Замкавае дойлідства Беларусі

Замкавае дойлідства Беларусі

Марыя Ладуцька

2003

Уводзіны

Творы мастацтва і, ў прыватнасці, архітэктуры, уяўляюць вялізарную каштоўнасць не толькі таму, што фіксуюць гісторыю народа, але і таму, што ўвасабляюць у сябе яго творчы патэнцыял, асаблівасці светаўспрымання, талент і вытанчанае пачуццё прыгожага. Замкавае дойлідства - адна з найбольш цікавых старонак гісторыі беларускай культуры, каштоўны дыямент нашай нацыянальнай спадчыны. Яго развіццё адбывалася даволі працяглы перыяд - усяго некалькі стагоддзяў. Таму сучаснікі маюць выдатную магчымасць на прыкладзе гісторыі замкавага будаўніцтва прасачыць тыя змены, якія адбываліся ў эканамічным, палітычным, культурным і паўседзённым жыцці нашых продкаў.

Замкам звычайна называюць ваенна-фартыфікацыйны комплекс, які складалаўся з некалькіх замкнёных абарончых збудаванняў. Замак – гэта таксама ўмацаванае жыллё феадала, назва некаторых палацаў ці вялікіх панскіх дамоў /15, р. 4/. У краінах Еўропы іх будаўніцтва звычайна звязваюць з эпохай сярэднявечнага феадалізму, калі замкі служылі надзейным умацаваннем ад частай пагрозы з боку шматлікіх ворагаў. У гады цяжкіх выпрабаванняў, калі пад пагрозай было само існаванне народа, замкі станавіліся для людзей домам, школай мужнасці і адзінства.

Існавалі замкі і на беларускіх землях. Даследчыкі адносяць пачатак іх будаўніцтва да XII ст./12, с. 402/, калі на Беларусі імкліва развіваліся феадальныя адносіны і раслі гарады. У той жа час, беларускія княствы часта станавіліся арэнай для міжусобных войнаў і знешніх нападаў. Але перыяд найбольш актыўнага развіцця замкавага дойлідства прыпадае на XIV - XVIII стст. Яго можна назваць класічным. Менавіта таму дадзены перыяд і выбраны для майго навуковага даследавання.

Трэба адразу ж падкрэсліць, што тэма замкавага дойлідства адносна добра вывучана беларускімі гісторыкамі. Наогул, даследаванне архітэктурнай спадчыны ў еўрапейскіх краінах пачалося ў XVIII ст. Але канчаткова новае станаўленне да нацыянальнай архітэктуры сфарміравалася ў першай палове XIX ст. пад уплывам эстэтыкі рамантызму, што выявілася найперш у літаратуры. Пад уплывам рамантызму пачалі паступова вывучаць помнікі дойлідства і ў Расійскай імперыі, у склад якой увайшла у канцы XVIII - пачатку XIX ст. Беларусь. Першымі звярнулі ўвагу на старажытныя замкі і бажніцы гісторыкі, мастакі, краязнаўцы і археолагі.

Наш зямляк Тэадор Нарбут, аўтар шматтомнай гісторыі беларускага і літоўскага народаў, даследаваў Лідскі замак, асабліва замкавыя вежы, рэшткі якіх тады яшчэ захоўваліся на значную вышыню. Другі гісторык Міхал Балінскі апісаў Крэўскі і Гальшанскі замкі, вывучаў помнікі Смаргоні, Лоска, Ляхавіч, Слуцка, Быхава, Пінска і іншых гарадоў. Помнікі старажытнай архітэктуры Беларусі – замкі, цэрквы, касцёлы і інш. – вывучаў вядомы беларускі археолаг ХІХ ст. Канстанцін Тышкевіч, які стварыў у сябе на радзіме, у Лагойску, музей старажытнасцей. У прадэсе абследавання помнікаў была вывучана гісторыя развіцця тэхнікі каменнай муроўкі, эвалюцы будаўнічых матэрыялаў (цэглы, дахоўкі, плітак падлогі) і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі (фасадныя пліткі і кафля) /10, с. /. Апісаннем беларускай нацыянальнай спадчыны займаўся вучоны, пісьменнік і краязнавец А. Г. Кіркор.

Ужо ў пасляваенны перыяд свае працы праблеме замкавага дойлідства прысвяцілі М. Ткачоў, В. Чантурыя, Ю. Якімовіч, А. Лакотка і г. д. Вялікую работу за апошнія 30 гадоў правялі мастацтвазнаўцы і гісторыкі беларускай архітэктуры. Некалькі прац па гісторыі старажытнага дэкаратыўнаўжытковага мастацтва і архітэктуры надрукаваў Міхаіл Кацар. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чантурыі праведзены абмеры пошукаў беларускага дойлідства і абследаваны гістарычныя цэнтры ў цэлым шэрагу гарадоў рэспублікі. ён аўтар некалькіх падручнікаў і манаграфій па гісторыі беларускай архітэктуры.

Тамара Чарняўская прысвяціла манаграфіі помнікам старажытнай і сучаснай архітэктуры Магілёва, Віцебска і Мінска (апошняя ў сааўтарстве з Аленай Пятросавай) /9, с. /. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся добра пададзена ў кнізе Юрыя Якімовіча. Цікавую працу пра архітэктуру палацаў і старадаўніх сядзіб XVIII — пачатку XIX ст. напісау Анатоль Кулагін /8/. Сумесна з Валянцінай Караткевіч ён выдаў кнігу аб помніках Слоніма. Пяру даследчыка належыць таксана капітальная манаграфія, прысвечаная беларускаму ракако. Разнастайнае ўбранне інтэр'ераў можна ўбачыць у каляровых альбомах, складзеных Надзеяй Фёдараўнай Высоцкай /2/.

Вялікім укладам у справу вывучэння і аховы нашай архітэктурнай спадчыны з'яўляюцца сямітомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" і пяцітомная "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі". Выйшлі ў свет першыя тры тамы шматтомнага выдання "Гісторыя беларускага мастацтва".

Даследчыкамі быў выказаны шэраг навуковых думак, якія сталі асновапалягаючымі. У прыватнасці, даследчыкі паказалі, што развіццё замкавага дойлідства XIV - XV стст. на беларускіх землях мела складаны характар. Яно спалучала як мясцовыя ўласна беларускія традыцыі, так і элементы заходяга дойлідства. У гэтай сувязі асабліва цікавым уяўляецца разгляд развіцця замкабудавання на Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце.

Мэта маёй працы - даць комплексны аналіз замкавага дойлідства Беларусі XIV - XVIII стст. у кантэксце агульнаеўрапейскай палітычнай, эканамічнай і культурнай гісторыі. У гэтай сувязі я паставіла перад сабою дзве асноўныя задачы:

Вызначыць асноўныя этапы і паказаць асаблівасці замкавага дойлідства на беларускіх землях XIV - XVIII стст.

Ахарактарызаваць замкавыя комплексы Беларусі ў XIV - XVIII стст. як абарончыя, эканамічныя і культурныя цэнтры.

У дадзенай працы мне б хацелася не проста абагульніць вопыт папярэдніх даследчыкаў, а знайсці новыя фактары развіцця замкабудавання, якія маглі б істотна паўплываць на сучаснае бачанне праблем развіцця культуры і фартыфікацыйнай справы на Беларусі.

Глава І. Развіццё замкабудавання на беларускіх землях у XIV - XVIII стст.

Замкамі называюць ваенна-фартыфікацыйныя комплексы, якія складаюцца з некалькіх замкнёных абарончых збудаванняў. У краінах Еўропы іх будаўніцтва звычайна звязваюць з эпохай сярэднявечнага феадалізму, калі замкі служылі надзейным умацаваннем ад частай пагрозы з боку шматлікіх ворагаў.

На самой справе, будаўніцтва буйных драўляных і мураваных умацаванняў вялося на працягу некалькіх тысячагоддзяў. Ужо гарады старажытнага Ўсходу былі абнесены моцнымі сценамі. Вядомы былі крэпасныя фартыфікацыі і ў антычным свеце. Але пасля нашэсця варвараў традыцыі антычных архітэктараў у краінах Заходняй Еўропы былі забытыя. Мураваныя будынкі канешне ж узводзіліся, аднак яны не адрозніваліся вытанчанасцю форм, часта нават не былі разлічаны на даўгачасовае існаванне. Таму рэшткаў мураванай архітэктуры VI - IX стст. захавалася зусім мала.

