Метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у малодшых класах

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ

ГЛАВА 1. Авалоданне фразеалагічным багаццем беларускай мовы ў пачатковай школе

1.1 Асноўныя праблемы і задачы вывучэння фразеалогіі ў пачатковай школе

1.2 Метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у пачатковай школе

ГЛАВА 2. Аналіз падручнікаў для вучняў 4 класа на прадмет наяўнасці ў іх базы для вывучэння фразеалагічнага складу мовы

2.1 Знаёмства з фразеалагічным фондам мовы ў межах вывучэння раздзела марфалогіі

ЗАКЛЮЧЭННЕ

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

Уводзіны

Праз слова i фразеалагізм мова звязана з рэчаінасцю непасрэдна, таму што менавіта гэтыя адзінкі служаць найменнямі разнастайных прадметаў, з'яў i паняццяў. Вывучэнне названых адзінак беларускай мовы мае на мэце ўзбагаціць вучняў усведамленнем таго, што лексіка i фразеалогія - гэта такія моўныя сістэмы, у якіх адлюстраваны асаблівасці ннацыянальнага светабачання i светаразумення i праз якія чалавек далучаецца да культуры, духоўнасці i маралі беларускага народа.

Сучасная школа ставіць задачу ўзмацніць практычную накіраванасць навучання, максімальна выкарыстаць яго для развіцця і выхавання асобы. У гэтай сувязі ўзрастае маўленчая арыентацыя школьнага курса беларускай мовы, які павінен забяспечыць не толькі сістэму тэарэтычных ведаў, але і трывалыя навыкі актыўнага валоданне мовай ва ўсіх яе стылёвых разнавіднасцях.

Большую ўвагу прыцягваюць пытанні вывучэння фразеалогіі – дзейснага сродку развіцця мыслення і маўленчай культуры, маральна-этычнага і эстэтычнага выхавання вучняў. Пачаў складвацца асобны раздзел методыкі развіцця мовы, які пакуль што не мае сталай назвы, называецца па-рознаму: “Работа над фразеалагічнымі сродкамі”, “Работа над фразеалагізмам”, “Фразеалагічная работа”.

Калі звярнуцца да пытання ступені распрацаванасці праблемы вывучэння фразеалогіі ў лінгвістычнай літаратуры, то варта адзначыць наступныя прозвішчы аўтараў і іх работы.

Даследаванню паходжання ўстойлівых словазлучэнняў у іх сувязі з народнай духоўнай культурай прысвяцілі свае работы М.І. Талстой, В.М. Макіенка, Ю.А. Гваздароў, А.С. Аксамітаў, І.Я. Лепешаў, Ф.М. Янкоўскі, В.Д. Ужчанка, А.А. Іўчанка і іншыя рускія, беларускія і ўкраінскія моваведы. Работы названых аўтараў сведчуць пра тое, што сувязь мовы з “пазамоўнай рэчаіснасцю” асабліва яскрава праяўляецца ў фразеалагізмах, многія з якіх гістарычна звязаны са старажытнымі павер’ямі і ўяўленнямі.

Калі гаварыць непасрэдна пра вывучэнне фразеалагічных адзінак у школе, то варта назваць такія работы:

В. Ляшчынская ў сваёй працы (“Аспекты вывучэння фразеалагізмаў у сістэме навучання беларуская мове”) прыводзіць найбольш важныя і шырокаўжывальныя прыёмы параўнання і супастаўлення беларускіх фразеалагізмаў з фразеалагічнымі адзінкамі рускай мовы. Сярод іх шлях падбору эквівалентнага паводле значэння слова ці слоў, падбор сінанімічнага фразеалагізма, антанімічнага фразеалагізма.

Звяртаецца ўвага ў дадзенай працы і на іншыя асаблівасці ўжывання фразеалагізмаў. Так, у прыватнасці, зазначаецца, што пры выкарыстанні фразеалагізмаў неабходна захоўваць кампанентны склад, парадак, паслядоўнасць размяшчэння кампанентаў, адсутнасць пунктуацыйнага афармлення ў пэўных тыпах фразеалагічных адзінак.

Звяртаецца ўвага ў дадзенай працы і на спалучальнасць фразеалагізмаў з пэўнымі словамі – суправаджальнікамі, што не ўключаюцца ў склад фразеалагічнай адзінкі, але з’яўляюцца неабходнымі для сэнсавай звязкі фразеалагізма са словамі кантэксту.

М.У. Юнаш у сваёй працы (“Выкарыстанне фразеалагізмаў у мове (на прыкладзе беларускай драматургіі)”) засяроджвае ўвагу на здольнасці мовы мастацкай літаратуры, акрамя традыцыйнага выкарыстання фразеалагічных адзінак, раскрываць патэнцыял зваротаў. У такім выпадку фразеалагізм рэалізуецца ў адмыслова створаным кантэксце. Пісьменнікі пры дапамозе розных прыёмаў па-майстэрску абнаўляюць іх форму і абыгрываюць змест.

У працы прыводзяцца прыклады такіх метадаў, як выкарыстанне фразеалагізма ў незвычайных для яго значэннях, сутыкненне фразеалагізма і аманімічнага свабоднага словазлучэння, семантычны паралелізм, замена прыфразеалагічнага кампанента кантэкстуальна абумоўленым і інш.

Акрамя таго, у працы прыводзяцца прыклады практыкаванняў для працы з фразеалагізмамі на ўроках літаратуры (“устаўце ў фразеалагічныя адзінкі прапушчаныя словы”, “прачытаць і растлумачыць значэнне выдзеленага фразеалагізма”, “да прыведзеных слоў падбярыце фразеалагізм з тым жа значэннем”, “вызначыць з якім са значэнняў выкарыстоўваецца дадзены фразеалагізм у тэксце”) [15; С.56].

Актуальнасць тэмы, абранай у якасці даследавання нашай курсавай работы абумоўлена слабой распрацаванасцю ў літаратуры пытання вывучэння фразеалагічнага багацця беларускай мовы ў малодшых класах.

Мэтай даследавання з’яўляецца: разгледзець метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у малодшых класах.

