Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе
Змест
Уводзіны
1. Вывучэнне творчасці В. Быкава ў школе
1.1 Месца творчасці Быкава ў сучаснай вучэбнай праграме для школы
1.2 Агляд літаратурных крыніц па тэме
2. Сістэма урокаў па творчасці В. Быкава ў 9, 11 класах (на прыкладзе вывучэння жыццёвага і творчага шляху пісьменніка)
Заключэнне
Спіс літаратуры
Уводзіны
Васіль Быкаў па праву лічыцца выдатным беларукім пісьменнікам. А шлях да гэтага прызнання не быў вельмі лёгкім. У абдымках лёсу пісьменніку ніколі не было ўтульна. Пераадолець цяжкасці, якія чыніліся савецкай ідэалагічнай сістэмай, вытрымаць знішчальную крытыку і прайсці выпрабаванне сумленнем было дадзена не кожнаму. Васіль Быкаў заўсёды заставаўся верным праўдзе жыцця, рашуча не прымаў аніякіх масак, за якімі іншыя спрабавалі схаваць сваё сапраўднае аблічча.
Вялікая Айчынная вайна карэнным чынам паўплывала на фарміраванне асобы творцы, яго цвёрдай грамадзянскай пазіцыі. Адлюстраванне ў быкаўскіх франтавых аповесцях знайшло амаль усё, што самому пісьменніку давялося перажыць і зведаць на вайсковым шляху. Скразным матывам названых аповесцяў можна лічыць, несумненна, матывы выбару.
Творчамсць Васіля Быкава стала значнай з’явай у нацыянальнай літаратуры. Такія творы як “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Здрада”, “Трэцяя ракета”, “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня”, “Круглянскі мост” прынеслі пісьменніку сапраўдную вядомасць і папулярнасць.
Славы Васіля Быкава пра вайну было смелым і наватарскім у літаратуры. Не ўсім з тых, хто прызвычаіўся бачыць вайну ў гераічным святле, падабалася суровая “акопная праўда” пісьменніка. “Мы так не паступалі!” – чулася, напрыклад, пасля выхаду аповесці “Праклятая вышыня”. Тым не менш, творчасць пісьменніка займела гарачую прыхільнасць чытачоў, знайшла шырокі рэзананс у свеце.
У сучаснай школе настаўнік можа разнастайніць падыходы да вывучэння творчасці Васіля Быкава і жыццёвага шляху пісьменніка. Так, дзякуючы доступу да Інтэрнэту сучасныя школьнікі і студэнты могуць засвоіць праграму, атрымаць неабходны навучальны матэрыял практычна па любой дысцыпліне ў электронным ці друкаваным выглядзе і - самае важнае - авалодаць ім самастойна, без выкладчыка. Роля настаўніка тут мяняецца на ролю кансультанта, партнёра па творчым пошуку. На яго ўскладаюцца функцыі каардынацыі працэсу і карэкцыі выкладанага курса.
Мэта нашай працы - прааналізаваць вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе. Зыходзячы з пастаўленай мэтай можна сфармуляваць наступныя задачы працы:
1. Прааналізаваць сучасную вучэбную праграму для школы з пункту погляду творчасці В. Быкава, а таксама біяграфічных звестак пра яго;
2. Зрабіць падрабязны агляд літаратурных крыніц па тэме вывучэння творчасці Быкава ў школе;
3. Зыходзячы з вопыту работых вядучых сучасных літаратуразнаўцаў распрацаваць сістэму заняткаў па жыццёваму шляху Васіля Быкава.
1. Вывучэнне творчасці В.Быкава ў школе.
1.1 Месца творчасці Быкава ў сучаснай вучэбнай праграме для школы
З мэтай аналізу вывучэння творчасці Быкава ў школе была прагледжана вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання V-XI класах (2008).
Трэба адзначыць, што творы для абавязковага вывучэння і самастойнага чытання ў школе выбіраюцца з улікам тых мэт і задач, якія гэтыя творы будуць выконваць у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Так, зыходзячы з праграмы, яе “зместавую частку складаюць высокамастацкія творы нацыянальнай класікі і вядомых майстроў слова. Гэтыя творы маюць выключнае значэнне ў гісторыі літаратуры, вызначаюцца багатым пазнавальным і выхаваўчым патэнцыялам, з’яўляюцца даступнымі для вучняў пэўнага ўзросту” [15; 4].
Такім чынам, перад творамі, уключанымі ў праграму наогул, і перад творамі В. Быкава ў прыватнасці ставяцца наступныя задачы: “галоўная мэта – далучэнне школьніка да багацця беларускай і сусветнай мастацкай літаратуры, эстэтычнае спасціжэнне вучнямі свету, складанасці чалавечых узаемаадносін і на гэтай аснове – выхаванне асобы з глыбока гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццем нацыянальнай і асабістай самапавагі, адданасцю агульначалавечым ідэалам” [15; 4].
Сучасныя школьнікі старэйшых класаў пачынаюць знаёміцца з творчасцю Васіля Быкава з 7 класа, вывучаючы яго твор “Незагойная рана”. На яго вывучэнне адводзіцца 2 гадзіны. Вучні павінны ўсвядоміць драматычны змест твора. Прасачыць развіццё драматычнай тугі Тэклі па сыне, які не прыйшоў з вайны. Пазнаёміцца са шматвяковым падрабязным апісаннем жыцця і побыту жанчыны-маці, паназіраць за яе знешнім абліччам (партрэт), паводзінамі, цяжкімі перажываннямі. Таксамі вучні павінны навучыцца тлумачыць ролю ўспамінаў, сну аб вяртанні Васілька з вайны ў творы, вызначаць ролю эпізадычных персанажаў (калгаснага пісьманосца, суседкі Ульяны, хлопца на малатарні), а таксама пейзажных замалёвак ў раскрыцці драматызму становішча старой жанчыны, якая страціла сына. Вывучаючы твор, вучні павінны завастрыць сваю ўвагу на псіхалагічным майстэрстве Васіля Быкава ў паказе абставін і характараў.
У 8 класе 14 гадзін адводзіцца на вывучэнне эпічных жанраў, сярод якіх твор В.Быкава “Жураўліны крык”. Твор абраны для абавязковага прачытання і вывучэння. У выніку гэтага вучні павінны засвоіць наступныя адметнасці твора: мастацкая праўда ў паказе вайны, паводзіны галоўнага героя ў экстрэмальнай сітуацыі. Расрыццё ў трагічных абставінах характараў герояў. Вытокі подзвігу старшыні Карпенкі, байцоў Глечыка, Фішара, Свіста. Праблема маральнага выбару. Глыбіня псіхалагічнага выбару ў раскрыцці вобразаў Аўсеева і Пшанічнага. Арыгінальнасць кампазіцыі. Лірычны элемент у аповесці, яго роля.
