тэксту).
Паводле жанрава-стылістычных асаблівасцей тэксту выдзяляецца:
пераклад тэкстаў мастацкага, навуковага, публіцыстычнага, афіцыйна-дзелавога і гутарковага стыляў.
Паводле паўнаты перадачы зместу можна выдзеліць наступныя віды перакладу:
поўны;
няпоўны.
Няпоўны пераклад можа быць выбарачным, калі для перакладу прапаноўваецца ўрывак з тэксту. У старэйшых класах можна праводзіць і анатацыйны пераклад ці рэфератыўны, калі на аснове тэксту арыгінала на рускай мове вучні пішуць яго анатацыю або рэферат на беларускай мове.
Паводле адпаведнасці арыгіналу выдзяляюцца:
адэкватны (раўнацэнны) пераклад;
вольны пераклад, гэта так званы пераклад-пераказ, які часта практыкуецца ў школе, калі пасля знаёмства з тэкстам арыгінала на рускай мове вучні пераказваюць яго па беларуску.
3. Прыёмы перакладу
Усе прыёмы перакладу можна падзяліць на два віды: падстаноўкі і трансфармацыі.
Прыёмы перакладу, якія заснаваны на максімальна магчымым сэнсава-структурным паралелізме мовы арыгінала і мовы перакладу, называюць падстаноўкамі.
Прыёмы перакладу, якія выкарыстоўваюць адыход ад магчымага сэнсава-структурнага паралелізму тэксту арыгінала і перакладу, называюць трансфармацыямі.
З падстаноўкамі мы маем справу, калі перакладаем амаль слова ў слова, радок у радок, толькі падстаўляючы замест слоў і спалучэнняў адной мовы словы і спалучэнні іншай мовы, а пры трансфармацыях тэкст перакладу ў пэўнай ступені адрозніваецца ад тэксту арыгінала. Напрыклад:
- Наша Лида замечательный человек. Не правда ли? (А.Чехов. Дом с мезонином) – Наша Ліда цудоўны чалавек. Хіба не так? (Пер. М. Татура).
Тут першы сказ перакладзены з дапамогай падстановак, а пры перакладзе другога сказа выкарыстаны трансфармацыі.
Падзел прыёмаў перакладу на падстаноўкі і трансфармацыі заснаваны на наяўнасці (або адсутнасці) у абедзвюх мовах моўных паралеляў. Такія паралелі існуюць паміж любой парай моў, бо, калі б іх не было зусім, пераклад з адной мовы на іншую быў бы немагчымы.
Выяўленне ўзаемазамяняльных моўных адзінак на аснове тэкстаў арыгінала і перакладу дазваляе зразумець механізм перакладу і паказаць вучням, як дзейнічае гэты механізм.
Агульнасць паходжання ўсходнеславянскіх моў, блізкасць іх гістарычнага развіцця і ўзаемадзеянне на сучасным этапе абумовілі наяўнасць у беларускай і рускай мовах аднолькавых ці блізкіх слоў (слолвазлучэнняў, зваротаў).
Аналіз беларуска-рускіх узаемаперакладаў дазваляе выявіць наступныя самыя агульныя віды адпаведнасці: пастаянныя адпаведнікі (або эквіваленты), варыянтныя адпаведнікі і безэквівалентнасць.
Моўныя адзінкі ў мове арыгінала і перакладу маюць пастаянныя (сталыя) раўназначныя адпаведнікі (эквіваленты), якія звычайна не залежаць ад кантэксту.
Гэтыя адпаведнікі могуць цалкам супадаць па сваёй будове і значэнні, мець аднолькавае ці блізкае напісанне і вымаўленне (так званыя абсалютныя эквіваленты), яны узаемазамяняльныя ў любых кантэкстах: бел. галава – рус. голова, ехаць у горад – ехать в город. Такія лексемы, фраземы, сінтаксічныя адзінкі – агульнаславянскія ці агульнаўсходнеславянскія па паходжанні, яны маюць аднолькавыя (ці блізкія) гучанне і напісанне, граматычную форму, кампаненты, стылістычную афарбоўку, маюць аднолькавае значэнне.
За выключэннем адзінкавых формаў усе словы ў арыгінале і перакладзе супадаюць будовай і занчэннем, амаль супадае і іх напісанне (ці вымаўленне). Пры перакладзе звычайна не ўзнікае ніякіх складанасцей з названым тыпам адпаведнасці, бо ён патрабуе простай моўнай падстаноўкі.