З пастаўленай мэты вынікаюць і задачы даследавання:

    Прааналізаваць і вывучыць адпаведную лінгвістычную літаратуру па тэме даследавання;

    Вызначыць асноўныя метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у малодшых класах;

    Прааналізаваць падручнікі беларускай мовы на прадмет наяўнасці ў іх базы для вывучэння фразеалагічнага складу мовы;

    Распрацаваць урок па вывучэнню фразеалагізмаў у малодшых класах.

ГЛАВА 1. Авалоданне фразеалагічным багаццем беларускай мовы ў пачатковай школе

1.1 Асноўныя праблемы і задачы вывучэння фразеалогіі ў пачатковай школе

Сучасныя патрабаваннi да навучання беларускай мове заключаюцца ў тым, каб вучнi ўсебакова вывучылi мову на фанетычным, лексiчным i граматычным узроўнях, набылi адпаведныя практычныя ўменнi i навыкi i на гэтай аснове развiлi сваё маўленне ў шырокiм значэннi гэтага слова. Таму не выпадкова, што ў навучальным працэсе найажнейшую ролю набывае вывучэнне лексiкi, бо маўленчае развiццё вучняў залежыць не столькi ад ступенi валодання арфаграфiчнымi i граматычнымi нормамi, колькi ад асэнсавання i ўжывання лексiкi, у якой заключаюцца невычэрпныя магчымасцi для перадачы разнастайных значэнняў, для выражэння самых розных паняццяў, iдэй i думак.

Вывучэнне лексічных i фразеалагічных адзінак заснавана на ўліку ўнутраных сэнсавых сувязей паміж імі, характар якіх вызначаецца кантэкстам, які ўяўляе сабой своеасаблівую маўленчую арганізацыю сэнсавага характару. Пры такім падыходзе лексіка i фразеалогія асэнсоўваюцца як сістэмы, у межах якіх адзінкі ўзаемаабумоўленыя i ўзаемазалежныя ў плане зместу, развіваюцца пазнавальныя здольнасці вучняў, фарміруецца ў ix цікавасць да працы даследчыка мовы. Гэта развівае любоў да роднай мовы, выклікае павагу да працы лінгвістаў, да беларускага народа - творцы мовы. Праз гэты курс павышаецца культура мовы вучняў, развіваецца ўменне карыстацца даведачнай літаратурай, узбагачаецца слоўнікавы i фразеалагічны запас навучэнцаў [14; С.34].

Лексiка праходзiць праз мову ва ўсiх напрамках: гукi разглядаюцца ў слове, марфемы як значымыя часткi выяўляюцца ў межах слова, таму што нi гукi, нi марфемы па-за словамi не iснуюць; марфалагiчныя асаблiвасцi мовы разглядаюцца на прыкладзе слоў; сказы толькi тады становяцца сродкам выражэння i абмену думкамi, калi яны напоўнены адпаведнымi словамi. Значыць, слова – цэнтральная адзiнка ва ўсiм механiзме мовы.

Практычная мэта вывучэння фразеалагічных адзінак у межах лексікі – фармiраваць у вучняў лексiкалагiчныя i фразеалагiчныя ўменнi, што будзе садзейнiчаць узбагачэнню слоўнiкавага запасу вучняў, развiццю моўнай культуры i культуры думкi, лагiчнага мыслення, працэсу пазнання, выхаванню моўнага эстэтычнага густу, павагi да беларускага слова, забеспячэнню ўмоў для азнаямлення з моўнымi асаблiвасцямi мастацкiх твораў, якiя вывучаюцца на ўроках лiтаратуры.

Трэба зазначыць, што лексiка i фразеалогiя беларускай мовы адлюстроўвае асаблiвасцi светабачання i светаадчування беларускага народа, таму вывучэнне гэтых моўных адзiнак будзе спрыяць фармiраванню ў вучняў пачатковых класаў свядомага разумення самабытнасцi i непаўторнасцi беларускай мовы, далучэнню вучняў да духоўнай спадчыны народа, яго культуры, маралi, выхаванню ў iх любовi да роднага слова, роднага краю, да сваёй Бацькаўшчыны, да Беларусi.

З улiкам спецыфiкi лексiчных i фразеалагiчных адзiнак мовы для раскрыцця iх сутнасцi ў працэсе навучання неабходна карыстацца як агульнадыдактычнымi, так i спецыяльнымi прынцыпамi: экстралiнгвiстычным (супастаўленне слова i прадмета, рэалii), лексiка-граматычным (супастаўленне лексiчнага i граматычнага значэнняў), сiстэмным (супастаўленне амонiмаў i мнагазначных слоў, антонiмаў i мнагазначных слоў, сiнонiмаў i антонiмаў), функцыянальным (супастаўленне агульнаўжывальных слоў i дыялектызмаў, тэрмiнаў, прафесiяналiзмаў, эмацыянальна i стылiстычна афарбаваных слоў са сферамi iх ужывання), гiстарычным (супастаўленне ўстарэлых i новых слоў з гiсторыяй прадметаў, рэалiй).

Пры вывучэннi лексiкi i фразеалогii могуць выкарыстоўвацца наступныя пазнавальныя метады: слова настаўнiка, гутарка, самастойны аналiз вучнямi тэарэтычнага матэрыялу, складанне планаў вучэбных тэкстаў.

Для фармiравання лексiкалагiчных i фразеалагiчных уменняў могуць быць прапанаваны спецыяльныя практыкаваннi на знаходжанне вывучаемых з’яў сярод слоў, у словазлучэннях, сказах i звязных тэкстах, на падбор прыкладаў-iлюстрацый лексiчных i фразеалагiчных адзiнак на пэўную тэму, на групоўку вывучаемых з’яў, на вызначэнне сэнсава-стылiстычнай ролi розных разрадаў слоў у тэкстах мастацкага, гутарковага i навуковага стыляў, на стварэнне ўласных выказванняў. Пры гэтым пажадана, каб пры распрацоўцы сiстэмы практыкаванняў выкарыстоўваўся па магчымасцi матэрыял мастацкiх твораў, якiя вывучаюцца ў пачатковых класах.