Таксама ў 8 класе праграма прапануе два творы В. Быкава для чытання і абмеркавання: “На ўсходзе сонца”, “Дажыць да світаня”
У 11 класе 5 гадзін вучні знаёмяцца з аповесцямі Васіля Быкава “Сотнікаў” і “Знак бяды”. Таксама вывучаюць жыццёвы і творчы шлях пісьменніка.
Пасля знаёмства з аповесцю “Сотнікаў” вучні павінны засвоіць наступныя пытанні: праблематыка аповесці, чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін. Вобразы Сотнікава і Рыбака ў творы, глыбокі псіхалагізм у іх раскрыцці. Уменне Сотнікава змагацца да канца ў любых абставінах, вернасць перакананням. Трагічны фінал Сотнікава, вобраз Рыбака, яго спрытнасць і лоўкасць. Здрадніцтва дзеля захавання свайго жыцця. Духоўная смерць Рыбака. Персанажы другога плана ў аповесці. Мастацкая дасканаласць твора. Яго сюжэт і кампазіцыя. Пейзаж у аповесці. Роля мастацкіх дэталяў у абмалёўцы герояў.
У сваю чаргу “Знак бяды” ставіць перад вучнямі наступныя праблемы: актуальнасць маральна-філасофскай праблематыкі аповесці, вастрыня трагедыйнага канфлікту, масштабнасць характараў галоўных герояў – Сцепаніды і Петрака. Глыбокі псіхалагізм аповесці, зварот аўтара да эпізодаў даваеннага жыцця з мэтай больш глыбокага раскрыцця характараў. Выкрыццё жорсткасці і бесчалавечнасці фашызму. Мастацкая сімволіка твору. Настаўнік павінен звярнуць увагу вучняў яшчэ і на экранізацыю прачытанай аповесці (рэжысёр М.Пташук).
Для самастойнага чытання пазначаны ў праграме для 11 класа твор В.Быкава “Пакахай мяне салдацік”.
1.2 Агляд літаратурных крыніц па тэме
Трэба адзначыць, што творчасць В.Быкава вывучалі шматлікія крытыкі, а мен6авіта: Д. Бугаёў, В. Буран, І. Дзядкоў, Л. Лазараў, Ю. Залоска, А. Шагалаў, В. Ляшук і многія іншыя. Трэба спыніцца на некаторых працах і засяродзіць сваю ўвагу на ступені іх карыснасці для школьнікаў і настаўнікаў у працэсе вывучэння творчасці Быкава.
Дзядкоў, крытык з Кастрамы, характарызуючы талент Васіля Быкава (“Василий Быков очерк творчества”), вылучае як індывідуальную асаблівасць яго гуманістычную канцэпцыю асобы, змест і сутнасць героічнага і трагічнага, вобразную еднасць характараў і абставін.
У трох вымярэннях вядзецца дыялог журналіста Ю. Залоскі і Васіля Быкава: у форме палітычнага інтэрвью, размовы на грамадзянскія тэмы, у форме літаратурнай эсэістыкі, “сумоўя” з мастацкімі творамі пісьменніка. Урэшце паняцце дыялога набывае ў аўтараў пашыраны сэнс і становіцца той літаратурнай, якая спараджае адначасовае і шматмернае асэнсаванне мінулага і эўрыстычнае рэфлексаванне над будучыняй [11; 2].
Даследчык Шагалаў А. так гаворыць пра ідэю і матывы стварэння сваёй працы (“Василий Быков. Повести о войне”): “відавочна, што тыя ацэнкі твораў, якія мы бачым на сённяшні дзень, не павінны ўражваць пісьменнікаў, быццам ўсе праблемы ўжо вырашаны, думаю, што яны самі яшчэ маюць пытанні, што патрабуюць вырашэння.
Пасля цікавых прац І. Дзядкова і Л. Лазарава, пасля крытыкі А. Адамовіча хацелася зноў звярнуцца да старонак быкаўскіх аповесцей, над якімі варта яшчэ раз задумацца, з мэтай убачыць у іх тое, што, магчыма, не заўважылі іншыя” [9; 5].
Н.І. Барысевіч у сваім артыкуле “Асаблівасці вывучэння творчасці Быкава ў школе” звяртае ўвагу на тое, што яшчэ пры першым знаёмстве з творчасцю Быкава ў сярэдніх класах неабходна засяродзіць увагу вучняў на тым, што тэма вайны – галоўная ў творчасці Быкава. Трэба таксама падкрэсліць, што часцей за ўсё пісьменніка хвалюе лёс простага чалавека, асаблівасцю творчай манеры Быкава з’яўляецца паказ унутранага свету герояў – псіхалагізм.
Наконт вывучэння твора “Жураўліны крык” Барысевіч дае такія парады настаўніку: “тэарэтычны ўзровень вывучэння літаратуры павышаецца, таму варта на ўроках даць вучням наступныя звесткі пра асаблівасці гэтага твора:
Сканцэнтраванасць дзеяння на невялікай прасторы;
Абмежаваны па працягласці час;
Невялікае кола герояў, іх мужнасць;
праўдзівасць у адлюстраванні вайны;
Псіхалагізм
На думку Барысевіч, аналіз твора абавязкова трэба праводзіць павобразны, таму прапануецца наступны план характарыстыкі героя:
Гады дзяцінства, юнацтва, жыццё да вайны;
Рысы характару;
Як герой ставііцца да вайны?
Як герой загінуў?
Барысевіч прапануе прыкладны план характарыстыкі мастацкага вобраза-персанажа.
Напрыканцы вывучэння вучні пад кіраўніцтвам настаўніка павінны прыйсці да высновы, што ў творах Быкава выяўляецца глыбокае веданне псіхалогіі чалавека ва ўмовах вайны, чалавечай прыроды наогул. У гэтым плане ён працягвае развіваць традыцыі Максіма Гарэцкага і Кузьмы Чорнага, якія закладалі ў нашай літаратуры асновы псіхалагізму. Адметныя рысы рысы прозы В. Быкава пра вайну – глыбокі аналіз унутранага свету герояў, рэалістычны паказ падзей, маральна-філасофская і гуманістычная скіраванасць думкі.
Манаграфія Д. Бугаёва “Нарыс жыцця і творчасці” падае біяграфічныя звесткі пра Быкава (з фотаздымкамі), яго першыя крокі ў літаратуру. Карысным для настаўнікаў і школьнікаў з’яўляецца крытычны матэрыял аповесцей, уключаных у школьную праграму: “Сотнікаў”, “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”. Таксама звяртаецца ўвага на творы, якія былі напісаны Быкавым у 60-х гадах: “Мёртвым не баліць”, “Абеліск”, “Пайсці і не вярнуцца”.
У працы Дзмітрыя Бугаёва змешчаны звесткі пра разнастайнасць творчасці В. Быкава. Так, у згаданай працы можна знайсці карысную дзеля настаўніка і вучняў інфармацыю пра тое, што мастак спрабаваў свае сілы і ў драматургіі. Яго п’есы, у прыватнасці “Апошні шанц”, ставіліся ў Маскве, Мінску, Гродна. У Латвіі па гэтай п’есе быў створаны тэлеспектакль.