На землях усходніх славян да прыняцця хрысціянства традыцыі будавання з камення і кірпіча практычна не існавала. Галоўным будаўнічым матэрыялам тут служыла дрэва. Яно было вельмі танным (у той час лясы пакрывалі большую частку беларускіх земляў), лёгка апрацоўвалася, але будынкі з дрэва хутчэй разбураліся, чым мураваныя. У канцы Х ст. з Візантыі на ўсходнеславянскія землі прыходзіць праваслаўе. У ХІ - ХІІ стст. будуюцца першыя мураваныя цэрквы. Менавіта будаўніцтва храмавых комплексаў дае вопыт мураванага дойлідства мясцовым майстрам. У Полацку і Гродна ўзнікаюць першыя архітэктурныя школы.

Заходнееўрапейскія майстры таксама зведалі ўплыў візантыйскага мастацтва. Да 1000 г. чуткі пра хуткі канец свету стрымлівалі развіццё манументальнай творчасці. Але пасля таго, як чалавецтва мінула гэты "ракавы рубеж" заходнееўрапейскія краіны ахапіла эпідэмія будаўніцтва. Аўтар гістарычнай хронікі тых гадоў Рауль Глабер пісаў: "Прыблізна праз тры гады пасля 1000 году былі адбудаваны нанава базілікі амаль ва ўсім свеце… Можна сказаць, што ўвесь свет адзінадушна скінуў старое рубішча, каб адзецца ў беласнежную вопратку цэркваў" /Цыт. па 1, с. 59 - 60/.

У ХІ ст. у архітэктуры Заходняй Еўропы ў выніку сумяшчэння мясцовых і візантыйскіх традыцый фарміруецца раманскі стыль. Ён характарызаваўся масіўнасцю збудаванняў, неразрыўнасцю пласкасцей сцен, вузкімі аконнымі аркавымі праёмамі, галоўнай роляй фасаду, а таксама інтэр'ераў і матыва аркад. Галоўным будаўнічым матэрыялам становіцца камень. Але прыкладаў цывільных забудоў раманскага стылю засталося няшмат, і большасць з іх - замкі. Так, замак Лашэ (канец Х ст.) у Францыі ўяўляў сабою прамавугольную чатырохпавярховую вежу-данжон, функцыіямі якой былі абарона і месца для жылля буйнога феадала. Пазней прамавугольныя вежы былі заменены круглымі. Напрыклад, пабудаваны ў ХІІ ст. Рычардам Львінае Сэрца ў Нармандыі замак Гайар меў круглы данжон, абнесены сценамі /1, с. 62 - 63/.

Абарончыя вежы тыпа данжонаў будаваліся і на беларускіх землях. Прыкладна паміж 1276 і 1288 гг. вядомы "градаруб" Алекса па загаду князя Ўладзіміра Васількавіча ўзвёў на рацэ Лясной мураваны Камянецкі слуп ці Белую Вежу. Крыніцы сведчаць пра тое, што вежы, падобныя на Камянецкі слуп, былі пабудаваныя ў Брэсце, Гродна, Полацку, Тураве і Навагрудку /13, с. 6 -10/. ХІІ - першая палова ХІІІ стст. вядомыя ў беларускай гісторыі як перыяд феадальнай раздробленасці. У гэты час адбываюцца ўнутраныя феадальныя сутычкі, паходы на беларускія землі літоўцаў, нямецкіх крыжакоў і татар. Таму не дзіва, што князі імкнуліся пабудаваць моцныя фартыфікацыі. Гэта стала магчымым дзякуючы развіццю мясцовага ваеннага будаўніцтва, а таксама ўплыву заходнееўрапейскіх традыцый.

Вопыт, набыты майстрамі ХІІІ ст. не прайшоў дарма. Ужо ў XIV ст. адбываецца сапраўдны ўсплеск замкабудавання на беларускіх землях. Аднаўляюцца абарончыя збудаванні беларускіх гарадоў. Будуюцца новыя замкі ў Лідзе і Крэва. Будаўніцтва апошніх было цесна звязана з будаўніцтвам мураваных замкаў у Вільні і Троках. Вось як апісваў Віленскія замкі А. Г. Кіркор: "На гары красаваўся велічны, значна ўмацаваны замак з трымя вежамі, акружаны валам. Каля падэшвы гэтай гары цягнуўся ніжні замак, названы Крывым Градам" /6, с. 141/.

На змену вежам-данжонам прыходзяць замкі-кастэлі. Слова "кастэль" паходзіць ад старафранцузскага "castel", што значыць "невялікі замак". У адрозненні ад данжонаў, кастэлі мелі замкнёны характар. Будаваліся яны ў форме чатырохкутніка. Вежы і іншыя пабудовы (жылыя карпусы, царква, брама) злучаліся мураванымі сценамі. Унутры кастэлю знаходзіўся замкавы двор. Кастэлі маглі выконваць адначасова функцыі крэпасці, жылля феадала і яго гарнізона.

Лічыцца, што замкі-кастэлі пачалі будавацца ў краінах Заходняй Еўропы ў ХІІ ст. Іх распаўсюджванне было выклікана новым ваенным вопытам заходнееўрапейскіх рыцараў. Пад час крыжовых паходаў на Блізкі Ўсход перад імі паўстала праблема забеспячэння свайго існавання. Лёгкая арабская конніца хутка рухалася праз заваяваныя крыжакамі землі і наносіла нечаканыя ўдары. Каб забяспечыць ахову сваіх гарнізонаў, не даць арабам захапіць важныя камунікацыі, феадалы пабудавалі сетку замкаў. Правобразам для новага тыпу замкаў сталі ўмацаваныя ваенныя лагеры. Кастэлі будаваліся на поўначы Германіі і ў краінах Скандынавіі. У пачатку ХІІІ ст. рыцары-крыжакі з'явіліся ў Прыбалтыцы. Заваяванне прыбалтыйскіх народаў вялося ўжо апрабіраванымі метадамі. Кастэлі сталі важным звяном забеспячэння нямецкага панавання на захопленых землях.

Крыжакі пагражалі продкам беларусаў і літоўцаў. Для спынення агрэсіі трэба было аб'яднанне. Ролю аб'яднанніка беларускіх і літоўскіх земляў узялі на сябе вялікія князі літоўскія. Такім чынам, у другой палове XIII - XIV стст. было створана адзіная буйная дзяржава - Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойтскае. Вялікія князі былі зацікаўлены ў эфектыўнай абароне падуладных ім земляў. Таму будаўніцтва замкаў у Вільні, Троках, Лідзе і Крэва, а таксама ўзнаўленне фартыфікацый старажытных гарадоў Полацка, Навагрудка і Гродна мелі стратэгічнае значэнне.

Лідскі замак быў пабудаваны ў трыццатых гадах XIV ст. на штучным насыпе са жвіру, пяску і камянёў у балоцістай сутоцы дзвюх рэчак — Лідзеі і Каменкі. Спачатку замак меў адну вежу ў паўднёва-ўсходнім куце і чатыры высокія пятнаццаці мятровыя сцены з баявой галерэяй. У замку было два ўваходы. Адзін з іх паўцыркульнай формы, знаходзіцца ў паўднёвай сцяне на вышыні 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара, недалека ад замкавай вежы. Другі, у форме паўквургшй аркі вышынёй 2,5 метра, праразае заходнюю замкавую сцяну і знаходзіцца на ўзроўні зямлі.

Захаваліся рэшткі былой брамы. Гэта два вялікія камяні ў аснове арачнага праёма з круглымі адтулінамі для металічных слупкоў, на якіх трымаліся вароты. З боку двара да малога ўвахода пазней прыбудавалі падковападобнае абарончае збудаванне, ад якога захаваліся моцна пашкоджаныя падмуркі. Калі вораг і здолеў бы выламаць вароты, то трапіў бы ў каменны мяшок, дзе не было паратунку.

3 поўначы, на адлегласці 7 - 10 метраў ад замкавых муроў, праходзіў глыбокі роў шырынёй каля 2 метраў, які злучаў абедзьве ракі і абараняў замак з боку горада. Замкавыя муры ў асноўным пабудаваныя з палявога камення. Звонку яны складзены з вялікіх, часам крыху абчасаных валуноў. Камяні падабраны адзін да аднаго па памерах і пакладзены роўнымі гарызантальнымі радамі. Прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі клінамі і замазаны рошчынай. Унутраная частка замкавых сцен складзена з дробных камянёў.