Адна з асноўных задачработы па фразеалогіі ў школе – узбагачэнне фразеалагічнага запасу вучняў. Няправільна было б лічыць, што гэта задача зводзіцца толькі да механічнага запамінання пэўнай колькасці фразеалагізмаў. Колькаснае папаўненне фразеалагізмаў у памяці без асэнсавання іх шматлікіх характарыстык – малаэфектыўны занятак, які не забяспечыць надзейных ведаў і навыкаў. Для таго, каб фразеалагізмы занялі трывалае месца ў свядомасці вучня, сталі актыўным сродкам яго маўленчай дзейнасці, патрэбен комплексны падыход да іх вывучэння, які прадугледжвае: засваенне фразеалагізма ў адзінстве формы і значэння, засваенне яго марфалагічных, сінтаксічных і стылістычных уласцівасцей, выпрацоўку навыкаў правільнага выкарыстання ў адпаведнасці з маўленчай сітуацыяй.

Важна, каб з самага пачатку вучні ўсвядомілі спецыфіку фразеалагізма, навучыліся адрозніваць яго ад пераменных сінтаксічных канструкцый. Як паказвае школьная практыка, гэта дасягаецца няпроста. Вучні часта пераносяць уласцівасці свабодных словазлучэнняў на фразеалагізм, што перашкаджае зразумець яго як сінтаксічна нерасчлянённую адзінку з цэласным значэннем [8; С.34].

Устойлівыя словазлучэнні падпарадкоўваюцца заканамернасцям граматычнага ладу мовы, пры выкарыстанні многія з іх рэалізуюць парадыгматычныя формы. Нарматыўнае ўжыванне фразеалагізмаў патрабуе ўмення выбраць патрэбную форму. Вучні павінны атрымаць элементарныя веды аб марфалагічнай зменнасці фразеалагізма, праводзіць мэтанакіраваныя і міжвольныя назіранні за яго знешнімі “паводзінамі” ў сказе.

Прадуктыўнае засваенне фразеалагізмаў вымагае авалоданне іх сінтаксічнай спалучальнасцю. Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на выпадкі абмежаванай спалучальнасці, калі фразеалагізм уступае ў сувязь толькі з пэўным словам ці словаформай [14; С.35].

Падпарадкоўваючы вывучэнне фразеалогіі развіццю мовы, важна не толькі раскрыць значэнне, марфалагічныя і сінтаксічныя ўласцівасці фразеалагізмаў, але іпаказаць яго стылістычную афарбоўку, бо менавіта яна вызначае выбар фразеалагізма ў адпаведнасці з сітуацыяй, стылем і экспрэсіяй маўлення.

Навучанне ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя вымагае супастаўлення фразеалагізмаў абедзвюх моў. Гэта не значыць, што ў параўнальным плане трэба разглядаць кожны фразеалагізм. Мэтазгодна па меры неабходнасці праводзіць супастаўляльны аналіз пераважна тых суадносін фразеалагізмаў, якія ў беларускай і рускай мовах адрозніваюцца знешняй формай ці значэннем.

      Метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у пачатковай школе

Беларуская мова характарызуецца багаццем і разнастайнасцю фразеалагічных сродкаў. Шмат фразеалагізмаў школьнікі сустракаюць, чытаючы мастацкую літаратуру, чуюць у вусным маўленні.

Але, як сведчаць назіранні настаўнікаў і вучоных-метадыстаў, фразеалагічны запас школьнікаў бедны, разуменне і ўжыванне імі фразеалагізмаў часта недакладнае ці памылковае. Выклікана гэта тым, што да цяперашняга часу школа не мае навукова абгрунтаванай метадычнай сістэмы, рэалізацыя якой дазволіла б зрабіць працэс узбагачэння мовы вучняў фразеалагізмамі мэтанакіраваным і актыўным.

У выніку гэтага вывучэнне фразеалагічнага багацця беларускай мовы адбываецца нерэгулярна, час ад часу, без пэўнай сістэмы. Гэта, зразумела, не дае магчымасці засвоіць у працэсе вучобы фразеалагічны мінімум, якім павінен валодаць кожны адукаваны, культурны чалавек.

Для таго, кааб вучні спасцігалі ядро нацыянальнай фразеалогіі, умелі выкарыстоўваць устойлівыя звароты ў сваім маўленні, неабходна праводзіць работу па фразеалогіі на працягу ўсяго перыяду навучання мове.

Галоўнае месца ў рабоце з фразеалагізмамі займае прыём семантызацыі. Яго прызначэнне – раскрыць сэнс фразеалагізма. Існуе некалькі спосабаў семантызацыі:

    Падбор эквівалентнага ці сінанімічнага слова. Прымяняецца да фразеалагізмаў з простай семантыкай намінатыўнага характару, у якіх адсутнічае ці слаба выражана экспрэсіўна-ацэначная афарбоўка: у першую чаргу – спачатку.

    Падбор сінанімічнага словазлучэння: ва ўсе лапаткі – вельмі хутка.

    Разгорнутае апісанне значэння. Такі прыём падыходзіць да фразеалагізмаў складанай семантыкі.

    Падбор сінанімічнага фразеалагізма.

    Падбор фразеалагізма-антоніма ці антанімічнага слова.

    Тлумачэнне адпаведнікам з рускай мовы.

Трэба зазначыць, што найбольш эфектыўнымі з прыведзеных з'яўляюцца тры першыя спосабы.

Эфектыўным прыёмам засваення фразеалагізмаў выступае этымалагічны аналіз. Без яго да канца зразумець сэнс многіх выразаў проста немагчыма. Этымалагічных даведак патрабуюць, як правіла, фразеалагічныя зрашчэнні – адзінкі са страчаным унутраным вобразам, знешняя форма якіх не дае намёку на значэнне, не падказвае яго. Асабліва гэта закранае зрашчэнні з устарэлымі словамі, невядомымі ў сучаснай мове [10; С.88].

Праз этымалагічны аналіз вучні даведваюцца: 1. Аб утварэнні фразеалагізмаў, звязаных з самымі разнастайнымі з'явамі рэчаіснасці: былымі павер'ямі, абрадамі, звычаямі, бытам, гістарычнымі падзеямі, канкрэтнымі справамі людзей розных прафесій, міфалогіяй.