Спектаклі па творах быкаўскай прозы ішлі ў Маскве – у Цэнтральным дзіцячым тэатры (“Іван і Джулія” – па “Альпійскай баладзе”), у Тэатры імя Станіслаўскага (“Абеліск”), на сцэне філіяла Тэатра імя Маякоўскага (“Званы Хатыні” – па аповесцях “Трэцяя ракета” і “Пайсці і не вярнуцца”), у Новым тэатры-студыі (“Пайсці і не вярнуцца”). Ленінградцы паставілі “Знак бяды” (у Тэатры драмы і камедыі), і “Сотнікава” (у студэнцкім тэатры “Студзіо”). Рускі тэатр драмы імя Пушкіна ў Ашхабадзе ажыццявіў пастаноўку “Перакрыжаванне” па матывах аповесцей “Сотнікаў” і “Круглянскі мост”. “Сотнікаў” жа ішоў у Горна-Алтайску і ў Магілёве. У Мінску Рускі драматычны тэатр імя Горкага даў сцэнічнае жыццё героям аповесцей “Пайсці і не вярнуцца” і “Знак бяды”. Спектакль мінчан у 1986 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Звяртаецца Бугаёў і да апісання кінематаграфічнай працы В. Быкава. Так, па словах аўтара, “спецыяльнай гаворкі заслугоўваюць нялёгкая і не заўсёды ўдзячная праца Васіля Быкава ў якасці кінасцэнарыста і ўвогуле яго ўзаемаадносіны з гэтым відам мастацтва. Але і без спецыяльнага разгляду можна сказаць, што кінафільмы, зробленыя па творах пісьменніка, далёка не парадаюць усё іх багацце. Суцяшэннем, праўда, вельмі малым, можа служыць хіба толькі тое, што і экранізацыі арыгінальных твораў мастацкай прозы, напісаных іншымі аўтарамі, рэдка дасягаюць больш-менш значных удач. Страты ж адносна змястоўнасці першакрыніцы здараюцца скрозь, на кожным кроку. Гэта выклікае калі не прама выказаныя нараканні, дык унутраную незадаволенасць многіх пісьменнікаў. І Быкаў, так думаецца, не складае выключэння.
Калі быў богам кіно, не займаўся б экранізацыямі, гаварыў ён у адным з выступленняў перад чытачамі. Вельмі мала тут набыткаў, а страт – для пералічэння і лічыльнікаў не хопіць. Вельмі многае губляецца, часта самае важнае і самае галоўнае. Кіно звычайна падымае адзін сюжэт, падзейны пласт, расквечвае яго акцёрамі. Нават Л. Талстой і Дастаеўскі шмат трацяць пры экранізацыях [3; 199].
Кіна- і тэлефільмы па творах Васіля Быкава (а ў яго экранізаваны два апавяданні і аповесці “Жураўліны крык”, “Здрада”, і “Трэцяя ракета”, “Пастка”, “Альпійская балада” і “Праклятая вышыня”, “Сотнікаў”, “Абеліск”, і “Дажыць да світання”, “Воўчая зграя” і “Знак бяды”) маюць свае вартасці і свайго гледача. Але сам пісьменнік звычайна вылучае кінафільм “Узыходжанне”, пастаўлены Ларысай Шапіцька па “Сотнікаву”.
Сур’ёзная крытыка папракала гэты фільм за наяўнасць у ім біблейскай стылістыкі і евангельскіх матываў, якіх няма ў аповесці. Аднак карціна атрымала грамадскае прызнанне, важка падсвечанае Дзяржаўнай прэміяй СССР, і аказалася апошнім закончаным фільмам Ларысы Шапіцька, у пэўным сэнсе яе мастакоўскім запаветам. У сваім таксама апошнім інтэрв’ю гэтая, па словах Быкава “вельмі таленавітая і вельмі мужная жанчына” зазначыла, што ставіла фільм як твор пра ўласны лёс.
Л. Шапіцька яшчэ да знаёмства з быкаўскай аповесцю сутыкнулася са складанымі абставінамі асабістага характару і шмат разважала пра сэнс чалавечага жыцця. Адказы на многія пытанні, якія хвалявалі жанчыну, яна потым знайшла ў творы беларускага празаіка.
Шапіцька ў многім таму змагла паставіць теленавіты кінафільм па быкаўскай аповесці, што вычытала ў ёй надзвычай багата душэўна блізкага, асабістага, свайго ўласнага і дзякуючы гэтаму працавала над карцінай з сапраўднай апантанасцю.
Шчырая захопленасць выдатнай быкаўскай аповесцю, уменне спасцігнуць яе глыбінную змястоўнасць адчуваецца і ў стваральнікаў дзвюхсерыйнай карціны “Знак бяды”, пастаўленай на кінастудыі “Беларусьфільм” (1986). Рэжысёр М. Пташук, сцэнарысты Я. Грыгор’еў і А. Нікіч, аператар-пастаноўшчык Т. Логінава, артысты Г. Гарбук (Пятрок Багацька), Н. Русланава (Сцепаніда) і іншыя ўдзельнікі пастановачнага калектыву ўбачылі ў аповесці мастацкае адкрыццё і былі ўзрушаны ім, працавалі з вялікай самааддачай і змаглі стварыць мужную і сумленную, па духу свайму сапраўды быкаўскую карціну, у якой выдатна паказаны глыбіня народнага подзвігу, трываласць і моц беларускага нацыянальнага характару.
Акрамя кінематаграфічнай справы Васіль Быкаў жыве напружаным грамадскім жыццём. Ён прымае самы актыўны удзел у літаратурным працэсе краіны, часта выступае ў перыядычным друку з публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі, у якіх аператыўна адгукаецца на многія значныя з’явы ў літаратуры і мастацтве.
Часта быкаўскія артыкулы ўжо сабраны ў змястоўнай, напоўненай сур’ёзнай праблемнасцю кнізе “Праўдай адзінай” (1984), якая становіцца ўпоравень з самымі выдатнымі ўзорамі гэтага жанру.
І кніга “Праўдай адзінай” і тыя вельмі разнастайныя выступленні Васіля Быкава ў перыёдыцы, якія сюды не ўвайшлі, добра выяўляюць шырыню пісьменніцкіх і чалавечых інтарэсаў аўтара, дапамагаюць лепш зразумець яго ўласную творчасць, глыбей спасцігаць многія з’явы ў літаратурным працэсе.
Настойліва змагаецца пісьменнік за належны, варты запаветаў нашых класікаў узровень беларускай літаратуры, за яе ідэйна-эстэтычную, стылёва-выяўленчую і ўласна моўную дасканаласць.
