Фарміраванне i развіцце беларускай тэрміналогіі

2


Фарміраванне i развіцце беларускай тэрміналогіі

ЗМЕСТ

1. Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі

2. Асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця беларускай тэрміналогіі

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі

Пры аналізе фарміравання тэрміналогіі неабходна паслядоўна размяжоўваць працэс натуральнага папаўнення тэрміналагічнай лексікі ў ходзе развіцця пэўных галін навукі і ўласна тэрміналагічную работу па ўпарадкаванні гэтай лексікі. Натуральнае папаўненне тэрміналагічнай лексікі неаддзельна ад умоў развіцця і функцыянавання нацыянальнай мовы. Паколькі беларуская мова характарызуецца працягласцю і перарывістасцю яе гістарычнага развіцця, то ёсць падставы сцвярджаць, што натуральнае фарміраванне беларускай тэрміналогіі таксама з'яўляецца працяглым, але перарывістым.

Іменна перарывістасцю працэсу фарміравання беларуская мова адрозніваецца ад рускай, хоць большасць іншых славянскіх моў ў XYII—XYIII стагоддзях таксама перажыла працяглы час заняпаду і нават забыцця. Такія экстралінгвістычныя фактары, як забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 г. і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі, якія выклікалі больш чым стогадовы разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы ў XVII—XVIII стст., адмоўна ўздзейнічалі на пераемнасць натуральнага фарміравання тэрміналагічнай лексікі, паколькі замацаванне навуковых тэрмінаў адбываецца перш за ўсё ў працэсе іх ужывання ў друкаваных выданнях. Лексікаграфічная ж і ўласна тэрміналагічная работа у такіх сацыяльных умовах наогул не магла быць арганізавана. Пэўнае ўяўленне аб складзе і развіцці навуковай лексікі старабеларускай мовы маем зараз толькі з сучасных даследаванняў дзелавых помнікаў беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Многія тэматычныя пласты старабеларускай лексікі даследаваліся ў кандыдацкіх дысертацыях Бекіша В. А., Гілевіч Н. I., Даўнене 3. П., Еўтухова В. Дз., Зяневіча 3. А., Казачонак Т. Г., Корчыца М. А., Крапівіна П. Ф., Купрэенкі В. А., Лазоўскага У. М., Марчанкі А. 3., Паповай Г. В., Скурата К. У., Шыкаловіча А. К., Шадурскага I. В., Чартко I. I. і інш.

Першапачатковай асновай фарміравання тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы правамерна лічыць намінацыі розных прадметаў і з'яў прыроды ў народным маўленні і пазней фіксацыю гэтых намінацый у пісьмовых помніках старабеларускай мовы.

У гэтай сувязі неабходна адзначыць вялікую ролю пісьмовай традыцыі, развітых лексічных, словаўтваральных, граматычных і іншых моўных сродкаў у развіцці тэрміналогіі кожнай нацыянальнай мовы, у тым ліку і беларускай. Так, нягледзячы на больш чым стогадовы перыяд заняпаду, забароны ў афіцыйнай сферы і ў пісьмовай форме ў XYII—XIII стагоддзях, дзякуючы старажытнай пісьмовай традыцыі, высокаму ўзроўню развіцця беларускай мовы ў XIY—першай палове XYII стагоддзяў, на беларускай літаратурнай мове ў XIX стагоддзі былі створаны не толькі шэдэўры мастацкай літаратуры, але і напісаны навукова-папулярныя творы, творы палітычнай сатыры і інш. Гэтая ж з'ява наглядаецца і ў іншых славянскіх мовах. І нягледзячы на тое, што працяглы перыяд заняпаду і забароны ў пісьмовай форме дае падставу некаторым даследчыкам гаварыць аб страце старажытнай беларускай пісьмовай традыцыі, мы і сёння карыстаемся многімі юрыдычнымі, грамадска-палітычнымі, эканамічнымі, гандлёвымі і іншымі тэрмінамі старабеларускай мовы, зафіксаванымі ў Статутах ВКЛ (1522, 1566, 1588 гг.) і шматлікіх іншых старабеларускіх тэкстах. Колькасць такіх тэрмінаў, іх словаўтваральныя і спалучальныя магчымасці ў развіцці сучаснай беларускай тэрміналогіі такія значныя, што мы лічым гэтыя словы асновай фарміравання беларускай тэрміналогіі.

Таму для разумення працэсу развіцця беларускай тэрміналогіі вельмі важна ўзгадаць аб узнікненні і развіцці пісьменнасці на Беларусі.

Узнікненне пісьменнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбывалася адначасова з узнікненнем пісьменнасці ва ўсёй Кіеўскай Русі. Розныя надпісы, зробленыя кірыліцай рамеснікамі Кіева, Ноўгарада, Полацка, Смаленска, Чарнігава і іншых старажытнарускіх цэнтраў на прадметах бытавога прызначэння, дазволілі сучасным даследчыкам прыйсці да вываду, што пісьменнасць на Русі мела значнае распаўсюджанне і не канцэнтравалася толькі пры рэлігійных і культурна-палітычных цэнтрах. У аднолькавай ступені гэта адносіцца і да заходняй часткі Кіеўскай Русі, на тэрыторыі якой існавалі буйныя цэнтры старажытнарускай пісьменнасці.