Лукашук М.П. даследуе праблему развіцця мовы вучняў. У межах гэтага пытання ён гаворыць і пра ролю вывучэння фразеалагічнага багацця мовы, прапануючы вывучэнне фразеалагізмаў як адзін з асноўных відаў слоўнікавых практыкаванняў. Работа над фразеалагізмамі, па словах аўтара, адбываецца наступным чынам:

Вучні знаёсяцца з фразеалагізмамі, вучацца даваць апісальнае тлумачэнне іх сэнсу (як сыр у масле катацца – жыць у поўным дастатку). Вывучэнне фразеалагізмаў выклікае ў іх жывую цікавасць да слова, жаданне выказаць свае думкі не толькі дакладна, але ярка і вобразна. Работа над фразеалагізмамі праводзіцца на ўроках чытання у сувязі з аналізам твора і на ўроках беларускай мовы. З мэтай засваення фразеалагізмаў практыкуюцца наступныя віды работ:

    Знаходжанне ў творы ці ў практыкаванні фразеалагізмаў, тлумачэнне іх значэння (гладзіць па галоўцы – хваліць, патакаць; майстар на ўсе рукі – чалавек, які ўсё ўмее рабіць).

    Сінанімічнае супастаўленне слова і фразеалагізма: зірнуць, хутка агледзець – акінуць вокам; самае лепшае, самае каштоўнае – залатыя горы; з маленства – з калыскі.

    Падбор блізкіх па значэнню фразеалагізмаў: да сэрца прыняць, браць да сэрца – уразліва, устрывожана ўспрымаць (выпадак, здарэнне, падзею).

    Падбор да фразеалагізмаў лексічных або фразеалагічных антонімаў: далёка не паедзеш (не шмат дасягнеш, не даб’ешся) – далёка пайсці (дасягнуць вялікіх поспехаў у жыцці).

    Выкарыстанне фразеалагізмаў у якасці назваў карцін, загалоўкаў да звязных тэкстаў, вусных пераказаў, уключэнне іх у пераказы і сачыненні [6; С.11].

Важнае месца належыць прыёму работы з фразеалагічнымі слоўнікамі. Вучняў ІІІ класа мэтазгодна пазнаёміць з “Фразеалагічным слоўнікам для сярэдняў школы” Н.В. Гаўрош, І.Я. Лепешава, Ф.М. Янкоўскага.

На пазакласных занятках можна падрыхтаваць кароткія паведамленні вучняў на тэму “Фразеалагізмы”, правесці віктарыну, аформіць альбом фразеалагізмаў [8; С. 74].

Пажадана таксама, каб з першых урокаў знаёмства з фразеалагізмамі школьнікі вялі ўласныя фразеалагічныя слоўнікі, заносячы ў іх кожны прааналізаваны фразеалагізм. Такі прыём навучання вельмі карысны. Слоўнічак, калі ён запаўняецца сістэматычна, паказвае дакладны аб’ём вывучанага матэрыялу, што прадухіляе стыхійнасць і эпізадычнасць у фразеалагічнай рабоце, дазваляе настаўніку працягваць яе паслядоўна і мэтанакіравана.

Вучні, звяртаючыся да сваіх запісаў, неаднаразова сустракаюцца з аднымі і тымі ж фразеалагізмамі, выконваюць з імі практыкаванні і гэта садзейнічае больш трываламу засваенню матэрыяла.

Каб слоўнічак быў зручны для карыстання, у ім на кожную літару адводзяцца пэўныя старонкі і фразеалагізмы заносяцца ў алфавітным парадку. Супраць кожнага фразеалагізма запісваецца яго значэнне, а пры неабходнасці – і прыклад ужывання, іншыя фразеалагічныя звесткі.

Засваенне фразеалагізмаў можа суправаджацца нагляднасцю. Аднак магчымасці яе выкарыстання ў некаторай ступені абмежаваныя, паколькі нямногім устойлівым зваротам уласціва канкрэтнае, рэчыўнае значэнне.

Можна выкарыстаць наступныя формы нагляднасці. У першую чаргу гэта табліцы. Змест іх залежыць ад характару дыдактычнага матэрыялу і ад мэты навучання. Напрыклад, для знаёмства з паняццем фразеалагізма падыходзіць табліца, на якой параўноўваюцца ў кантэксце фразеалагізм і аманімічнае свабоднае словазлучэнне. Побач з прыкладам ужывання фразеалагізма на табліцы часам мэтазгодна даваць і тлумачэнне яго значэння.

Выкарыстоўваюцца і так званыя табліцы-плакаты, на якіх даецца спіс фразеалагізмаў і іх значэнняў. Табліцы вывешваюцца ў классе на пэўны перыяд (некалькі дзён, тыдзень), дастатковы для таго, каб вучні запомнілі фразеалагізм.

Вывучэнню граматычных з'яў, у прыватнасці і сінтаксічнай ролі фразеалагізмаў, дапамагаюць схемы.

Практыкуецца таксама выяўленчая нагляднасць – малюнкі і карціны.

Малюнкі ўздзейнічаюць на зрокавую памяць і даюць магчымасць лепш усвядоміць сэнс фразеалагізма. Па змесце яны бываюць двух відаў:

- Малюнкі адлюстроўваюць рэальнае фразеалагічнае значэнне, абазначаюць прадмет, прымету дзеяння, выражаныя фразеалагізмам;

- Малюнкі адлюстроўваюць этымалагічнае значэнне фразеалагізма, знаёмяць з сітуацыяй, якая спарадзіла фразеалагізм: хадзіць на галаве, глядзець скрозь пальцы (ілюструецца ўжыванне словазлучэнняў у прамым сэнсе – становішча чалавекаўніз галавой, твар, прыкрыты далонню з распасцёртымі пальцамі). Малюнкі гэтага тыпу маюць, як правіла, гумарыстычны характар і дабра стасуюцца да займальнай работы. Па іх можна даваць такія заданні: 1. Пра які фразеалагізм нагадвае малюнак? 2. Растлумачце памылку мастака. Прыдумайце і вусна апішыце свой малюнак, які б адпавядаў метафарычнаму значэнню фразеалагізма.

Існуе і такі спосаб сувязі нагляднасці з работай па фразеалогіі, як падбор ілюстрацый да фразеалагізмаў і наадварот, - фразеалагізмаў да ілюстрацый: вучні збіраюць выразкі з газет, старых кніг і часопісаў, малююць самі.

У практыцы вывучэння фразеалагізмаў пашыраным з'яўляецца прыём супастаўлення і параўнання. Ён рэалізуецца часцей у такіх адносінах: а) фразеалагізм – слова; б) фразеалагізм – словазлучэнне, сплучэнне слоў, сказ; в) фразеалагізм – фразеалагізм. Такі прыём дапамагае выявіць паняційнае і граматычнае значэнні, знешнюю структуру, унутрысістэмныя сувязі фразеалагізмаў.