Васіль Быкаў, заклапочаны станам развіцця беларускай літаратурнай мовы і яе будучыняй, з трывогай гаварыў пра тое, што наша мова абмежавана ўжываецца ў многіх сферах жыцця, у прыватнасці недастаткова выкарыстоўваецца ў практыцы школьнага навучання, мала гучыць у ВНУ, за рэдкімі выключэннямі не прымяняецца ў справаводстве.
Выказваўся пісьменнік таксама супраць злоўжывання дыялектызмамі вузкамясцовага значэння. Бо гэта ў крайніх праявах вядзе да моўнага правінцыялізму, які аслабляе дзейнасць літаратуры, яе здольнасць актыўна ўплываць на шырокія масы.
Пісьменнік выразна адчуў небяспеку такіх перабораў і з усёй адказнасцю ўзняў свій голас супраць правінцыяльных (рэгіянальных) тэндэнцый, якія, на думку пісьменніка, фактычна разбураюць нацыянальнае адзінства літаратурнай мовы.
Звяртаў увагу пісьменнік і на тое, што ў нас вельмі нераўнамерна развіваюцца розныя моўныя стылі. Гэта не лепшым чынам адбіваецца не толькі на агульным стане самой мовы, але і на літаратуры, самой нашай культуры. Сапраўды, асноўная роля ва ўдасканаленні нацыянальнай мовы ў нас належыць іменна літаратуры. Васіль Быкаў таксама мае вельмі значныя заслугі ў развіцці беларускай літаратурнай мовы, асабліва ў распрацоўцы тых лексічных пластоў, якія звязаны з вайсковай сферай, армейскім асяроддзем, адлюстраваннем ваеннай рэчаіснасці.
Як зазначае Дз. Бугаёў, “…хочацца звярнуць увагу і на другі бок справы, на грамадскую значнасць усяго, што робіць пісьменнік. Бо і яго заўсёды вельмі шчырая, даверліва-адкрытая размова на сустрэчах з чатачамі, і поўныя глыбокага роздуму інтэрв’ю, што змяшчаюцца ў многіх самых папулярных выданнях, і пранікнёнае, баявітае ў сваёй прынцыповасці крытычнае слова, і ўсхваляваныя публіцыстычныя артыкулы, у якіх настойліва гучыць заклік змагацца за мір, бараніць жыццё і самую нашу планету ад тэрмаядзернай пагрозы, - усё народжана патрэбамі часу і ў сваю чаргу аказвае ўплыў на нашу свядомасць.
Але галоўная роля ў гэтым сэнсе належыць, вядома ж, мастацкім творам прызнанага майстра, якія ставяць перад сучасным чалавекам карэнныя пытанні быцця і адказваюць на іх з вялікай мастацкай сілай, бескампраміснасцю і сумленнасцю. І гэта здольна даваць трывалы выхаваўчы эфект, бо па-сапраўднаму можна выхоўваць толькі праўдай, абсалютнай шчырасцю і поўным даверам” [3; 205].
У кнізе Бугаёва знаходзім шмат слушных выказванняў пісьменнікаў з розных рэспублік, якія тычуцца творчасці В.Быкава і могуць быць карыснымі пры вывучэння яе ў школе.Так, прывядзём некаторыя з іх: Пімен Панчанка: “Усе аповесці і апавяданні В.Быкава я ведаю, здаецца, ад першай да апошняй надрукаванай старонкі. Люблю яго творчасць аддана, закахана і яшчэ неяк па-іншаму, па-брацку… Люблю і глыбока паважаю яго рэдкі магутны талент, яго непараўнанае майстэрства, яго чуйнае мудрае сэрца”.
Чынгіз Айтматаў: “Разумею, як цяжка быць Васілём Быкавым. Таму схіляюся перад тваёй творчасцю і маральным подзвігам”.
Давід Кугульцінаў “Жыве ў Беларусі пісьменнік, чыя творчасць мне блізкая, зразумелая і таму асабліва дарагая”.
Акрамя разгледжанай працы, Д. Бугаёў выступіў сааўтарам дапаможніка па вывучэнню творчасці Быкава. Так, у 1995 годзе ён разам з аўтарамі М.І. Верціхоўскай, В.У. Верціхоўскай выдае дапаможнік “Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе”. Падрыхтаваны дапаможнік у адпаведнасці з праграмамі па беларускай літаратуры. Ён складаецца з дзвюх частак. У першай – асвятляецца жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава (аўтар гэтай часткі Д. Бугаёў). У другой частцы прыведзена сістэма ўрокаў па творчасці пісьменніка ў старшых класах (аўтары М.І. Верціхоўская, В.У. Верціхоўская).
Першая частка дапаможніка дае ўяўленне пра жыццёвы шлях Васіля Быкава, яго шлях у літаратуру, жыццёвыя пазіцыі. Тут жа знаходзім крытычны матэрыял па аповесцях пісьменніка, якія ўключаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры: “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Пастка”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня”, “Яго батальён”, “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Знак бяды”, “Аблава”, “Сцюжа”, “Пакахай мяне, салдацік”, “Ваўчыная яма”, “Афганец”, “Балота”.
Бугаёў, акрамя таго, знаёміць вучняў з асноўнымі тэмамі і ідэямі быкаўскіх апавяданняў. Так, ён зазначае: “Хоць галоўным жанрам у Васіля Быкава, трывалай асновай яго эстэтычнага свету стала невялікая, сціслая ў памерах, але моцна збітая аповесць, час ад часу, на працягу ўсяго творчага шляху ён звяртаўся і да апавядання, а ў апошнія гады свайго жыцця аддаваў перавагу ўжо малой апавядальнай форме – апавяданню ў яго звыклым выглядзе, навеле, прытчы (прыпавесці). Гэтыя творы змяшчаліся ў зборніках “Ход канём” (1960), “Жураўліны крык” (1960), “Адна ноч” (1965), “Сцяна” (1997), “Пахаджане” (1999 – 2000) [4; 131].
Бугаёў разглядае апавяданні “Жоўты пясочак”, “На чорных лядах”,”Перад канцом”, “Бедныя людзі”, “Народныя мсціўцы”, “Труба”.
Другая частка дапаможніка прадстаўляе сістэму урокаў па творчасці Васіля Быкава ў старшых класах. Тут прадстаўлены прыкладныя разгорнутыя планы ўрокаў (9 і 11 класы). Прапанаваныя аўтарамі ўрокі разнастайныя па відах і жанрах. Так, сустракаем у дапаможніку урок-даследаванне (9 клас, тэма “Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава”, “Арыентацыйныя заняткі па аповесці “Аблава”); урок-дыспут (9 клас, тэма “Вобраз Хведара Роўбы і яго прызнечэнне ў аповесці і ў выяўленні аўтарскай канцэпцыі асобы”); урок-адкрыццё (9 клас, тэма “Абагульняючы выніковы ўрок па аповесці “Аблава”); урок-пошук (9 клас, тэма “Галгофа быкаўскіх герояў, або “Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу”); урок-прэзентацыя праектаў (11 клас, тэма “Жыццёвы і творчы шлях В.Быкава, адметнасці яго творчасці”); урок-дослед (11 клас, тэма “Арыгінальнасць і адметнасць аповесці “Знак бяды”); урок-адкрыццё (11 клас, тэма “Вобразы Петрака і Сцепаніды Багацькаў”); урок-альтэрнатыва (11 клас, тэма “Пятрок – моцная асоба ці ахвяра вайны?”).