Захаваліся археалагічныя помнікі матэрыяльнай культуры XIXII стст., якія сведчаць аб шырокім распаўсюджанні пісьменнасці сярод насельніцтва заходняй часткі былой старажытнарускай дзяржавы. Гэта восем камянёў-валуноў з надпісамі на тэрыторыі Полацкага княства, пастаўленых або як помнікі ў гонар якіх-небудзь знатных людзей, падзей, або як пагранічныя знакі. 3 археалагічных знаходак трэба адзначыць і знойдзены ў час раскопак у Пінску ў 1955 г. гліняны гладыш з надпісам ярополчно вино, што па меркаваннях даследчыкаў азначае 'віно Яраполка'. Надпіс адносяць да XI ст.

На тэрыторыі Беларусі знойдзена таксама некалькі прасліц (шыферных кольцаў, што надзяваліся на верацёны), якія адносяцца да ХІ—XV стст., з надпісамі кірыліцкімі літарамі.

Знойдзеныя ў Смаленску, Віцебску, Мсціславе дзелавыя запісы і прыватныя лісты на бытавыя і гаспадарчыя тэмы на бяросце (берасцяныя граматы) таксама сведчаць аб шырокім выкарыстанні пісьма ў заходняй Русі і з'яўляюцца сродкам фіксацыі некаторых моўных намінацый прадметаў і паняццяў рэчаіснасці таго часу, у тым ліку і намінацый тэрміналагічнага характару. Так, у тэксце знойдзенай у 1959 г. у Віцебску берасцянай граматы, якая адносіцца да XIII—XIV стст., можна вылучыць наступныя словы, што ўвайшлі ў склад тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы і сталі асновай для стварэння асобных тэрмінаў з розных галін гаспадарчай дзейнасці: грыўня, жыта, купіць, наяўнасць, прадаць. Ад Сцяпана к Няжылу. Калі ты прадаў адзенне, то купі мне жыта за 6 грыўняў. А калі чаго не прадаў, то прышлі мне ў наяўнасці. Калі ж прадаў, то, дабрадзей мой, купі мне жыта (грамата захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі). Каля 480 выяўленых пры раскопках старажытнарускіх гарадоў дакументаў і прыватных лістоў на бяросце XI—XV стст., таксама як і надпісы на прадметах бытавога прызначэння, сведчаць, што ў Старажытнай Русі і ў Вялікім княстве Літоўскім пісьменнасць была пашырана не толькі сярод феадалаў, духавенства, але і сярод простых гараджан, жанчын.

На тэрыторыі былых заходнерускіх зямель знойдзена некалькі старажытных рукапісных кніг XI ст. Да іх адносяцца вядомы Слуцкі псалтыр, урывак Тураўскага евангелля, Супрасльскае евангелле і Супрасльскі рукапіс, знойдзеныя ў Супрасльскім манастыры паблізу Беластока. Гэтыя кніжныя помнікі напісаны на стараславянскай мове з некаторымі ўсходнеславянскімі моўнымі асаблівасцямі (канчатак -тъ у трэцяй асобе дзеясловаў, спалучэнне -ро- замест стараславянскага -ра-). Месца напісання гэтых кніг дакладна не вызначана, аднак сам факт іх знаходжання ў Беларусі безумоўна звязаны з развіццём кніжнасці на беларускіх землях.

Захаваліся мясцовыя пісьмовыя помнікі XII ст., значную частку якіх складаюць перапісы твораў царкоўнай літаратуры з захаваннем стараславянскай мовы арыгіналаў і слабым адлюстраваннем усходнеславянскіх моўных асаблівасцей. Арыгінальных твораў таго часу захавалася мала, яны дайшлі да нас пераважна ў больш позніх копіях.

Заходнерускія землі далі плеяду таленавітых пісьменнікаў, слава аб якіх распаўсюдзілася па ўсёй Кіеўскай Русі. Сярод іх епіскап Кірыл, які праславіў сябе высокамастацкімі казаннямі, Клімент Смаляціч і Аўрамій Смаленскі, Ефрасіння Полацкая, з імем якой звязан адзін з нямногіх дзелавых запісаў XII ст., што дайшоў да нас,— надпіс на крыжы, падараваным ёю ў 1161 г. Спаскай царкве ў Полацку.

XIII стагоддзе ў гісторыі пісьменнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі характарызуецца значна большай колькасцю помнікаў, больш разнастайным характарам іх тэматыкі, што звязана і з больш шырокім выкарыстаннем лексікі, якая служыла для намінацыі прадметаў, з'яў прыроды, паняццяў гаспадарчага і грамадскага жыцця. У гэтых помніках больш шырока адлюстраваны моўныя асаблівасці, якія вылучалі насельніцтва заходняй Русі яшчэ ў межах Полацкага і Тураўскага княстваў ад астатняй часткі Кіеўскай Русі і пачалі праяўляцца ў значна большай ступені з ростам феадальнай адасобленасці.

Апошняе дае падставы даследчыкам лічыць XIII стагоддзе пачатковым этапам фарміравання старабеларускай мовы і беларускай народнасці.

Буйнейшы даследчык беларускай мовы Я. Ф. Карскі адзначаў, што асноўныя асаблівасці сучасных беларускіх гаворак склаліся не пазней XIII ст.. Аб існаванні ў канцы XIV ст. беларусаў з уласцівай ім мовай пісаў Ф. Энгельс.