Узбагачэнню фразеалагічнага запасу садзейнічае прыём групоўкі, заснаваны на аб'яднанні ўстойлівых зваротаў па якой-небудзь прымеце. Можна арганізаваць тэматычную падборку фразеалагізмаў (са значэннем прадметнасці, часу, месца, дзеяння), утварыць сінанімічны рад фразеалагізмаў, падабраць фразеалагізмы, у структуру якіх уваходзіць адно і тое ж слова, напрыклад, галава, рука ці нага.

ГЛАВА 2. Аналіз падручнікаў для вучняў 4 класа на прадмет наяўнасці ў іх базы для вывучэння фразеалагічнага складу мовы

У практычнай частцы нашага даследавання ўвага была накіравана на падручнікі беларускай мовы і літаратуры для 4 класа. У прыватнасці, былі прааналізаваны падручнікі: Валынец Т.М. Беларуская мова: падручнік для 4-га кл. агульнаадукац. устаноў з рускай мовай навучання. У 2 ч. – Мн., Нац інстытут адукацыі, - 2008; Клышка А. Літаратурные чытанне: падручнік для 4-га класа агульнаадукацыйных устаноў з рускай мовай навучання. – Мінск: НІА, - 2008. – 128 с.

Паколькі работа па фразеалогіі прыпадае ў асноўным на ўрокі, прысвечаныя нефразеалагічным тэмам, пры разглядзе тэкстаў, заданняў і пытанняў да іх, змешчаных у падручніках звярталася ўвага на магчымасць выкарыстаць дадзеныя матэрыяла для засваення звестак пра фразеалагічныя адзінкі.

Семантычныя нормы ўжывання фразеалагізма становяцца даступнымі і зразумелымі тады, калі яны ілюструюцца кантэкстам. Ізаляваныя фразеалагізмы могуць даць скажонае ці няправільнае ўяўленне аб сваім значэнні. Таму пажадана каб любая, нават самая элементарная работа з фразеалагізмам суправаджаляся паказам яго выкарыстання ў сказе. Менавіта з гэтай прычыны карысным будзе такі метад працы, як разгляд фразеалагізма – яго функцыі, сэнсу ў тэксце.

Так, напрыклад, чытаючы матэрыял падручніка па беларускай літаратуры з вучнямі, настаўнік можа звяртаць увагу на фразеалагізмы, што трапляюцца ў тых ці іншых творах.

Самым багатым на фразеалагічны матэрыял з’яўляецца раздзел падручніка “З рога ўсяго многа”. Так, у аднайменнай казцы, размешчанай на старонках 29-33 падручніка сустракаюцца наступныя фразеалагічныя адзінкі:

    З таго часу пачалі дзед з бабай жыць – гора не ведаць;

    Прыехаў да дзеда, убачыў, якую яду есць звычайны мужык, разгарэліся ў пана вочы;

    Пайшоў дзед да пана, а ў таго аж сталы ад яды ломяцца;

    З панам спрэчкі кароткія;

    Аддай маёнтак бедным людзям, а сам з гасцямі ўцякай куды вочы глядзяць.

Насычаная фразеалагізмамі і наступная казка разгледжанага раздзела (“Сцізорык зламаўся”). Так, знаходзім у ёй наступныя фразеалагічныя адзінкі, прыдатныя для разгляду і вывучэння на ўроку чытання:

    От так і не дасць слова вымавіць;

    Бачыць аканом, што доўга пана няма, а тут у двары бяда на бядзе едзе ды бядою паганяе;

    З выгляду так сабе, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе.

    Згарэлі, пане, начыста згарэлі, быццам хто языком злізаў;

    Увесь, пане; чыста, гладка, хоць рэпу сей.

У казцы “Залаты збан” (старонкі 43-48) знойдзены наступныя фразеалагізмы:

    Усе, ад малога да сівога, баяліся цара;

    Ні ўдзень, ні ўночы з маёй галавы не выходзіць залаты збан;

    З таго часу ў той краіне ніхто пальцам не смее крануць старых, усе шануюць іх сівізну і мудрасць.

Зрэдку сустракаюцца фразеалагізмы ў іншых раздзелах падручніка. У творы “Крыўда” (стар. 60-63) можна звярнуць увагу вучняў на фразеалагізм толькі яго і бачылі (Мурза ўзяў у зубы сумку, зняў лапы з грошай, і толькі яго бачылі ў магазіне); на старонцы 65 у творы “Браты-артысты” сустракаем фразеалагізм адлягло ад сэрца (У мяне адлягло ад сэрца: калі забяром ягнятак у хату, то яны не замёрзнуць) [1; С.65].

Знаёмства вучняў з фразеалагізмам недзе за дваццатым полем варта ажыццявіць у ходзе чытання твора “Зайчаняткі” (Бо, можа, якраз яе дзяцей недзе за дваццатым полем корміць у гэтую самую хвіліну нейкая іншая шэрая матка).

Верш А. Лойкі “Жарабяткі” (стар. 86) дае магчымасць пазнаёміцца з сэнсам і асаблівасцямі ўжывання фразеалагізма смыляць пяткі:

Быццам бы

Смыляць ім пяткі,

Скачуць,

Скачуць жарабяткі!

Апавяданне “Маленькія салдаты” ( стар. 99 – 102) прыдатнае для вывучэння фразеалагізма прапускаць міма вушэй: (Колю здалося, што сябар міма вушэй прапускае ягоныя словы).

У ходзе знаёмства вучняў з апавяданнем А. Васілевіч “Пажар” (стар. 81) настаўніку варта звярнуць увагу вучняў на такія фразеалагічныя адзінкі, што сустракаюцца ў тэксце:

    Грышка клопат пра вогнішча бярэ на сябе;

    А агонь разышоўся не на жарт;

    Некаму прыходзіць думка пакараць “вужоў” так, каб дзесятаму заказалі.

З фразеалагізмам як скрозь зямлю праваліўся вучні могуць пазнаёміцца, чытаючы апавяданне “Сэрца чалавека” (стар.113 – 117): “Але Боя нідзе не было – як скрозь зямлю праваліўся”.