Цэгла выкарыстана толькі для важных канструкцыйных элементаў і архітэктурных дэталяў. 3 яе зроблены вуглы замкавых вежаў і сцен, дэкаратыўныя паясы на фасадах, аркі, скляпенні, байніцы. Дэкаратыўны пояс, які праходзіў па параметры ўсіх замкавых сцен, выкананы ў тэхніцы "балтыйскай" муроўкі. Змацавана цэгла вапнавай рошчынай з дамешкамі жвіру і дробных каменьчыкаў. Старажытныя дойліды ўжывалі цэглу двух тыпаў. 3 цэглы таўшчынёй да 0,1 метра складзены арка малога ўвахода, байніцы, дэкаратыўныя паясы замкавых муроў. Баявая галерэя пабудавана з цэглы іншага тыпу, значна танейшай. Большасць цаглін мае роўную паверхню, але сустракаюцца і са слабымі адбіткамі пальцаў.

У канцы XIV— пачатку XV ст. крыжакі ўжо мелі гарматы. Таму беларускія і літоўскія замкі прыстасоўвацца да абароны ад новай агнястрэльнай зброі. 3 гэтай мэтай князь Вітаўт перабудоўвае Лідскі замак, які стаў адным з наймацнейшых у Валікім княстве Літоўскім. Былі пабудаваныя яшчэ адна замкавая вежа і новы вялікі ўваход недалёка ад яе, які праразаў усходнюю сцяну на вышыні 2,5 метраў ад узроўню зямлі. Рэшткі гэтай вежы былі раскапаны ў 1977 г. Захаваўся амаль увесь першы паверх. Вежа мела ўваход у выглядзе аркі з боку двара і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны, якая вяла ўгору. У паўночнай і ўсходняй сценах - па дзве спічастыя нішы, а ў паўднёвай захаваліся глыбокія скразныя нішы, праз якія ацяпляліся верхнія паверхі. У адной з іх знойдзена шмат вугалю, попелу, абгарэлай гаршковай кафлі. Ва ўсіх чатырох кутах вежы засталіся рэшткі крыжовага нервюрнага скляпення. Рэбры нервюр вежы, выкананыя з цэглы стрэлападобнай формы, ствараюць малюнак тагачаснага скляпення. Першы паверх раскапанай вежы быў перакрыты адным з самых простых скляпенняў у форме крыжа. Крыжовыя скляпенні характэрны для ранняй беларускай готыкі.

Абедзве вежы Лідскага замка былі пакрыты дахоўкай, шматлікія рэшткі якой знойдзены падчас раскопак. Дахоўка мае паўцыркульную карытападобную форму з мацавальным шыпам пасярэдзіне, недалёка ад яе шырокага краю. Некаторыя экземпляры яе маюць яшчэ і дадатковы маленькі шып у цэнтры ўнутранай паўакружнасці шырокага краю дахоўкі. Маленькімі шыпамі яна чаплялася за падоўжныя жэрдкі, прыбітыя да крокваў даху, а вялікія шыпы ўтрымлівалі адну дахоўку на другой. Прамежкі паміж радамі даховак замазваліся вапнавай рошчынай. Гэта самая старадаўняя дахоўка на Беларусі датуецца канцом XIV— першай паловай XV ст. У час археалагічных раскопак замкавага двара выяўлены рэшткі драўляных пабудоў, ад якіх захаваліся часткі падмуркаў, печаў і абгарэлых канструкцый. Пабудова каля заходняй замкавай сцяны вылучаецца сваімі памерамі і мае каменныя падмуркі, пакладзеныя на гліне. Ва ўсходняй частцы двара знойдзены два калодзежы.

Такім чынам, Лідскі замак уяўляў сабою моцную абарончую пабудову з аднапавярховымі драўлянымі будынкамі па перыметры замкавых муроў для гарнізона і складоў, сярод якіх вызначаўся дом каменданта.

Замак у Крэва быў пабудаваны прыкладна тады ж калі і Лідскі. Як і ў Лідскім замку, тут былі дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Адна з вежаў мела назву Княскай. У ёй і сапраўды месцілася рэзідэнцыя князя. У 1338 - 1345 гг. у Крэва знаходзіўся князь Альгерд Гедымінавіч. Княская вежа мае трохмятровы фундамент. Да вышыні 3 метраў яна пабудавана з камяню. Вышэй - трохслойная кладка з кірпічнымі "шчокамі" таўшчынёй да 0,7 метра. Прастора паміж паверхамі - 4,8 - 5 метраў. Перакрыцці паміж паверхамі рабіліся на тоўстых бэльках. Высокая чатырохскатная кроўля спачатку пакрывалася гонтам. Потым - дахоўкай двух тыпаў. Замак меў форму няправільнай трапецыі. Паўночная сцяна мае даўжыню ў 85 метраў, усходняя - 108,5 метраў, заходняя - 97,2 метраў і паўднёвая - 71,5 метраў. Таўшчыня муроў дасягала 2,75 метра.

У XIV ст. былі адноўлены ўмацаванні Навагрудка. Замест старой вежы-данжона былі пабудаваныя новыя. У канцы стагоддзя тут узводзяць дваццаціпяцімятровую Шчытавую вежу прызматычнай формы. Відавочна, яна некаторы час таксама выконвала ролю данжона. Але напярэдадні Вялікай вайны з Тэўтонскім ордэнам у Навагрудку фактычна ўзнік замак. Былі ўзведзены яшчэ тры вежы (Кастэльная, Малая і Пасадская). Паміж імі пабудавалі сцены. На ўсходнім схіле Замкавай гары, дзе білі крыніцы, з'явілася Калодзежная вежа. Акрамя мураваных умацаванняў ("балтыйская" мураванка) у Навагрудку працягвалі існаваць і драўляныя.

У Віцебску ў першай палове XIV ст. з'яўляюцца "тры сцяны каменны". Відавочна, у гэты ж час аднаўляюцца і гарадскія ўмацаванні Полацка. У XV ст. па загаду князя Вітаўта пачынаецца ўзвядзенне мураванага Аршанскага замка, але праца па яго завяршэнню працягвалася доўгія гады. Яшчэ у канцы XV ст. значная частка ўмацаванняў складалася з дрэва.

Будаўніцтва замкаў-кастэляў у Лідзе і Крэва, а таксама аднаўленне нанава гарадскіх замкавых фартыфікацый паказвае, што беларуская дойлідская традыцыя атрымала даволі моцны імпульс з боку заходнееўрапейскай архітэктуры. Гэта было магчымым у выпадку сталых кантактаў паміж прадстаўнікамі беларускіх і заходнееўрапейскіх земляў. Такія кантакты сапраўды існавалі: гандлёвыя, палітычныя і г. д. Гаспадары Вялікага княства Літоўскага імкнуліся прыцягнуць перасяленцаў з іншых краін. Напрыклад, князь Гедымін прымаў нямецкіх каланістаў. У Вільні быў пабудаваны нямецкі горад. Хутчэй за ўсё значная частка перасяленцаў належыла да рамеснікаў. Сярод іх маглі быць і дойліды. Знаёмства з дасягненнямі заходнееўрапейскага замкабудавання адбывалася і пад час ваенных сутыкненняў з крыжакамі. Воінам, якія хадзілі ў ваенныя паходы ў Прусію і Лівонію, прыходзілася на ўласным вопыце пасцігаць эфектыўнасць замкаў як абарончых умацаванняў. У 1407 г. Вітаўт звяртаўся ў Кралявец з запытам паспрыяць найхудчэйшаму вяртанню майстра-замкабудаўніка, які выпрасіўся "па розных справах і каб узяць інструменты" /13, с. 81/.

Падцвярджэннем той думкі, што традыцыя мураванага дойлідства жывілася заходнееўрапейскім уплывам, можа быць геаграфія размяшчэння замкаў. Большасць мураваных фартыфікацый узводзілася на тэрыторыі Заходняй і Паўночнай Беларусі. Гэтыя землі непасрэдна межавалі з дзяржавамі крыжакоў. На паўднёвых і ўсходніх рубяжах ды і ў цэнтры Беларусі таксама існавала пагроза з боку татар, а паздней - Маскоўскай дзяржавы. Але тут фартыфікацыйныя збудаванні традыцыйна рабіліся з дрэва.

Як ужо было сказана вышэй, драўляныя ўмацаванні з'явіліся на Беларусі яшчэ ў раннефеадальную эпоху. З ростам гарадоў усё больш адчувалася патрэба ў іх абароне. У эпоху Старажытнай Русі гарады падзяляліся на ўмацаваны дзядзінец, у якім жыў князь з дружынай, і пасад, населены рамеснікамі і гандлярамі. Відавочна, што традыцыя драўлянага дойлідства працягвала развівацца і далей, ужо ў эпоху Вялікага княства Літоўскага. У старажытнай беларускай мове існавала адрозненне паняццяў "град" ці "горад" і "месца". Месцам называлі непасрэдна тую частку, дзе пражывалі гараджане-мяшчане. Град жа быў крэпасным умацаваннем. Цікава, што ў некаторых славянскіх мовах слова "горад" да сёй пары азначаецца як "месца", а слова "град" азначае "замак".