Далейшае развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага, дзе заходнеруская пісьмовая мова была афіцыйнай дзяржаўнай мовай. Паколькі ў дзелавых помніках таго часу праяўляюцца як беларускія, так і ўкраінскія моўныя рысы, то помнікі з больш яскравымі беларускімі рысамі адносяць да ліку помнікаў старабеларускай мовы (рэдакцыі Статута (1529, 1566, 1588), Слуцкі летапіс, Летапіс Рачынскіх, Супрасльскі летапіс, Летапіс Быхаўца, Баркулабаўскі летапіс, перакладная Александрыя, перакладныя аповесці аб трох каралях, аб Трыстане і інш.). 3 XV ст. у Беларусі адкрываюцца першыя школы.

У 1517 г. вядомы беларускі асветнік Францыск Скарына з Полацка выдае ў Празе першую ва ўсходнеславянскім свеце друкаваную кнігу («Псалтыр») на стараславянскай мове, у 1517—1519 гг.— «Біблію» ў перакладзе на пісьмовую беларускую мову таго часу са сваімі прадмовамі, каментарыямі і тлумачэннямі. Затым у Вільні ён выдае «Малую падарожную кніжыцу» і «Апостал», у якіх у значнай ступені адлюстраваліся асноўныя рысы беларускага маўлення і ў прыватнасці — у лексіцы тэрміналагічнага характару (вызволити, даремный, дорослый, досконалый, збройный, листъ, мовца, научение, небезбеченство, отчина, разумность, речи добрые, скарб, час).

Усходнеславянскае кнігадрукаванне, пачатае Ф. Скарынай, прадоўжылі выдатныя кнігадрукары Б. Ваяводка, С. Будны, В. Цяпінскі, I. Фёдараў, П. Мсціславец, Мамонічы, В. Гарабурда, Я. Карцан, Д. Лянчыцкі, Я. і П. Кміты, С. Собаль і інш.

У другой палавіне XVI—XVIII ст. кнігадрукаванне на тэрыторыі Беларусі (у Брэсце, Нясвіжы, Цяпіне, Лоску, Вільні, Ашмяне Мураванай, Любчы, Слуцку, Магілёве, Мінску, Куцейне, Буйнічах, Бялынічах, Полацку, Гродне, Супраслі, Пінску, Слоніме, Заслаўі і іншых беларускіх гарадах і мястэчках) распаўсюджваецца яшчэ шырэй. Гэтым тлумачыцца той факт, што беларуская пісьменнасць у параўнанні з пісьменнасцю іншых усходнеславянскіх народаў найбольш багата старадаўнімі друкаванымі кнігамі. Кнігі ў друкарнях XVI—XVIII стст. выдаваліся на старабеларускай, стараславянскай, польскай, лацінскай мовах.

Надрукаваная ў гэты перыяд літаратура складалася перш за ўсё з царкоўных твораў, а таксама з твораў, звязаных з грамадска-палітычнай і рэлігійнай барацьбой паміж прыхільнікамі і праціўнікамі царкоўнай уніі, паколькі болыпасць друкарняў належала мясцовым магнатам, праваслаўным брацтвам ці езуітам і каталіцкім манастырам. Свецкі характар мела толькі некаторая частка кніг: граматыкі, слоўнікі, буквары, календары, у якіх зафіксавана значная колькасць тэрміналагічнай лексікі. У палемічных творах выкарыстоўвалася грамадска-палітычная тэрміналогія.

Кнігі больш позняга перыяду паўней адлюстроўвалі народную беларускую мову. Калі першая надрукаваная ў Віленскай друкарні граматыка братоў Мамонічаў «Кграматыка словенська езыка...» (1586) была арыентавана на кніжнаславянскую мову, то ўжо выдадзеная ў Вільні ў 1596 г. «Граматика словенска» давала тлумачэнні з выкарыстаннем жывой народнай мовы. Друкаваныя слоўнікі з'яўляюцца ў Беларусі ў канцы XVI ст., у прыватнасці «Лексис» Лаўрэнція Зізанія.

У літаратуры выкарыстоўвалася пераважна кірыліцкае пісьмо, хоць у Беларусі існавалі і польска-лацінскія друкарні. Так, друкарня Мамонічаў, у якой было выдадзена асабліва многа розных па зместу кніг, у апошні перыяд свайго існавання выдавала больш лацінічных кніг, чым кірыліцкіх.

2. Асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця беларускай тэрміналогіі

Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню як беларускай мовы наогул, так і тэрміналагічнай лексікі ў XIV—XVII стст., можна аднесці, па-першае, тое, што з другой палавіны XIV ст. пісьмовая беларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага. Гэта спрыяла развіццю поўнафункцыянальнасці старабеларускай мовы, фарміраванню яе асноўных стыляў, у тым ліку навуковага.

Па-другое, як ужо адзначалася, у першай палавіне XVI ст, у Беларусі ўзнікла, а к сярэдзіне XVI ст. атрымала шырокае распаўсюджанне кнігадрукаванне, якое ў значнай ступені садзейнічала выпрацоўцы лексічных норм, расшырэнню слоўніка, замацаванню намінацый новых навуковых паняццяў у моўнай практыцы.