Вядома, што паралельна з устойлівымі спалучэннямі слоў у беларускай мове існуюць паралельна ідэнтычныя па форме свабодныя спалучэнні слоў. Дзеля таго, каб навучыцца адрозніваць фразеалагізмы ад аналагічных словазлучэнняў вучням таксама можа дапамагчы матэрыял падручніка.

Карыснай будзе такая праца над тэкстам, калі словазлучэнне (свабоднае спалучэнне слоў) параўноўваецца з аналагічным па форме фразеалагічным словазлучэннем.

    Маленькія дзеці валяцца з ног (стар.102) – параўн. валіцца з ног (у значэнні вельмі моцна стаміцца);

    Мінулі хмары (стар. 112) – параўн. мінула хмара (у значэнні адступіла трывожная, небяспечная сітуацыя);

    Алесь неўзабаве ўбачыў крайнюю хату – параўн. – хата з краю (у знач. быць ні пры чым).

Анадагічную работу можна выконваць і на ўроках беларускай мовы ў 4-ым класе. Так, практыкаванні падручніка беларускай мовы ўтрымліваюць наступныя свабодныя словазлучэнні, якія можна параўаць і супаставіць з фразеалагічнымі словазлучэннямі:

    Два браты ў ваду глядзяць, а разам не сыходзяцца – параўн. як у ваду глядзець (у значэнні прадбачыць якую-небудзь сітуацыю, тое ці іншае здарэнне) – стар. 42, практ. №68.

    Ляцяць птушкі без крыл, а садзяцца без ног – параўн. без ног (у значэнні вельмі моцна стаміцца) – стар. 51, практ. №82.

    Колькі зор на небе, як блішчаць яны – параўн. як зор на небе (у значэнні вельмі многа) – стар. 51, практ. 82.

    Вось найшла навальніца і паваліла дрэва – параўн. найшла навальніца (у значэнні цяжкая небяспечная гадзіна, непрыемнасці) – стар. 52, практ. № 84).

Мастацкія карціны выкарыстоўваюцца для развіцця мовы. Абапіраючыся на змест карціны, вучні могуць выконваць наступныя віды работ: запаўняць фразеалагізмамі тэкст, складзены па карціне настаўнікам; пісаць сачыненне па карціне з выкарыстаннем фразеалагізмаў.

З мэтай развіцця ведаў і ўменняў вучняў у галіне фразеалогіі на ўроках беларускай мовы можна выкарыстоўваць практыкаванні, якія маюць заданні “апісаць малюнкі”. Такім чынам, настаўнік можа прапанаваць вучням пры апісанні карыстацца фразеалагізмамі. Так, напрыклад, у ходзе працы над практыкаваннем № 48 на стар. 28 настаўнік можа прапанаваць вучням выкарыстаць такія ўстойлівыя словазлучэнні: блакітная мара, выбіцца ў людзі, слухае, раскрыўшы рот [1; С.28].

Малюнак на стар. 50, практ. 81 можна прапанаваць апісаць, выкарыстоўваючы такія фразеалагізмы: пабег з усіх ног, ні жывы ні мёртвы, праваліцца скрозь зямлю, заварыць кашу, ні слыху ні дыху.

Неабходна, каб школьнікі вучыліся прымяняць атрыманыя веды на практыцы, актыўна і правільна ўжывалі фразеалагізмы ў сваім маўленні. Дасягнуць гэтага можна, выконваючы творчыя работы, сярод якіх асноўнымі з’яўляюцца складанне сказаў, напісанне пераказаў і сачыненняў.

Прыдумванне сказаў з фразеалагізмамі лічыцца простай формай творчай работы. Але яно патрабуе значнага напружання думкі, самакантролю за тым, каб у сказе не парушаліся логіка-семантычныя і граматычныя сувязі, была вытрымана стылістычная аднароднасць.

Вучням прапануецца (практ. 94, стар. 61) скласці вуснае апавяданне, разгледзеўшы малюнак. Такое заданне можна дапоўніць і фразеалагічнай працай, прапанаваўшы вучням выкарыстаць у сваім апавяданні наступныя фразеалагізмы: гульма гуляе, збіраюцца гады ў рады, душа ў душу, ад шчырага сэрца, гладзіць па галоўцы.

Да творчых можна аднесці працу над практыкаваннем № 128, што змешчана на старонцы 79. Заданне (“складзіце сказы, дзейнікам у якіх будуць назоўнікі”) настаўнік ускладняе, прапанаваўшы ўвесці ў сказы і фразеалагічныя адзінкі. Для такого задання можна прапанаваць шэраг фразеалагічных адзінак з рознай семантыкай і стылістычнай афарбаванасцю, дзеля таго, каб вучні вучыліся самастойна адбіраць адпаведныя моўнай сітуацыі фраземы: праваліцца скрозь зямлю, малоць лухту, на сёмым небе, залатыя рукі, мераць вокам, галава на плячах, носам к носу, і смех і грэх, не паверыць сваім вушам, аж пыл курэў, як перад богам, важная птушка, курам на смех, хоць гвалт крычы.

Сустракаюцца ў падручніку і практыкаванні, заданне якіх непасрэдна накіравана на фразеалагічную працу. Так, на стар. 67, у практыкаванні 106 (верш “Сапраўдны сябра”) сустракаем словы “сябры яны – проста вадой не разліць”. Заданне ж для гэтага практыкавання - растлумачыць выраз “вадой не разліць” [1; С.67].

Дапамагае развіваць веды па пытаннях фразеалогіі праца над практыкаваннямі, мэтай якіх з’яўляецца: дапоўніць сказы аднароднымі членамі. Так, працуючы над дадзеным практыкаваннем, акрамя прапанаваных у канцы практыкавання слоў можна выкарыстаць для дапаўнення сказаў і фразеалагізмы: выбегчы хутка – як Піліп з канапель; калаціцца ад страху – як асінавы ліст.

Па такім жа прынцыпе ідзе і лексічная работа ў практыкаванні № 98, стар. 63. Заданне: да кожнага слова падбярыце слова з супрацьлеглым значэннем. Настаўнік таксама можа прапанаваць замест слоў-антонімаў выкарыстоўваць фразеалагічныя словазлучэнні з адпаведным сэнсам:

    Працаваць – сядзець, склаўшы рукі;

    Мала – хоць гаць гаці;

    Балбатлівы – сядзіць, як вады ў рот набраўшы;

    Ілгаць – гаварыць як на духу, як перад богам, паклаўшы руку на сэрца [1; С.63].