Прыкладам развіцця драўлянага дойлідства могуць служыць Мінскі і Гомельскі замкі. Мінскі замак быў узведзены на правым беразе ракі Свіслач у месцы ўпадзення ў яе ракі Нямігі. Ён займаў плошчу старажытнага дзядзінца і Верхняга горада. Замак меў авальную форму, быў абнесены моцным земляным валам, арміраваннага ўнутры сасновымі бярвеннямі. Срубныя канструкцыі дасягалі 5 - 6 метраў. М. Ткачоў лічыць, што абарончыя збудаванні Верхняга горада былі ўзведзены не раней за XIV ст /13, с. 47/. Драўляныя пабудовы не раз гарэлі, але абавязкова ўзнаўляліся.

Гомельскі замак знаходзіўся на правым беразе ракі Сож пры ўпадзенні ў яго ручая Гомій. Ад Гомельскага месца яго адмяжоўваў шырокім абарончым ровам. Меўся моцны вал, на вяршыне якога стаялі драўляныя вежы і сцены - гародні. Пра тое, што Гомельскі замак уяўляў сабою сур'ёзную перашкоду для праціўніка сведчаць словы караля і вялікага князя Жыгімонта Старога: "Замок мощный и обороною способенный Гомей взять или хоть огнем его спалить" /13, с. 59/. Драўляныя замкі існавалі таксама ў іншых гарадах - Барысаве, Рэчыцы, Мсціслаўе, Крычаве, Гальшанах і г. д. У Оршы, Навагрудку, Полацку, Віцебску і Магілёве мураваныя і драўляныя ўмацаванні суіснавалі разам. Магілёўскія фартыфікацыі пастаянна перарабліваліся. Камень і кірпіч замянялі дрэва. Такім чынам, адбывалася мадэрнізацыя замка.

З другой паловы XV ст. у замкабудаванні Беларусі адбываюцца некаторыя змены. Іх прычыны палягалі ў змене сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі. Калі раней галоўным ініцыятарам і арганізатарам узвядзення ваенных фартыфікацый выступала дзяржава, то зараз будаўніцтвам замкаў заняліся буйныя феадалы-магнаты. Пастаянныя войны і немагчымасць эфектыўнага кіраўніцтва Вялікім княствам Літоўскім (з 1386 г. большасць вялікіх князёў займалі яшчэ і пасаду польскіх каралей, жылі яны пры гэтым у асноўным у Польшчы) вымушала гаспадароў даваць землі і прывілеі шляхецкаму саслоўю. Пры гэтым найбольш заможныя феадалы карысталіся дадзенай сітуацыяй у мэтах далейшага абагачэння, захопу дзяржаўных земляў і кіравання. Магнацкія роды Радзівілаў, Сапег, Алелькавічаў, Сангушкаў і інш. імкнуліся прылюдна прадэманстраваць сваю магутнасць і сваё багацце. Такую магчымасць давала будаўніцтва радавых замкаў.

Адным з першых прыкладаў прыватнаўласніцкіх замкаў на Беларусі быў Мірскі замак. У 1506 - 1510 гг. яго будаўніцтва вёў князь Юрый Іллініч. У 1568 г. замак перайшоў у маёмасць Радзівілаў, якім належыў да самага канца XVIII ст.

Мірскі замак і гарадскі пасёлак Мір уяўляюць сабой архітэктурны комплекс, які ў асноўных рысах сфарміраваўся на працягу XVI - XVII стст. Гэты комплекс - спалучэнне феадальнай сядзібы з прыватнаўласніцкім паселішчам - дастаткова тыповы і адначасова ўнікальны. Унікальны, бо ў нас больш няма падобных па захаванасці і мастацкіх вартасцях замкаў. Мірскі замак— адзін з нямногіх добра даследаваных беларускіх замкаў, ды і сам пасёлак таксама адносна няблага вывучаны археолагамі /4/.

Варта адзначыць, што амаль усе даследчыкі разглядалі часткі комплексу - замак (больш) або мястэчка (менш). У аснову дадзеных разважанняў я паклала комплексны падыход, калі замак і горад разглядаюцца як дзве часткі аднаго цэлага.

3амак знаходзіцца ў 500 м на паўднёвы ўсход ад паселка. 3 усходняга, паўночнага і заходняга бакоў захаваліся рэшткі земляных умацаванняў XVI - XVII стст. У цяперашні час у замку поўным ходам ідуць рэстаўрацыйныя работы. У адной з вежаў з восені 1992 г. пачала працаваць філія Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі. Буйныя археалагічныя раскопкі ў замку выкліканы пачаткам яго аднаўлення. Вялікія па аб'ёме рэстаўрацыйныя працы пагражалі цэласнасці культурных напластаванняў у двары замка і вакол яго сценаў. Неабходна было сабраць інфармацыю для распрацоўкі праекта рэстаўрацыі помніка. Гэтыя дзве прычыны вымусілі правесці максімальна магчымае навуковае даследаванне культурнага слою.

Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі пасёлка звязаны як з рэстаў-рацыяй Мікалаеўскага касцёла, так'і з вырашэннем чыста навуковых задач па вывучэнні сярэднявечнага горада. У выніку мы маем адзіны на Беларусі прыклад параўнальна добрага археалагічнага даследавання адразу дзвюх частак комплсксу (паселішча - замак). Каштоўнасць для археалагічнай навукі гэтых даследаванняў яшчэ і ў тым, што сам пасёілак і замак - "чыстыя" познесярэднявечныя помнікі, на іх няма культурных наслаенняў, ранейшых за канец XIV - пачатак XV ст. Гэта дазваляе даследчыкам дакладнеіі датаваць знаходкі і не блытаць іх з больш раннімі, як бывае на шматслойных помніках. Матэрыялы раскопак Міра і замка павінны стаць важкім укладам у стварэнне храналагічнай шкалы беларускіх старажытнасцяў. На працягу пяці стагоддзяў існавацня замка і шасціста гадоў інтэнсіўнага жыцця пасёлка сфарміраваўся значны культурны слой. За час шматгадовых археалагічных даследаванняў удалося атрымаць даволі дакладнае ўяўленне аб культурных напластаваннях пасёлка і замка: плошчы, глыбіні залягання, характары, наяўнасці археалагічнага матэрыялу, датаванні асобных праслоек.

На сённяшні дзень ступень даследаванасці такая, што можна рабіць высновы аб асаблівасцях фарміравання культурных наслаенняў у асобных частках пасёлка і замкавай тэрыторыі. Культурны пласт як комплексная з'ява жыцця паселішча характарызуецца адначасова тыповасцю фарміравання і спецыфікай, уласцівай для розных часоў і розных відаў помнікаў.

Так, напрыклад, маюцца даволі істотныя асаблівасці ў фарміраванні культурнага слою ў Мірскім замку і самім пасёлку, хоць працэс і тут і там адбываўся практычна адначасова. Асаблівасці абумоўлены ў першую чаргу розным сацыяльным і маёмасным становішчам гаспадароў замка і жыхароў горада, а таксама рознымі памерамі помнікаў, умовамі жыцця і заняткамі насельнікаў і г. д.

Культурныя пласты замка і горада адрозніваюцца ў першую чаргу афарбоўкай. Асноўным кампанентам культурнага слою з'яўляецца светла-шэрая зямля, аднак у замку яна насычаная фрагментамі цэглы, дахоўкі, праслойкі гліны, пяску, вапны—слядамі неаднаразовых рамонтаў і перабудоў. У пасёлку слой значна больш аднастайны па колеры, за выключэннем самых верхніх пластоў. Горад у сярэднявеччы быў амаль цалкам драўляным, мураваная забудова цэнтра паўстала ў канцы XIX — пачатку XX ст. Яна моцна парадзела ў часы апошняй вайны і ў верхніх пластах культурнага слою адклаліся праслойкі будаўнічага развалу.

Па-рознаму адбываўся і працэс фарміравання культурнага слою. У горадзе ён найбольш інтэнсіўна адкладаўся на падворках гараджан, у замку, які фактычна быў адной вялікай сядзібай, найбольш магутныя напластаванні склаліся звонку пад самымі сценамі палаца, каля брамнай вежы і ў паўднёва-заходнім вугле двара, дзе ў XVII ст. дзейнічала кухня.