Для вывучэння творчасці Васіля Быкава сучасныя настаўнікі могуць выкарыстоўваць рэсурсы Інтэрнэту. Так, Мікола Жуковіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, дырэктар Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці на ўласным педагагічным сайце змяшчае наступную інфармацыю: “Апошнім часам у педагагічным друку ўсё часцей сустракаюцца публікацыі пра дыстанцыйнае навучанне, электронны падручнік ці Інтэрнэт-урок, якія, як сцвярджаюць навукоўцы, у XXI ст. стануць самай эфектыўнай формай навучання і падрыхтоўкі спецыялістаў. Заняткі аб'ядноўвае тое, што арганізуюцца яны на базе камп'ютэрных тэхналогій, такіх, як Інтэрнэт, электронная пошта, тэлебачанне і інш.
Дзякуючы доступу да Інтэрнэту сучасныя школьнікі і студэнты могуць засвоіць праграму, атрымаць неабходны навучальны матэрыял практычна па любой дысцыпліне ў электронным ці друкаваным выглядзе і - самае важнае - авалодаць ім самастойна, без выкладчыка. Роля настаўніка тут мяняецца на ролю кансультанта, партнёра па творчым пошуку. На яго ўскладаюцца функцыі каардынацыі працэсу і карэкцыі выкладанага курса.
З дапамогай Інтэрнэту навучэнец на значнай адлегласці і не выходзячы з дому можа ўжо сёння адкрыць сайты электронных бібліятэк і за лічаныя секунды знайсці патрэбныя раздзел кнігі, параграф, цытату, кінафільм, табліцу ці мастацкі твор. Камп'ютэрная сістэма таксама дае вучню мажлівасць на адлегласці праверыць веды па вывучанай тэме, выявіць дапушчаныя памылкі і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі.
Характэрнай асаблівасцю дыстанцыйнага навучання з'яўляецца тое, што вучні могуць не наведваць заняткі ў навучальнай установе, а выбіраць для працы зручныя для сябе час, месца і тэмп. У аснову такога навучання пакладзены модульны прынцып: прымяненне інструкцый для самастойнай ці групавой працы з інфармацыйнымі крыніцамі сеткі.
Такім чынам, дыстанцыйнае навучанне - гэта атрыманне навучэнцамі ведаў па пэўнай галіне навукі на любой адлегласці і ў любы час з дапамогай камп'ютэрных тэхналогій без наведвання навучальнай установы.
Інтэрнэт відавочна пранікае ў адукацыйную галіну. Прагрэсіўныя педагогі нашай краіны для таго, каб надаць эфектыўнасць і прывіць цікавасць да свайго прадмета, сёння выкарыстоўваюць у навучальна-выхаваўчым працэсе камп'ютэрныя тэхналогіі. Такі падыход дазваляе сучаснаму выкладчыку вырашаць наступныя метадычныя задачы:
1) фармаваць у школьнікаў устойлівую матывацыю вучыцца,
2) развіваць уменні самастойнай працы з навучальным матэрыялам,
3) выпрацоўваць крытычнае мысленне ва ўмовах карыстання вялікім аб'ёмам інфармацыі,
4) паспяхова развіваць здольнасці індывідуальнай працы і ў камандзе,
5) удасканальваць навыкі самаадукацыі і самакантролю.
Настаўнік беларускай літаратуры ўжо цяпер можа выкарыстаць Інтэрнэт як дапаможны сродак на занятках ці арганізаваць асобны Інтэрнэт-урок”.
Трэба таксама зазначыць, што шмат карыснай інфармацыі для настаўнікаў і вучняў змешчана на сайце, прысвечанаму Васілю Быкаву www.bykau.by.ru. Гэты сайт нельга пакінуць па-за ўвагай сучасных школьнікаў, асабліва на ўроках літаратуры ў 10-11-ых класах агульнаадукацыйных школ, гімназій і ліцэяў.
2. Сістэма урокаў па творчасці В. Быкава ў 9, 11 класах (на прыкладзе вывучэння жыццёвага і творчага шляху пісьменніка)
З вопыту работы літаратуразнаўца Дз. Бугаёва варта пачэрпнуць інфармацыю па складанні сістэмы ўрокаў на тэму жыццёвага і творчага шляху В. Быкава ў старэйшых класах.
Клас: 9
Тэма: Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава
Мэты ўрока: Развіваць у дзяцей навык атрымання неабходнай інфармацыі са шматлікіх крыніц; дапамагчы засвоіць асноўныя даты жыцця і творчасці пісьменніка; выхоўваць асноўныя разумовыя дзеянні: параўнанне, супастаўленне прадметаў і з’яў праз аналіз твораў Быкава.
Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу
Від урока: урок-даследаванне
Абсталяванне: партрэт пісьменніка, два-тры фотаздымкі, “Беларуская энцыклапедыя”, т.3, разгорнуты на с. 371, самы поўны 6-томны прыжыццёвы збор твораў, апошнія кнігі пісьменніка, шматлікія літаратуразнаўчыя даследаванні пра творчасць В. Быкава: кнігі М. Бахціна, І. Афанасьева, І. Дзядкова.
Эпіграф: 1. “Васільком у жыце беларушчыны застанецца назаўсёды Быкаў” (Р.Барадулін);
Талент мае права гаварыць народу праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду… але калі ягоная праўда з вялікай літары, дык пройдзе час, і яму той жа народ паставіць прыгожы помнік на самай прыгожай плошчы свайго сталічнага горада. Але гэта пасля, бо пры жыцці “нет пророка в отечестве своём” – ісціна, добра вядомая з часоў першых хрысціян, і кожны з нас, творцаў, павінен памятаць гэта. (В. Быкаў)
Ход урока
Слова настаўніка
Суаднясіце назву і эпіграф урока з уласным успрыманнем самастойна прачытаных вамі твораў В.Быкава і пытальнымі сказамі сфармулюйце вашу перспектыўную задачу на ўроках, прысвечаных творчасці пісьменніка.
У выніку урокаў нам належыць адказаць на пытанні: хто ёсць Васіль Быкаў для нашага народа? За якія заслугі перад нашай нацыяй ён назаўсёды застанецца “васільком у жыце беларушчыны”.
Актуалізацыя неабходных ведаў.
Быкаў лічыў канцэптуальнасць адным з найважнейшых патрабаванняў, нават законам творчасці, і вызначыў канцэптуальнасць як адметны ад іншых аўтараў светапогляд і светаўспрыманне.
Вучням прапануецца з жыццяпісу пісьменніка выбраць 2-3 моманта, якія, на іх погляд, найбольш паўплывалі на яго светапогляд і светаўспрыманне, а значыць і канцэптуальнасць твора.