Найбольш развітымі (з пункту погляду натуральнага фарміравання) галінамі тэрміналогіі ў XIV—XVII стст. былі тыя, якія абслугоўвалі асноўныя напрамкі гаспадарчага, навуковага і грамадскага жыцця беларускага народа. Гэта грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, промыславая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.

Грамадска-палітычная, юрыдычная тэрміналогія. Фармаванне гэтай тэрміналогіі было найбольш раннім і інтэнсіўным у параўнанні з іншымі галінамі старабеларускай тэрміналогіі дзякуючы функцыянаванню мовы ў якасці дзяржаўнай. Захавалася мноства помнікаў дзелавога пісьменства старабеларускай мовы, напісаных у канцы XIV — першай палавіне XVII ст. Гэта дакументы, складзеныя пры канцылярыі вялікага літоўскага князя і ў мясцовых дзяржаўных установах Вільні, Гродна, Магілёва, Брэста, Полацка, Мсціслава, Навагрудка і інш., некаторыя дакументы напісаны пры двары польскага караля і адрасаваны ў Літву, асобныя дакументы складзены на Украіне, у якіх пісцы, імкнучыся прытрымлівацца афіцыйнага беларускага пісьма, ахвяравалі некаторымі фанетычнымі, граматычнымі і лексічнымі з'явамі жывой украінскай мовы.

Буйнейшым помнікам старабеларускага пісьменства з'яўляецца «Літоўская метрыка», якая ўключае разнастайныя дагаворы, акты, граматы, запісы, прывілеі, Статуты канцылярыі Вялікага княства Літоўскага. Значную ролю ў станаўленні грамадска-палітычнай тэрміналогіі адыгралі творы старабеларускай палітычнай сатыры і палемікі (прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, «Прамова Мялешкі», «Пісьмо да Абуховіча»).

Асноўную частку грамадска-палітычных тэрмінаў у пералічаных помніках складаюць агульныя для ўсходнеславянскіх моў тэрміны, якія ўзніклі ў працэсе шматвяковага гаспадарчага і культурнага ўзаемадзеяння ўсходнеславянскіх плямён і народнасцей на тэрыторыі Старажытнай Русі: копа, мыто (пошліна), оброкъ, окупъ, переметъ, послухъ, право, ремесленикъ, рубель, челядинъ і г. д. Многія з гэтых тэрмінаў зараз з'яўляюцца гіста-рызмамі, другая частка пасля пэўных фанетычных і граматычных змен увайшла ў сучасную беларускую тэрміналогію.

Значнае месца займаюць тэрміны, узятыя з народнай мовы. Яны ўтвораны шляхам тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў або з дапамогай словаўтваральных сродкаў старабеларускай мовы: сведка (ст.-рус. послухъ), забойца (ст.-рус. головникъ), статок, статки (ст.-рус. добытокъ, имение) і г. д. Частка гэтых тэрмінаў замацавалася ў беларускай грамадска-палітычнай тэрміналогіі: держава, звычай, здрадца, листъ, пильноватъ, позыченье, помста, пригонъ, пригонныя люди, сварка, умова, шыбеница і г. д.

Нярэдка ў дзелавых дакументах і творах палітычнай сатыры сустракаюцца варыянты тэрмінаў старажытнарускага і мясцовага, больш позняга паходжання. Некаторыя тэрміны, якія ўвайшлі ў гэтыя творы з жывой беларускай мовы, не замацаваліся пасля ў старабеларускай і сучаснай тэрміналогіі ў выніку працэсаў стылістычнай дыферэнцыяцыі, актыўнага выкарыстання некаторых запазычаных слоў, якія першапачаткова ўжываліся толькі ў пэўных рэгіёнах, а пазней распаўсюдзіліся на шырокай тэрыторыі: бонда (частка, выдзелены пай), клетка (лаўка, крама), камора (таможня) і г.д.

Каля 10% ад усёй колькасці юрыдычных і справаводчых тэрмінаў старабеларускай мовы складаюць запазычанні з польскай і іншых заходнееўрапейскіх моў, а таксама з лацінскай (часта праз польскую): авантюра, акт, апеляция, вага, грунт (аснова, падстава), декретъ, конституция, коштъ, мандатъ, пляцъ, рахунокъ, скарбникъ, скарбовый, скарга і інш.

Пранікненне гэтых тэрмінаў у старабеларускую пісьмовую мову было выклікана неабходнасцю наймення новых для таго часу з'яў і паняццяў грамадскага жыцця, і таму асноўная частка запазычаных тэрмінаў захавалася ў сучаснай беларускай тэрміналогіі. Аднак узрастальнае ўздзеянне польска-лацінскай пісьменнасці на беларускую ў XVI—XVII стст. нярэдка прыводзіла да пранікнення неапраўданых паланізмаў і лацінізмаў у старабеларускую пісьмовую мову наогул і ў грамадска-палітычную тэрміналогію ў прыватнасці: посэльство (даручэнне), кроль (кароль), пенязи (грошы), члонки (члены), звытяжство (перамога), варунокъ (умова) і г. д.