Фарміраванне культурнага слою Мірскага замка мела сваю спецыфіку, выкліканую характарам збудавання як умацаванай рэзідэнцыі феадала. Гэтая спецыфіка выявілася ў нераўнамернасці адкладання слою і ў характары матэрыялаў, якія змяшчае культурны слой. Культурны слой Мірскага замка мае галоўным чынам светла-шэры колер. Ён насычаны як асобнымі фрагментамі, так і праслойкамі будаўнічых матэрыялаў: цэглы, дахоўкі, вапны, гліны, пяску. Слой сухі, дрэнна захоўвае арганічныя матэрыялы і жалеза.

Раскопкамі ўстаноўлена, што да пабудовы замка на яго месцы існавала паселішча другой паловы XV ст., магчыма, феадальны двор. Дзесьці ў самым канцы XV — пачатку XVI ст. пачалося будаўніцтва мураванага замка. Спачатку навезлі пяску з глінай, затым разраўнялі і падрыхтавалі пляцоўку, на якой і пачалі ўзводзіць замкавыя муры.

Стварэнне такіх падсыпак — з'ява характэрная для беларускага замкавага будаўніцтва. Насыпны пласт пяску і гліны мае розную таўшчыню (ад 0,2 да 1 метра) у залежнасці ад перападу рэльефу і таксама добра прасочваецца. Выяўлена таксама і праслойка гэтага пачатковага будаўніцтва, якая залягае непасрэдна на гліняна-пясчанай падсыпцы ў выглядзе тонкіх лінзаў вапны і фрагментаў цэглы, дахоўк, каменняў, гліны.

У далейшым культурны слой фарміраваўся ва ўмовах, тыповых для падобных помнікаў: даробкі, разбурэнні, пераробкі, рамонты. Таму і культурны слой замка ў адрозненне ад адначасовага яму гарадскога насычаны рознымі будаўнічымі матэрыяламі - праслойкамі гліны, вапны, пяску. У гэтым слоі ўдалося вычленіць і праслойку разбурэння гатычнай галерэі і збудавання палаца ў канцы XVI - пачатку XVII ст., а таксама праслойку рамонту палаца пасля ваенных дзеянняў другой паловы XVII ст.

Асноўным датуючым матэрыялам сталі шматлікія фрагменты цэглы меншага фармату, чым у XVI ст., тонкай пляскатай і хвалістай дахоўкі канца XVII - пачатку XVIII ст., кафля, бытавы посуд, люлькі, шкляныя і металічныя вырабы. На некалькіх паліхромных кафлінах-каронках стаіць дата 1583 г.

Варта адзначыць адну цікавую асаблівасць фарміравання наслаенняў пад паўночнай сцяной. Раскопкі паказалі вельмі нераўнамернае размеркаванне кавалкаў кафлі на плошчы. У некаторых месцах трапляліся ледзь не суцэльныя “залежы” пячной кафлі канца XVI і XVII ст. Было заўважана, што гэтыя залежы знаходзяцца якраз пад вокнамі палаца. Гэта азначае, што ў ходзе рамонтаў палаца старую пабітую кафлю збіралі і выкідалі за муры праз бліжэйшае акно.

Такім чынам, у даследчыкаў з'явілася магчымасць не толькі даволі дакладнай рэканструкцыі знешняга выгляду кафляных печаў, але і вызначэння прыблізнага месца размяшчэння печаў у палацы. Названыя рэканструкцыі знайшлі практычнае выкарыстанне ў часе стварэння праекта аднаўлення замка. Тут жа каля паўночнай сцяны пад адтулінай смеццеправода знойдзена яма - сметніца XVII ст.

Каля паўднёвай сцяны замка культурны пласт не такі магутны і багаты на знаходкі. Ен часткова быў перемешаны пры будаўніцтве каля сцяны мураванай стайні XVII - XVIII стст.

Спецыфіка культурных наслаенняў каля заходняй сцяны звязана таксама з размяшчэннем тут не існуючых зараз пабудоў, якія прымыкалі да сцяны, а галоўнае, з наяўнасцю ўвахода ў замак. Якраз па абодва бакі дарогі, якая вядзе да ўвахода, зафіксаваны шчыльны, значны па таўшчыні, з добрай стратыграфіяй і са значнай канцэнтрацыяй знаходак слой.

Прычына інтэнсіўнага нарастання слою менавіта ў гэтым месцы бачыцца ў клопаце гаспадароў аб чысціні замкавага двара. Біты керамічны посуд, іншыя сапсаваныя рэчы калі не выкідалі праз вокны за муры, то выносілі за брамную вежу. Культурны слой у двары нязначны, тут у XVII ст. паклалі брукоўку. Толькі каля паўднёвай сцяны ў двары, дзе з XVII ст. дзейнічала кухня, сфарміраваўся даволі значны культурны пласт (да 2 метраў) са шматлікімі знаходкамі.

Гісторыя замка тесна звязана з гісторыяй самаго жыцця пасёлка Мір. Мірскі замак ў свой час быў моцным ваенным збудаваннем, дзе знайшлі сваё месца амаль ўсе вядомыя элементы сярэднявечча і мясцовыя традыцыі замкавага дойлідства /4/.

Блізкімі па стылю былі прыватнаўласніцкія замкі ў Любчы (1580-ыя гг.) і Гераненах (пабудаваны на рубяжы XV i XVI стст. па загаду В. Гаштольда). Як і пры пабудове Мірскага замку архітэктары выкарыстоўвалі мясцовыя традыцыі мураванага дойлідства.

З XVI ст. магнаты імкнуліся будаваць замкі па прыкладу заходнееўрапейскай архітэктуры. Гэтаму спрыяла тое, што многія з іх самі выязджалі замяжу і мелі магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з дасягненнямі заходніх майстроў. Так, Мікалай Радзівіл Сіротка вандраваў па краінах Еўропы, быў у Італіі, зрабіў пілігрымку ў Ерусалім, пра што напісаў асобную кнігу. Па яго запрашэнню на Беларусь з Італіі прыехаў славуты майстра Ян Марыя Бернандоні. Па праектам Бернардоні былі ўзведзены замак, касцёл і калегіум езуітаў.

Адначасова пачалася перабудова ўсяго горада. Па апошняму слову еўрапейскай тэхнікі Несвіж быў акружаны валамі і басціёнамі. Яго планіроўка атрымала рэгулярны стан. Знаходжанне вуліц, плошч, асноўных будынкаў падчынялася абарончым задачам. Да нашых дзён засталіся толькі 2 такіх будынка, прадстаўляя вялікі інтарэс, - Слуцкая брама і вежа Замкавай брамы.

Нясвіжскі замак, які дайшоў да нашага часу, быў пабудаваны ў 1583г. на месцы былога драўлянага, даволі вялікага і багатага будынка, з’явіўшагася яшчэ ў 1520г., а потым перабудаванага ў 1547г. Мікалаем Радзівілам Чорным для атрымання свайго рода княскага тытулу. Нясвіжскі замак – адзін з цікавейшых архітэктурных помнікаў Несвіжа, сярэднявечны феадальны замак, які пасля некалькіх перабудоў ператварыўся ў палаца - замкавы ансамбль /14, с. /.

Спачатку замак быў з ўсіх старон акружаны вадой. Патрапіць на яго тэрыторыю можна было толькі па разборнаму драўлянаму масту, які пад час нападаў ворагаў прыбіралі, і замак тады аказваўся на востраве і ператвараўся ў недасягальную крэпасць. Замкавыя брамы былі двухпавярховымі. Над імі ўзвышалася дазорная вежа. Вежа с аркай, вядучай ва ўнутранны галоўны двор, і цэнтральны корпус палаца – замкавага ансамбля былі на адной асі, что гаворыць аб сіметрыі. Калі ўвайсці праз арку і наступны за ёй длінны танель у двор і спыніцца супраць галоўнага будынка ансамбля, можна ўбачыць кальцо, якое створана каменнымі будынкамі.

Акрамя галоўнага ці параднага двара, існуе яшчэ два маленькіх: гаспадарчы і інтымны. У галоўны двор выходзіць парадны ўваход цэнтраьнага корпуса. У XVIII ст. ён быў дабудаваны да чатырох паверхаў, апрацаваны рэльефнымі дэкарацыямі, скульптурнымі ўстаўкамі і г.д. Галоўннае месца ўпрыгожвалі гербы Радзівілаў, ваенныя эмблемы і прыгожы арнамент, створаныя ў стылі барока.