Пастаянныя адпаведнікі (эквіваленты), супадаючы па значэнні і функцыі, могуць мець зусім іншы гукавы воблік (напісанне і вымаўленне): рус. строить – бел. будаваць; могуць супадаць па будове ( рус. рисовать карандашом – бел. маляваць алоўкам) ці адрознівацца прыназоўнікам (рус. выйти во двор – бел. выйці на двор), склонам (рус. благодарить кого-то – бел. дзякаваць некаму), склонам і прыназоўнікам ( рус. смеяться над чем-то – бел. смяяцца з нечага) і інш. Такія адпаведнікі цалкам ахопліваюць значэнне ўсяго слова ці выразу і ўзаемазамяняльныя ў любых кантэкстах.
Пастаянныя адпаведнікі (эквіваленты) могуць супадаць па значэнні, але адрознівацца стылістычнай, экспрэсіўнай афарбоўкай: рус. предоставить – бел. даць; изьявить – выказаць.
Моўныя адзінкі ў арыгінале і перакладзе маюць варыянтныя адпаведнікі, г. зн. такія адпаведнікі, якія ўстанаўліваюцца паміж словамі ці выразамі, калі ў мове перакладу для перадачы таго ці іншага значэння існуе некалькі варыянтаў і патрэбна выбраць адзін з іх.
Так, напрыклад, рускай лексеме коробка адпавядаюць у беларускай мове лексемы каробка, скрынка, пачак, скрыначка, бляшанка, кардонка. У залежнасці ад пэўнай маўленчай сітуацыі мы выбіраем адпаведнае слова.
Такі выбар можа быць нескладаным, калі кожны з адпаведнікаў цалкам ахоплівае значэнне ўсяго слова іншай мовы і супадае іх стылістычная афарбоўка: рус. затем – бел. затым, потым; зря – дарэмна, дарма.
Часцей за ўсё пры перакладзе з адной мовы на іншую перакладчык стаіць перад выбарам аднаго варыянта з некалькіх прапанаваных . Гэта і выбар пэўнай адзінкі з сінанімічнага раду, і выбар канкрэтнага значэння мнагазначнай адзінкі, і размежаванне амонімаў. Простае параўнанне любога двухмоўнага слоўніка паказвае, што да аднаго слова ў яго левай частцы прыводзіцца некалькі ў правай.
3. Моўныя адзінкі арыгінала не маюць адпаведнікаў у перакладзе. Гэта так званая безэквівалентнасць, але яе не трэба разумець як поўную адсутнасць у мове перакладу сродкаў для перадачы пэўных моўных адзінак арыгінала. Пад безэквівалентнасцю адзінак звычайна разумеюць толькі тое, што яны не маюць гатовых адпаведнікаў (слоў ці выразаў), якія можна ўзяць і падставіць замест іх у перакладзе. У беларускай мове гэта, напрыклад, верашчака, ваўкалак, імшара, прыгон і многія іншыя.
У рускай мове безэквівалентнымі (у адносінах да беларускай мовы) выступаюць, напрыклад, словы отчество (імя па бацьку), пряность (вострая прыправа), якія не маюць у беларускай мове аднаслоўнага адпаведніка.
Падабенства сінтаксічных канструкцый беларускай і рускай моў часцей за ўсё дае магчымасць перакладаць слова ў слова, не змяняючы структуры сказа і парадку слоў ў ім. Аднак нярэдка, перакладаючы, даводзіцца выкарыстоўваць разнастайныя граматычныя трансфармацыі, г. зн. цалкам ці часткова перабудоўваць сказ, замяняць адну часціну мовы ці член сказа на іншыя. Такія змены часам неабходныя нават пры наяўнасці ў мове, на якую перакладаюць, аналагічнай структуры.
Адна з такіх трансфармацый – замена часцін мовы. Напрыклад: Сальная свеча пылала дрожащим хмурым пламенем (А. Бунин. Лапти) – Сальная свечка палала дрыготкім хмурым полымем. (Пер. Я. Скрыгана).
Дзеепрыметнік дрожащим перакладзены прыметнікам дрыготкі, бо беларускай мове не ўласціва ўжыванне дзеепрыметнікаў цяперашняга часу.