Часам сустракаюцца ў грамадска-палітычнай і юрыдычнай тэрміналогіі і царкоўнаславянскія элементы: вражда, милосердие, стражъ, благочестие і г. д. Некаторыя грамадска-палітычныя тэрміны царкоўнаславянскага паходжання (брение, воставати, гнушатися, десница, нищий, просвещати, смирити, страна, упредити і інш.) выкарыстоўваюцца ў пісьмовых помніках канца XIV — пачатку XVIII ст. як варыянты побач з існуючымі ў старабеларускай мове тэрмінамі з каранёвымі марфемамі нецаркоўнаславянскага паходжання, што дае падставу даследчыкам сцвярджаць, што частка лексікі царкоўнаславянскай мовы лічылася пісцамі таго часу блізкай і зразумелай чытачу. Гэта ў сваю чаргу сведчыць аб магчымасці ўплыву царкоўнаславянскай мовы на фарміраванне грамадска-палітычнай тэрміналогіі.

Гандлёвая тэрміналогія. Актыўны працэс фарміравання гандлёвай старабеларускай тэрміналогіі пачаўся ў XV ст., разам з бурным развіццём гарадоў з іх рамеснай і гандлёвай дзейнасцю. На тэрыторыі Беларусі ў Вялікім княстве Літоўскім у гэты час узнікалі буйныя лакальныя рынкі, цэнтрамі якіх былі Мінск, Брэст, Віцебск. У таварна-грашовыя адносіны ўцягвалася таксама і вёска. Узрослыя ўнутраныя гандлёвыя сувязі садзейнічалі дастаткова цесным кантактам насельніцтва, што спрыяла фарміраванню адзінай лексікі, у тым ліку адзінай гандлёвай тэрміналогіі.

Спрыяльны ўплыў на расшырэнне гандлёвай тэрміналогіі аказваў таксама знешні гандаль гарадоў Вялікага княства Літоўскага з растучымі гарадамі Рускай дзяржавы, а пасля разгрому Тэўтонскага ордэна — з Захадам, праз Прыбалтыку, прычым афіцыйнае афармленне гандлёвых сувязей ажыццяўлялася на старабеларускай мове.

Гандлёвая тэрміналогія старабеларускай мовы як ядро вельмі шырокага і разнастайнага па складу пласта старабеларускай гандлёвай лексікі ўключае тэрміналагічныя назвы арганізацыі гандлёвага працэсу, працэсаў і дзеянняў куплі-продажу, спосабаў куплі-продажу, асоб, занятых у гандлі, таварных якасцей прадметаў куплі-продажу, месц гандлю і гандлёвых збудаванняў, гандлёвых пошлін.

Асноўную частку гандлёвай тэрміналогіі складае спрадвечная лексіка, каля 40% якой адносіцца да агульнаўсходнеславянскага перыяду: вага, важити, весецъ, грошъ, золотникъ, купецъ, купити, купля, локоть, мена, мерка, мехъ, мостовое, мыто, перекупъ, номерное, прибытокъ, продавати, торговля, торговое, цена, чоповое і інш.

Каля 60% спрадвечнай гандлёвай тэрміналогіі складаюць тэрміны, утвораныя спосабам тэрміналагізацыі старабеларускіх слоў, іншымі спосабамі тэрмінаўтварэння і стварэння неалагізмаў на старабеларускай моўнай аснове ў перыяд раздзельнага існавання ўсходнеславянскіх моў. Значная частка гэтых тэрмінаў з прычыны гістарычных умоў з'яўляецца агульнай з украінскай, польскай, чэшскай гандлёвай тэрміналогіяй XV— XVII стст.: гандель, глякъ, жалезнік, клетка, крама, коштъ, купованне, речи, рынок, стадола, танный, уздоймом, уторговати і г. д.

Некаторыя тэрміны, якія ўзніклі ў XV—XVII стст., з'яўляюцца састаўнымі, пераважна двухслоўнымі, у якіх адно слова — тэрмін агульнаўсходнеславянскага перыяду, другое надае гэтаму тэрміну новае, больш канкрэтнае значэнне: вага Полацкая, вес Мстиславский, мера Берестейская і г. д.

Значную частку старабеларускай гандлёвай тэрміналогіі складаюць запазычанні. Многія з іх увайшлі ў старабеларускую тэрміналогію з рускай мовы або праз яе пасрэдніцтва: алтын, аршин, деньга, копейка, половинка, з польскай або праз яе пасрэдніцтва: барыл, дукат, кварта, кесяк, левик, монета і інш. Некаторыя тэрміны былі запазычаны з літоўскай мовы: кентвиртайня, воск (вагавая адзінка), пундель; з нямецкай: кипа, лаштъ, тузинъ, центноръ і інш.

Даволі часта ў гандлёвай тэрміналогіі XV—XVII стст. сустракаюцца сінанімічныя рады або пары, якія складаюцца са слоў агульнаўсходнеславянскага перыяду, старабеларускіх і запазычаных: торгъ — купецтво — гандель; товаръ — речи — рухлядь; купля — торгъ — крамъ; агуломъ — уздаймомъ і інш.

Сельскагаспадарчая тэрміналогія. У цэлым тэрміналогія, якая выкарыстоўвалася ў старабеларускай мове для намінацыі зямельных уладанняў; прылад апрацоўкі зямлі, разнастайных працэсаў сяўбы і ўборкі ўраджаю; асоб, занятых у сельскай гаспадарцы і г. д., з'яўляецца агульнай для ўсходнеславянскіх моў: борона, жито, косити, истрава, копа, молотити, овесъ, аранье, сеянье, снопъ, ярица і інш.