Настаўнік падказвае, што выканаць гэтае заданне дапамогуць не толькі стар. 343 – 345 падручніка, але і артыкул Быкава “Замест аўтабіяграфіі”, а таксама адпаведныя артыкулы энцыклапедыі.
У выніку працы з гэтымі артыкуламі і з даапамогай настаўніка вучні павінны прыйсці да высновы, што вытокі канцэпцыі пісьменніка В. Быкава і асноўныя праблемы яго творчасці – у асабістым лёсе. Лёс яго непарыўна звязаны з лёсам яго народа. 97 працэнтаў равеснікаў В. Быкава (а ён нарадзіўся на Сёмуху, 19 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці), якія пайшлі на фронт, так і не вярнуліся з ратнага поля. Пра чырвона-карычневую чуму, якая забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса, Быкаў ведаў не па чутках. З самага пачатку вайны ён быў на будаўніцтве абарончых рубяжоў, а асля Саратаўскага пяхотнага вучылішча ў 1942 г. малодшы лейтэнант В.Быкаў аказаўся ў самым пекле вайны і ваяваў да самай перамогі. Быў двойчы паранены, прычым, адзін раз яго нават палічылі загінуўшым. Бацькі атрымалі пахаронку, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч забіты 10.01.1944г. і пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградскай вобласці.
На шчасце, гэта была памылка. Лёс збырог для нашага народа яго сына і прарока. Яму будзе наканавана самому паставіць сваёй творчасцю абеліск і перадаць жывым памяць і веды пра будучыню.
Патлумачваючы паходжанне памылкі пра яго пахаванне, пісьменнік расказваў, што ў студзеньскіх баях пад Кіраваградам застаўся ўвесь іх батальён, а можа, і ўвесь полк. Вясной жыхары навакольных вёсак збіралі трупы байцоў і звозілі іх у брацкую магілу ў Севярынаўцы. Напэўна, там падабралі і палявую сумку Быкава. Некаторыя дакументы, знойдзеныя ў ёй, і далі падставу меркаваць, што яе гаспадар таксама сярод загінуўшых.
Вывучэнне новага матэрыялу (спосаб: апераджальныя заданні)
За два тыдні да ўрока вучні атрымалі тры блокі рознаўзроўневых заданняў, і кожны вучань выбраў з іх адзін для сябе. Вучні па жаданні маглі выконваць заданні індывідуальна, парамі, або ў групах. За некалькі дзен да ўрока яны паведамляюць настаўніку пра вынікі сваёй працы: з якімі вынікамі сутыкнуліся, каму неабходна дапамога.
Заданні па блоках:
Блок 1.
Падрыхтуйце слова-ўступ да 1-га ўрока пра В. Быкава
Зрабіце пераказ толькі экстрэмальнай сітуацыі паводле адной (на выбар аповесці В. Быкава: “Жураўліны крык” (1959), “Абеліск” (1971), “Круглянскі мост” (1969), “Балота” (1995).
Вызначце сэнс назвы прачытанай аповесці.
Блок 2.
З усёй вядомай вас інфармацыі пра Быкава-пісьменніка і чалавека выберыце толькі адзін факт, пра які напішыце адным абзацам свайму замежнаму сябру.
Падрыхтуйце пераказ экстрэмальных сітуацый паводле аповесцей “Сотнікаў” ці “Дажыць да світання”.
Зрабіце тэзісы артыкула падручніка “Творчыя набыткі” (с. 345- 350), каб яны датычыліся толькі адметнасцей твораў В. Быкава.
Блок 3.
Намалюйце ілюстрацыю да аднаго з твораў В. Быкава, які вас найбольш уразіў, усхваляваў. Зачытайце той момант твора, які вы праілюстравалі.
Зрабіце пераказ экстрэмальнай сітуацыі ў апавяданні “Бедныя людзі” (1993).
Зверце апавяданне з артыкулам падручніка “Творчыя набыткі” (с. 345- 350) на яго адпаведнасць творчай манеры, стылю Быкава.
Настаўнік звяртаецца да вучняў: “Час пераканацца, як перажытае лейтэнантам Быкавым, чалавекам Быкавым знайшло адлюстраванне ў творчасці Быкава-пісьменніка. Якія “няўмольныя законы” вечнасці сцвярджае ён сваімі творамі і якімі прыёмамі, уласцівымі яго творчай манеры, ён пры гэтым карыстаецца?
Паслухаем пераказ крытычных сітуацый выбару ў некаторых творах Быкава і пастараемся зразумець, чаму гэты мастацкі прыём з’яўляецца дамінуючым у творчасці пісьменніка, якія магчымасці гэтага прыёму ў адлюстраванні мінулага”.
Замацаванне матэрыялу
Вучні прыходзяць да высновы, што дамінуючы ва ўсіх быкаўскіх творах прыём – выпрабаванне герояў экстрэмальнай сітуацыяй выбару – найлепшым чынам дазваляе пісьменніку раскрыць чалавека і свет у іх рэальнасці. Быкаў з дапамогай асноўнага пастулата сваёй творчасці паказвае псіхалогію чалавека, пераконвае, што толькі ўчынкі гавораць пра асобу, і менавіта ўчынкі ў сітуацыі непазбежнага выбару. І нярэдка толькі ў такой сітуацыі непрыкметныя знешне, кволыя і слабыя целам аказваюцца мацнейшымі духам за здаровых, дужых, знешне прыгожых і прывабных.
Слова настаўніка: “У творчасці Быкава апошняга перыяду адбыліся значныя змены і паводле тэматыкі, і паводле жанру, і паводле выяўленчых сродкаў. Але пра што б ні пісаў Быкаў, нязменным заставалася адно: усіх сваіх герояў ён або выпрабоўваў выбарам, або паказваў іх паводзіны, учынкі, стан душы як вынік раней зробленага ўсёвызначальнага выбару.
Рэфлексія
Вучні аналізуюць вынікі сваёй працы на ўроку
Тлумачэнне дамашняга задання.
Скласці тэзісы (пісьмова), якія асвятляюць асаблівасці творчасці В.Быкава, выкарыстоўваючы артыкул Д. Бугаёва “Творчыя набыткі”.
Прыкладна, вучні павінны скласці наступныя тэзісы:
Асноўны жанр – малафарматная аповесць;
Асноўныя тэмы – народны гераізм і пакуты ў гады Айчыннай вайны і іншыя перыяды гісторыі;
У аповесці – моцная скандэнсаванасць дзеяння на невялікай прасторы і ў абмежаваным па сваёй працягласці часе;
Вострая канфліктнасць і трагічнасць сітуацыі выбару;
Невялікая колькасць герояў, якія найчасцей атрымліваюць кантрастную аўтарскую ацэнку;
Маральна-этычная і філасофская заглыбленасць аналітычнай думкі пісьменніка;
Рэалізм, жыццёвая аснова твораў і вымысел у быкаўскіх творах;
Народнасць творчасці. Узмоцненая ўвага пісьменніка да людзей звычайных, радавых удзельнікаў вайны;
Трагізм.