Такія асноўныя прыёмы перакладу, якімі карыстаюцца і прафесійныя перакладчыкі, і вучні, калі перакладаюць тэкст з адной мовы на іншую. Веданне вучнямі розных прыёмаў перакладу карыснае не толькі тым, што на іх аснове ўстанаўліваецца адпаведнасць арыгінала і перакладу. Кожны з такіх прыёмаў можа быць выкарыстаны ў працэсе перакладу канкрэтнага тэксту. Пэўна, няма неабходнасці паведамляць і тлумачыць вучням такія тэрміны, як “адэкватны пераклад”, “падстаноўкі”, “трансфармацыя”, “пастаянны адпаведнік”, “ варыянтны адпаведнік”, “безэквівалентансць” і інш., бо тэрміналогія спецыяльна на ўроках перакладу не вывучаецца. Дастаткова, калі вучні проста будуць умець карыстацца патрэбнымі ім прыёмамі перакладу.
Характарыстыка прыёмаў перакладу адбываееца ў час выканання пэўных заданняў (пераклад тэкстаў, частак тэксту, сказаў), і патрэбна настаўніку ўвесь час акцэнтаваць ўвагу вучняў на магчымых варыянтах перакладу і выбары з іх найбольш прымальнага ў кожным канкрэтным выпадку.
пераклад беларускай мова
4. Праца над перакладам
Праца над перакладам патрабуе строгай паслядоўнасці, што абумоўлена цяжкасцямі моўнага, тэкставага характару: ад працы са словам, словазлучэннямі, фразеалагізмамі, сказамі – да тэкстаў, падабраных па пэўных лексічных, граматычных ці стылістычных прыметах.
Перш за ўсё тэкст перакладу павінен быць даступным для вучняў. Занадта лёгкі, прымітыўны тэкст згладжвае разыходжанні паміж словамі, зводзіць да нуля саму сутнасць перакладу, і наадварот, вельмі цяжкае заданне адбівае ўсякую цікавасць і ахвоту да працы.
Адпаведна тэксты падбіраюцца з улікам пэўных фактараў, што не супадаюць у беларускай і рускай мовах ( аб’ём значэння, спалучальныя магчымасці, структура, формы змянення). Інакш праца над перакладам звядзецца да механічнай замены адных моўных з’яў іншымі. У такіх выпадках сам тэкст вымушае перакладаць літаральна – слова ў слова, радок у радок.
Праграма па беларускай мове прадугледжвае навучанне перакладу тэкстаў розных стыляў і жанраў. Творы, розныя ў жанрава-стылёвых адносінах, істотна адрозніваюцца і сваімі моўнымі асаблівасцямі. У тэкстах навуковага стылю шырока ўжываюцца спецыяльныя тэрміны, устойлівыя выразы, сінтаксіс пераважна ўскладненай будовы, яму не ўласцівы эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначныя словы. Гутарковы стыль, наадварот, пазбягае спецыяльнай тэрміналогіі, імкнецца да экспрэсіўнасці і эліптычнасці, што адбіваецца і на лексіцы, і на сінтаксісе.
У гэтай сувязі пры выбары тэксту для перакладу трэба улічваць наступныя патрабаванні:
- неабходнасць аналізу тэкстаў розных функцыянальных стыляў і тыпаў паводле лагічнай схемы (апісанне, апавяданне, разважанне);
- змястоўнасць;
- насычанасць пэўнымі моўнымі з’явамі;
- адпаведны аб’ём (крыху меншы за аб’ём кантрольнай дыктоўкі);
- даступнасць пэўнай ўзроставай групе.
Аднак галоўная праблема методыкі перакладу заключаецца нават не ў моўных асаблівасцях твораў розных стыляў і жанраў, а у тым, каб вучні адрознівалі тыя задачы, якія даводзіцца вырашаць пры перакладзе.
Так, пры перакладзе навуковага тэксту асноўнай становіцца задача па магчымасці найбольш дакладна перадаць лагічную структуру арыгінала, правільна ўзнавіць выкарыстаную сістэму тэрмінаў. Выкананне гэтай задачы звязана ў асноўным з захаваннем зместу. Што да вобразна-выяўленчых сродкаў, то яны не маюць вялікага значэння.
Для афіцыйна-дзелавога стылю задачу перакладу можна акрэсліць як дакладную перадачу зместу з абавязковым захаваннем стандартнай формы.