Колькасць уласна беларускіх інавацый (ботвинье, збожье, зерне, насенье, стайня) тут значна меншая ў параўнанні з грамадска-палітычнай і гандлёвай тэрміналогіяй. Запазычанні старабеларускага перыяду ў сельскагаспадарчай тэрміналогіі адзінкавыя.

У параўнанні з іншымі галінамі сельскагаспадарчая тэрміналогія характарызуецца асабліва вялікай ступенню варыятыўнасці і сінанімічнасці. У значнай меры гэта можна растлумачыць тым, што ў сінанімічных радах гэтай тэрміналогіі знайшлі адлюстраванне працэсы ўзаемапранікнення (у выніку практычнага выкарыстання) элементаў лексікі старажытнарускай, жывой беларускай, польскай моў і разнастайных мясцовых гаворак, напрыклад: служба, потяглъ, потугъ, подымье — для абазначэння цяглавага сялянскага землеўладання; дворище, подворье, избище, селище, садиба — для абазначэння месца размяшчэння сялянскай хаты з гаспадарчымі прыбудовамі. Сустракаюцца пары, якія складаюцца з тэрміна ўсходнеславянскага паходжання і паланізма: именье — маёнтокъ.

Промыславая тэрміналогія. Тэматычна тэта тэрміналогія пчалярства (бортніцтва), рыбалоўства, палявання, солеварэння, вытворчасці будаўнічых, бытавых і транспартных матэрыялаў (гонты, клёпак для бочак, палазоў, дуг, дзёгцю, смалы) і г. д. Аснову прамысловай тэрміналогіі складаюць тэрміны старажытнарускага паходжання, якія служаць для абазначэння розных працэсаў, матэрыялаў, прылад, прадуктаў працы і асоб, звязаных з пералічанымі промысламі беларускага на­рода: бобровище, воскъ, долото, дубрава, ловъ (звериный, пташный, рыбный), лубъ, лукъ, лыко, охотникъ, сеть, стрелецъ, стругъ і г. д.

Значную частку промыславай тэрміналогіі складаюць уласна беларускія тэрміны: копылъ, кубелъ, лезиво, лесничий, обрубъ, оступъ, пчельница, свепетъ і г.д. Некаторыя з іх вядомы ў польскай мове: затока, лезиво, пушча, рубеж і г.д.

Нешматлікія запазычанні з нямецкай, французскай, шведскай і іншых моў праніклі ў старабеларускую мову праз польскую, літоўскую і рускую мовы-пасрэдніцы: барсук, бровар, горностай, карпъ, плотка, сагайдакъ, шатеръ і інш.

Ваенная тэрміналогія. Знаходзячыся ў геаграфічным цэнтры Еўропы, насельніцтва Беларусі прымала ўдзел у важнейшых ваенных падзеях XIV—XVIII стст. Таму цалкам заканамерна, што ў старабеларускай мове сфар-міравалася шырокая тэматычная група лексікі, якая адлюстроўвала даволі высокі ўзровень развіцця ваеннай справы таго часу. Ядром гэтай тэматычнай групы з'яўляецца ваенная тэрміналогія, прадстаўленая пераважна намінацыямі зброі, войска, удзельнікаў узброенай барацьбы.

Да ліку найбольш старажытных адносяцца тэрміны, якія ўзніклі ў агульнаславянскую эпоху. З семантычнага боку яны вылучаюцца агульным характарам абазначаемых паняццяў і рэалій (войско, оружие), з боку моўнага афармлення — элементам стараславянскай мовы: древо, дружина, сторожа.

Найбольш значную ў колькасных адносінах частку ваеннай тэрміналогіі старабеларускай мовы складаюць тэрміны перыяду ўсходнеславянскага моўнага адзінства, большасць якіх утворана з дапамогай усіх асноўных спосабаў тэрмінаўтварэння (семантычнага, марфалагічнага, сінтаксічнага): конный, начинье, рукавицы; воевникъ, наручъ, щитоноша; зброя стрельчая, люди ратные, рукавицы панцеровые.

Другую ў колькасных адносінах частку тэрмінаў перыяду ўсходнеславянскага моўнага адзінства складаюць ваенныя найменні іншамоўнага паходжання, якія ўвайшлі ў старабеларускую мову ў XIV—XVIII стст., «яны складаюць каля 50% разгледжаных аднакампанентных намінацый (алябарда, гвардия, гетманъ, гусаръ, дракгония, жолнеръ, капалинъ, капитанъ, мождчеръ, оркганки, пуклеръ, райтаръ, рота, сагайдакъ і інш.)».

Мовазнаўчая тэрміналогія. Развіццё мовазнаўчай думкі ў Беларусі і выхад першых граматык былі звязаны не толькі з патрэбамі вывучэння царкоўнаславянскай і старабеларускай моў, але і з грамадска-палітычнымі працэсамі таго часу. На тэрыторыі Беларусі як цэнтры ўсходнеславянскай культуры ў XVI—XVII стст. у процідзеянне езуіцкім калегіям, якія культывавалі лацінскую і польскую мовы, шырока распаўсюдзіліся праваслаўныя так званыя брацкія вучылішчы і школы. Для гэтых вучылішч і школ патрабаваліся дапаможнікі. З мэтай вывучэння беларускай мовы былі апублікаваны першыя граматыкі і іншая лінгвістычная літаратура.