Падводзячы вынікі нашай працы, трэба адзначыць, што, паколькі работа па вывучэнню фразеалогіі проводзіцца на ўроках неспецыяльных, то настаўніку трэба выкарыстоўваць гэтую магчымасць вельмі акуратна, адчуваючы мяжу і меру падачы фразеалагічнага матэрыялу. Зразумела, кепскім з’яўляецца тое, што вучні рэдка знаёмяцца з новымі ўстойлівымі спалучэннямі і не практыкуюцца ў іх ужыванні, але не прыносіць карысці і празмернае захапленне колькасцю фразеалагічнага матэрыялу. У гэтым выпадку не забяспечваецца глыбіня азнаямлення з фразеалагізмамі, прытупляецца ўвага да іх.

2.1 Знаёмства з фразеалагічным фондам мовы ў межах вывучэння раздзела марфалогіі

Раздзел «Марфалогія», у параўнанні з іншымі раздзеламі школьнага курса мовы, найбольш спрыяльны для ўзбагачэння мовы вучняў фразеалагізмамі. Па-першае, словы і фразеалагізмы на марфалагічным узроўні маюць некаторыя агульныя ўласцівасці, што дазваляе разглядаць іх у супастаўляльным плане. Па-другое, вывучэнне марфалогіі часцін мовы арганічна звязана з фразеалогіяй, бон яма ніводнай часціны мовы, якая б не ўдзельнічала б у стварэнні фразеалагізмаў. У якасці дыдактычнага матэрыялу можна падабраць фразеалагізмы, структурныя кампаненты якіх ілюстравалі б розныя правілы на кожную часціну мовы [11; С.66].

У працэсе вывучэння назоўніка ў настаўніка ёсць магчымасць паказаць, што не толькі словы, але і пэўныя фразеалагізмы маюць граматычнае значэнне прадметнасці. Яны адказваюць на пытанні хто? што?, называюць асобу (вольны казак – ні ад каго не залежны чалавек), канкрэтныя прадметы, рэчы (казіная ножка – самаробная цыгарка), абстрактныя паняцці (першы крок – саамы пачатак), жывёл, птушак, насякомых (травяны мяшок – конь, баранчык божы – бакас, божая кароўка – від жука). Значэнне іх перадаецца сінанімічным назоўнікавым словазлучэннем. Не выпадкова такія словазлучэнні (у беларускай мове іх звыш 550) атрымалі найменне «назоўнікавыя».

Пры вывучэнні назоўніка нельга абысці пытанне аб правапісе фразеалагізмаў з уласным імем. Традыцыйна ўласнае імя ў складзе фразеалагізмаў супрацьпастаўлялі агульнаму імені і пісалі з вялікай літары: за царом Гарохам, як Піліп з канапель. Даследаванні апошніх гадоў дазваляюць па-іншаму глянуць на ўласнае імя як кампанент фразеалагізма. Становячыся часткай фразеалагічнай адзінкі, імя ўласнае траціць сувязь з канкрэтнай асобай ці аб'ектам, яно пачынае абагульняць, а значыць, выконваць функцыю імя агульнага.

Першыя тэарэтычныя звесткі аб прыметнікавых фразеалагізмах вучні атрымаюць на ўроку па тэме «Прыметнік як часціна мовы». Са слоў настаўніка яны даведаюцца, што прыметнікавыя фразеалагізмы, як і прыметнікі, абазначаюць прыметы прадмета, адказваюць на пытанне які, у сказе выконваюць сінтаксічную ролю азначэння ці выказніка. Адзначаныя рысы прыметнікавых фразеалагізмаў ілюструюцца прыкладамі з выразамі: востры на язык (схільны да балбатлівасці, залішне гаваркі), не лыкам шыты (не горшы за іншых, не пазбаўлены здольнасцей, ведаў).

Фразеалагізмы з лічэбнікавым кампанентам – добры матэрыял для займальнай работы. Яе лепш за ўсё праводзіць у такім плане. Паказваецца малюнак, які адлюстроўвае ўнутраны вобраз фразеалагізма. Вучні разглядаюць малюнак і называюць задуманы на ім фразеалагізм.

Паводле праграмы вучні знаёмяцца з разрадамі займеннікаў. А займеннікі ўсіх разрадаў з'яўляюцца кампанентамі многіх фразеалагізмаў. Гэта дае магчымасць выкарыстоўваць такія фразеалагізмы на этапе замацавання. Вучні аналізуюць займеннікі, што ўваходзяць у склад фразеалагізмаў, вызначаюць іх граматычныя формы і адначасова ўключаюцца ў работу па засваенні формы і значэнняў саміх фразеалагізмаў.

У беларускай мове дзеяслоўныя фразеалагізмы самыя шматлікія. Знешняй прыметай іх выступае структурны кампанент-дзеяслоў, а семантычнай прыметай – абазначэнне дзеяння. На матэрыяле такіх фразеалагізмаў можна паказаць вучням, як рэалізуюцца марфалагічныя катэгорыі дзеяслова, і, зразумела, пазнаёміць з самімі фразеалагізмамі, іх значэннем і ўжываннем [11; С.66].

Пасля таго, як дзеці засвояць сутнасць дзеяслова як часціны мовы, настаўнік расказвае, што не толькі дзеясловы, але і многія фразеалагізмы абазначаюць дзеянне (таму і называюцца дзеяслоўнымі), напрыклад: пускаць у ход – выкарыстаць, прымяняць; выкінуць з галавы – перастаць думаць, забыцца; звесці са свету – згубіць, знішчыць. У сказе яны выконваюць часцей за ўсё ролю выклічнікаў. У пачатковай форме адказваюць на пытанні інфінітыва – што рабіць? Што зрабіць?

Заняткі па вывучэнні тэмы «Дзеяслоў» з выкарыстаннем сродкаў фразеалагічнага пласта мовы дапамагаюць усвядоміць сутнасць дзеяслоўных фразеалагізмаў, адзначыць шырокія магчымасці іх формазмянення. Акрамя таго, вучні заўважаюць, што граматычныя прыметы (трывання, часу і інш) належаць усяму фразеалагізму, хоць знешне выражаюцца дзеяслоўным кампанентам. Гэта лішні раз замацоўвае ўяўленне аб цэласнасці, сэнсавай і структурнай непадзельнасці фразеалагізма.