Клас: 11
Тэма: Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава
Мэты ўрока:
паўтарыць і сістэматызаваць веды школьнікаў па раней вывучаных творах пісьменніка;
пры дапамозе новых камп'ютэрных тэхналогій пазнаёміць адзінаццацікласнікаў з асноўнымі этапамі жыцця і творчасці класіка, з грамадзянскай пазіцыяй Васіля Быкава;
зацікавіць старшакласнікаў неардынарнай асобай празаіка і яго кнігамі;
выхоўваць пачуццё нацыянальнай самасвядомасці.
Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.
Від урока: Інтэрнэт-урок
Абсталяванне: на школьнай дошцы пасля тэмы на фоне ручніка змешчаны партрэт Васіля Быкава. Пад ім - у гарлачыку сімвалічны букет з жытнёвых каласкоў і васількоў. Побач з партрэтам празаіка варта змясціць на плакаце ці запісаць крэйдай на дошцы эпіграфы да заняткаў: "Васіль Быкаў, як той васілёк у жыце Беларушчыны, робіць зямлю нашую бліжэйшай да неба, а неба слова беларускага -вышэйшым" (Рыгор Барадулін); ці
Будуць часам ідалы раструшчаны.
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў! (Рыгор Барадулін); ці: "Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця" (Чынгіз Айтматаў)
Ход урока
I. Слова настаўніка: паводле звестак ЮНЕСКА, напрыканцы 70-х гг. XX ст. Васіль Быкаў быў адным з самых вядомых пісьменнікаў у свеце. Ды і сёння не зменшылася яго папулярнасць: быкаўскія творы перакладзеныя больш чым на пяцьдзесят моваў свету, у тым ліку на англійскую, іспанскую, італьянскую, нямецкую, французскую, японскую. Кнігі В. Быкава выходзілі ў Варшаве, Берліне, Празе, Будапешце, Сафіі, Мілане, Парыжы, Лондане, Каіры. Пра яго і сёння пішуць у папулярных газетах Расеі, Францыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Швецыі, Фінляндыі...
Васіль Быкаў узнагароджаны Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай працы, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, яму нададзена ганаровае званне "Народны пісьменнік Беларусі", ён уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць "Знак бяды" і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа за аповесці "Воўчая зграя", "Яго батальён", прэстыжнай расейскай прэміяй "Трыумф".
ІІ. Франтальная гутарка па пытаннях
Што вы ведаеце пра жыццё і творчасць Васіля Быкава, яго ўдзел у грамадскім жыцці Беларусі?
- 3 якімі творамі празаіка вы пазнаёміліся?
- Чым яны запомніліся?
- Якія героі асабліва ўсхвалявалі, уразілі і чаму?
ІІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
Настаўнік прапануе старшакласнікам з дапамогай рэсурсаў Інтэрнэту звярнуцца да зместу электроннага сайта www.bykau.by.ru.
Каб праца школьнікаў была больш эфектыўнай і мэтанакіраванай, настаўнік павінен сцісла пазнаёміць іх з асноўнымі раздзеламі сайта - "Біяграфія", "Артыкулы", "Фота", "Творы", "Бібліяграфія" і прапанаваць модульную праграму для самастойнай ці парнай работы:
1. Прачытайце на сайце сціслую біяграфію Васіля Быкава і запішыце ў сшытках па літаратуры яе план, які стане асноўным матэрыялам для вуснага паведамлення (рыхтуецца дома).
2.Адкрыйце файл пад назвай "План біяграфіі В. Быкава" ў папцы камп'ютэра "Мае дакументы" і параўнайце свой план з настаўніцкім, зрабіце карэктывы ў сваім сшытку.
(Змест файла "План біяграфіі В. Быкава": 1. Некалькі радкоў пра радзіму, навучанне і франтавы шлях пісьменніка. 2. Час апублікавання і тэматыка ранніх быкаўскіх твораў. 3. Узнагароды за творчасць. 4. Экранізацыя. 5. Жыццё і праца ў Гродне. 6. Праблемы ў сярэдзіне 1990-х гг. Жыццё за мяжой. 7. Адкрыццё памятнага знака ў райцэнтры Старыя Дарогі. 8. Смерць Васіля Быкава.)
IV. Замацаванне новага матэрыялу
1.Самаcтойна пазнаёмцеся ў рубрыцы "Бібліяграфія" з пералікам твораў Васіля Быкава і іх перакладаў. Выпішыце найбольш перакладаныя, а значыць вядомыя.
2. Давайце зверымся і зробім карэктывы. Для параўнання адкрыйце папку камп'ютэра "Мае дакументы" і ў ёй файл "Папулярныя быкаўскія творы".
(Адказ: "Трэцяя ракета", "Абеліск", "Сотнікаў", "Альпійская балада" перакладзены на англійскую, нямецкую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.)
3. У рубрыцы "Фота" паглядзіце фотаздымкі пісьменніка і яго сяброў. Занатуйце ў сшытак па літаратуры прозвішчы найбольш слынных людзей, з якімі Васіль Быкаў меў цесныя стасункі.
4. Давайце зноў зверымся і зробім карэктывы. Адкрыйце для параўнання файл "Сябры пісьменніка" ў папцы "Мае дакументы".
(Адказ: Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін і інш.)
5. У рубрыцы "Творы, прысвечаныя Васілю Быкаву" пазнаёмцеся з вершамі Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча. Выпішыце найбольш трапныя выразныя мастацкія сродкі, якімі паэты характарызавалі класіка.
6. Давайце зверымся і зробім карэктывы. Адкрыйце для адказу файл "Тропы".
[Васіль Быкаў - "анёл, Гаспадар Беларусі" (Р. Барадулін), "рыцар сумлення і свабоды" (У. Караткевіч).]
7.Самастойна прачытайце артыкул Валянціна Акудовіча "Чаму Васілю Быкаву не далі Нобелеўскай прэміі?" і пісьмова дайце сціслы адказ на пастаўленае пытанне. Ці згодны вы з думкай публіцыста? Чаму?
8. У файле "Нобелеўская прэмія" знайдзіце цытаты-адказы на гэтае заданне. («...толькі фармальна "Нобелем" узнагароджваюць некага персанальна, а насамрэч гэта прэмія кантыненту, рэгіёну, краіне... »; «З гэтага вынікае, што праблему "Быкаў - Нобель" будзе лагічна перафармуляваць на праблему "Беларусь - Нобель"...»; "...не далі таму, што некаму гэтага вельмі моцна не хацелася... даць Нобелеўскую прэмію Васілю Быкаву - азначала легалізаваць Беларусь у якасці эстэтычнага, інтэлектуальнага і... этычнага суб'екта сусветнай супольнасці"; "Скасаваць краіну, якая мае свайго Нобелеўскага лаўрэата, значна складаней, чым скасаваць краіну, якая яго не мае".).