Першай друкаванай граматыкай ва ўласным сэнсе гэтага слова была надрукаваная ў Вільні ў 1586 г. у друкарні братоў Мамонічаў «Кграматыка словенська езыка...», затым у 1596 г. «Граматика словенска» Лаўрэнція Зізанія. У 1619 г. у Еўі (пад Вільняй) выйшла «Грамматика...» Мялеція Сматрыцкага, якая пасля перавыдавалася ў Маскве. Кожная наступная граматыка, якая выдавалася ў гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі, усё глыбей адлюстроўвала народную беларускую мову.

Мовазнаўчая тэрміналогія граматык і іншых філалагічных выданняў служыць для намінацыі фанетычных і марфалагічных асаблівасцей мовы, многіх граматычных катэгорый. У значнай колькасці створаная ў той час лінгвістычная тэрміналогія захавалася ва ўсходнеславянскіх мовах да нашага часу. Некаторая частка выкарыстаных у першых граматыках мовазнаўчых тэрмінаў мае лексічнае і марфалагічнае афармленне, уласцівае беларускай мове: певный (пэўны), родный (родны).

Раннімі элементамі слоўнікавай работы і работы па ўнармаванню і уніфікацыі тэрміналогіі ў старабеларускі перыяд трэба прызнаць выяўленне на палях рукапісных і друкаваных тэкстаў тэрміналагічных розначытанняў (замудение — закоснение, пребывающая преходящая, поздобляетъ — познаетъ і інш.), сінанімічныя замены цяжка зразумелых для чытача тэрмінаў у царкоўнаславянскіх тэкстах уласна беларускімі тэрмінамі тыпу вчинокъ, невдяченъ, прикладъ, клопотъ, каментыраваныя тлумачэнні на беларускай мове асобных беларускіх слоў і выразаў.

Важным этапам развіцця беларускай тэрміналагічнай лексікі з'яўляецца ўведзены Францыскам Скарынай у шырокую практыку кніжнікаў спосаб тлумачэння слоў з дапамогай глос на «боцех» выдадзеных кніг. Сярод скарынінскіх і іншых глос значнае месца займаюць намінацыі жывёльнага і расліннага свету: горлица — сивоворонка, онагры — лоси, скумни — львенята; пажитъ— былие, рамнумъ — осот; прыродна-геаграфічныя тэрміны: хляби — продухи, холмы — узгорки; царкоўна-культавыя: кивотъ—скриня, стакти—ладан; грамадска-палітычныя: анфипатъ — намесникъ, конвокация — зьездъ, послание — листъ; назвы адзінак вымярэння: талантъ — центнеръ, сиклевъ — лотовъ і інш.

Тлумачэнне «цёмных» слоў-тэрмінаў з дапамогай глос садзейнічала станаўленню аднастайнага моўнага і сэнсавага ўжывання тэрмінаў, расшырэнню старабеларускай тэрміналагічнай лексікі і выконвала ў рамках пэўных тэкстаў асноўныя функцыі слоўнікаў, у тым ліку і тэрміналагічных.

У XVII ст. у сувязі з выкарыстаннем беларускай мовы як мовы афіцыйнай пісьменнасці і ў якасці сродка знешніх зносін распаўсюджваецца тлумачэнне беларускіх тэрмінаў з дапамогай рускіх глос: выличать — вычитать, грашовые — денежные, поданья — подати, час — время і інш.

Побач з расшырэннем тлумачэння слоў з дапамогай глос у канцы XVI ст. з'яўляюцца так званыя «прыточнікі», або гласарыі, якія прыкладаліся да царкоўных кніг. Яны таксама змяшчаюць некаторую колькасць тэрмінаў. Вялікае значэнне для развіцця беларускай тэрміналогіі маюць створаны ў 1596 г. Лаўрэнціем Зізаніем першы славяна-беларускі слоўнік і «Лексіконь словеноросский...» Памвы Бярынды (1627). Значная частка змешчаных у іх тэрмінаў захавалася да нашага часу і складае ўстойлівае ядро беларускай тэрміналогіі: байка, будаванье, бытие, вапно, выхованье, грошы, жниво, зброя, истина, мова, небязпечность, особа, оборонца, паша, потреба, пытанье, сведомость, скарбъ, скарга, утискъ, якость і інш.

Работа па фарміраванню і уніфікацыі тэрміналогіі як самастойны від тэрміналагічнай дзейнасці ў старабеларускай мове не вялася (ва ўсякім разе, такое заключэнне можна зрабіць па тых помніках старабеларускай мовы, якія захаваліся), хоць сінанімічныя замены тэрмінаў, глосы, «прыточнікі» і слоўнікі таго часу, безумоўна, выконвалі таксама і функцыі ўнармавання і уніфікацыі тэрміналогіі.

К канцу XVI ст. у сувязі з тым, што Беларусь у выніку Люблінскай уніі аказалася ў складзе Рэчы Паспалітай, пачынаецца актыўны працэс паланізацыі беларускага і ўкраінскага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, у прыватнасці, адбываецца адкрытая паланізацыя школы. Беларуская мова паступова страчвае сваю поўнафункцыянальнасць, выцясняецца польскай і лацінскай з афіцыйнай сферы. У XVII—XVIII стст. на старабеларускай мове былі выдадзены толькі адзінкавыя навуковыя кнігі (гістарычныя хронікі, астранамічныя зборнікі), хоць, як паказвае аналіз, навуковая тэрміналогія гэтых помнікаў даволі багатая і разнастайная, што сведчыць аб дастаткова высокім узроўні развіцця навукі і асветы на беларускіх землях.