Заключэнне

У выніку аналізу спецыяльнай мовазнаўчай літаратуры, артыкулаў і іншых прац даследчыкаў, а таксама самастойнай практычнай работы над тэмай дадзенай курсавой прадстаўляецца магчымым прыйсці да наступных вынікаў:

Фразеалогія цесна звязана з граматыкай, іншымі раздзеламі лінгвістыкі. У працэсе маўлення фразеалагізмы становяцца структурнымі элементамі сказа, спалучаюцца са словамі, выконваюць пэўную сінтаксічную ролю. Многія марфалагічныя, сінтаксічныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы заснаваны на фразеалагічным матэрыяле, і засвоіць іх нельга без вывучэння фразеалагізмаў.

Вялікае значэнне фразеалагізмы маюць у выхаванні школьнікаў. Яны не толькі развіваюць культуру мовы, але і сваім зместам выражаюць шматвяковы вопыт узаемаадносін, нормы паводзін людзей, даюць крытычную ацэнку розным адмоўным з’явам [3; С.92].

У той жа час неабходнасць работы з фразеалагізмамі не азначае, што яе трэба праводзіць на кожным уроку. Толькі асобныя тэмы даюць магчымасць выкарыстоўваць фразеалагічныя адзінкі ў якасці аб’екта вывучэння

Устойлівыя адзінкі, акрамя таго, што ўзбагачаюць нашу мову, надаюць ёй нечаканую прывабную вобразнасць, самабытнасць, выразнасць. Ячытанне, дасканалае вывучэнне магчымасцяў ужывання прыказак, прымавак і фразеалагізмаў – усё гэта добра фарміруе такія выдатныя якасці розуму, як арфаграфічная зоркасць, назіральнасць, пачуццё гумару.

Народжаныя ў жывой народнай мове, устойлівыя адзінкі трапна характарызуюць усякую падзею, усякі выпадак, сацыяльныя і бытавыя адносіны людзей, розныя рысы характару – праўдзівасць, сумленнасць, сціпласць, ветлівасць, смеласць, беражлівасць. У той жа час гэтыя выразы могуць высмеяць такія заганы як лянота, хлусня, зазнайства, балбатню, хітрасць, самахвальства, непаслухмянасць, задзірлівасць [7; С.84].

Каб асудзіць маральныя заганы, якія, бывае, пачынаюць праяўляцца ў малодшым узросце, пісьменнікі ў творах для дзяцей выкарыстоўваюць афарыстычнае слова з гумарыстычным зместам. Добра, калі дзеці змогуць зразумець і засвоіць скрыты ва ўстойлівых адзінках змест, пераноснае значэнне. Задача настаўніка ў гэтым выпадку – дапамагчы ім.

Фразеалагізмы з’яўляюцца моўнымі адзінкамі самастойнага яруса моўнай структуры - фразеалогіі, таму іх вывучэнне і засваенне стала неад’емнай часткай навучання беларускай мове ў школе. Акрамя таго, неабходнасць авалодвання фразеалагічным багаццем беларускай мовы абумоўлена унікальнасцю для нашай мовы фразеалагізмаў як з боку выяўленчых магчымасцей, так і з боку захаванай у іх інфармацыі, кодавага значэння, адлюстраванага ў іх нацыянальна-спецыфічнага пазнання свету і нацыянальнай спецыфікі беларускай мовы

Спіс літаратуры

    Валынец Т.М. Беларуская мова: падручнік для 4-га кл. агульнаадукац. устаноў з рускай мовай навучання. У 2 ч. – Мн., Нац інстытут адукацыі, - 2008.

    Гамеза Л. Вывучэнне фразеалогіі беларускай мовы у школе // Роднае слова, - 1997, - №3, - С. 79-81.

    Даніловіч М.А. Вывучэнне фразеалогіі на ўроках мовы: Дапаможнік для настаўнікаў. – Мн.: Нар.асвета, - 1991. – 96 с.

    Коваль У.І. Чым адгукаецца слова: Фразеалогія ў павер’ях, абрадах і зычаях. – Мн.; Нар.асвета, 1994. – 48 с.

    Клышка А. Літаратурные чытанне: падручнік для 4-га класа агульнаадукацыйных устаноў з рускай мовай навучання. – Мінск: НІА, - 2008. – 128 с.

    Красней В.П. Гранi слова: Факультатыўны курс «Лексiка i фразеалогiя беларускай мовы». – Мн., 1996, - 17 с.

    Леванцэвіч Л.В. Развіццё пачуцця гумару фразеалагічнымі сродкамі. – У кн.: Рэформа школы: навучанне і выхаванне малодшых школьнікаў. Зб-нік матэрыялаў рэгіянальнай навуковай канферэнцыі (5 лістапада 1999). – Брэст, - 2000, - С.84-88.

    Лукашук М.П. Развіццё мовы вучняў пачатковых класаў: Вучэбны дапаможнік для пед ін-таў. – Мн.: Выш. школа. – 119 с.

    Ляшчынская В. Аспект вывучэння фразеалагізмаў у сістэме навучання беларускай мове. – 2009, - №2, С. 91 – 93.

    Ляшчынская В.А., Станкевiч А.А. Практыкаваннi па лексiцы i фразеалогii. – Мн., 1964, - 165 с.

    Савіцкая І. Марфалагічная і сінтаксічная характарыстыка фразеалагічных адзінак// Роднае слова, - 2008, - №3, - С.65-66.

    Садоўская А. Фразеалогія ў кантэксце культуры: практычныя заданні//Роднае слова, - 2008, - №9, с. 70 – 74.

    Садоўская А. Нацыянальна-культурны кампанент беларускай фразеалогіі // Роднае слова, - 2008, - №2, - С.41 – 43.

    Сачанка С. Вывучэнне фразеалогіі на ўроках беларускай мовы// Роднае слова, - 2007, - №7, - С. 34-35.

    Юнаш М.У. Выкарыстанне фразеалагізмаў у мове (на прыкладзе беларускай драматургіі)// Бел. мова і літаратура, - 2005, - №4, - С. 50-57.