V. Рэфлексія
Гутарка для выяўлення вучнёўскіх уражанняў і думак. Задаюцца пытані: пра што даведаліся, што было цікава, незвычайна, што хацелася б дадаць, або змяніць.
VІ. Тлумачэнне дамашняга задання
На аснове запісаў канспекта і артыкулаў (с. 324 -337) навучальнага дапаможніка для 11 класа агульнаадукацыйнай школы (Ішчанка Г. і інш. / Пад рэд. В. Ляшук. Мінск, 2002) падрыхтаваць вуснае паведамленне па тэме ўрока.
Заключэнне
Творчасць Васіля Быкава ўспрымаецца не толькі як унікальная з’ява беларускай прозы, але і таксама як дасягненне літаратуры сусветнай. Пра тое, што хвалявала і хвалюе людзей гавораць і пішуць многія. Але мала да каго з пісьменнікаў адносяцца з такой павагай, як да Быкава. Аўтарытэт пісьменніка пацверджаны ўсім яго ранейшым жыццём, яго мужнасцю падчас ваўны.
Вялікая Айчынная вайна карэнным чынам паўплывала на фарміраванне асобы творцы, яго цвёрдай грамадзянскай пазіцыі.
Як вядома, асноўная тэма творчасці Васіля Быкава – вайна, якую ён ведае з уласнага вопыту. Сам прайшо вайну, быў паранены, цудам ацалеў. Васіль Быкаў яшчэ з савецкіх часоў з’яўляецца самым вядомым прадстаўніком ваеннай прозы. Заўсёды, чытаючы быкаўскія творы, спачуваеш яго героям або іх ненавідзіш. Ён паказвае ваенныя падзеі з суровым, жорсткім рэалізмам, стварае вострыя маральныя канфлікты, экстрэмальныя сітуацыі, у якіх праяўляецца чалавечы патэнцыял асобы, яе псіхалогіяі ўнутранае аблічча. Невыпадкова ўзнікла ў літаратуры паняцце “быкаўская аповесць”, якое мае свае асаблівасці. Пісьменнік у сваіх творах не проста раскрывае пачварнае аблічча вайны, пратэстуе супраць яе, а на вядомым матэрыяле ўзнімае агульначалавечыя праблемы жыцця іі смерці, любові і нянавісці. Тэма чалавечнасці, мужнасці, вернасці самому сабе, адказнасці перад іншымі, жорсткасці, нялюдскасці – асноўныя ў яго творчасці. Перш за ўсё пісьменніка цікавіць перш-наперш чалавек у стане глыбокай псіхалагічнай напружанасці, змаганя з самім сабой
В. Быкаў атрымаў трывалае сусветна прызнанне дзякуючы перш за ўсё зайздроснаму ўменню глыбінна высвечваць пакутлівы лёс чалавека на крутых перавалах ХХ стагоддзя, бескампрамісна адкрываць трагічную праўду нашай гісторыі.
Калі гаварыць пра вывучэнне творчасці В. Быкава ў школе, то трэба адзначыць, што ўпершыню вучні сустракаюцца з творамі гэтага пісьменніка яшчэ ў сярэдніх класах. Менавіта на гэтым этапе трэба засяродзіць увагу вучняў на тым, што тэма вайны – галоўная ў творчасці Быкава. Важна каб вучні пераканаліся і ў тым, што часцей за ўсё пісьменнік паказвае ў сваіх творах лёсы звычайных людзей, якія на вайне здзяйсняюць геройскія ўчынкі.
У творах Быкава выяўляецца глыбокае веданне псіхалогіі чалавека ва ўмовах вайны, чалавечай прыроды наогул. У гэтым плане ён працягвае развіваць традыцыі Максіма Гарэцкага і Кузьмы Чорнага, якія закладвалі ў нашай літаратуры асновы псіхалагізму. Адметныя рысы твораў Быкава пра вайну – глыбокі аналіз унутранага свету герояў, рэалістычны паказ падзей, маральна-філасофская і гуманістычная скіраванасць думкі, сцвярджэнне моцы чалавечага духу, вечных каштоўнасцей.
Калі гаварыць пра вынік аналізу сучаснай праграмы, то перад творамі, уключанымі ў праграму наогул, і перад творамі В. Быкава ў прыватнасці ставяцца наступныя задачы: “галоўная мэта – далучэнне школьніка да багацця беларускай і сусветнай мастацкай літаратуры, эстэтычнае спасціжэнне вучнямі свету, складанасці чалавечых узаемаадносін і на гэтай аснове – выхаванне асобы з глыбока гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццем нацыянальнай і асабістай самапавагі, адданасцю агульначалавечым ідэалам”
Спіс літаратуры
Афанасьеў, І. Будзем садзіць сад: літаратурна-крытычныя артыкулы. – Мн., 1994.– 92 с.
Барысевіч Н.І. Асаблівасці вывучэння творчасці Васіля Быкава ў школе //Беларуская мова і літаратура ў школе, - 2008, - №7, - С. 12-19.
Бугаёў Д. Васіль Быкаў: Нарыс жыцця і творчасці: Для сярэд. і стар. шк. узросту. – Мн.: Нар. асвета, 1987. – 207 с.
Бугаёў Д.Я. Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе: дапам. Для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. Сярэд. Адукацыі /Д.Я. Бугаёў, М.І. Верціхоўская, В.У. Верціхоўская. – Мн.: Аверсэв, 2005. – 284 с.
Буран В. Васіль Быкаў. Мн., “Маст. літ.”, 1976. – 232 с.
Быкаў В. Пункціры жыцця: далітаратурная біяграфія // Дзеяслоў. – 2005. – № 2–5.
Васіль Быкаў. – Мн.; “Беларусь”, 1986, - 70 с.
Васіль Быкаў // Беларускія пісьменнікі (1917–1990): Даведнік. – Мн., 1994. – С. 77–78.
И. Дедков. Василь Быков: Очерк творчества. – М. – Советский писатель, 1980. – 286 с.
Дубашынскі Н.Ю. Творчасць Васіля Быкава 90-х гадоў у школьнай праграме /Беларуская мова і літаратура, - 2004. - №3, -С. 13-15.
Залоска Ю. Дыялогі з Васілём Быкавым: Інтэрвью, эсэ. – Мн.: Маст. літ., 1995. – 95 с.
Лазарев Л.И. Василь Быков: Очерк творчества. – М., Худож. лит., 1979, - 208 с.
Локун В.І. Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры. – Мн., 2005. – 227 с.
Лявонава Е. "Не адзінокі востраў…" // Полымя. – 2005. – № 8. – С. 166-182.
Праграма для ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі з паглыбленым і профільным вывучэннем беларускай літаратуры. – Мн., НІА, - 2003, - 142 с.
Шагалов А.А. Василь Быков. Повести о войне. – М.: Худож. лит., 1989, - 302 с.