Цэнтральны корпус канешне ж займалі самі Радзівілы. Па леваму баку ад яго знаходзілася трохпавярховы казарменны будынак з высокай дазорнай вежай, а па праваму – двухпавярховы гаспадарчы будынак. Раздраблёныя спачатку корпусы пазней перабудоўваліся, дапаўняліся архітэктурнымі прыбудоўкамі і нарэшце атрымалі замкнуты парадны двор. А з задняга боку галоўнага будынка з’явілася двухпавярховая прыбудоўка з тэрасай і дзвюмя вуглавымі вежамі. На галоўным двары прыцягвае позірк цікавы калодзеж – лепшы прыклад майстэрства простых беларускіх таленавітых людзей.

Гальшанскі замак - яшчэ адзін прыклад прыватнаўласніцкага замку. Першыя мураваныя пабудовы маглі быць тут узведзены яшчэ ў канцы XV ст., калі ў замку адбываліся з'езды найбольш уплывовых магнатаў Вялікага княства Літоўскага. Тады замкам валодалі князі Гальшанскія. Але ў 1555 г. апошні прадстаўнік роду біскуп Павел Гальшанскі памёр. У канцы XVI ст. яго маёмасць перайшла да Паўла Сапегі. Ён пачаў будаўнічыя работы на рацэ Лусце. Замак будаваўся як шыкоўная рэзідэнцыя ў стылі галандскага маньерызму. Сцены пакрываў фрэскавы роспіс, творы жывапісу і партрэты прадстаўнікоў роду. Падлогі замку былі выкладзены з фігурных разнакаляровых керамічных плітак /3, с. 3 -7/.

У XVI - XVII стст., калі ў еўрапейскіх краінах распаўсюджваецца бастыённая сістэма фартыфікацый, будуецца бастыённы замак у Заслаўі. У дваццатыя гады XVII ст. па загаду князя Сямёна Сангушкі ўзводзіцца Смалянскі замак. Замкавае дойлідства аказала вялікі ўплыў і на царкоўнае будаўніцтва. У XV - XVII стст. на Беларусі ўзводзяцца так званыя ўмацаваныя храмы: Сынкавіцкі храм, Маламажэйкаўская царква, Камайскі касцёл, збор у Заслаўі і г. д.

У XVIII ст. новыя замкі ўжо не будаваліся. Некаторыя прыйшлі ў заняпад. Але замкава-палацавыя комплексы раўніва аберагаліся і ўзнаўляліся сваімі гаспадарамі. Унутраныя пакоі аздабляліся ўпрыгожваннямі ў стылях барока і ракако. Па сведчанню крыніц, замкам, тым не менш, прыходзілася выконваць абарончыя функцыі. Так, пад час Вялікай Паўночнай вайны адзін са шведскіх жаўнераў пісаў пра замак у Нясвіжы: "Гэты замак лічыцца найлепшым у Польскім каралеўстве, ён умацаванычатырма каменнымі вежамі, якасна збудаванымі. Здаецца кожная дэталь гэтага замку прызначана для абароны…" /7, с. 150/.

Такім чынам, мы можам вылучыць наступныя этапы замкавага дойлідства на беларускіх землях у XIV - XVIII стст.:

XIV - XV cт. - развіццё дзяржаўнага і гарадскога замкабудавання;

канец XV - XVIII стст. - развіццё прыватнаўласніцкага замкабудавання.

Першы этап характарызаваўся паступовым пранікненнем у замкавае дойлідства Беларусі заходнееўрапейскіх рысаў. Разам з тым, пераважалі мясцовыя рысы архітэктуры. На другім этапе замкабудаванне Беларусі канчаткова набыло агульнаеўрапейскія рысы, хаця мясцовыя традыцыі мураванага дойлідства працягвалі існаваць і аказваць значны ўплыў на замкавую архітэктуру. У XVII - XVIII стст. замест ізаляванага комплекса з сістэмай умацаванняў узнікаюць дварцовыя пабудовы з адкрытай кампазіцыяй.

Глава ІІ. Замкі ў культурнай і гістарычнай прасторы Беларусі XIV - XVIII стст.

Жыццё чалавека працягваецца некалькі дзесяцігоддзяў. Жыццё яго твораў можа працягвацца стагоддзі і тысячагоддзі. Але іх лёс цалкам звязаны з чалавечым існаваннем. Як жа праходзіла жыццё замкаў? Якую ролю яны адыгрывалі ў існаванні нашых продкаў? Як ўжо было сказана вышэй, галоўная функцыя замкаў з самага пачатку была заключана ў абароне ад ворагаў. Іх будаўніцтва было справай дарагой і адказнай. Ніжэй прыведзены прыклад працы майстроў-дойлідаў.

На працягу амаль усяго сярэднявечча асноўная колькасць мураваных і драўляных збудаванняў на Беларусі ўзводзілася мясцовымі рамеснікамі, што ўваходзілі ў склад будаўнічых арцеляў. На тэрыторыі Беларусі мясцовыя самастойныя будаўнічыя арцелі вядомы з XII ст. Існавалі яны і пазней, нават у першай палове XX ст. Звычайна арцель складалася з некалькіх дзесяткаў (да трыццаці чалавек) высокакваліфікаваных муляраў і некалькіх цесляроў, якія падчас будаўніцтва падмуркаў і дахаў рабілі рыштаванні, будаўнічыя прылады, вокны і дзверы, драўляныя канструкцыі, а таксама з майстроў па вырабе цэглы і нарыхтоўцы вапны. Майстры-цагельнікі мецілі сваю прадукцыю спецыяльнымі знакамі, меткамі або клеймамі. Па іх можна прасачыць сувязі паміж рознымі арцелямі будаўнікоў.

Спачатку выбіралася месца для пабудовы. Для замкаў звычайна падбіралі пагоркі, адкуль яго было добра відаць здалёк, ужо на падыходзе да горада. На будаўнічай пляцоўцы, недалёка ад месца будоўлі, за год - два да яе капалі яміну, у якой гасілі вапну. Такія ямы знойдзены пры раскопках храмаў у Мінску і Ваўкавыску. Калі вапна была гатова, з дапамогай шнура і мернага сажня вызначалі на зямлі план і пачыналі капаць ямы пад падмуркі. Капалі зямлю драўлянымі рыдлеўкамі, краі якіх былі акаваны жалезам. Пакуль ішлі земляныя работы, на вазах падвозілі камяні для падмуркаў, пясок і ваду для рошчыны, абпаленую цэглу, якую складалі штабялямі ў пэўным парадку. Дарэчы, такія штабялі цэглы, падрыхтаванай да будаўніцтва, археолагі знайшлі ў Ваўкавыску. Недалёка ад цэглы ляжалі шліфаваныя камяні для аздобы фасадаў.

Муры Мірскага замку

Пасля таго як былі выкапаны равы для падмуркаў, пачыналі будаваць. У XI і пачатку XII ст. у аснову падмуркаў у Полацку закладвалі драўляныя бэлькі-лагі, на перакрыжаваннях іх замацоўвалі жалезнымі каванымі цвікамі кастылямі. Потым ад гэтага адмовіліся і падмуркавыя равы проста засыпалі невялікімі камянямі больш-менш аднолькавага памеру і залівалі вапнавай рошчынай. Затым браліся за справу муляры. Памочнікі падносілі ім цэглу патрэбнага памеру і рошчыну ў драўляных начоўках. Ваду падавалі ў цэбарах. Маляры карысталіся металічнымі кельнямі. Такая кельня XVI - XVII стст. знойдзена падчас раскопак на Старым замку ў Гродна. Па форме яна нагадвае наканечнік дзіды і выкавана з аднаго металічнага кавалку.

Адначасова з мурамі раслі драўляныя рыштаванні вакол іх. Яны значна адрозніваліся ад сучасных, бо не прывязваліся да муроў, а мацаваліся так, што канцы брусоў насцілаў закладваліся непасрэдна ў муроўку. Пасля заканчэння будаўніцтва іх адразалі альбо вымалі. Зрэдку адтуліны ад іх закладвалі, але ў большасці выпадкаў яны заставаліся і імі можна было карыстацца, каб выставіць рыштаванні для рамонту будынка. На Беларусь такія рыштаванні існавалі да XVII ст.

Будаўніцтва вялося толькі ў цёплы перыяд года. Невялікую бажніцу маглі ўзвесці за адзін сезон, а замак сярэдніх памераў - за два-тры гады. На зіму незакончаныя сцены пакрывалі тоўстым слоем вапнавай рошчыны і пакідалі да вясны. Падавалі рошчыну, ваду і цэглу на рыштаванні па лесвіцах і на спецыяльных блоках з дапамогай вяровак. Падобныя сістэмы блокаў добра відаць на гравюры Францішка Скарыны з выдання 1518 г., дзе ён адлюстраваў тагачаснае буданіцтва. Побач рамеснікі абчэсвалі кавалкі колатага камення, выраблялі з іх блокі для пабудовы сцен.