Спецыфіка публіцыстычных твораў – арганічнае спалучэнне лагічна-абстрактнага, або навуковага, і эмацыянальна-вобразнага, або мастацкага выкладу. Пры гэтым асаблівай увагі патрабуе спецыфічны характар вобразнасці ў публіцыстыцы, якая выкарыстоўвае сродкі мастацкай літаратуры (вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць) толькі з мэтай падкрэсліць, завастрыць пэўную думку, праблему, сацыяльную з’яву. Адпаведна асноўнай задачай пры перакладзе тэксту публіцыстычнага стылю з’яўляецца дакладнасць перадачы інфармацыі і тых моўных сродкаў, якія дапамагаюць уздзейнічаць на розум і пачуцці людзей.
Асабліва складаных перакладчыцкіх дзеянняў вымагаюць тэксты мастацкага стылю. Уласцівасці мастацкага твора – разнастайная інфармацыя, суб’ектыўнасць паняццяў, унутраная логіка – вымагаюць дасканалага і ў той жа час разнастайнага выбару моўных сродкаў, а таксама актыўнага ўзаемадзеяння такіх спецыфічных асаблівасцей мовы, як полісемія, сінанімія, перанос значэння і г. д.
Менавіта ў мастацкім перакладзе адпаведнасць арыгіналу абавязкова спалучаецца з творчым падыходам, бо асноўная задача пры перакладзе мастацкага тэксту заключаецца не ў тым, каб дакладна перадаць змест, а каб узнавіць той эстэтычны эфект, які выклікае той ці іншы твор, перадаць яго агульны тон, настрой. Прымаецца пад увагу і тое, як перадаецца сюжэтная аснова твора і ўся сістэма яго вобразаў, але павінна ўсё падпарадкоўвацца галоўнаму – узнаўленню глыбіннага тону вершаванага ці празаічнага тэксту. Паказаная ў перакладзе сітуацыя павінна не толькі ўзнаўляць тую ж рэальнасць, якую перадае арыгінал, але аднолькава ацэньвацца і ўспрымацца тым, хто чытае пераклад, выклікаць у яго аднолькавыя асацыяцыі.
Перакладаючы мастацкі твор, неабходна не толькі перадаць пэўны, канкрэтны змест на іншую мову, але і яго настрой, вобразна-эмацыянальны лад, індывідуальнасць, адметнасць стылю аўтара. Трэба шукаць такія моўныя сродкі, якія найбольш адэкватна перадавалі б змест арыгінала і ў той жа час адпавядалі выпрацаваным нормам сучаснай беларускай мовы. Асноўную ўвагу варта скіроўваць на спалучальнасць слова, што так істотна для захавання ўнутранага рытму твора.
Менавіта тып тэксту перш за ўсё вызначае выбар сродкаў перакладу.
Такім чынам, перш чым прыступіць да перакладу, трэба выразна акрэсліць задачу перакладу. З гэтай мэтай праводзіцца аналіз прапанаванага тэксту (у форме гутаркі, адказаў на пытанні), вызначаецца яго жанрава стылявая прыналежнасць, тып тэксту паводле лагічнай схемы, характэрныя моўныя і зместавыя асаблівасці, якія патрабуюць дакладнай перадачы пры перакладзе, а таксама звяртаецца ўвага на інтанацыйны малюнак (агульны тон, настрой) арыгінала, які неабходна ўзнавіць у перакладзе.
Так, кожны твор мае вельмі адчувальны свой тон, сваю танальнасць.У навуковым стылі танальнасць больш пастаянная, стрыманая, што адпавядае сур’ёзнасці выкладу; у мастацкім і публіцыстычным творах у залежнасці ад зместу і адносін аўтара танальнасць можа быць то ўрачыстай, то паэтычнай, то насмешлівай, іранічнай ці лірычна-задушэўнай. Аўтар (пісьменнік, вучоны, палітык) прыкладае нямала намаганняў, каб стварыць патрэбную танальнасць твора, знайсці для гэтага аптымальныя лексічныя і сінтаксічныя сродкі выражэння.
Метадычная схема працы над перакладам мае наступную структуру:
асэнсаванне стылю, тыпу, жанру маўлення і фарміраванне на гэтай аснове задачы перакладу;
комплексны аналіз тэксту, г. зн. характарыстыка зместавых і моўных асаблівасцей арыгінала, якія патрабуюць абавязковай перадачы ў перакладзе;
вусны пераклад тэксту з рускай мовы на беларускую;
ацэнка (самаацэнка і ўзаемаацэнка) выказванняў;
пісьмовы запіс тэксту;
удасканаленне напісанага.