Нягледзячы на даўнія лексікаграфічныя традыцыі беларускіх пісцоў і на наяўнасць развітой тэрміналогіі ў друкаваных выданнях, у XVII—XVIII стст. не было выдадзена спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў па асобных галінах ведаў. Праўда, нельга не адзначыць, што хоць сучасныя беларускія лексікографы выканалі грунтоўную і паслядоўную працу па адшуканню і даследаванню лексікаграфічных крыніц, няма ўпэўненасці ў тым, што зараз выяўлены ўсе помнікі беларускай лексікаграфіі. Па-першае, кнігасховішчы на тэрыторыі Беларусі знішчаліся ў шматлікіх спусташальных войнах мінулых стагоддзяў, а таксама спецыяльна прысланым з Ватыкана ордэнам езуітаў з мэтай паланізацыі беларусаў. Па-другое, некаторыя старабеларускія лексікаграфічныя помнікі маглі загінуць нявыяўленымі ў час апошніх войн падобна да таго, як загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны каштоўны рукапіс шаснаццацітомнага «Беларуска-руска-польскага слоўніка» Я. Ціхінскага.

Ажыццёўленае ў канцы XVIII ст. пасля доўгага панавання польскіх феадалаў уз'яднанне Беларусі з Расіяй не садзейнічала развіццю беларускай мовы і асабліва афіцыйна-дзелавога стылю, паколькі беларуская мова была забаронена ў афіцыйна-дзелавой сферы, не выкарыстоўвалася ў грамадскім жыцці.

Пасля доўгага перапынку ў развіцці беларускай тэрміналогіі, абумоўленага названымі вышэй гістарычнымі ўмовамі фарміравання беларускай нацыі, у пачатку XX ст. адбылося некаторае ажыўленне тэрміналагічнай работы. Пасля выдання царскім урадам так званага закона аб свабодзе друку пачалі актыўную работу шматлікія легальныя беларускія выданні таго часу, і ў прыватнасці выданні навуковага і навукова-папулярнага зместу, якія ставілі мэту «тлумачыць усе з'явы прыроды, галоўныя законы фізікі і хіміі, жыцця зямлі... знаёміць з геаграфіяй і гісторыяй роднага краю», змяшчалі шмат тэрмінаў. Многія з іх былі распрацаваны самімі аўтарамі выданняў. Навукова-папулярныя публікацыі насілі ў пэўным сэнсе нарматыўны характар, садзейнічалі ўкараненню навуковай тэрміналогіі ў моўную практыку і змяшчалі, такім чынам, некаторыя элементы работы па ўпарадкаванню беларускай тэрміналогіі.

Аўтары навукова-папулярных публікацый пачатку XX ст. выкарыстоўвалі магчымасці беларускай мовы. Шырока ўжываліся словы ўласна беларускага паходжання: адліга, высадкі, гародніна, гук, зык, маладзік, маланка, навальніца, надвор'е, паводка, пазыка, праменні, працаўнік, пухліна, сухоты, хвароба; лексемы ўсходнеславянскага паходжання: бялок, высыпка, засуха, лячэбнік, кушчэнне, малакроўе, прадажа, пошліна; агульнаславянскія словы: абарот, вага, волава, воспа, гаспадар, дзяржава, жэрэла, карысць, почка, суд, торг, урад, ядро.

Значная частка тэрмінаў, змешчаных у часопісах пачатку XX ст., замацавалася ў тэрміналагічнай практыцы і ўвайшла ў сучасную беларускую тэрміналогію адпаведных галін навукі, хоць многае і было адкінута з часам, паколькі на старонках гэтых часопісаў нярэдка ўжывалася вузкарэгіянальная лексіка, узнікалі варыянтныя рады (адліга — атлега; заліва — лівень — улева; маланьня — маланка; суш — суша; шал — шаленства і інш.)». Беларуская тэрміналогія пачатку XX ст. у параўнанні з папярэднім перыядам у пэўнай меры ўзбагацілася лексічна.

Нягледзячы на некаторае расшырэнне сферы функцыянавання беларускай мовы, яна ўсё яшчэ не адпавядала тым задачам, якія ўзнікалі ў працэсе далейшага развіцця грамадска-палітычнага жыцця, нацыянальнай культуры і літаратуры беларускага народа. «Абмежаваная галоўным чынам стылямі мастацкай літаратуры, часткова публіцыстыкі, беларуская літаратурная мова пачатку XX ст. не валодала многімі з тых шматлікіх і разнастайных выразных сродкаў, якія неабходны для перадачы розных па характару і зместу думак, звязаных з развіццём грамадска-палітычных адносін, навукі, тэхнікі, культуры. Ды і тыя стылі, у якіх развівалася беларуская літаратурнай мова ў пачатку XX ст., былі недастаткова распрацаваныя і глыбокія».

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І., Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. Мн., Беларуская навука, 1999. 175 с.

2. Антанюк Л.А. Беларуская мовапрафесiйная лексіка: Курс лекцый/ Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А. – 3-е выданне. – Мн., 2005. –240 с.

3. Беларуская мова. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Марфемная будова слова. Словаўтварэнне. Марфалогія. Мн., Вышэйшая школа, 1987. 429 с.