Акрамя прафесійных майстроў, праца якіх, відавочна, неблага аплочвалася, на будаўніцтва замкаў прыцягваліся сотні, калі не тысячы чарнарабочых. А. Г. Кіркор прыгадваў, што на Беларусі існавала пракляцце: "Штоб табе ходиць у Вильно горы капаци" /6, с. 140/. Жыхары Гродна выконвалі спецыяльную "гарадавую" павіннасць: на працягу шэсцідзесяці дзён яны працавалі на аднаўленні ўмацаванняў - "украінных замкаў", у тым ліку Віленскіх. Для ваенна-фартыфікацыйных работ у самім Гродна прыцягваліся жыхары Ваўкавыску /13, с. 31/. Работы па аднаўленню праводзіліся штогод. Інакш, замкавыя ўмацаванні маглі прыйсці ў нягоднасць. Гэта асабліва тычылася драўляных пабудоў. Дрэва хутка старэе, гніе, асабліва ў месцах, дзе блізка знаходзяцца рэзервуары з вадой. Будаваць замкі далёка ад вады таксама не мела сэнсу - пад час аблогі абаронцы маглі загінуць ад смагі.

Відавочна, што дзяржаве прыходзілася несці вялікія выдаткі на будаўніцтва і ўтрыманне замкаў нават у мірныя часы. У ваенны час фартыфікацыі маглі знішчацца ўшчэнт. Рэчыцкі стараста М. Буйвід заклаў у 1593 г. тры свае сёлы з фальваркамі за 1000 коп гроўшаў, каб адрамантаваць замак. Таму ўладам прыходзілася шукаць дадатковыя сродкі. Так, на патрэбы Аршанскага замку ішла частка прыбыткаў мясцовых васкабойні і гасціннага двара. На патрэбы Рэчыцкага замку ішлі ўсе прыбыткі ад мясцовых мытніцы, мядовай, піўной і віннай корчмаў. Акрамя таго, жыхары Рэчыцы давалі дзяржаўцу кожнага дзесятага асятра (ці любую іншую рыбу). Нават зняволеныя, што знаходзіліся ў вежы, плацілі па чатыры грошы /13, с. 71 - 74/.

Цяжка сказаць, ці выконвалі простыя жыхары свае абавязкі з вялікай ахвотай. Мне падаецца, што абарончыя магчымасці замкаў перавялічваюцца сучаснікамі. Напрыклад, замкі-кастэлі хутчэй за ўсё утрымоўвалі пад час аблогі толькі гарнізон. Мірныя жыхары хаваліся ў навакольных лясах. Каб стымуляваць працу мірнага насельніцтва, улады ўключалі спецыяльныя артыкулы ў прывілеі на Магдэбургскае права. Усё тыя ж жыхары Рэчыцы павінны былі ахоўваць замак, забяспечваць яго дровамі, рамантаваць і ўзводзіць новыя пабудовы. Грамата 1498 г., дадзеная мяшчанам Полацка, вымагала несці ваенную павіннасць на карысць горада і клапаціцца аб умацаваннях /13, с. 112 - 113/.

Я лічу, што вялікія прывілеі, якія надаваліся гарадам і мястэчкам з Магдэбургскім правам, былі ў першую чаргу разлічаны на вызваленне дзяржаўнай скарбніцы ад затрат на аднаўленне фартыфікацый. Такім чынам, факт шырокага распаўсюджвання Магдэбургскага права ў канцы XIV - XVIII стст. часткова тлумачыцца фінансавымі праблемамі дзяржавы, а не проста клопатам аб развіцці рамяства і гандлю. Будаўніцтва замкаў ускосна ўплывала на палітыку вялікага князя, буйных феадалаў і дзяржавы ў цэлым. Прыняцце Магдэбургскага права дазваляла мяшчанам надалей паспяхова развіваць эканоміку сваіх гарадоў.

Арганізацыя работ па аднаўленню замкаў вялася магістратамі па-рознаму. Напрыклад, у Магілёве праца па рамонту гарадскога валу здзяйснялася наступным чынам. Магістрат мабілізоўваў "слуг мескіх", сотнікаў, дзесятнікаў і "паспалітых". Яны распараджаліся грашыма, якія горад ахвяраваў на рэстаўрацыю. У іх кампетэнцыі знаходзіліся пытанні закупу будаўнічых матэрыялаў, падрыхтоўкі інструментаў, арганізацыі рабочай сілы і спецыялістаў у ваенна-інжынернай справе. Асноўны цяжар працы палягаў на сотні. Ім выдавалася "картка", у якой загадзя апісваліся тэрміны, характар і аб'ём работ. Гэта дапамагала пазбегнуць прастояў, рэгламентавала і дысцыплінавала ўвесь працэс будаўніцтва. Магістрат таксама наймаў за плату дадатковых рабочых, якія выконвалі самую розную працу - наразалі і клалі дзёрн, заточвалі калы і г. д. Кіравалі імі дзесятнікі. Рытм працы стымулявалі музыкі. На кожным надзеле меўся свой "добыш" (барабаншчык), які "бубніў", ствараючы лёгкую для працы атмасферу/13, с. 75 -76/.

Але не паўсюдна справа была так добра арганізавана. У Мазыры пасля атрымання Магдэбургскага права ў 1577 г. жыхары сутыкнуліся са злоўжываннем замкавай адміністрацыі. Горад знаходзіўся недалёка ад Украіны, дзе дзейнічалі казакі. Мясцовыя сяляне заўсёды мелі магчымасць пакінуць свае воласці пайсці на поўдзень, каб пазбавіцца феадальнага ўціску. Пры такіх умовах асноўны цяжар па аднаўленню замка ляжаў на мяшчанах. У 1601 г. драўляны замак выгараў ушчэнт. У 1609, 1611 і 1613 гг. праблему ўзнаўлення Мазырскіх фартыфікацый разглядаў сейм. Але мяшчане неахвотна ахвяравалі свае сілы і сродкі. Таму для тых, хто імкнуўся пазбегнуць працы і выдаткаў, накладваўся спецыяльны штраф у сорак грыўняў (пазней ён быў падвоены). У выніку, 3 кастрычніка 1615 г. мяшчане на чале двух бурмістраў паўсталі. Яны напалі з харугвамі, мушкетамі і іншай зброяй на замак і пачалі аблогу. У горад пад пагрозай смерці забараняўся ўезд шляхты. Барацьба працягвалася да 1622 г., пакуль у справу не ўмяшаліся цэнтральныя ўлады /13, с. 104 - 105/.

Пераход гарадскіх умацаванняў пад апеку магістратаў у значнай ступені адбіўся і на архітэктуры гарадскіх замкаў. Павялічыліся памеры фартыфікацый, бо мяўчане клапаціліся і пра сваё месца. У Гродна для гарадскога апалчэння быў узведзены асобны замак. З'явіліся спецыяльныя выемкі, у якіх гараджане маглі хавацца пад час аблогі.

Прыватнаўласніцкія замкі таксама патрабавалі вялікіх выдаткаў. Юрый Іллініч пры ўзвядзенні Мірскага замку быў вымушаны спачатку пабудаваць цагельні ў вёсках Пропашы і Бірбашы. Вапну вазілі са Свержаня. У адно месца звозілі сотні кіламетраў палявога камення, які патрэбна было загадзя нарыхтаваць, потым абчасаць і адсарціраваць па памерах /13, с. 135/.

Абарона замкавых комплексаў вялася рознымі метадамі. Як правіла, пад час аблогі ворагі імкнуліся скарыстацца рознымі прыстасаваннямі. Асабліва жахлівая сітуацыя магла ўзнікнуць у драўляных пабудовах, якія праціўнік імкнуўся падпаліць. Абаронцы ў сваю чаргу, каб спыніць ворага, карысталіся гарачай смалою, драўлянымі бярвеннямі, якія скідвалі з пагоркаў, каменнямі. Нарэшце, з XV ст. абодвы бакі пачалі шырока выкарыстоўваць гарматы. У кожным замку было па некалькі гармат. У XVI ст. Аршанскі замак меў асабісты цэйхгаўз, дзе захоўваліся трыццаць тры гакаўніцы, дваццаць аркебузаў, тры невялікія гарматы, жалезны кій для стрэльбаў, ядры, кулі, свінец, порах, фіцілі, салітра і сера /13, с. 83/. Згодна рэвізіі 1552 г. у Полацку мелася дзесяць лёгкіх бронзавых гармат на колах, адна вялікая бронзавая гармата, две жалезныя, семдзесят дзевяць гакаўніц і г. д. /13, с. 116/

Як ужо казалася вышэй, у першай главе маёй навуковай работы, замкі выконвалі не толькі абарончыя, але таксама адміністрацыйныя функцыі. Да гэтага трэба дадаць, што ў замках месціліся турма, розныя сховішчы, магла захоўвацца скарбніца, былі жылыя пакоі і г. д. Прыкладам можа служыць Крэўскі замак, ператвораны вялікім князем Ягайлам ў канцы XIV ст. у адзін з галоўных цэнтраў дзяржавы. У замкавай турме ўтрымоўваліся яго дзядзька Кейстут і стрыечны брат Вітаўт. Калі Кейстут быў задушаны, то Вітаўту з дапамогай хітрасці ўдалося ўцякчы ў Ордэн. У 1385 г. тут была заключана Крэўская унія.