Варта прывучаць вучняў заканчваць працу над перакладам літаратурнай апрацоўкай. Гэта значыць, адкласці ўбок арыгінал і абавязкова прачытаць увесь перакладзены тэкст, зважаючы на тое, ці ўсё гучыць у ім па-беларуску, ці адпавядае ён рытміка-меладычнаму складу беларускай мовы. Такая апрацоўка гатовага перакладу прывучае сур’ёзна ставіцца да кожнага слова, кожнага сказа, удумліва працаваць над кожным радком, вучыць карыстацца выпрацаванымі беларускай мовай спосабамі перадачы думкі. Настаўнік не можа задавальняца даслоўнымі перакладамі вучняў, а павінен усяляк падштурхоўваць іх да смелых творчых пошукаў, выпраўляць недахопы, тлумачыць, падказваць іншыя варыянты, разам шукаць арыгінальныя рашэнні.
Варта памятаць яшчэ адно: пераклад мастацкага твора – гэта творчасць, і таму не трэба імкнуцца да таго, каб пераклады ва ўсіх вучняў супадалі.
Розныя задачы, якія патрабуюць вырашэння пры перакладзе тэкстаў, адрозных у жанрава-стылістычных адносінах, вызначаюць і розныя патрабаванні да ацэнкі іх якасці.
Пры ацэнцы перакладаў навуковых ці афіцыйных тэкстаў, асновай якіх з’яўляецца тэрмін, у першую чаргу прымаецца пад увагу адпаведнасць тэрміналогіі, а таксама захаванне літаратурнай нормы той мовы, на якую робіцца пераклад, яе лексікі і сінтаксісу.
Крытэрыем дакладнасці для публіцыстычнага тэксту можа служыць тое, наколькі кожная дэталь у перакладзе адпавядае мэце ўздзеяння на розум (лагічнасць думкі) і пачуцці людзей (эмацыянальны выклад).
Галоўнае патрабаванне да якасці перакладу мастацкіх твораў – наколькі перададзены той эстэтычны эфект, які павінен выклікаць той ці іншы мастацкі твор, яго агульны тон, настрой. Прымаецца пад увагу ўзнаўленне сюжэтнай асновы і ўсёй сістэмы яго вобразаў, бо дакладнасць мастацкага перакладу часта разыходзіцца з дакладнасцю тэкставай
Такім чынам методыка перакладу тэкстаў розных стыляў, жанраў і тыпаў мае сваю спецыфіку, свае асаблівасці, улічваючы якія можна дасягнуць найлепшых вынікаў у навучанні гэтаму віду працы.
Заключэнне
Пераклад побач з іншымі відамі практыкаванняў па развіцці звязнага маўлення вучняў (пераказам і сачыненнем) выконвае на ўроку мовы свае, уласцівыя толькі яму, функцыі. Па-першае, школьнікі вучацца перакладаць тэксты розных стыляў і жанраў, паказваючы пры гэтым веданне законаў фанетыкі, лексікі і граматыкі беларускай мовы, уменне перадаваць не толькі змест, але і выяўленчыя сродкі, стылістычную шматграннасць арыгінала, яго рытміка-меладычны малюнак і тон. Па-другое, пераклад тэкстаў, як правіла, адначасова рыхтуе вучняў да стварэння ўласных выказванняў (напісання сачынення такога ж стылю, тыпу і жанру).
Літаратура
Валочка, Г.М. Пераклад у сістэме моўнага навучання / Г.М. Валочка// Адукацыя і выхаванне. – 1993. - № 6
Валочка, Г.М. Метадычныя аспекты навучання перакладу ў школьным курсе беларускай мовы / Г.М. Валочка// Беларуская мова і літаратура. – 1996. – Выпуск 2
Валочка, Г.М. Пераклад – праца творчая: курсы па выбары/Г.М. Валочка// Беларуская мова і літаратура. – 2003. - № 4
Ляшчынская, В.А. Навучанне і выхаванне культуры маўлення на ўроках беларускай мовы / В.А. Ляшчынская// Роднае слова. – 1999. - № 7
Ляшчынская, В.А, Шведава, З.В. Методыка выкладання беларускай мовы. Мн., 2007
Яленскі, М.Г. Методыка выкладання беларускай мовы. Мн., 2007