У XVII - XVIII стст. прыватнаўласніцкія замкі ператварыліся ў буйныя культурныя цэнтры. Асаблівую славу ў XVIII ст. набыў Нясвіжскі замак, радавое гняздо Радзівілаў. Вось, што пісаў пра яго А. Г. Кіркор: "Яго пастаянна паляпшалі, выдатна ўтрымоўвалі, ён быў моцнай цвярдыняй, неаднаразова граміўшай нападаючых ворагаў… Пад час вайны 1654 г. рускія войскі ўзялі горад і большую яго частку спалілі. Шмат пацярпеў і замак. У 1706 г. новае бедства насцігла горад: напалі шведы і разрабавалі. Але багацці і значнасць Радзівілаў дазвалялі вельмі хутка ўзнаўляць папярэднюю раскошу… Нясметныя багацці Радзівілаў і добрая іх воля заўсёды прадстаўлялі магчымасць хутка залечваць нанесеныя раны. Негледзячы на бедствы і разарэнні, горад заўсёды выпраўляўся, гандль яго заўсёды быў значным, і княская рэзідэнцыя ўяўляла раскошу і багацце, якімі не заўсёды могуць валодаць і царскія асобы. Яшчэ Мікалай Сірата пачаў збіраць у Нясвіжскім замку карцінную галерэю. Яна пастаянна ўзрастала, і ў 1779 годзе, негледзячы на ваеннае рабаўніцтва, па апісанням налічвала 984 карціны…

Князь Міхаіл Радзівіл з 1726 году не толькі ўзнавіў і адбудаваў пасля шведскіх рабаўніцтваў замак, храмы, умацаванні, але яшчэ павялічыў арсенал, пабудаваў ліцейны завод, палепшыў карцінную галерэю і бібліятэку…" /5, с. 369 -370/. Пры Нясвіжскім замку існаваў тэатр. У 1784 г. Нясвіж наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які быў вельмі ўзрушаны мясцовай прыгажосцю і раскошай /11, c. 170 - 171/.

У другой палове XVIII ст. на змену барока прыходзіць класіцызм. Замкі канчаткова выходзяць з моды. Замест іх будуюцца магнацкія палацы. Войны і ліхалецці таксама зрабілі свой адбітак. У ХІХ ст., калі А. Г. Кіркор рабіў свае апісанні, большасць замкаў (Мірскі, Крэўскі, Гальшанскі) ужо ляжала ў руінах. Нават Нясвіжскі палаца перажываў не лепшыя часы.

Заключэнне

Замкамі называюць ваенна-фартыфікацыйныя комплексы, якія складаюцца з некалькіх замкнёных абарончых збудаванняў. У краінах Еўропы іх будаўніцтва звычайна звязваюць з эпохай сярэднявечнага феадалізму, калі замкі служылі надзейным умацаваннем ад частай пагрозы з боку шматлікіх ворагаў. Слабы тэхнічны ўзровень тагачасных армій, арыентацыя на конную сілу і пэўны недахоп ведаў аб асаднай справе рабілі замкі даволі эфектыўным сродкам абароны. Традыцыя будаўніцтва моцных фартыфікацый існавала яшчэ ў антычным свеце, аднак абсалютная большасць еўрапейскіх замкаў - прадукт сярэднявечнай культуры і цывілізацыі. Больш за тое, замкі ператварыліся ў сапраўдныя сімвалы Сярэднявечча.

На Беларусі замкавае будаўніцтва, на думку даследчыкаў, пачалося яшчэ ў XII ст. Але большасць замкавых пабудоў узводзілася ў XIV - XVI стст., што тлумачыцца з аднаго боку частымі ваеннымі сутыкненнямі, а з другога - развіццём феадальнай і гарадской гаспадаркі, якая патрабавала абароны.

Мы можам вылучыць наступныя этапы замкавага дойлідства на беларускіх землях у XIV - XVIII стст.:

XIV - XV cт. - развіццё дзяржаўнага і гарадскога замкабудавання;

канец XV - XVIII стст. - развіццё прыватнаўласніцкага замкабудавання.

Першы этап характарызаваўся паступовым пранікненнем у замкавае дойлідства Беларусі заходнееўрапейскіх рысаў. Разам з тым, пераважалі мясцовыя рысы архітэктуры. На другім этапе замкабудаванне Беларусі канчаткова набыло агульнаеўрапейскія рысы, хаця мясцовыя традыцыі мураванага дойлідства працягвалі існаваць і аказваць значны ўплыў на замкавую архітэктуру. У XVII - XVIII стст. замест ізаляванага комплекса з сістэмай умацаванняў узнікаюць дварцовыя пабудовы з адкрытай кампазіцыяй.

Культурная і гістарычная прастора, у якой знаходзіліся замкі, адрознівалася сваёй шырынёй. У яе ўваходзілі войска, дзяржаўныя ўстановы, гарады і гараджане, буйныя феадалы і г. д. На працягу стагоддзяў замкі служылі ваеннымі ўмацаваннямі, якія абаранялі нашых продкаў аднападаў звонку. Замкі ўбіралі ў сябе самыя апошнія дасягненні тагачаснай культуры. Магчыма, менавіта развіццё замкабудавання і фартыфікацыйнай справы сталі адной з галоўных прычын шырокага распаўсюджвання на Беларусі Магдэбургскага права. Такім чынам, замкі былі не проста культурнымі, адміністрацыйнымі і ваеннымі цэнтрамі. Яны самі па сабе ўяўлялі адну з крыніц развіцця нашага народу.

Гісторыя замкавага дойлідства Беларусі з'яўляецца адной з найбольш цікавых старонак мінулага нашай краіны. Фактычна, замкі - гэта не проста помнікіі мураванай архітэктуры, але і каштоўная крыніцай, дзякуючы якой мы маем магчымасць мець больш інфармацыі пра іншыя падзеі нашай гісторыі, і гэта павінен памятаць кожны даследчык мінулага.

Асабіста я вельмі спадзяюся на кожнага жыхара ў нашай краіне ў сумленным адносіне да кожнага замка ў нашай краіне. Таму што замкі – гэта наша гісторыя і наша нацыянальнае багацце.

Список литературы

Бартенев И. А., Батажкова В. Н. Очерки истории архитектурных стилей. - М.: Изобразительное искусство, 1983. - 384 с.

Высоцкая Н.Ф. Каляровы альбом. Інтэреры. Частка -1. – Мн., 1990. -

Замак у Гальшанах. / Аўтар-складальнік Э. Вайцэховіч. - Мн., 2000. - 20 с.

Здановіч Н.І., Краўцэвіч А.К., Трусаў А.А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка. - Мн.: Навука і тэхніка, 1994. -

Киркор А. Г. В белорусском Полесье. // Живописная Россия: Литовское и белорусское Полесье. - Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. С. 357 - 381.

Киркор А. Г. Город Вильно. // Живописная Россия: Литовское и белорусское Полесье. - Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. С. 137 - 162.

Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. - Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. - 296 с.

Кулагін А.М. Шэдэўры архітэктуры ракако: Гіст.-архіт. Нарыс.- Мн.: Полымя, 1991.

Лабынцев Ю.А. В глубинном Полесье (Турово - Пинская земля). - Москва: Искусство, 1989. -

Лакотка А.І. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Навуковае выданне. – Мн.: Полымя, 1992. -

Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVIII cтагоддзі. - Мн.: Лімарыус, 2001. - 384 с.

Ткачоў М. Замак. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. - Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1996. С. 401 402.

Ткачев М. А. Замки Беларуси. - Мн.: Беларусь, 2002. - 200 с.

Шишигина К.Я. Музы Несвижа.- Мн.: Полымя, 1986. -

Short Guide to the History of European Architecture. / Ed. By Rathles - London: Rithbooks, 1991. - 40 p.